Машынабудаўнічы факультэт — адзін з найстарэйшых факультэтаў Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога. Яго гісторыя пачынае адлік з утварэння ў 1973 годзе Гомельскага філіяла Беларускага політэхнічнага інстытута. Гэтаму спрыяла развіццё прамысловых прадпрыемстваў, якія мелі патрэбу ў кваліфікаваных інжынерах.
Гомель быў і застаецца буйным прамысловым цэнтрам, на яго тэрыторыі размяшчаюцца прадпрыемствы-гіганты, якія ўносяць значны ўклад у эканоміку краіны, а галоўная кузня кадраў для іх — рэгіянальны тэхнічны ўніверсітэт.
Заходні вопыт
Апошнія шэсць гадоў машынабудаўнічы факультэт ГДТУ імя П.В.Сухога ўзначальвае кандыдат тэхнічных навук дацэнт Р.В.Пятрышын.
— Адразу было няпроста, — прызнаецца Рыгор Валянцінавіч. — Адбывалася рэфармаванне эканомікі і прамысловасці, факультэту неабходна было неяк пераарыентавацца, бо да традыцыйных, класічных, спецыяльнасцей, якія з’явіліся 40 гадоў назад, абітурыенты паступова пачалі страчваць цікавасць. Ды і сама вытворчасць патрабавала пэўных змен у падрыхтоўцы спецыялістаў. Мы разумелі, што, калі выпускнікі школ не пойдуць да нас, факультэт проста знікне.
Намаганні дэкана і прафесарска-выкладчыцкага складу, ды, мабыць, і самі абставіны, не дазволілі паставіць кропку ў гісторыі найстарэйшага факультэта палітэха. Было вырашана падаць заяўку на міжнародны беларуска-шведскі праект, дзе факультэт атрымаў перамогу. Праект быў разлічаны якраз на стварэнне новых адукацыйных праграм. І хаця замежныя партнёры ў першую чаргу цікавіліся праграмамі магістратуры, але і для тых, хто навучаўся на першай ступені, прапаноўвалася шмат цікавай работы.
— У рамках згаданага праекта я пабываў ва ўніверсітэтах Германіі, і для мяне гэта быў вельмі каштоўны вопыт, — расказвае Рыгор Валянцінавіч. — Я ўбачыў, як там арганізаваны адукацыйны працэс па такіх жа класічных інжынерных спецыяльнасцях. У немцаў зусім іншы падыход, і менавіта ён дае магчымасць выводзіць традыцыйную інжынерыю на новы ўзровень, надае ёй сучасны твар.
Сёння, калі вы трапіце на машынабудаўнічы факультэт Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта, то не хопіць пальцаў дзвюх рук, каб пералічыць існуючыя на кожнай кафедры лабараторыі са станкамі, інструментамі і розным абсталяваннем. Тут студэнты замацоўваюць тэарэтычныя веды і маюць магчымасць на свае вочы ўбачыць, як выглядаюць і працуюць тыя машыны, з якімі ім прыйдзецца сутыкнуцца пасля заканчэння ўніверсітэта.
— Калі ў нямецкім універсітэце я прасіў паказаць мне станкі, на якіх навучаюцца студэнты, замежныя калегі адразу нават не зразумелі, пра што ідзе размова, — успамінае дэкан. — Справа ў тым, што сваіх лабараторый з усталяванымі станкамі там няма. Універсітэты цесна супрацоўнічаюць з прамысловасцю, таму вучаць студэнтаў непасрэдна на вытворчасці.
Каштоўны вопыт убачылі нашы вучоныя і ў тэарэтычным навучанні студэнтаў. Звычайную тэорыю ва ўніверсітэце дапаўняюць веды, якія патрэбны не на момант навучання будучага інжынера, а тыя, што з’явяцца пазней, калі выпускнік атрымае дыплом і прыйдзе на вытворчасць. Іншымі словамі, нямецкія ўстановы вышэйшай тэхнічнай адукацыі нацэлены на задавальненне не бягучых патрэб прадпрыемстваў, а патрэб, якія з’явяцца праз 5 гадоў.
