Што гарантуе 100-працэнтны набор

Дэмаграфічны крызіс дыктуе свае правілы: дэфіцыт абітурыентаў сёлета адчулі ўсе без выключэння ўстановы вышэйшай адукацыі. Але ў той час як многія сталічныя ўніверсітэты ўпершыню ў поўнай меры сутыкнуліся з праблемай, рэгіянальныя ўстановы працуюць у падобнай сітуацыі не першы год. Зрэшты, некаторыя з ёй паспяхова спраўляюцца.
Прыкладам з’яўляецца вопыт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. У 2013 годзе па выніках конкурсу на 29 спецыяльнасцей дзённай формы навучання за кошт сродкаў бюджэту ў ВДУ залічана 460 чалавек — 100% ад плана прыёму. Варта адзначыць, што сур’ёзных праблем з наборам тут не было і раней: у 2011 годзе — 520 чалавек на 520 месцаў, у 2012 годзе — 492 чалавекі на 493 месцы. Не назіраецца значнага зніжэння і на дзённай платнай форме навучання: 2011 год — 363 чалавекі (70%), 2012 — 378 (77%), 2013 год — 313 (68%).
Аб стратэгіі правядзення прафарыентацыі і прыёмнай кампаніі нам расказаў першы прарэктар ВДУ імя П.М.Машэрава Васіль Маліноўскі.

— Скажыце, Васіль Васільевіч, што перш за ўсё вызначае работу ўніверсітэта?
— Кантынгент студэнтаў: толькі ён можа сёння апраўдаць існаванне любой установы вышэйшай адукацыі. Аднак нельга сказаць, што мы не маем цяжкасцей у працэсе правядзення прыёмнай кампаніі. Існуе цэлы шэраг фактараў, якія ўяўляюць пэўную пагрозу для ўстановы адукацыі, і мы не з’яўляемся выключэннем.
Найперш гэта дэмаграфічная сітуацыя ў краіне, скарачэнне колькасці выпускнікоў 11 класаў. Так, калі сёлета на Віцебшчыне іх было 7314, то ў наступным годзе, па папярэдніх даных, — 6982, а 3-4 гады назад патэнцыяльных абітурыентаў налічвалася 10-11 тысяч.
Яшчэ адзін фактар рызыкі — арыентацыя моладзі на “модныя” юрыдычныя, эканамічныя спецыяльнасці. Пры гэтым папулярнасць прафесіі педагога зараз зусім не такая высокая, як бы хацелася. Адсюль і цяжкасці з наборам ва ўсе ўніверсітэты, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку настаўнікаў.
Акрамя пералічаных, для ВДУ істотным з’яўляецца фактар саперніцтва: практычна па ўсіх спецыяльнасцях на ўзроўні або вышэйшай, або сярэдняй спецыяльнай адукацыі мы маем канкурэнтаў у рэгіёне. Істотна ўскладняе набор адток моладзі ў расійскія ўніверсітэты, натуральна, многія накіроўваюцца ў сталіцу.

— Набор у ВДУ праводзіцца пераважна па педагагічных і навукова-педагагічных спецыяльнасцях. Як у гэтай сувязі развіваецца ўзаемадзеянне з асноўнымі заказчыкамі кадраў?
— Мы ўзаемна зацікаўлены ў ажыццяўленні якаснага набору. Відавочна, што праблемы ўніверсітэта, звязаныя з прыёмнай кампаніяй, на пэўным этапе могуць стаць праблемамі рэгіянальнай сістэмы адукацыі, а таму прафарыентацыйная дзейнасць з’яўляецца састаўной часткай праграмы супрацоўніцтва ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама і ВДУ імя П.М.Машэрава.
На працягу 4 гадоў мы разам фарміруем парадак прыёму і вызначаем кантрольныя лічбы. Каб яны адпавядалі рэальнай патрэбе рэгіёна ў кадрах, а таксама для таго, каб нашы спецыяльнасці былі запатрабаваны, мы праводзім маркетынгавыя даследаванні і фарміруем прагнозы на падрыхтоўку кадраў для кожнага раёна.
Асобна трэба спыніцца на правядзенні мэтавага набору. Гэтая сістэма ў вобласці плённа развіваецца, з кожным годам колькасць абітурыентаў-мэтавікаў павялічваецца. Напрыклад, у 2013 годзе ва ўніверсітэт іх залічана 48, што на 20% больш, чым у 2012 годзе. І гэта не канчатковы вынік: задача на наступны год — забяспечыць мэтавы набор па максімальных паказчыках.

