Рэйтынгі ўніверсітэтаў і кадравы патэнцыял вышэйшай школы

Двум гэтым пытанням было прысвечана апошняе ў 2012 годзе пасяджэнне Прэзідыўма Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі.

Зараз у свеце існуе дастаткова вялікая колькасць міжнародных рэйтынгаў, у аснове якіх самыя розныя сістэмы крытэрыяў і метадалогіі. Напрыклад, сёлета ў інтэрнэт-рэйтынгу Webometrics удзельнічаюць 51 навуковая і адукацыйная ўстанова Рэспублікі Беларусь, а ў рэйтынгу навуковых публікацый Scimago — тры беларускія арганізацыі: Нацыянальная акадэмія навук, БДУ і БДУІР.

Белдзяржуніверсітэт задае тон астатнім універсітэтам — гэта адзіная айчынная УВА, што ранжыруецца ў комплексным рэйтынгу QS (501—550 пазіцыя ў 2012 годзе) і навукова-даследчым URAR.

Рэктары адзначылі, што ўдзел у міжнародных рэйтынгах дае ўніверсітэтам інструменты для параўнання сваіх пазіцый на нацыянальным і міжнародным узроўнях, робіць навучальныя ўстановы больш “бачнымі” ў сусветных інфармацыйных сетках. Не сакрэт, што высокія месцы ў рэйтынгах стымулююць адукацыйны экспарт, а таксама садзейнічаюць атрыманню міжнародных грантаў.

Як падкрэсліў Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, за рэйтынгамі стаіць эканоміка ўніверсітэтаў, бо кошт іх паслуг карэлюе з рэпутацыяй у сусветнай адукацыйнай прасторы. Гэта далёка не поўны пералік прычын больш актыўна ўдзельнічаць і паляпшаць пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах. Кіраўнікі ўніверсітэтаў прапанавалі цэлы шэраг мер на гэты конт.

Памяншэнне колькасці абарон кандыдацкіх, доктарскіх дысертацый і рост колькасці адхіленых прац, скарачэнне набору ў аспірантуру, нішчтожны працэнт абарон дысертацый на момант заканчэння аспірантуры і дактарантуры — такі стан спраў у сферы падрыхтоўкі і атэстацыі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі не можа не трывожыць рэктарскі корпус.

“Ва ўніверсітэтаў ёсць магчымасць самастойна распараджацца часткай сваіх рэсурсаў, у тым ліку і накіроўваць іх на стымуляванне падрыхтоўкі навуковых кадраў”, — заўважыў міністр. Па яго словах, сітуацыю могуць выратаваць “неардынарныя рашэнні ў межах універсітэтаў”.

Падрабязнасці абмеркавання праблемы, а таксама прапановы Прэзідыўма Рэспубліканскага савета рэктараў чытайце ў газеце.

Іна НІКІЦЕНКА.