Стала відавочна, што гэта якраз тое выйсце, якое дапаможа ўзнавіць класічныя спецыяльнасці машынабудаўнічага факультэта і рыхтаваць інжынераў для сучаснай вытворчасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу.
Выкарыстоўваючы атрыманы вопыт, на факультэце ўзялі курс не на абнаўленне станочнага парка, а сталі набываць абсталяванне, якое навучыць студэнтаў сучасным сродкам аўтаматызацыі вытворчасці. Першы крок зрабіла кафедра гідрапнеўмааўтаматыкі — закупіла нямецкае абсталяванне аўтаматычнага рэгулявання гідра-пнеўмасістэмы. І невыпадкова, бо гідраўліка зараз на вастрыі патрэб прамысловасці, без яе не абыходзіцца ні адна машына, ні адно абсталяванне, усе сучасныя сістэмы аўтаматызацыі працуюць з выкарыстаннем гідраўлічных або пнеўматычных сістэм. Розніца толькі ў тым, што сучасная гідраўліка — гэта ўжо не аб’ёмныя, а значна меншыя ў памеры разумныя машыны.
— Вельмі важна вучыць студэнтаў сістэмам кіравання, даваць ім азы ўмення працаваць з мехатроннымі сістэмамі, — упэўнены Рыгор Пятрышын. — Мы скіраваліся якраз на гэта і не прагадалі. Цяпер да нашых выпускнікоў з’явілася даволі высокая цікавасць з боку прамысловых прадпрыемстваў, і ў першую чаргу тых, дзе наладжана высокатэхналагічная вытворчасць.
Адно з такіх прадпрыемстваў — ААТ “САЛЕА-Гомель” (былы “Гідрапрывод”). Адзін з беларускіх прадпрымальнікаў вывеў яго на новы ўзровень, забяспечыўшы найноўшымі станкамі і абсталяваннем. Разам з тым праблема, якая сёння існуе паўсюдна на вытворчасці, застаецца і тут: сучаснае разумнае абсталяванне ёсць, а працаваць з ім няма каму. Такім чынам, машынабудаўнічы факультэт і прадпрыемства сышліся інтарэсамі і пачалі цеснае супрацоўніцтва. Цікава, што дырэктар “САЛЕА-Гомель”, яго намеснікі, а таксама многія інжынеры — выпускнікі факультэта. Нядаўна іх шэрагі папоўнілі сённяшнія аспіранты, удзельнікі і пераможцы конкурсу WorldSkills Belarus — 2016.
Матывацыя с галоўны рухавік
— Магчыма, наша перамога на WorldSkills для некага была нечаканасцю, для нас жа гэта — заканамернасць, — не без гонару канстатуе мой суразмоўца. — Мы мэтанакіравана працавалі ў гэтым напрамку, укладвалі грошы ў высокатэхналагічнае абсталяванне і рабілі стаўку на зацікаўленых студэнтаў.
Калі выпускнік універсітэта кажа, што ўстанова адукацыі не дае добрых ведаў і навыкаў, — гэта дрэнны студэнт, як правіла, з тых, хто прыходзіць ва ўніверсітэт толькі дзеля дыплома. Такой думкі прытрымліваецца і дэкан машынабудаўнічага факультэта, і яго калегі. Рыгор Валянцінавіч кажа, што жадаючых проста атрымаць дыплом інжынера сустракаецца нямала. Самыя лянівыя хутка адсейваюцца, больш адказныя атрымліваюць неабходны аб’ём ведаў, які дазволіць ім працаваць на вытворчасці. Для тых жа, хто прыйшоў ва ўніверсітэт атрымаць выдатныя веды, стаць высакакласным і дарагім спецыялістам, кіраўніцтва і выкладчыкі выкарыстоўваюць усе магчымасці. Розныя праекты і конкурсы накшталт WorldSkills — адна з іх.
