С.В.ШЭЎЧЫК: “Проста наёмнікі нам не патрэбны”

Дзесяць гадоў назад ваенная кафедра БДУ была рэарганізавана. Замест яе з’явіўся новы факультэт — ваенны, які стаў рыхтаваць кадравых афіцэраў. Працягнулі і даўнюю традыцыю — падрыхтоўку малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу з ліку студэнтаў, якія вучацца на грамадзянскіх факультэтах БДУ.
Якія змены ў прыёме чакаюць абітурыентаў 2014 года і што новага будзе ў жыцці курсантаў, мы даведаліся на факультэце. Разабрацца ў новаўвядзеннях нам дапамог Сяргей Васільевіч Шэўчык, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце ваеннага факультэта БДУ.

“У будучым годзе ваенны факультэт БДУ будзе праводзіць конкурс па 4 спецыяльнасцях: “Хімія”, “Правазнаўства”, “Геаграфія” і “Прыкладная крыптаграфія”. А вось на “Ваенную журналістыку” і “Міжнародныя адносіны”, як і ў мінулым годзе, набору не будзе, — гаворыць С.В.Шэўчык. — Спецыялістамі па гэтых напрамках Узброеныя Сілы пакуль укамплектаваны”.
Заказчыкам ваенных кадраў па спецыяльнасцях “Хімія”, “Правазнаўства” і “Геаграфія” з’яўляецца Міністэрства абароны. Што да “Прыкладной крыптаграфіі”, то гэтая спецыяльнасць адносна новая (набірацца курсанты будуць 3-ці раз) і створана па ініцыятыве Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
Паступіць на ваенны факультэт (у адрозненні ад грамадзянскіх факультэтаў) можна толькі на бюджэтную форму навучання. Кантрольныя лічбы прыёму яшчэ не зацверджаны. Пакуль даюць толькі прыблізную інфармацыю: 10 — 15 чалавек на спецыяльнасць.
Паступаць сюды могуць толькі хлопцы. Праўда, быў час, калі “Ваеннай журналістыцы” і “Міжнародным адносінам” вучылася некалькі дзяўчат.

Змены

Пераход на чатырохгадовае навучанне закрануў і ваенны факультэт. Выключэннем стала спецыяльнасць “Прыкладная крыптаграфія”, дзе курсантаў будуць рыхтаваць 5 гадоў.
Аднак самыя істотныя змены тычацца ваенных псіхолагаў. Дагэтуль яны атрымлівалі адукацыю на ваенным факультэце БДУ, але ўжо з 2014 года іх будзе набіраць Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь.
Для абітурыентаў ёсць навіны і побытавага характару. З гэтага года курсанты ўсіх курсаў будуць жыць у інтэрнатах БДУ. Раней 1-шы і 2-гі курсы пражывалі ў казармах Ваеннай акадэміі.

Сімбіёз грамадзянскага і ваеннага

Безумоўна, ваенны факультэт адрозніваецца ад Ваеннай акадэміі. Ужо хаця б тым, што гэта факультэт у межах грамадзянскага ўніверсітэта. Самі ж курсанты займаюцца як на ваенным, так і на так званых базавых факультэтах, дзе вучацца разам са студэнтамі. Напрыклад, тыя, хто асвойвае спецыяльнасць “Хімія”, па профільных прадметах займаюцца на хімічным факультэце. Будучыя ваенныя геадэзісты займаюцца на базе геафака.
Заняткі праводзяцца і непасрэдна на ваенным факультэце. Выкладаюцца як агульнаваенныя дысцыпліны для ўсіх спецыяльнасцей, так і ваенныя дысцыпліны, звязаныя з профілем. Пад агульнаваеннымі дысцыплінамі маецца на ўвазе агнявая, тактычная, ваенна-інжынерная, страявая падрыхтоўка, вывучэнне агульнавоінскіх статутаў.
Кожны год у ліпені курсанты выязджаюць на палігон. Аднак перад гэтым свае навыкі яны адточваюць на факультэцкіх трэнажорах. Напрыклад, ёсць спецыяльная пнеўматычная ўстаноўка і экран, куды курсанты страляюць. А страляюць з таго, чым будуць карыстацца на палігоне: з пісталета Макарава, аўтамата Калашнікава, гранатамёта.
Безумоўна, на факультэце ў курсантаў і ваенны лад жыцця са сваім рэгламентам — ад пад’ёму і да адбою. “Пад’ём — значыць адразу ўскочыць, паляжаць не атрымаецца. І так ва ўсім, — гаворыць С.В.Шэўчык. — Мы вучым курсантаў, каб яны былі дакладнымі ў сваім распрадку дня. Будзе дысцыпліна — будзе і трывалая абарона нашай дзяржавы”.
Вячэрнія паверкі і іншыя воінскія рытуалы — усё гэта ёсць у курсанцкім жыцці. Для звычайных студэнтаў такое цяжка ўявіць: яны прывыклі, што на любыя выхадныя можна паехаць дадому, а тут звальненне трэба заслужыць. “Калі курсант добра вучыцца, калі ён дысцыплінаваны, добра сябе зарэкамендаваў у грамадскай дзейнасці, для яго ўсе шляхі адкрыты”, — расказвае С.В.Шэўчык.

