Праспявай, станцуй, зрабі сваімі рукамі — тады ў цябе атрымаецца многае

“Калі я чую слова “эстэтыка”, у маім уяўленні ўзнікае вобраз роднага факультэта: выкладчыкаў, студэнтаў, іх твораў мастацтва, не пабаюся гэтага слова. Гэта, насамрэч, творы мастацтва, нягледзячы на тое, што яны ўяўляюць сабой вучэбныя работы”, — гаворыць Таццяна Сямёнаўна Багданава, дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, праводзячы мяне па факультэцкіх аўдыторыях і майстэрнях, дзе ствараюцца прыгожыя куфры, лялькі, дзе студэнты вучацца ткацтву, пляценню з саломкі…
“Творы мастацтва — гэта не толькі тое, што можна памацаць. Гэта і творы, якія выконваюць нашы студэнты-музыканты, і танцы нашых харэографаў”, — дадае Таццяна Сямёнаўна.

Што мы ведаем?

Нам, людзям, цесна не звязаным з БДПУ, факультэт эстэтычнай адукацыі галоўным чынам запомніўся на святкаванні 100-годдзя галоўнай педагагічнай установы адукацыі дамамі і кавалерамі ў шыкоўных убраннях розных эпох, якія аказалі на ўсіх вялікае ўражанне.
“Гэтыя касцюмы студэнты пашылі самі. Спачатку вывучалі эпоху, затым падбіралі сугучныя часу матэрыялы і толькі потым шылі”, — успамінае Таццяна Сямёнаўна.
Аднак распрацоўкай і шыццём касцюмаў “эстэтычныя” ўмельствы, якім можна навучыцца на факультэце, не абмяжоўваюцца. Пасля таго, як у 2009 годзе творчыя спецыяльнасці музычна-педагагічнага факультэта і факультэта народнай культуры аб’ядналіся ў адзіны факультэт эстэтычнай адукацыі, ён стаў вядучым падраздзяленнем педагагічнага ўніверсітэта, дзе рыхтуюць педагогаў у сферы музычнай, харэаграфічнай і мастацкай адукацыі.
Так, на факультэце эстэтычнай адукацыі рыхтуюць студэнтаў па наступных спецыяльнасцях “Сусветная і айчынная культура. Рытміка. Харэаграфія”, “Сусветная і айчынная культура. Фальклор”, “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Народныя мастацкія рамёствы”, “Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка”, “Музычнае мастацтва”. Дарэчы, на факультэце навучаць прафесійна іграць як на фартэпіяна, якое стала класікай, так і на баяне, акардэоне, гітары, скрыпцы, цымбалах.
Асаблівасцю гэтага года стала адкрыццё на дзённай форме навучання спецыяльнасці “Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія”, куды могуць паступаць не толькі выпускнікі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў адукацыі музычнага, музычна-педагагічнага і харэаграфічнага профілю, але і выпускнікі звычайных сярэдніх школ.
“Да нас паступае шмат заявак менавіта ад школьнікаў. У будучыні яны бачаць сябе выкладчыкамі музыкі або харэаграфіі”, — аргументуе такі крок Таццяна Сямёнаўна.
Для абітурыентаў ёсць і яшчэ адна навіна, праўда, не такая станоўчая, як папярэдняя. На факультэце пакуль не будуць набіраць студэнтаў па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва. Сацыяльная педагогіка”.
“Мы заканчваем падрыхтоўку па гэтай спецыяльнасці, аднак думаем, што яна ўсё-такі адновіцца. Жыццё паказвае вялікую запатрабаванасць спецыялістаў, якія працуюць у рэабілітацыйных цэнтрах з хворымі дзецьмі, у дзіцячых пакоях міліцыі з цяжкімі падлеткамі. Для такіх спецыялістаў мастацтва — выхаваўчы сродак”, — тлумачыць Таццяна Сямёнаўна.

Акадэмія мастацтваў і факультэт эстэтычнай адукацыі — сапернікі?

“Робім мы адну і тую ж справу: выхоўваем і навучаем будучае пакаленне. І тут няма месца саперніцтву. З калектывамі ўніверсітэта культуры і мастацтваў, акадэміі музыкі, акадэміі мастацтваў мы абмяркоўваем сумесныя праграмы. Аднак наш факультэт у першую чаргу рыхтуе кадры для сістэмы адукацыі. І гэта аксіёма”, — расказвае Таццяна Сямёнаўна.
Так, большасць выпускнікоў факультэта працуюць у сістэме адукацыі: у сярэдніх школах, школах з рознымі мастацкімі кірункамі, напрыклад, музычным, эстэтычным, харэаграфічным, мастацкім, у сярэдніх спецыяльных установах адукацыі.
Выпускнікі факультэта эстэтычнай адукацыі цалкам спраўляюцца і з дызайнерскай работай у розных творчых аб’яднаннях, на паліграфічных камбінатах, у прыватных фірмах. У гэтым ім дапамагаюць заняткі па мастацкім праектаванні, якое мае два кірункі: графічны дызайн і дызайн інтэр’ера. Так, на факультэце можна навучыцца распрацоўваць фірменны стыль (лагатып і іншую друкаваную прадукцыю). Можна асвоіць і афармленне кніжных выданняў, прычым разлічаных на розныя ўзроставыя катэгорыі. Сярод апошніх студэнцкіх работ можна назваць ілюстрацыі да твора “Цім Тайлер, ці Прададзены смех” для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, да “Прынцэсы ў папяровым пакеце”, што напісаў Роберт Манч. Некаторыя ілюструюць і ўласныя творы.
“Самі робяць ілюстрацыі, самі вярстаюць. На выхадзе атрымліваецца гатовае кніжнае выданне”, — расказвае Георгій Валянцінавіч Лойка, загадчык кафедры мастацкай і педагагічнай адукацыі.
Як ужо было сказана, на факультэце вучаць і дызайну інтэр’ера. Студэнты могуць рыхтаваць праекты інтэр’ера як кватэры, так і кветкавага салона і нават магазіна відэагульняў.

