Рызыкуючы ўласным жыццём, служыць гарантам бяспекі

Ратавальнік — прафесія высакародная. Звычайна юнакі і дзяўчаты прыходзяць да яе па ідэалагічных меркаваннях, жадаючы працаваць на карысць грамадства. Іншыя бяруць прыклад са старэйшых. Ёсць і такія абітурыенты, якія займаліся на спецыялізаваных факультатывах па кірунку “Бяспека жыццядзейнасці”, вывучалі правілы паводзін у той ці іншай надзвычайнай сітуацыі і ў пэўнай ступені ўжо ўсведамлялі сябе ратавальнікамі. Атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”, “Пажарная і прамысловая бяспека” ў нашай краіне можна ва Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

Установа адукацыі цалкам забяспечвае патрэбу дзяржавы ў спецыялізаваных кадрах. Сёння навучанне курсантаў праводзіцца як на базе ўніверсітэта ў Мінску, так і ў яго Гомельскім філіяле. Усе першакурснікі дзённага аддзялення спецыяльнасці “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” вучацца ў Гомелі, астатнія курсы — у сталіцы.

Якім шляхам павінен прайсці абітурыент, каб стаць курсантам Універсітэта грамадзянскай абароны, мы даведаліся ў Гомельскім абласным упраўленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Алгарытм дзеянняў

Калі вам ад 17 да 25 гадоў і вы хочаце звязаць сваё жыццё з выратавальнай службай, неабходна прайсці некалькі этапаў. Па-першае, звярнуцца да 1 мая года паступлення з заявай у абласныя ці Мінскае гарадское ўпраўленне МНС або ў гарадскі, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях па месцы жыхарства. Рэкамендуецца не цягнуць да 30 красавіка. Потым — прайсці двухэтапны прафесійны адбор у камплектавальных органах.

Папярэдні адбор кандыдатаў праводзіцца да 19 мая года паступлення і ўключае медыцынскі агляд кандыдатаў ваенна-медыцынскімі камісіямі органаў унутраных спраў, вывучэнне маральных і дзелавых якасцей маладых людзей, правядзенне спецыяльных праверак.
Канчатковы прафесійны адбор, дзе вызначаецца ўзровень фізічнай падрыхтаванасці абітурыентаў, праводзіцца з 20 па 31 мая камісіямі камплектуючых органаў. Збор практыкаванняў, умовы і нарматывы іх выканання змешчаны на сайце ўніверсітэта ucp.by у раздзеле “Абітурыенту”.

Па-другое, неабходна зарэгістравацца і прыняць удзел у цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай або беларускай мове, матэматыцы, фізіцы. Дакументы падаюцца ў прыёмную камісію ўніверсітэта ў Мінску, пашпарт прад’яўляецца асабіста. Калі вы паспяхова прайшлі ўсе ўступныя выпрабаванні, але не прайшлі па конкурсе на дзённую форму навучання за кошт бюджэтных сродкаў, то маеце права паспрабаваць паступіць на ўмовах аплаты. Асобныя катэгорыі абітурыентаў залічваюцца ва ўніверсітэт без уступных іспытаў, па-за конкурсам.

Хрысціна Каёшкіна.

Хрысціна КАЁШКІНА, інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Гомельскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях.

“Бяспека — клопат кожнага, і наша задача — данесці гэта абсалютна да ўсіх!” — лічыць Хрысціна Каёшкіна. З дзяцінства дзяўчынка ведала, што нельга пакідаць уключанымі электрапрыборы і як правільна выклікаць выратавальную службу. І гэта не дзіўна, бо яе бацькі даўно звязалі сваё жыццё з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях.

Калі прыйшоў час паступаць, сумненняў не было: толькі ў Інстытут МНС. Хрысціна з гонарам насіла пагоны з літарай “К”. Падчас вучобы стала лаўрэатам конкурсу “Зорнае юнацтва”, перамагла на раённым конкурсе “Сваёй прафесіяй ганаруся”. Яна пісала навуковыя работы, удзельнічала ў міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, была стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Самым урачыстым момантам у жыцці Хрысціны стаў выпуск афіцэраў МНС, калі яна атрымала залаты медаль і дыплом з рук намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях.

“Пасля ўніверсітэта, калі пачала працаваць інспектарам прапаганды, я часта сутыкалася з тым, што бацькі недаацэньваюць небяспеку, пакідаючы малых пад наглядам старэйшых дзяцей. Гэта часам мае трагічныя вынікі, бо дзеці не ўсведамляюць наступстваў сваіх дзеянняў і, гуляючы, трапляюць у бяду, — дзеліцца ўражаннямі Хрысціна. — Адна з функцый супрацоўніка МНС — абследаванне домаўладанняў у межах работы назіральнай камісіі. Я часта сустракаю людзей сталага ўзросту, якім патрэбна дапамога, напрыклад, у пабелцы і тынкоўцы печы, устаноўцы пажарнага апавяшчальніка. Усе гэтыя мерапрыемствы з лёгкасцю маглі б выканаць дзеці і ўнукі пажылых людзей. Але чамусьці гэтага не робяць, не разумеюць, у якой небяспецы знаходзяцца іх родныя”.

Пасля года работы Хрысціна Каёшкіна прадставіла Гомельскую вобласць на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Лепшы прапагандыст МНС” і перамагла. Яна заўсёды імкнецца дасягнуць мэты, а іспыты ўспрымае як стымул рухацца далей і ніколі не спыняцца.

