У БДУ павялічылася колькасць замежных грамадзян, залічаных на падрыхтоўчае аддзяленне, першую ступень вышэйшай адукацыі, у магістратуру і аспірантуру.
Як паведаміў дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў, у гэтым навучальным годзе на першую ступень вышэйшай адукацыі прыняты 460 замежных грамадзян (у мінулым годзе — 322), у магістратуру — 190, у аспірантуру — 38, на падрыхтоўчае аддзяленне ФДА — 283 (у 2016/2017 годзе — 227). Акрамя таго, 64 студэнты прыехалі ў БДУ на ўключанае навучанне па міжнародных праграмах, у тым ліку па праграме “Эразмус”.
З улікам дадатковых адукацыйных паслуг (стажыроўкі, моўныя курсы, летняя школа рускай мовы, павышэнне кваліфікацыі) у гэтым навучальным годзе ў БДУ прыступяць да навучання звыш 1200 замежных грамадзян.
Больш за ўсё студэнтаў у БДУ едзе з Кітая — 400, з Туркменістана — 110, з Таджыкістана — 44, а таксама з Арменіі, Азербайджана, Казахстана. Замежныя студэнты прадстаўляюць 22 краіны свету. А ўвогуле ў БДУ вучацца прадстаўнікі 50 краін.
Дарэчы, прыём замежных грамадзян не заканчваецца. На працягу ўсяго года набіраюцца групы на падрыхтоўчае аддзяленне, а таксама на курсы і ў летнюю школу рускай мовы.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.