Наша традыцыйнае, беларускае

Якую б спецыяльнасць ні выбраў абітурыент у яго будзе магчымасць паспрабаваць сябе ў народных рамёствах у любым выпадку. Будзе гэта саломка, кераміка ці ткацтва, гістарычная кукла, вышыўка ці роспіс па шкле, па дрэве, па тканіне — вырашаць студэнт будзе сам. Выбар багаты.
“У студэнтаў шырокія магчымасці. Музыканты, напрыклад, у вольны ад заняткаў час могуць вучыцца шыць, вязаць, рабіць лялькі. Дарэчы, лялькі ў нас робяць нават па літаратурных творах. Апошнія работы зроблены па рамане У. Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Да таго ж студэнты вывучаюць тэорыю і гісторыю развіцця рамяства”, — расказвае Таццяна Сямёнаўна.

Мастакі на ўсе пэндзлі

Калі заходзіш у сталовую факультэта, адразу бачыш вялікі 6-метровы роспіс з выявай старажытнага замка. Такі падарунак факультэту зрабіла выпускніца 2014 года Марта Бабовік: роспіс з’яўляецца яе дыпломнай работай.
“Нашы студэнты ўпрыгожваюць і нашы філіялы. У гімназіі № 75 Мінска імя П.В. Масленікава (філіял кафедры мастацкай і педагагічнай адукацыі) студэнты-дыпломнікі таксама распісалі сцены школьнага кафэ і сталовай”, — гаворыць Таццяна Сямёнаўна.
Студэнты, якія вучацца дызайну, распрацоўваюць афармленне школьных класаў па інфарматыцы, выяўленчым мастацтве. Ёсць дызайн-праекты і афармлення студэнцкіх пакояў у інтэрнатах. Сярод студэнтаў праводзяцца конкурсы на лепшыя праекты.

Са школы — ва ўніверсітэт і назад

У факультэта вельмі актыўныя стасункі са школамі. Такое супрацоўніцтва не абмяжоўваецца сумеснымі выставамі ці абмеркаваннем кірункаў эстэтычнай адукацыі. Ладзяцца кансультацыі для школьнікаў і настаўнікаў.
“Не так даўно настаўнікі Мінска рыхтавалі паказ вучнёўскіх работ на гарадской алімпіядзе. Нашы выкладчыкі іх кансультавалі. Работа прайшла на ўра. Напрыклад, дзяўчынка пашыла сукенку з ільну, а наш выкладчык Вольга Парфяновіч, якая ўваходзіць у саюз дызайнераў, паказала, як яе можна зрабіць па-сапраўднаму прыгожай — дапоўніла аксесуарамі, вышыўкай”, — расказвае Таццяна Сямёнаўна.

Зямная карысць ад узнёсласці

Выкладчыкі факультэта ўпэўнены, што мастацтва вучыць чалавека маральнасці. “Заўважылі? У нас няма ніводнага размаляванага стала, як гэта часам бывае. Ніхто не псуе карціны, якія вісяць на сценах”, — прыводзіць аргументы Георгій Валянцінавіч.
“Калі глядзець шырэй, заняцце творчасцю дае магчымасць адарваць нашых дзяцей ад тых жа спайсаў, зацікавіць іх”, — дзеліцца развагамі і Таццяна Сямёнаўна. На думку кіраўніцтва факультэта, у гэтай справе вельмі дапамагаюць творчыя ўрокі і прадмет “Сусветная мастацкая культура”.
“Не зусім правільна, што ў многіх школах такія заняткі праводзяць звычайныя настаўнікі. Курс сусветнай мастацкай культуры не можа выкладаць не спецыяліст, у яго павінна быць базавая адукацыя, звязаная з мастацтвам. Нават філолагам, гісторыкам, на мой погляд, складана весці ўрокі, звязаныя з выяўленчым мастацтвам, музыкай”, — удакладняе Таццяна Сямёнаўна.
“Глыбока ўпэўнена, што школьнік павінен не толькі ўбачыць, не толькі расказаць. Яму лепш праспяваць, станцаваць, намаляваць, інакш кажучы, пражыць пэўны твор — тады мастацтва сапраўды застанецца з ім”, — упэўнена дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.