Руская мова ў беларускай прасторы

У першыя дні навучальнага года падрыхтоўчае аддзяленне для замежных грамадзян факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ нагадвае сапраўдны Вавілон.

Звыш 200 слухачоў з двух дзясяткаў краін свету збіраюцца разам — і ніводнага слова па-руску. Аднак пройдзе зусім мала часу — і яны загавораць, і не толькі на мове Пушкіна і Чэхава, многія з іх вывучаць на памяць вершы Купалы і Багдановіча, навучацца спяваць “Купалінку”, а назвы станцый мінскага метрапалітэна яны так і будуць прамаўляць па-беларуску: “Плошча Перамогі”, “Няміга”, “Усход”, “Грушаўка”…

За год праз факультэт даўніверсітэцкай адукацыі БДУ праходзіць каля 400 замежнікаў. Ім прапаноўваецца некалькі адукацыйных праграм. Самая запатрабаваная — праграма падрыхтоўкі да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі, як на 1 курс, так і ў магістратуру і аспірантуру (для тых, хто хоча вучыцца па-руску).
Замежнікі, як правіла, загадзя ведаюць спецыяльнасць, на якой хацелі б вучыцца, і згодна з гэтым выбіраюць профіль падрыхтоўкі. Некаторыя з іх прыязджаюць на факультэт у другой палове навучальнага года, а потым застаюцца яшчэ на адзін год. Такую паўтарагадовую праграму асабліва ўпадабалі кітайцы, і для іх гэта найбольш спрыяльны варыянт, бо аднаго года часта недастаткова. А калі яны яшчэ на канікулах не едуць дадому, а запісваюцца ў летнюю школу (гэта яшчэ адна факультэцкая праграма), то атрымліваецца цудоўны вынік.

— Традыцыйна ў нас вельмі шмат слухачоў з Кітая, ёсць моладзь з Турцыі, Ірака, Лівіі, Нігерыі, Карэі, Азербайджана, Туркменістана, Бангладэш і іншых краін, у тым ліку з Заходняй Еўропы, — расказвае намеснік дэкана Аляксандр Васільевіч Жук.

Акрамя такой дысцыпліны, як “Руская мова як замежная”, замежныя слухачы вывучаюць гісторыю Беларусі, грамадазнаўства, асновы лінгвакультуралогіі. Калі гэта інжынерна-тэхнічны, эканамічны ці хіміка-біялагічны профіль, то, адпаведна, даводзіцца вучыць фізіку, матэматыку, асновы эканомікі, хімію, біялогію. Усе прадметы выкладаюцца выключна па-руску. Зрэшты, яны ўводзяцца не адразу, папярэдне слухачы інтэнсіўна, на працягу двух месяцаў, вывучаюць рускую мову.

На факультэце даўніверсітэцкай адукацыі БДУ замежнікі даведаюцца не толькі пра Пушкіна і Чэхава, але і адкрыюць для сябе беларускую спадчыну.

Адно з патрабаванняў на факультэце — групы павінны быць інтэрнацыянальнымі. Гэта дае магчымасць моладзі з розных краін хутка пасябраваць і ў прамым сэнсе знайсці агульную мову.
— Працаваць у нас няпроста, — расказвае намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Аліна Віктараўна Хілько. — Маладыя людзі адрываюцца ад сваіх родных і прыязджаюць у краіну з іншай мовай і культурай. Многія з іх з’яўляюцца адзінымі дзецьмі ў сям’і, не ўмеюць ні рабіць пакупкі, ні гатаваць, ні клапаціцца пра сябе. Таму куратары вучэбных груп становяцца для іх амаль што мамамі, якія сочаць, каб ужо ў кастрычніку ў замежнікаў былі цёплыя рэчы, каб яны ведалі, дзе знаходзіцца паліклініка, дзе набыць прадукты і як іх прыгатаваць, як бавіць час.

