Рэгістрацыя на ЦТ праходзіць у штатным рэжыме

У краіне ідзе рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне. Як паведамілі нам у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, па стане на раніцу 15 мая зарэгістраваны амаль 32 тысячы чалавек, або 88 367 чалавека-тэстаў (летась на гэты час было зарэгістравана 122 тысячы чалавека-тэстаў). У лідарах, як заўсёды, руская мова (22 123 чалавекі) і матэматыка (19 970 чалавек). Беларускую мову выбралі 9 366 абітурыентаў.

 

Мы наведаліся ў пункт рэгістрацыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і пацікавіліся, як ажыццяўляецца гэты працэс, ці ёсць чэргі і якія пытанні часцей за ўсё задаюць абітурыенты рэгістратарам.
Адразу адзначым: чэргаў нама, і не было з самага пачатку. Як заўважыла дзяжурны адміністратар пункта рэгістрацыі Інга Валер’еўна Хлопікава, абітурыенты прыходзяць, як правіла, групкамі: аднакласнікі, суседзі, сябры. Але рэгістрацыя праходзіць вельмі хутка: на аднаго чалавека затрачваецца літаральна 3—5 хвілін. Рэгістратар уносіць звесткі пра абітурыента ў базу даных і выдае пропускі. Абітурыенту застаецца толькі праверыць правільнасць напісання гэтых звестак і паставіць свой подпіс. Усё — пропускі на ЦТ у яго на руках.
Усе пункты рэгістрацыі ў краіне аб’яднаны ў агульную базу, і ў кожным пункце можна зарэгістравацца на любы прадмет, а таксама ў любую навучальную ўстанову, якая праводзіць цэнтралізаванае тэсціраванне. Напрыклад, у БНТУ будзе праходзіць ЦТ па беларускай, рускай і англійскай мовах, фізіцы, матэматыцы і біялогіі. Універсітэт буйны, і на кожны прадмет тут выдзелена ад 2500 да 3500 месцаў. Па стане на ўчарашні дзень гэтыя месцы былі запоўнены ў сярэднім на 15 — 20%. Калі ж месцы на нейкі прадмет будуць запоўнены цалкам (што, зрэшты, ужо малаверагодна), то абітурыентам прапануюць здаць адпаведны тэст у іншай навучальнай установе (на выбар). Месцаў хопіць усім.
Інга Валер’еўна адзначае, што ў першыя дні прыязджала рэгістравацца шмат іншагародніх. Абітурыенты слушна разважалі, што ў выпадку форс-мажору ў іх павінна быць магчымасць зноў прыехаць і прывезці дакументы.
Што да замежных грамадзян, то дакументы на рэгістрацыю яны дасылаюць па пошце, а рэгістрацыйны ўзнос робяць ужо ў Беларусі. У пункце рэгістрацыі яны павінны будуць прадаставіць квітанцыі аб аплаце і ў абмен на іх атрымаюць пропускі на ЦТ.
Нашы суграмадзяне мусяць рэгістравацца на цэнтралізаванае тэсціраванне самастойна. Толькі пры вельмі ўважлівай прычыне, напрыклад з-за хваробы, і пры наяўнасці адпаведных дакументаў абітурыентаў могуць зарэгістраваць іншыя асобы. Аднак трэба ведаць, што паездка за мяжу, адпачынак і г.д. не з’яўляюцца ўважлівай прычынай.
Як паведамілі ў пункце рэгістрацыі БНТУ, тут пакуль не было выпадкаў, каб прыходзілі абітурыенты з несапраўдным пашпартам (напрыклад, скончыўся тэрмін дзеяння), але па вопыце мінулых гадоў рэгістратары ведаюць, што без такіх выпадкаў не абыходзіцца. Таму спецыялісты раяць загадзя прагледзець дакументы, каб у апошні момант не высветлілася, што яны непрыдатныя да выкарыстання. Таксама трэба загадзя вызначыцца з паступленнем, бо кожны год знаходзяцца людзі, якія “ўспамінаюць” пра ЦТ, калі рэгістрацыя ўжо закончылася. Вядома, што ў такім выпадку зарэгістравацца немагчыма. База даных закрываецца, і ніхто не можа ўнесці ў яе новых людзей.
На той час, як мы былі ў пункце рэгістрацыі, яшчэ не было выпадкаў, каб хтосьці з абітурыентаў перадумаў і прыйшоў перарэгістравацца на іншыя тэсты. Як правіла, усе загадзя ведаюць, куды будуць паступаць, і свядома рэгіструюцца на канкрэтныя іспыты. Зрэшты, мяняць свой выбар у перыяд рэгістрацыі не забараняецца, але калі абітурыент раптам вырашыў, напрыклад, замест фізікі здаваць замежную мову, то за новы прадмет яму давядзецца заплаціць рэгістрацыйны ўзнос — 10 тысяч рублёў.
Здараецца, што абітурыенты губляюць свае пропускі. У такім выпадку ім трэба звярнуцца ў пункт рэгістрацыі (абавязкова ў той, дзе адбывалася першапачатковая рэгістрацыя) і атрымаць дублікаты. Гэтая працэдура бясплатная.
Часам прыходзяць абітурыенты, якія рэгіструюцца толькі на два прадметы. Каб пазбегнуць магчымых недарэчнасцей, у пункце рэгістрацыі ў іх заўсёды ўдакладняюць: збіраюцца яны паступаць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, будуць здаваць трэці іспыт ва ўніверсітэце або, можа, з’яўляюцца пераможцамі алімпіяд і ўжо маюць 100 балаў па нейкім прадмеце.
На жаль, ёсць выпадкі, калі абітурыенты спрабуюць зарэгістравацца на 4 прадметы. Але база ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання — агульная, і нават калі чалавек зарэгістраваўся ў адным пункце, а потым вырашыў зарэгістравацца ў другім, такі фокус не пройдзе. Многія абітурыенты тлумачаць спробу зарэгістравацца на 4 прадметы тым, што не вызначыліся са спецыяльнасцю і не ведаюць, якія экзамены трэба здаваць. Але правілы такія, што на момант рэгістрацыі з профілем будучай спецыяльнасці трэба вызначыцца.
“Абітурыенты часам пытаюцца ў нас: куды ім лепш паступаць, — гаворыць Інга Валер’еўна, — але мы лічым, што гэта пытанне найперш сямейнае, таму стараемся не даваць рэцэптаў удалага паступлення. Абітурыенты самі павінны прымаць рашэнне, як будаваць сваё далейшае жыццё”.
Трэба сказаць, што многія рэгістратары працуюць не першы год і добра ведаюць працэдуру. Тым не менш напярэдадні прыёмнай кампаніі з імі заўсёды праводзяць практычныя семінары, падчас якіх не толькі падрабязна тлумачаць інструкцыю, але і даюць рэкамендацыі, як дзейнічаць у нестандартных сітуацыях. Акрамя таго, у пункце рэгістрацыі пастаянна знаходзіцца дзяжурны адміністратар. І абітурыенты, і рэгістратары, калі патрэбна нейкае ўдакладненне сітуацыі, звяртаюцца менавіта да яго.
А ўвогуле, працэдура рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне ўжо адпрацавана да аўтаматызму. Не толькі рэгістратары, але і абітурыенты дзейнічаюць спакойна і ўпэўнена. Менш, чым праз месяц, — цэнтралізаванае тэсціраванне!

Галіна СІДАРОВІЧ.

sidarovich@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.