У канцы лістапада на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбудзецца Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Метадалогія і тэхналогіі даўніверсітэцкай адукацыі — ІІІ”. Пра канферэнцыю і тое, як сёння дзейнічае факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, пра мэты яго дзейнасці, ролю ва ўніверсітэцкім асяроддзі гутарым з дэканам факультэта кандыдатам фізіка-матэматычных навук, дацэнтам І.А.КАРЛЮКОВАЙ.
— Ірына Аляксандраўна, лічба “ІІІ” у назве канферэнцыі сведчыць, што навуковы форум праводзіцца не першы раз і тэматыка яго актуальная. Пра што будзе ісці размова?
— На канферэнцыі будуць абмяркоўвацца тэхналогіі даўніверсітэцкай адукацыі, методыкі і тэхналогіі работы па развіцці інтэлектуальнага патэнцыялу і творчых здольнасцей моладзі, інавацыйныя падыходы ў рабоце з адоранымі навучэнцамі, дыстанцыйнае навучанне, інавацыйныя формы прафарыентацыйнай дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі, прафесійнае самавызначэнне старшакласнікаў, інавацыі ў навучанні замежных грамадзян і іншыя тэмы.
Актуальнасць гэтых пытанняў пацвярджае і склад удзельнікаў — з усіх рэгіёнаў Беларусі, Польшчы, Злучаных Штатаў Амерыкі і Расіі.
— Тэматыка канферэнцыі пераклікаецца са штодзённай дзейнасцю факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, які даўно перастаў разглядацца як проста падрыхтоўчыя курсы для абітурыентаў. Чым сёння жыве факультэт?
— Спектр нашай дзейнасці вельмі шырокі. Мы працуем са школьнікамі, іх бацькамі, настаўнікамі, замежнымі грамадзянамі. У складзе факультэта — рэгіянальны цэнтр тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі, кафедра моўнай падрыхтоўкі беларускіх і замежных грамадзян, кафедра сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі. Геаграфія такога супрацоўніцтва — не толькі Гродзенская вобласць, але і ўся наша краіна, а таксама Расія, Ірландыя.
— Тады пачнём з вялікага пласта дзейнасці — падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання. 12 відаў падрыхтоўчых курсаў і падрыхтоўчае аддзяленне для грамадзян Беларусі — навошта так многа?
— Тут мы ідзём, як кажуць, ад жыцця. 17-гадовы вопыт дзейнасці факультэта паказвае, што такая разнастайнасць запатрабаваная. Дэвіз нашай дзейнасці — “Мы рэалізуем вашы лепшыя жаданні”. Чым адрозніваюцца розныя курсы? Працягласцю, формай правядзення заняткаў, іх інтэнсіўнасцю.
Самыя вялікія па колькасці навучэнцаў — доўгатэрміновыя падрыхтоўчыя курсы “Стандарт”, якія даюць магчымасць якасна сістэматызаваць тэарэтычны матэрыял, сфарміраваць устойлівыя практычныя ўменні і навыкі прымянення тэарэтычных ведаў пры выкананні тэставых заданняў, атрымаць псіхолага-педагагічную адаптацыю да ўмоў атрымання вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Першыя заняткі на такіх курсах пачынаюцца ў верасні. Займаюцца на іх навучэнцы не толькі 11 класаў, але і выпускнікі мінулых гадоў, навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Тры гады назад мы адкрылі курсы Smart для дзесяцікласнікаў па рускай мове, матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, а з гэтага года будзе магчымасць займацца і англійскай мовай.
Курсы “Адаптыў” дазваляюць падрыхтавацца не толькі па прадметах цэнтралізаванага тэсціравання, але і па прадметах, якія здаюць на ўніверсітэцкіх уступных іспытах, — беларускай і рускай літаратуры, фізічнай культуры, прадмеце “Творчасць” (для спецыяльнасцей “Культура і мастацтва”, “Журналістыка”).
Курсы “Рэпетытар” і “Рэпетытар ONLINE” арганізавалі па запытах бацькоў абітурыентаў. Прытым гэтыя звароты часта ўтрымлівалі пытанне, як трапіць на навучанне да нейкага канкрэтнага выкладчыка. Курсы вызначаюцца невялікім складам групы (1—2 чалавекі), індывідуальным маніторынгам вынікаў і індывідуальным тэмпам заняткаў. Тут шырока выкарыстоўваюцца аўтарскія методыкі.
Індывідуальная дыстанцыйная падрыхтоўка вядзецца па рускай і беларускай мовах, хіміі, біялогіі, фізіцы, матэматыцы, гісторыі Беларусі i англiйскай мове. Яна значна пашырае магчымасці жыхароў іншых куткоў Гродзеншчыны якасна падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання. Па гэтай форме займаюцца і жыхары іншых рэгіёнаў краіны.
Адзначу, што мы заўсёды праводзім уваходны кантроль ведаў, каб індывідуалізаваць адукацыйную траекторыю слухачоў, а таксама кантроль пры заканчэнні курсаў. Побач з выкладчыкамі ўніверсітэта на розных падрыхтоўчых курсах працуюць і вопытныя настаўнікі школ і гімназій Гродна.
— І якія вынікі выпускнікоў падрыхтоўчых курсаў у мінулым навучальным годзе?
