На факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ сабрана ўнікальная калекцыя картаграфічных матэрыялаў і тапаграфічнага абсталявання.
Сучасная картаграфія — гэта лічбавыя тэхналогіі, метады касмічнага і геаінфармацыйнага картаграфавання, сістэмы глабальнага пазіцыянавання (GPS) і найноўшыя электронныя інструменты. Заканамерна, што традыцыйная для факультэта спецыяльнасць “Картаграфія” трансфармавалася ў “Касмааэракартаграфію” — кардынальна змяніўся змест падрыхтоўкі спецыялістаў па картографа-геадэзічнай дзейнасці.
Сённяшнія студэнты вучацца праектаваць і ствараць мультымедыйныя картаграфічныя творы, дэшыфраваць і апрацоўваць лічбавая матэрыялы аэракасмічнай здымкі, праводзіць тапографа-геадэзічныя пошукі з выкарыстаннем спадарожнікавых GPS/ГЛАНАСС-прыёмнікаў, электронных тахеометраў і лічбавых нівеліраў. І ўжо здаецца неверагодным, што зусім нядаўна геаграфічныя карты ствараліся літаральна ў полі, алоўкам на паперы. І яшчэ больш неверагодна тое, з якой высокай дакладнасцю рабілі гэта картографы “далічбавых” часоў.
Калекцыя картаграфічных матэрыялаў і тапаграфічнага абсталявання, размешчаная на базе факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі, — гэта сапраўдная скарбніца для аматараў геаграфіі. Многія з іх прыйшлі ў гэтую навуку дзякуючы менавіта геаграфічным картам. Уменне чытаць знакі і распазнаваць рэльеф — горы, хрыбты, лагчыны, яры, а таксама добрае ўяўленне дазваляюць ім здзяйсняць цудоўныя падарожжы па ўсім свеце. Што там Google i Yandex! Пакуль існуюць карты, географу не можа быць сумна.
Дарэчы, гэта адзіная комплексная экспазіцыя ў Беларусі такой тэматыкі. Тапографа-геадэзічнае абсталяванне і картаграфічныя матэрыялы сабраны калектывам кафедры геадэзіі і касмааэракартаграфіі як з фонду факультэта, так і з асабістых калекцый супрацоўнікаў. Экспазіцыя дзейнічае пастаянна і выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы спецыялістаў па картографа-геадэзічнай дзейнасці.
На тапаграфічнай выставе прадстаўлена больш за 30 геадэзічных прыбораў: тэадаліты, тахеометры, нівеліры, кіпрэгелі і святлодальнамеры. Усе яны знаходзяцца ў рабочым стане і выкарыстоўваюцца пры вывучэнні дысцыплін “Тапаграфія з асновамі геадэзіі” і “Геадэзічнае інструментазнаўства”. Дапаўняюць тапаграфічную экспазіцыю падручнікі па геадэзіі канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя, чарцёжныя інструменты і рукапісныя арыгіналы выканальніцкіх тапаграфічных здымак.
— Тут можна назіраць эвалюцыю геадэзічнага абсталявання з пачатку XX стагоддзя, — расказвае загадчык кафедры геадэзіі і касмааэракартаграфіі Аляксандр Раманкевіч. — Прадстаўленыя прыборы ў розны час выкарыстоўваліся для тапаграфічнай здымкі пры складанні тапаграфічных планаў і карт. Самы стары экспанат — двухверньерны тэадаліт з металічнымі лімбамі на адной апоры і бусоллю, выпушчаны на расійскай фірме ў пачатку ХХ стагоддзя (Расія, Масква, Ф.Швабе, выпускаўся ў 1900—1915 гг.). Прыбор выкарыстоўваўся для вымярэння гарызантальных і вертыкальных вуглоў, а таксама магнітных азімутаў напрамкаў на мясцовасці.
Аляксандр Раманкевіч гаворыць, што гэтае абсталяванне падняло тапагеадэзічныя здымкі на новы ўзровень з больш высокай дакладнасцю вымярэнняў і дазволіла паставіць картаграфічную вывучанасць нашай тэрыторыі на адзін узровень з перадавымі краінамі Еўропы.
Картаграфічная выстава налічвае больш за 500 твораў і дэманструе развіццё гэтай галіны ў Беларусі за амаль векавы перыяд. Таксама тут можна азнаёміцца з картаграфічнымі выданнямі канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя.
— Унікальнымі экспанатамі з’яўляюцца Andrees Handatlas (1899), “Вялікі сусветны настольны атлас Маркса” (СПб.: Выдавецтва А.Ф.Маркс, 1906), “Кліматычны атляс Беларусі” (1927), “Атлас офицера РККА” (1938), “Вялікі савецкі атлас свету” (1939), — старшы выкладчык кафедры геадэзіі і касмааэракартаграфіі Вячаслаў Пейхвасер з гордасцю дэманструе кожнае выданне.
Таксама прыцягваюць увагу “Атлас свету” (1954), “Атлас БССР” (1958), шматтомныя выданні “Марскога атласа” і “Атласа акіянаў”, нацыянальныя атласы Кубы, Манголіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Арменіі, а таксама комплексныя атласы саюзных рэспублік СССР, сучасныя замежныя картаграфічныя выданні.