— Як ажыццяўляюцца даследаванні прафесійных намераў выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі?
— На аснове даных анкетавання (а яно штогод праводзіцца ў выпускных класах школ і гімназій рэгіёна) фарміруецца электронная база “Абітурыент ВДУ”. Зараз факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі завяршае апрацоўку анкет гэтага года (больш за 6 тысяч — прыкладна на тысячу больш, чым летась).
У выніку ўжо ў снежні маем 3 базы абітурыентаў, якія:
1) мэтанакіравана збіраюцца паступаць да нас;
2) яшчэ не вызначыліся ў сваім выбары, але называюць наш універсітэт у ліку прыярытэтаў;
3) плануюць набываць адукацыю не ў ВДУ, але патэнцыяльна нам падыходзяць (напрыклад, па наборы сертыфікатаў, які яны плануюць атрымаць па выніках ЦТ).
Першых трэба не страціць; тых, хто вагаецца, — пераканаць, што наш універсітэт — найлепшы выбар з магчымых. І нарэшце, абавязкова варта паспрабаваць працаваць з тымі, хто мае намер паступаць у іншыя ўстановы, у прыватнасці, за межамі вобласці і рэспублікі. Найперш таму, што нярэдка падобны выбар прадыктаваны не столькі жаданнем атрымаць спецыяльнасць у канкрэтным універсітэце, колькі ілюзіяй будучай самастойнасці, незалежнасці ад апекі бацькоў. Практыка паказвае: карпатлівая прафарыентацыйная работа можа прывесці такога выпускніка да нас — ён яшчэ потым і дзякуй за гэта скажа.
Для ўніверсітэта наяўнасць “Абітурыента ВДУ” з’яўляецца істотным фактарам у вырашэнні задачы набору. База даных перадаецца дэканатам факультэтаў і ўпраўленню адукацыі — гэта таксама вельмі істотны момант нашага супрацоўніцтва. Дзякуючы атрыманай інфармацыі, органы кіравання адукацыяй могуць не толькі своечасова скарэкціраваць напрамкі непажаданага руху патокаў абітурыентаў, але і выбраць годныя кандыдатуры для паступлення па мэтавым наборы.
Цяпер мы працуем над фарміраваннем электронных баз са звесткамі пра іншыя катэгорыі нашых абітурыентаў — слухачоў падрыхтоўчых курсаў ВДУ, а таксама работнікаў сферы адукацыі рэгіёна, якія не маюць вышэйшай адукацыі, — для арыентацыі ў першую чаргу на завочную форму навучання.

— Ідэальны вынік прафарыентацыйнай кампаніі — абітурыент, які не сумняваецца: паступаць трэба менавіта ў ВДУ. Якой павінна быць дзейнасць у гэтым напрамку?
— Адраснай, сучаснай, аператыўнай, комплекснай. Адраснасць дыктуе мэтавую прафарыентацыю, накіраваную на індывідуальнае суправаджэнне патэнцыяльных абітурыентаў. Яго спектр даволі шырокі: рассылка рэкламных лістоў, індывідуальныя запрашэнні на дзень адкрытых дзвярэй, адрасныя запрашэнні на алімпіяды ВДУ і конкурсы, якія праводзяць факультэты, удзел у навукова-даследчай рабоце, аказанне дапамогі ў падрыхтоўцы да ЦТ, наладжванне асабістых кантактаў для прадастаўлення неабходнай інфармацыі.
Напрыклад, праблему з наборам на спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура” ў значнай ступені вырашыла арганізаваная пры факультэце вочна-завочная школа. Увогуле мы заўсёды акцэнтуем асаблівую ўвагу на рабоце са слухачамі курсаў факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Фактычна гэтыя абітурыенты ўжо прыйшлі да нас: яны прывыкаюць да ўніверсітэта, знаёмяцца з яго матэрыяльна-тэхнічнай базай, паглыбляюцца ў атмасферу студэнцкага жыцця, пераконваюцца ў прафесіяналізме выкладчыкаў — і робяць правільны выбар.
Яшчэ адна пляцоўка для эфектыўнай прафарыентацыі — вучэбныя навукова-кансультацыйныя цэнтры ў школах і гімназіях Віцебска і Віцебскага раёна.