Новы факультэт, конкурс і прахадныя балы

Акрамя факультэта папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, дзе студэнты атрымліваюць аднайменную спецыяльнасць, ва Універсітэце грамадзянскай абароны дзейнічае факультэт тэхнасфернай бяспекі. Тут будучыя ратавальнікі атрымліваюць спецыяльнасць “Пажарная і прамысловая бяспека”. Кола іх прафесійнай дзейнасці — гэта выбуховапажаранебяспечныя аб’екты і вытворчасці, будынкі прамысловага і грамадзянскага прызначэння, аб’екты з масавым знаходжаннем людзей, іншыя збудаванні разнастайнага функцыянальнага прызначэння. Пасля заканчэння ўніверсітэта выпускнікі згаданай спецыяльнасці могуць займаць пасады дзяржаўнага інспектара, інжынера па прамысловай ці пажарнай бяспецы.

Па выніках уступнай кампаніі мінулага года конкурс на бюджэтныя месцы на факультэце папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый складаў 1,6 заявы на месца (прахадны бал — 161); на факультэце тэхнасфернай бяспекі — 4,4 заявы на месца (прахадныя балы — 261 для юнакоў і 185 для дзяўчат).

У адрозненне ад грамадзянскіх універсітэтаў, курсанты 1 і 2 курса жывуць у казармах, як у арміі. Навучанне ў год паступлення пачынаецца ў жніўні лагерным зборам, падчас якога праходзяць заняткі па ваеннай і фізічнай падрыхтоўцы, асновах прафесійнай падрыхтоўкі, сацыяльна-псіхалагічная адаптацыя і г.д. Навучэнцы засвойваюць асновы страявой вывучкі і службовай дысцыпліны.

Адукацыйны працэс ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі непарыўна звязаны з практычнай дзейнасцю — курсанты праходзяць практыку на розных пасадах, напрыклад, пажарнага, камандзіра аддзялення, начальніка каравула. Заняткі праводзяцца як у вучэбнай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці пры ўніверсітэце з рэальнымі выездамі на ліквідацыю надзвычайных сітуацый, так і ў дзеючых падраздзяленнях МНС.

Пасля заканчэння ўніверсітэта курсанты размяркоўваюцца па Рэспубліцы Беларусь. Для бюджэтнікаў першае працоўнае месца гарантавана.

Максім Багінскі з мамай.

Максім БАГІНСКІ, начальнік каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 3 Навабеліцкага раёна Гомеля.

Яшчэ ў школе Максім быў залічаны ў аб’яднанне юных ратавальнікаў-пажарных. Разам са школьнымі таварышамі ён удзельнічаў у конкурсах і прафілактычных мерапрыемствах, вывучаў тэорыю, засвойваў практычныя навыкі дзеянняў у надзвычайных сітуацыях. Ішоў месяц за месяцам… І юнак зразумеў, што хоча стаць сапраўдным ратавальнікам, вырашыў паступаць ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі.

“Пра пагоны я марыў з дзяцінства, хацеў быць афіцэрам, а школа дапамагла з выбарам кірунку. Пасля заканчэння ўніверсітэта атрымаў размеркаванне ў родны Гомель і адразу быў прызначаны начальнікам каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 3 Гомельскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях”, — расказвае Максім.

Мужчына сцвярджае, што ніякіх праблем з адаптацыяй на працоўным месцы не было, бо падчас навучання ва ўніверсітэце курсанты пастаянна адпрацоўвалі практычныя навыкі ва ўмовах рэальных надзвычайных сітуацый. Установа рыхтуе спецыялістаў, якія здольны ў поўнай меры выконваць усе службовыя абавязкі па тушэнні пажараў, выратаванні людзей, ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Псіхалагічны аспект

Дзейнасць работнікаў МНС заўсёды звязана са стрэсам. Таму вельмі вялікая ўвага падчас паступлення ўдзяляецца асобасным якасцям абітурыентаў. Небяспечная прафесія патрабуе ад чалавека спецыяльнай псіхалагічнай гатоўнасці да работы ў экстрэмальных умовах. Толькі пры наяўнасці пэўных якасцей ратавальнік здольны дакладна выконваць свае прафесійныя абавязкі. Гэта такія якасці, як здольнасць вырашаць задачы ў сітуацыях з высокай ступенню асабістай рызыкі і небяспечнасці для жыцця, павышаная адказнасць за свае дзеянні, здольнасць да міжасобаснай камунікацыі з разнастайнымі катэгорыямі грамадзян, высокая псіхафізіялагічная трываласць, пастаянная інтэлектуальная актыўнасць.

Будучыя курсанты, а пазней і работнікі падраздзяленняў МНС, павінны разумець, што для гэтай прафесіі характэрны высокі ўзровень самастойнасці, смеласці і прафесійнай актыўнасці. У той жа час дзейнасць ратавальнікаў жорстка абмежавана існуючым заканадаўствам і службовай дысцыплінай.

Псіхалагічна прыдатнымі да гэтага віду дзейнасці лічацца кандыдаты, для якіх характэрна адсутнасць такіх эмацыянальных станаў, як прыгнечанасць, самабічаванне, моцная незадаволенасць сабой. У кандыдатаў павінны адсутнічаць эмацыянальныя перашкоды, звязаныя з празмерным самакантролем або, наадварот, некантралюемымі паводзінамі. Плюсам таксама будзе адсутнасць псіхасаматычных і дэпрэсіўных форм рэагавання ў складаных жыццёвых сітуацыях, сацыяльная адэкватнасць, імкненне да кантактаў, жаданне супрацоўнічаць і мець зносіны з людзьмі.


Кажуць, што ў хакей гуляюць сапраўдныя мужчыны. А ратавальнікамі становяцца людзі мужныя і адважныя. Людзі, якія не шкадуюць уласных сіл і энергіі. Людзі, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Пра іх неабходна ведаць, імі неабходна ганарыцца.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота прадастаўлены Гомельскім абласным упраўленнем МНС.