Якім павінен быць сучасны выкладчык? Выдатна ведаць свой прадмет і не менш выдатна карыстацца пры навучанні магчымасцямі, якія дае тэхніка? Пастаянна ўзгадняць свае веды з апошнімі навуковымі адкрыццямі? Ведаць псіхалогію сваіх студэнтаў? Менавіта такой бачыцца прафесійная дзейнасць Дар’і Аляксандраўны Пархоменка, старшага выкладчыка кафедры інжынернай псіхалогіі і эрганомікі факультэта камп’ютарнага праектавання БДУІР.
Перад тым як мы пазнаёмімся з прынцыпамі выкладання гэтага спецыяліста, некаторыя з якіх можна выкарыстоўваць і ў школе, звернемся да неўніверсітэцкага боку жыцця Дар’і Аляксандраўны. У хвіліны натхнення яна піша прыпавесці, гісторыі, анекдоты, невялікія параўнанні і інш. На просьбу расказаць адну з іх суразмоўніца паведаміла напісаную ёй гісторыю, якую, як падаецца, варта помніць любому спецыялісту, які працуе ў сферы адукацыі. На тэрыторыі, дзе пражывала адно племя, перасталі ісці дажджы. Ад страшэннай засухі гінуў ураджай. Выйсце бачылася ў адным: шаман абавязкова павінен дамовіцца аб дажджы з духамі. Аднак, якія б акультныя практыкі ні праводзіў шаман, дождж так і не пачынаўся. Адчай ахапіў яго. Не адпускала думка аб уласнай непрыдатнасці, аб тым, што ён згубіў сувязь з духамі. З такім нядобрым настроем ён сеў і пачаў чухаць нос, які ўжо лушчыўся ад засухі. І раптам убачыў на небе воблака. Ён стаў чухаць нос інтэнсіўней. Воблака стала расці. Ён стаў яшчэ інтэнсіўней чухаць. Воблака разрасталася і ў выніку ператварылася ў вялікую хмару. Хутка пайшоў доўгачаканы дождж. Пасля гэтага выпадку шаман адправіўся на злёт усіх шаманаў, дзе стаў вучыць іх шматлікім тэхнікам пачухвання носа для выклікання дажджу…
Як ні круці, думка вельмі глыбокая. Цікава, што яшчэ можа расказаць Дар’я Аляксандраўна. Захоўваючы аўтарскае “я”, далейшыя словы суразмоўніцы падаю ў форме маналогу.
Вочы ў вочы і віртуальныя зносіны
Навучыць не можа той, хто сам не вучыцца. У гэтым я ўпэўнена. Адразу ўзнікае пытанне, чаму новаму навучылася я сама. Не так даўно я стала практыкаваць заняткі ў форме змешанага навучання. Змешанае навучанне мае на ўвазе наяўнасць кантактных сустрэч з выкладчыкам у аўдыторыях і вялікі кантэнт у інтэрнэт-прасторы (па студэнтах я бачу, што перавод часткі зносін у віртуальнае асяроддзе мае добры эфект). Праводжу і анлайн-лекцыі па прынцыпе вэбінара для студэнтаў-вочнікаў. Існуе спецыяльная методыка работы ў такім фармаце (яе я ўжо асвоіла) для таго, каб уключыцца ў работу маглі і студэнты, якія знаходзяцца па той бок экрана.
Пасля ўніверсітэта Дар’я Пархоменка стала практычным псіхолагам, выкладчыкам замежных моў. Нягледзячы на тое, што зараз яна не так актыўна, як раней, выкладае замежныя мовы, свабоднае валоданне англійскай і італьянскай заўсёды запатрабавана. І не толькі пры непасрэдных зносінах з калегамі з іншых краін. Валоданне еўрапейскімі мовамі дазволіла звяртацца да арыгінальных тэкстаў замежных вучоных, што якраз і было патрэбна пры распрацоўцы курсаў па псіхалогіі і псіхафізіялогіі для будучых IT-спецыялістаў. Зараз Дар’я Пархоменка чытае ў БДУІР “Інжынерную псіхафізіялогію”, “Асновы інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці” і “Асновы псіхалогіі і педагогікі”.
Чаму так важна пераходзіць на новы фармат навучання, які ўмоўна можна ахарактарызаваць як вочна-завочны? Гэты фармат развівае навыкі саманавучання, што зараз асабліва актуальна. 20—30 гадоў назад, скончыўшы БДУІР, можна было на працягу доўгага часу заставацца кампетэнтным спецыялістам без павышэння кваліфікацыі. Зараз такое немагчыма. Зараз спецыяліст павінен быць гатоў да самаадукацыі.