Куратары імкнуцца, каб слухачы ўжо на падрыхтоўчым аддзяленні адчулі ўсе радасці ўніверсітэцкага жыцця, а таму стараюцца згуртаваць іх для цікавых спраў. На пачатку навучальнага года на факультэце традыцыйна ладзіцца вялікая вечарына “Давайце пазнаёмімся”, куды запрашаюцца і замежныя, і беларускія слухачы, якія рыхтуюць вялікі сумесны канцэрт. Зімой на базе аздараўленчага комплексу БДУ “Брыганціна” праводзяцца малыя алімпійскія гульні, дзе слухачы спаборнічаюць у розных відах спорту і, калі дазваляе надвор’е, лепяць снегавыя скульптуры. Вясной ладзіцца маштабны конкурс, у ад зін год — “Містар ФДА”, а ў другі год — “Міс ФДА”. І ўсё гэта вельмі весела і дружна. А ў канцы года праводзіцца агульнае мерапрыемства пад назвай “Планета сяброў”, дзе ўсе слухачы на рускай мове расказваюць аб сваіх маленькіх “планетах” — гарадах і вёсках Кітая, В’етнама, Таджыкістана і іншых краін свету, адкуль яны прыехалі вучыцца ў Беларусь.

Адно з патрабаванняў на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі — групы павінны быць інтэрнацыянальнымі. Гэта дае магчымасць моладзі з розных краін хутка пасябраваць і ў прамым сэнсе знайсці агульную мову.

— Руская мова — гэта яшчэ адна замежная мова для нашых слухачоў, — гаворыць намеснік дэкана па вучэбна-метадычнай рабоце Алена Валянцінаўна Кішкевіч. — І пры ўмове высокай матывацыі за 10 месяцаў яны могуць асвоіць яе на вельмі высокім узроўні. Мы заўсёды гаворым, што калі б нас так вучылі замежным мовам, увесь свет быў бы ўжо ля нашых ног.

З гэтага года на факультэце пачаў працаваць клуб рускай мовы — і гэта дадатковая магчымасць для замежных слухачоў паглыбіць свае веды па такім складаным прадмеце.— У клубе некалькі секцый, — расказвае старшы выкладчык Ала Яўгеньеўна Фядзюнькіна. — Па-першае, гэта караоке-клас, дзе слухачы спяваюць песні. Па-другое, тэатральная студыя, дзе слухачы могуць праявіць свае творчыя здольнасці. Часта маладыя людзі саромеюцца прыйсці і заявіць: “Я спяваю!” ці “Я танцую!”, а ў клубе, дзе яны разам пачынаюць, ім значна прасцей заявіць пра сябе. Па-трэцяе, у нас дзейнічае творчая лабараторыя, дзе слухачы здымаюць відэаролікі, фільмы, рыхтуюць фотасправаздачы з нашых сумесных мерапрыемстваў. І чацвёрты напрамак работы клуба — відэасалон, дзе слухачы глядзяць фільмы на рускай мове і потым абмяркоўваюць убачанае.

Кафедра рускай мовы як замежнай і агульнаадукацыйных дысцыплін — адна з самых вялікіх у БДУ, тут працуе 31 чалавек.

— У нас прадстаўлены залаты фонд выкладчыкаў рускай мовы як замежнай, — расказвае дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ Вячаслаў Міхайлавіч Малафееў. — І гэта ніколькі не перабольшана, бо сам напрамак — руская мова як замежная — зараджаўся 55 гадоў назад менавіта ў БДУ. Незадоўга да гэтага адкрыліся першыя цэнтры па выкладанні рускай мовы як замежнай у Маскве, Санкт-Пецярбургу і Кіеве. Чацвёрты цэнтр па падрыхтоўцы замежных слухачоў быў адкрыты ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Першымі да нас прыехалі грамадзяне Кубы, і для таго, каб адкрыць новы напрамак падрыхтоўкі, былі сабраны самыя лепшыя сілы. Трэба сказаць, што традыцыі выкладання рускай мовы як замежнай, закладзеныя 55 гадоў назад, наш педагагічны калектыў стараецца захоўваць і памнажаць.