Ваенныя спецыялісты

На факультэце патлумачылі, якія спецыялісты выйдуць пасля заканчэння кожнай спецыяльнасці. Так, на спецыяльнасці “Геаграфія” рыхтуюць спецыялістаў па геаінфармацыйных сістэмах ваеннага прызначэння, а гэта тапографы, геадэзісты, картографы. Пры гэтым С.В.Шэўчык адзначыў, што падрыхтоўка, звязаная з геаінфармацыйнымі сістэмамі, на ваенфаку і на геафаку ідэнтычная. Таму выпускнікі ваеннай спецыяльнасці “Геаграфія” будуць запатрабаваны і ў народнай гаспадарцы, напрыклад, пасля звальнення з Узброеных Сіл ці на ваеннай пенсіі.
Што да “Правазнаўства”, то выпускнікоў гэтай спецыяльнасці чакае юрысконсульская работа ў ваеннай сферы. У будучыні яны могуць стаць начальнікамі юрыдычнай службы воінскай часці.
Па спецыяльнасці “Хімія”, дзе рыхтуюць па профілі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, выпускаюцца спецыялісты па кіраванні і хімікі-эколагі, якія могуць працаваць начальнікамі хімічнай службы ў воінскіх часцях.
Па самай маладой спецыяльнасці — “Прыкладной крыптаграфіі” — рыхтуюць спецыялістаў па абароне інфармацыі.
Курсантам усіх спецыяльнасцей пры выпуску прысвойваецца афіцэрскае званне лейтэнанта. За 5 гадоў, якія яны павінны абавязкова адслужыць па кантракце, пры добрасумленным стаўленні да сваіх абавязкаў яны могуць “дарасці” да капітана.
“Гонар афіцэра — гэта ўсведамленне сваёй годнасці і гатоўнасць выканаць свой абавязак перад Айчынай. У любых умовах, у любой сітуацыі — абарона Айчыны. Проста наёмнікі нам не патрэбны”, — сказаў С.В.Шэўчык.

Ваенны факультэт адкрыты і для звычайных студэнтаў

Ваенную падрыхтоўку могуць атрымаць і студэнты грамадзянскіх факультэтаў БДУ. Адвучыўшыся паралельна на асноўным факультэце і на ваенфаку два гады, выпускнікі атрымліваюць званне афіцэра запасу. Гэта прыраўноўваецца да службы ў арміі. Да таго ж пры жаданні яны могуць пайсці служыць далей, ужо кадравымі афіцэрамі. Калі сумяшчэнне было на працягу года, студэнты становяцца малодшымі камандзірамі. У арміі яны могуць служыць на палову года менш.
Само ж сумяшчэнне ідзе па наступнай схеме: базавы факультэт выдзяляе адзін дзень у тыдзень, калі студэнты могуць займацца на ваенфаку. Аднак каб паспытаць смак сапраўднага воінскага жыцця і здаць выпускны экзамен на ваенфаку, такія студэнты, як і курсанты, месяц практыкуюцца на палігоне.
Студэнты, якія будуць вучыцца на ваенфаку, вызначаюцца па вучэбных рэйтынгах, якія ёсць на базавых факультэтах. Аднак першапачаткова трэба напісаць заяву на імя начальніка ваеннага факультэта з просьбай дазволіць удзельнічаць у конкурсе. Студэнты з 5-гадовым навучаннем заяву пішуць пасля 2 курса. Студэнты, якія вучацца 4 гады, — пасля 1-га. Затым іх чакае медыцынская камісія. Калі ўсе неабходныя дакументы на руках, іх падаюць у прыёмную камісію ваеннага факультэта.
Колькасць студэнтаў, якія будуць праходзіць такую падрыхтоўку, вызначае Міністэрства абароны. Як адзначылі на ваенным факультэце, у апошнія гады конкурс дастаткова вялікі.

Вельмі важна не забыць…

Асаблівую ўвагу С.В.Шэўчык звярнуў на ключавыя даты для абітурыентаў, якія вырашылі паступаць на ваенны факультэт. А гэта 1 лютага — для жадаючых паступіць на “Прыкладную крыптаграфію” і 1 красавіка — для абітурыентаў спецыяльнасцей “Хімія”, “Правазнаўства” і “Геаграфія”. Менавіта да гэтага часу трэба падаць заяву ў тэрытарыяльныя органы дзяржаўнай бяспекі для “Прыкладной крыптаграфіі” і ў ваенны камісарыят раёна (горада) па месцы жыхарства для астатніх спецыяльнасцей.
А далей чакае адбор. Перш-наперш — медыцынскі агляд. Паралельна з ім праходзіць псіхалагічнае субяседаванне. Затым ацэньваецца ўзровень фізічнай падрыхтоўкі тых хлопцаў, якія прайшлі папярэднія этапы. Каб гэты іспыт быў залічаны, трэба ўкласціся ў нарматывы: бег на 100 м, бег на 1,5 км і падцягванне.

 

Святлана ШЫЯН.
Фота з архіва ваеннага факультэта БДУ.