— Патрабаванне сучаснасці, напэўна, звязана з неабходнасцю весці прафарыентацыю ў віртуальнай прасторы?
— Гэта найбольш дзейсны прамы канал інфармавання маладзёжнай аўдыторыі. Мы актыўна выкарыстоўваем электронныя рэсурсы ўніверсітэта, устаноў адукацыі для размяшчэння інфармацыі аб ВДУ, яго факультэтах і спецыяльнасцях.
Наведвальнікі сайта vsu.by могуць пазнаёміцца з універсітэцкім інтэрнэт-тэлебачаннем. Сайт school.vsu.by — наша акно ў школу і разам з тым адкрытая пляцоўка для апераджальнай прафарыентацыі. Сучасныя тэхналогіі даюць магчымасць для размяшчэння ў інтэрнэце прэзентацый, у тым ліку новых нелінейных форм прадстаўлення.
Улічваючы папулярнасць сярод моладзі розных сацыяльных сетак, вясной 2013 года “ВКонтакте” была створана група “Абітурыент ВДУ”. Тут мы размясцілі электронныя рэкламныя буклеты, прэзентацыі, відэаролікі факультэтаў, далі спасылку на сайт універсітэта. Група выкарыстоўваецца таксама для аператыўнага інфармавання і адказаў на пытанні абітурыентаў. Як вынік — у перыяд прыёмнай кампаніі ад 50 да 100 праглядаў штодзень з геаграфіяй ад Беларусі да Расійскай Федэрацыі, Германіі, ЗША. Пры дапамозе нашых студэнтаў і выпускнікоў мы ажыццяўляем кантроль за зместам інфармацыі, задаём дыскусіям, абмеркаванням пажаданую для нас накіраванасць.
Па-ранейшаму эфектыўная таргетаваная рэклама, якую выкарыстоўвае матэматычны факультэт. Запатрабаваны і такія электронныя рэсурсы, як сайт факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і блог дэкана ФДП.
Характарызуючы віртуальны інфармацыйны сегмент, нельга не ўзгадаць тэхналогію вэбінараў: інтэрнэт-курсы па падрыхтоўцы да ЦТ і дыстанцыйныя майстар-класы выкладчыкаў універсітэта.