На кафедры ёсць вельмі вопытныя выкладчыкі — вучні тых першых выкладчыкаў, якія пачыналі работу, ёсць тыя, чый стаж выкладання рускай мовы як замежнай складае 25—30 гадоў, і ёсць маладыя спецыялісты. Яны прыходзяць з філагічнага факультэта БДУ, дзе ёсць спецыялізацыя “Руская мова як замежная”.Калі параўнаць рускую мову як замежную, якая выкладаецца ў Беларусі, і тую, што выкладаецца ў Расіі, то ў нашай краіне ёсць свае нацыянальныя асаблівасці. Руская мова як замежная тут абагачана беларускімі культурна-гістарычнымі традыцыямі. Замежным слухачам знаёмы не толькі Пушкін і Чэхаў, але і беларуская спадчына. Яны ведаюць пра Ефрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Марка Шагала і іншых слаўных прадстаўнікоў нашай зямлі.

Замежныя слухачы факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ часта наведваюць тэатры, музеі і знакамітыя мясціны Беларусі. У факультэта даўняе сяброўства з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. На паэтычных вечарынах, якія праводзяцца ў музеі, часам можна пачуць, як замежнікі чытаюць вершы беларускага класіка на розных мовах — гэта слухачы факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ спрабуюць на смак беларускую мову.

Нядаўна на базе бібліятэкі факультэта была адкрыта выстава вучэбна-метадычных матэрыялаў, падрыхтаваных выкладчыкамі кафедры рускай мовы як замежнай і агульнаадукацыйных дысцыплін. Гэта сапраўды ўнікальны фонд, дзе сабраны метадычныя матэрыялы, падручнікі, дапаможнікі, створаныя не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за мяжой. Выкладчыкі факультэта ў розныя часы выкладалі рускую мову на Кубе, у В’етнаме, Кітаі, Афганістане і іншых краінах свету. І цяпер яны акумулявалі свой каштоўны вопыт у гэтай унікальнай бібліятэцы. Ёсць там і новы, інавацыйны прадукт.

Днямі факультэт даўніверсітэцкай адукацыі БДУ адзначае 55-годдзе. За гэты час тут прайшлі навучанне каля дзесяці тысяч замежнікаў з амаль што ста краін свету. Сёння на факультэце сабраны залаты фонд выкладчыкаў рускай мовы як замежнай — прызнаныя спецыялісты як у нашай краіне, так і за яе межамі. Сваім педагагічным талентам і цярпеннем яны дамагаюцца таго, што людзі з розных краін вельмі хутка пачынаюць гаварыць на такой складанай мове, як руская.

— Метадалогію выкладчыкі чэрпаюць з нашага залатога фонду, але пры гэтым прапаноўваюць сучаснаму пакаленню новыя матэрыялы — з новай рускай мовай і новай Беларуссю, — расказвае загадчык кафедры рускай мовы як замежнай і агульнаадукацыйных дысцыплін Кацярына Пятроўна Любецкая. — Напрыклад, Алена Валянцінаўна Кішкевіч — адна з аўтараў унікальнага падручніка “Руская мова як замежная”, які быў прэміраваны на міжнародным узроўні і атрымаў сертыфікат аб тым, што гэта лепшы дапаможнік у сваёй галіне. Таксама мне прыемна падкрэсліць, што нашы спецыялісты з’яўляюцца аўтарамі тыпавой праграмы “Руская мова як замежная”, па якой праводзіцца навучанне ўсіх замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі. Зараз на нашым факультэце актыўна развіваецца дыстанцыйнае навучанне. Зноў жа Алена Валянцінаўна Кішкевіч разам з Жаннай Васільеўнай Праконінай ужо напрацавалі базу для таго, каб першыя ўрокі даваць студэнтам дыстанцыйна.

Летась на кафедру рускай мовы як замежнай і агульнаадукацыйных дысцыплін прыйшло пяць маладых спецыялістаў. І хоць яны добра валодалі тэорыяй прадмета, але на кафедры разважылі: работа з замежнікамі вельмі спецыфічная, і гэтаму трэба дадаткова вучыцца. У выніку тут з’явілася школа маладога выкладчыка.

— Штотыдзень на працягу ўсяго навучальнага года вопытныя выкладчыкі кафедры праводзілі для маладых спецыялістаў майстар-класы, — расказвае Кацярына Пятроўна Любецкая. — Сёлета мы працягнем распачатую работу. Пастараемся перадаць новаму пакаленню ўсе залацінкі педагагічнай мудрасці, якія назапашаны за 55 гадоў няспыннай працы.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.