Замест абавязковага наведвання у творчыя заданні
Я адмовілася ад абавязковага наведвання лекцый студэнтамі, бо разумею: студэнтам (у БДУІР многія на старшых курсах працуюць) цяжка сумяшчаць вучобу і работу. Каб іх эфектыўна вучыць і атэстоўваць, прапаноўваю творчыя заданні.
Студэнцкія работы мяне прыемна ўражваюць. Так, у адной аналізавалася, як бы праходзілі нашы псіхічныя працэсы, калі б мы адразу нараджаліся ў віртуальнай рэальнасці. Мне самой вельмі блізкая аналогія аб тым, што псіхіка — гэта наша праграмнае забеспячэнне, а цела па сваіх функцыях нагадвае апаратную частку, жалеза.
Яшчэ прыклад. На занятках я расказваю аб тым, што чалавек ва ўсім шукае заканамернасці — гэта яго псіхічная асаблівасць. Адзін са студэнтаў вырашыў гэта праверыць. Для гэтага мы разам прыдумалі прыбор, у якім дастаткова націснуць на адну з трох каляровых кнопак, каб запалілася адна з каляровых лямпачак (гэты прыбор ён сам сабраў). Студэнт прапаноўваў папрацаваць з ім сваім знаёмым, аднак не даваў інструкцыю карыстання. Той, хто браў прыбор у рукі, адчуваў, што ў націсканні кнопак і запальванні лямпачак абавязкова павінна быць заканамернасць, якую і шукаў. У пэўны момант здавалася, што ён яе знайшоў, як у наступныя секунды яна не пацвярджалася. Эксперымент дэманструе, што людзі імкнуцца знаходзіць заканамернасці нават там, дзе іх няма. У створаным прыборы працавала рандомная сістэма.
Толькі сучасныя факты
Навука не стаіць на месцы. І некаторыя нават навуковыя рэчы і даследаванні, якія так актыўна прапагандаваліся некалькі дзесяцігоддзяў назад, сёння выглядаюць па-іншаму. Узгадаю вядомую многім ідэю міжпаўшарнай асіметрыі: адно паўшар’е адказвае за творчасць, другое — за лагічнае, рацыянальнае мысленне. У 70-я гады мінулага стагоддзя гэтая тэорыя пачала актыўна набіраць папулярнасць. Аднак, па даных апошніх экперыментаў, ранейшыя высновы аказаліся перабольшанымі.
Псіхалогія якаснага навучання
Універсітэт я скончыла, атрымаўшы кваліфікацыю “практычны псіхолаг. Выкладчык замежных моў”, таму ў мяне было асабліва моцным жаданне пры дапамозе ведання псіхалогіі чалавека эфектыўна вучыць студэнтаў. Сваю кваліфікацыю я павышала ў Маскве, Кіеве, Пецярбургу, Кальяры.
Псіхалагічным інструментарыем карыстаюся і зараз на занятках ва ўніверсітэце. Напрыклад, маркірую прастору, выкарыстоўваю прыём якарэння, заснаваны на асацыятыўнай сувязі. Так, некалі я прапаноўвала пачынаць заняткі апладысментамі і імі ж заканчваць. Вы самі ведаеце, што пляскаем у далоні мы звычайна тады, калі нам штосьці падабаецца. Па сутнасці, я звязала свае заняткі са станоўчымі эмоцыямі пры апладысментах.
Не чалавек для тэхнікі, а тэхніка для чалавека
Першае, што я гавару студэнтам падчас курса “Інжынерная псіхафізіялогія”, які чытаю: “Прадукты і сэрвісы, якія вы будзеце распрацоўваць, разлічаны на людзей. Таму недастаткова ведаць, як напісаць праграму, як распрацаваць знешні дызайн. Трэба разумець, як устроены чалавек, каб пасля не прыйшлося даточваць людзей пад тэхналогіі. Распрацаваныя праграмы павінны быць зразумелымі, прыемнымі і эфектыўнымі для карыстальніка”.
За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Узгадайце нашу Адзіную разліковую інфармацыйную прастору (на рускай мове абрэвіятура гучыць як ЕРИП. — Заўв. аўт.). Немагчыма сказаць, што яна камфортная ў выкарыстанні.
Спецыяльнасць, дзе студэнтаў вучаць улічваць чалавечы фактар пры распрацоўцы праграмнага забеспячэння, называецца “Інжынерна-псіхалагічнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” на факультэце камп’ютарнага праектавання БДУІР. Часта такіх спецыялістаў называюць UX-дызайнерамі.
Выпускнікі гэтай спецыяльнасці даюць канкурэнтныя перавагі кампаніі, у якой яны працуюць. Вы толькі падумайце: зараз шмат смартфонаў, аднолькавых па начынцы, і выбар часта залежыць ад іх зручнасці ў карыстанні і знешняга выгляду.
Дарэчы, зараз у буйных кампаніях існуюць цэлыя аддзелы і лабараторыі па UX-дызайне.
Падрыхтавала Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.