Менавіта з ліку зацікаўленых студэнтаў збіралі каманду для падрыхтоўкі да ўдзелу ў чэмпіянаце. Хлопцы з розных курсаў, у тым ліку з першага, аб’ядналіся, каб пад кіраўніцтвам намесніка дэкана машынабудаўнічага факультэта Уладзіміра Быстранкова паспрабаваць зрабіць на высокатэхналагічным абсталяванні штосьці цікавае. Дзеля гэтага Уладзімір Міхайлавіч сам прайшоў адпаведны курс навучання ў Мінску. І пачалася ўпартая праца. Адразу была дамова: замяняць асноўныя заняткі ва ўніверсітэце заняткамі па інтарэсах нельга. Таму выбралі форму гуртковай працы, і штодзень пасля 17 гадзін выкладчык і студэнты збіраліся ў лабараторыі і заседжваліся там да позняга вечара.
Добра папрацавалі — выдатна выступілі. У II Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016 студэнты Мікалай Якубаў і Павел Раманаў заваявалі “золата” ў кампетэнцыі “Мехатроніка”, а Эдуард Танчынскі і Яўген Лікш — “бронзу” ў кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка”. Такім чынам, хлопцы забяспечылі паспяховы дэбют Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога ў прэстыжным і складаным конкурсе.
Рыгор Пятрышын адзначае, што гэты поспех таксама вынік таго, што пераарыентавалі праграмы і пачалі працаваць на апярэджанне. Вядома, на факультэце не адмовіліся цалкам ад існуючых раней падыходаў: пакуль застаюцца прадпрыемствы са старым абсталяваннем, універсітэт павінен забяспечваць іх належнымі кадрамі. Аднак у падрыхтоўку ўключылі новыя дысцыпліны, каб будучыя спецыялісты сталі прафесійна вышэйшымі. А каб яны навучыліся працаваць з абсталяваннем, арганізавалі для іх цікавую практыку на працоўных месцах. Праўда, не для ўсіх. Некаторых студэнтаў і бацькоў гэта палохае — усё ж такі рэальная вытворчасць. Тыя ж, хто прымае новыя падыходы, ужо за студэнцкай партай атрымліваюць сапраўдныя навыкі, а ў дадатак набываюць яшчэ і рабочую прафесію. Такія змены ў падрыхтоўцы па класічных інжынерных спецыяльнасцях прыкметна павялічылі цікавасць моладзі.
Яшчэ адзін з кірункаў павышэння прафесійнага ўзроўню студэнтаў, а разам з тым і матывацыя добра вучыцца — гэта навуковая лабараторыя, створаная тры гады назад пад кіраўніцтвам дэкана факультэта. Лабараторыя ўмацоўвання і аднаўленчых тэхналогій займаецца выключна навуковымі даследаваннямі і выкананнем заказаў прамысловасці Гомельскага рэгіёна. Тут студэнты вырабляюць розныя высокатэхналагічныя запчасткі, аднаўляюць складаныя дэталі, якія прадпрыемствы набываюць за мяжой.
— Мы маем нядрэнныя аб’ёмы, а гэта пацвярджае, што быў зроблены правільны крок, — расказвае пра дзейнасць лабараторыі Рыгор Валянцінавіч. — Так, мы дапамаглі буйному беларускаму прадпрыемству “Беларусьнафта” з імпартазамяшчэннем, і па некаторых пазіцыях яно спыніла закупкі за мяжой. Мы зарабляем грошы, але самае галоўнае — прыцягваем да працы зацікаўленых і паспяховых у вучобе студэнтаў і плацім ім заробак.
Сімбіёз вытворчасці, навукі і адукацыі накіраваны на павышэнне якасці адукацыі, а яшчэ дае надзею на тое, што, захварэўшы на працу ў лабараторыі, хтосьці са студэнтаў вырашыць заняцца навукай.
Інжынер і праграміст у адным
Класічныя інжынерныя спецыяльнасці машынабудаўнічага факультэта бяруць новыя напрамкі. Як бачым, паспяхова. Але, каб развівацца і апярэджваць патрэбы часу, неабходна арганізоўваць і нешта новае. Тры гады назад на факультэце адкрылі новую спецыяльнасць “Аўтаматызацыя вытворчых працэсаў”.