— Па ўсіх прадметах цэнтралізаванага тэсціравання нашы слухачы паказалі вынікі вышэйшыя, чым у сярэднім па краіне. Ёсць і 100-бальныя вынікі. Так, выпускніцы гродзенскай гімназіі № 2 Паліна Салей і Ксенія Гнідко атрымалі 100 балаў па англійскай мове. Яны займаліся на курсах “Алімп”. 100 балаў па матэматыцы ў выпускніка сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Максіма Шынкевіча, які таксама займаўся па праграме “Алімп” і ездзіў у Гродна на заняткі па суботах і ў час канікул.
Гэтыя прыклады сведчаць пра тое, што магчымасці ў нашых слухачоў разнастайныя і графік работы можа быць вельмі розным.
— Ірына Аляксандраўна, адной з задач курсаў вы назвалі псіхолага-педагагічную адаптацыю да ўмоў атрымання вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Як вядзецца гэтая работа? Раскажыце таксама аб прафарыентацыйным складніку дзейнасці факультэта.
— Пасля розных падрыхтоўчых курсаў факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы паступае ў сярэднім каля 50 працэнтаў іх выпускнікоў. Наша галоўная задача — даць якасныя веды, якія дазволяць абітурыентам рэалізаваць свае жаданні і магчымасці.
З усімі слухачамі працуюць псіхолагі і спецыялісты цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі. Анкетаванне дазваляе выявіць пажаданні слухачоў, ацаніць работу выкладчыкаў. Часам пасля работы з псіхолагамі ўдаецца змяніць і пазіцыю бацькоў на карысць іх дзяцей. Напрыклад, мама бачыць свайго сына толькі эканамістам і прапануе яму запісацца на курсы па матэматыцы, а ён марыць пра журналістыку. Гэта рэальны выпадак з жыцця, і праблема была вырашана на карысць маладога чалавека.
Штогод праводзяцца дні ўніверсітэта, што дае абітурыентам магчымасць даведацца пра спецыфіку факультэтаў, пазнаёміцца з дэканамі, выкладчыкамі і студэнтамі, пабываць у аўдыторыях і лабараторыях, убачыць, як ідзе вучэбны працэс. Практыкуем прафарыентацыйныя экскурсіі, калі ва ўніверсітэце бываюць вучні аднаго класа ці адной школы па загадзя ўзгодненай праграме.
— Факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі актыўна супрацоўнічае з настаўнікамі, праводзіць для іх аўтарскія курсы…
— Вялікую работу факультэт праводзіць па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд і конкурсаў. Гэты вопыт неаднаразова абагульняўся педагогамі факультэта на аўтарскіх курсах для настаўнікаў. Так, праграма аўтарскіх курсаў па тэме “Нестандартныя падыходы да рашэння задач па матэматыцы” была разлічана на 6 ці 12 аўдыторных гадзін. У рабоце аўтарскіх курсаў бяруць удзел настаўнікі не толькі з Гродзеншчыны, але і з Іванаўскага і Ляхавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці. Педагогі ГрДУ знаёмілі настаўнікаў з аўтарскай методыкай выкладання тэм “Задачы спецыфічнай тэматыкі на факультатывах па падрыхтоўцы да алімпіяд”, а таксама разбіралі праблемныя моманты ў выкладанні такіх тэм, як “Лагічныя задачы на факультатывах па падрыхтоўцы да алімпіяд”.
У 2018—2019 гадах былі праведзены курсы для настаўнікаў матэматыкі, фізікі, англійскай, рускай і беларускай моў.
Настаўнікі атрымліваюць доступ да аўтарскіх вучэбных матэрыялаў з дапамогай воблачных тэхналогій. Пасля заканчэння аўтарскіх курсаў слухачам выдаюцца даведкі аб навучанні.
Па станоўчых водгуках, а таксама па актуальнасці прадстаўленых тэм, прынята рашэнне аб правядзенні рэгулярных выязных аўтарскіх курсаў для настаўнікаў матэматыкі, фізікі, астраноміі, гісторыі Беларусі.
Лічым, што для добрага выніку на алімпіядах рознага ўзроўню школьны настаўнік і выкладчык універсітэта павінны працаваць адной камандай: настаўнік павінен пракантраляваць, што рашаў вучань на курсах, разабраць незразумелыя моманты, аказаць дапамогу пры выкананні дамашняга задання. Настаўнікі часта наведваюць тыя заняткі курсаў, на якіх разбіраюцца найбольш складаныя тэмы, тым самым павышаючы свае прафесійныя кампетэнцыі.
— Ірына Аляксандраўна, стартаваў чарговы навучальны год на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Якім вы яго бачыце?
— Звыш 500 матываваных слухачоў, якія рыхтуюцца разам з намі, атрымаюць высокія вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні і стануць студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Спадзяёмся на паспяховае выступленне каманды Гродзенскай вобласці на рэспубліканскім турніры юных матэматыкаў, а слухачоў курсаў “Алімп” — на розных алімпіядах.
Будзем дапамагаць абітурыентам пасля атрымання прафкансультацыі на нашым факультэце зрабіць правільны выбар будучай прафесіі.
Нам таксама важна навуковае прызнанне распрацаваных нашымі педагогамі методык у Беларусі і за яе межамі.
Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.