Прадстаўлены і выданні сённяшняга флагмана картаграфіі — РУП “Белкартаграфія”, якое адзначыла 20-годдзе сваёй дзейнасці: “Нацыянальны атлас Беларусі”, “Геаграфічны атлас настаўніка” і “Вялікі гістарычны атлас Беларусі” ў чатырох тамах у паліграфічным і электронным варыянтах, а таксама многія дзясяткі іншых выданняў, выдзеленых на асобных стэндах выставы.
Галоўны акцэнт — на картах і атласах, распрацаваных і аддрукаваных у Беларусі. Вячаслаў Мікалаевіч расказаў, што айчынная картографа-геадэзічная вытворчасць вядзе адлік з 1923 года, ад стварэння Заходняй геадэзічнай акругі (пазней Беларускае геадэзічнае ўпраўленне) у мястэчку Навабеліца (сёння мікрараён Гомеля). Менавіта з яго ў 1934 годзе была выдзелена Беларуская картаграфічная фабрыка. Першыя яе выданні захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, кафедра мае іх копіі і некалькі арыгіналаў. Ужо ў 1936 годзе картаграфічная фабрыка пераведзена ў сталіцу ў Дом працы па вуліцы Энгельса, 2 (цяпер плошча Свабоды) — былы будынак базыльянскага кляштара якраз вызваліўся ад Друкарні імя Сталіна (цяпер выдавецтва “Беларускі Дом друку”).
Уменне чытаць знакі і распазнаваць рэльеф — горы, хрыбты, лагчыны, яры, а таксама добрае ўяўленне дазваляюць географам здзяйсняць цудоўныя падарожжы па ўсім свеце. Што там Google i Yandex! Пакуль існуюць карты, географу не можа быць сумна.
З пераводам фабрыкі ў Мінск пачаліся работы над першым комплексным атласам саюзнай рэспублікі — “Атласам БССР”. Галоўным рэдактарам ад Акадэміі навук БССР стаў прафесар Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі (цяпер БДЭУ) Я.Г.Ракаў. Атлас быў цалкам складзены і падрыхтаваны да друку, частка тыражу надрукавана, але вайна перапыніла гэтую работу, і ён не паспеў выйсці ў свет.
Час не захаваў цалкам работу картографаў, толькі асобныя старонкі з атласа цяпер захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі. На кафедры ёсць іх копіі.
За старонкамі кожнага атласа, прадстаўленага на стэндах, — гісторыя станаўлення картаграфічнай вытворчасці ў Беларусі. У пасляваенны перыяд у картографа-геадэзічнай галіне завяршылася работа над стварэннем шматстаронкавай дзяржаўнай тапаграфічнай карты СССР у маштабе 1:1 000 000, а ўслед за ёй ажыццёўлена дзяржаўная здымка ў маштабе 1:100 000.
— Вынік геаграфічнага вывучэння краіны быў прадстаўлены ў першым фундаментальным агульнагеаграфічным “Атласе свету” (1954), — працягвае аповед Вячаслаў Мікалаевіч. — Ён быў спраектаваны і складзены Навукова-рэдакцыйнай картаграфічнай часткай (Масква) у кааперацыі з Омскай картаграфічнай фабрыкай. Друк і пераплёт самага адказнага заказу картаграфічнай галіны ў верасні 1952 года даручаецца Мінскай картаграфічнай фабрыцы. У 1959 годзе за высокую якасць паліграфічнага выканання агульнагеаграфічны “Атлас свету” атрымлівае залаты медаль на Міжнароднай кніжнай выставе ў Лейпцыгу.
З 1954 года сярод картаграфічнай прадукцыі, якая ўбачыла свет у Мінску, вылучаюцца фундаментальныя сусветныя агульнагеаграфічныя, нацыянальныя і агульнадзяржаўныя атласы. Многія з іх прадстаўлены на стэндах выставы. Гэта першы комплексны атлас рэспублікі — “Атлас БССР” (1958), першыя ў свеце “Атлас Арктыкі” (1966) і “Атлас Антарктыкі” (1985).
У 1982 годзе мінскімі картографамі быў складзены і выдадзены першы мініяцюрны атлас “Геаграфічны атлас СССР” памерам 7х9,5 см. Ён адкрыў серыю з больш як дзесяці мініяцюрных атласаў, што выпускаліся на Мінскай картаграфічнай фабрыцы (тады “Фабрыка № 2 Галоўнага ўпраўлення геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў СССР”).
— Дзясяткі картаграфічных твораў — дасягненні савецкай картаграфіі — выдаваліся на Мінскай картаграфічнай фабрыцы, — гаворыць Вячаслаў Мікалаевіч. — Чвэрць агульнага аб’ёму картаграфічнай прадукцыі ў былым СССР, амаль чатыры тысячы выданняў 918 найменняў, тыражавалася ў Мінску, і трэць з іх складалася з непасрэдным удзелам мінскіх картографаў.
Такім чынам, калекцыя дэманструе не толькі высокія дасягненні картаграфічнай галіны, але і значны ўклад беларускіх спецыялістаў у гэтую справу. Наша картаграфічная школа вельмі моцная і прызнана ва ўсім свеце. Невыпадкова студэнты факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі так любяць адарвацца ад сваіх камп’ютараў і пагартаць папяровыя атласы. Так можна адчуць сябе падарожнікам не толькі па свеце, але і ў часе.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.