— Мы бачылі, як разумныя, добра падрыхтаваныя дзеці масава ідуць у IТ-спецыяльнасці, — тлумачыць рашэнне адкрыць сучасны напрамак дэкан факультэта. — Безумоўна, няма нічога дрэннага ў тым, што яны хочуць зарабляць шмат грошай. Але ці ўсе яны хочуць быць праграмістамі? Магчыма, нехта з іх марыў стаць інжынерам, але ён глядзіць на перспектыву: з задавальненнем пайшоў бы ў інжынеры, калі б заробак быў на адным узроўні з праграмістам. Наша новая спецыяльнасць, якая ўяўляе сабой сімбіёз інжынера-механіка і інжынера-праграміста, вырашае гэтую праблему.
На старшых курсах студэнты спецыяльнасці “Аўтаматызацыя вытворчых працэсаў” вывучаюць айцішныя дысцыпліны. Апошнія два гады, акрамя выпускаючай кафедры тэхналогіі машынабудавання, з імі пачне працаваць і кафедра інфармацыйных тэхналогій. Студэнты будуць вывучаць як класічнае праграмаванне, так і прамысловае і, зразумела, атрымаюць класічныя інжынерныя веды. Такім чынам, на выхадзе выпускнік можа сам выбіраць, кім ён хоча быць. На думку Рыгора Пятрышына, калі ён не спаў 5 гадоў, то можа спакойна пайсці ў вядучыя IТ-кампаніі, для старту атрыманых ведаў будзе дастаткова. Безумоўна, такі спецыяліст каштоўны і для любога прамысловага прадпрыемства.
Мара гомельскіх навукоўцаў — прыйсці да заходняй мадэлі, калі ўніверсітэт можа прадаваць сваіх спецыялістаў, калі зацікаўленыя ў іх прадпрыемствы дапамагалі б яму з абсталяваннем, практычным навучаннем студэнтаў і гатовы былі б ісці на сумесныя навукова-вытворчыя распрацоўкі. Пакуль жа застаецца толькі чакаць, бо сёння айчынная прамысловасць не вырасла настолькі, а таму не мае неабходнасці ў вялікай колькасці высакакласных спецыялістаў з тэхнічнай адукацыяй.
— Але гэта пытанне часу, — упэўнены Рыгор Валянцінавіч. — Гадоў праз пяць сітуацыя зменіцца. Ужо цяпер патрабаванні прамысловых прадпрыемстваў, як невялікіх, так і гігантаў, да нашых выпускнікоў выраслі. Яны ўжо не бяруць студэнта проста так, а толькі пасля субяседавання. І нам такая сістэма даспадобы, паколькі мы бачым вынік падрыхтоўкі сваіх студэнтаў.
Пры жаданні с дзве кваліфікацыі
Новыя павевы з’явіліся і яшчэ на адной спецыяльнасці — “Распрацоўка і эксплуатацыя нафтавых і газавых радовішчаў”. Яна і раней прыцягвала абітурыентаў, а цяпер, з прыходам ва ўніверсітэт у якасці загадчыка кафедры доктара навук Васіля Гаўрылавіча Жоглы, набірае яшчэ большую папулярнасць. Васіль Гаўрылавіч — адзін з найбуйнейшых сусветных спецыялістаў у галіне камп’ютарнага мадэлявання нафтавых радовішчаў і пры гэтым вельмі актыўны і дзейсны вучоны.
— Нам вельмі пашанцавала, што ён працуе ў нашым універсітэце, — гаворыць дэкан машынабудаўнічага факультэта. — Дзякуючы яму ўхіл у падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне нафтараспрацовак зроблены зараз на эканоміку ведаў.
Трэба адзначыць, што машынабудаўнічы факультэт не адчувае недахопу ў абітурыентах. Як сцвярджае дэкан, інжынер ніколі не застанецца без працы, а значыць, і інжынерныя спецыяльнасці заўсёды будуць запатрабаванымі, тым больш што многія студэнты Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта атрымліваюць дзве кваліфікацыі. Пачынаючы з 4 курса, яны паралельна набываюць другую вышэйшую адукацыю ў інстытуце павышэння кваліфікацыі. Такім чынам можна атрымаць дыплом інжынера і, напрыклад, эканаміста ці юрыста.
— Няправільна думаць, што рэгіянальныя ўніверсітэты ўступаюць сталічным, — сцвярджае Рыгор Пятрышын. — Больш за тое, у рэгіянальным універсітэце менш студэнтаў, і гэта дазваляе нам персанальна працаваць з імі.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.