— З якой узроставай групы пачынаецца прафарыентацыя сярод школьнікаў?
— Прынцып адзін: чым раней яна пачнецца, тым лепш. Дзеці адкрываюць для сябе ВДУ падчас экскурсій у планетарый, музей біялагічнага факультэта, бібліятэку, урокаў, якія праводзяць студэнты падчас практыкі, навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка!”, падрыхтоўчых курсаў, разнастайных конкурсаў, алімпіяд і г.д. Шляхоў да знаёмства многа. Галоўнае для нас — прыкласці ўсе намаганні, каб яны нязмушана прывялі навучэнца ў лік студэнтаў ВДУ.
Масавую рэкламу ў школах пачынаем у 10 класах, калі малады чалавек вызначаецца з выбарам прадметаў ЦТ. Дарэчы, практыка паказвае, што традыцыйныя метады інфармавання і агітацыі — дні адкрытых дзвярэй, тыдні факультэтаў — таксама сябе апраўдваюць. Актуальнымі застаюцца прафарыентацыйныя выезды. Сёлета іх праведзена два, у стратэгічна важныя для ўніверсітэта Аршанскі і Полацкі раёны.
У верасні для школьнікаў Віцебска пры нашым удзеле была арганізавана вялікая сустрэча з прадстаўнікамі адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій. Гэта дзейсная форма агітацыі на матэматычныя і ІТ-спецыяльнасці.
Вельмі важна, каб прафарыентацыя была комплекснай. Мэтавымі групамі тут выступаюць не толькі навучэнцы, але і іх бацькі, настаўнікі. Прычым для кожнай групы аптымальнай будзе свая методыка работы. Так, для інфармавання бацькоў мы размяшчаем рэкламу ў СМІ, наведваем баць-коўскія сходы. З настаўнікамі сустракаемся ў рамках дзейнасці вучэбна-навукова-кансультацыйных цэнтраў, запрашаем іх на семінары. Акрамя таго, разам з упраўленнем адукацыі Віцебскага аблвыканкама ўніверсітэт пачаў выдаваць часопіс “Сучасная адукацыя Віцебшчыны”. Са студзеня ён па падпісцы будзе прыходзіць у кожную ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі. Фактычна гэта прамы канал прадастаўлення інфармацыі пра нас у школы рэгіёна.

— Найскладанейшы этап прыёмнай кампаніі наступае ўлетку. Ад чаго залежыць поспех у яго правядзенні?
— Як і ў прафарыентацыйнай рабоце, дробязей тут не бывае. Нязначная, на першы погляд, дэталь можа цалкам змяніць намеры абітурыента. Важна ўсё: афармленне рэкламных і інфармацыйных стэндаў, віртуальнае суправаджэнне (за прыёмам дакументаў у наш універсітэт можна сачыць у рэжыме анлайн), бездакорная работа прыёмнай камісіі, яе тэхнічнае забеспячэнне.
Падачу дакументаў асабіста кантралююць дэканы факультэтаў. На пасяджэннях прыёмнай камісіі яны праз дзень трымаюць справаздачу, абмяркоўваюць спосабы выйсця са складаных сітуацый. Умоўна кажучы — “вось мае спецыяльнасці, столькі пададзена заяў, шасці пакуль не хапае, але з ліку выпускнікоў, з якімі я на працягу года працаваў, трое прыедуць заўтра і чацвёра паслязаўтра — я з імі пастаянна трымаю сувязь”.
Дарэчы, забраць дакументы абітурыент можа без аніякіх цяжкасцей, аднак зноў-жа толькі пасля гутаркі з дэканам, каб рашэнне было прынята не пад уплывам выпадковага эмацыянальнага парыву, а рацыянальна і свядома. У большасці выпадкаў пасля такой размовы жаданне “ўсё схапіць і некуды пабегчы” знікае…
Станоўчы вынік даюць агульныя конкурсы па факультэтах. У нашых будучых студэнтаў няма падставы нервавацца да апошняй хвіліны: прыярытэты расстаўлены, і залічэнне на адну са спецыяльнасцей — фактычна вырашаная справа! У сваю чаргу сакратарыятам прыёмнай камісіі былі створаны ўсе ўмовы для таго, каб абітурыенты ў сценах універсітэта адчувалі сябе па-сапраўднаму камфортна і захацелі застацца тут яшчэ на некалькі гадоў.

— Васіль Васільевіч, які самы важны ўрок дала калектыву ўніверсітэта сёлетняя ўступная кампанія?
— Гэта хутчэй замацаванне раней пройдзенага. Ніякая папярэдняя работа з абітурыентам сёння не дае гарантыі 100-працэнтнага набору. Аднак аслабленне ўвагі да такой работы гарантуе сур’ёзныя праблемы. Гэта і вызначае дзейнасць нашага ўніверсітэта па фарміраванні кантынгенту студэнтаў.

 

Гутарыла Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена ВДУ імя П.М.Машэрава.