Служба Зялёнага Крыжа

Пра Чырвоны Крыж ведаюць усе. А вось Зялёны Крыж — гэта таксама медыцына, але тут гаворка ідзе пра медыцыну раслін. Аб тым, як рыхтуюць спецыялістаў у гэтай галіне, і аб юбілейным 50-м выпуску факультэта аховы раслін Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверістэта мы гутарым з дэканам, кандыдатам сельскагаспадарчых навук, дацэнтам Паўлам БАРАДЗІНЫМ.

— Павел Уладзіміравіч, 50 — лічба вельмі значная і прыемная. Час, калі можна падводзіць вынікі і планаваць будучыню.
— Так, пяцідзясяты выпуск — падзея вельмі значная. І прывяду яшчэ адну лічбу: за час існавання факультэт выпусціў больш за 2,5 тысячы спецыялістаў. 27 лютага адбудзецца наш пяцідзясяты выпуск — 72 чалавекі атрымаюць дыпломы.

— А як усё пачыналася?
— У 1962 годзе адбыўся першы набор на наш факультэт. І зноў лічба 50 — менавіта столькі чалавек было прынята на 1 курс. Акрамя таго, з 3 курса агранамічнага факультэта па жаданні былі пераведзены таксама на 3 курс яшчэ 26 студэнтаў. На момант стварэння факультэта найбольш аўтарытэтным і вядомым вучоным у галіне аховы раслін была фітапатолаг дацэнт Ганна Рыгораўна Варыпаева. Яна і ўзначаліла адпаведную кафедру.
Паколькі падрыхтоўка спецыялістаў па ахове раслін у Беларусі на той час не вялася, то шмат выкладчыкаў і аспірантаў прыехала ў Гродна з іншых саюзных рэспублік Савецкага Саюза. З ліку выпускнікоў факультэта аховы раслін 64 чалавекі абаранілі кандыдацкія дысертацыі, тры чалавекі — Леанід Сарочынскі, Леанід Дзідэнка, Юрый Галкін — сталі дактарамі навук.
Трэба адзначыць, што да 1996 года наш факультэт быў адзіным у Беларусі, дзе вялася падрыхтоўка па спецыяльнасці “Ахова раслін” з кваліфікацыяй “вучоны-аграном па ахове раслін”.

— Што сёння ўяўляе факультэт аховы раслін Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта?
— Хачу адзначыць, што наш факультэт заўсёды прывабліваў матываваных, добра падрыхтаваных абітурыентаў. Конкурсы на факультэт часта былі самымі высокімі ва ўніверсітэце сярод спецыяльнасцей сельскагаспадарчага профілю.
У складзе факультэта працуюць кафедры фітапаталогіі і хімічнай аховы раслін; энтамалогіі і біялагічнай аховы раслін; фізікі, аграметэаралогіі і радыялогіі; беларускай і замежных моў. Ужо па назвах гэтых кафедр можна ўявіць, як і да якой дзейнасці рыхтуюцца нашы студэнты па спецыяльнасцях “Ахова раслін і каранцін” і “Аграхімія і глебазнаўства”.
Сёння на факультэце вучыцца 271 студэнт. Вучыцца нялёгка, але з прыемнасцю адзначу, што адлічэнняў па прычыне непаспяховасці ў нас практычна няма.

— Што спрыяе паспяховай вучобе студэнтаў?
— Вельмі важна, што ёсць наяўнасць матывацыі на атрыманне спецыяльнасці. Да таго ж на факультэце створаны ўмовы, якія дазваляюць мэтанакіравана працаваць з кожным студэнтам. Яны ў нас не вучацца ад сесіі да сесіі, займаюцца штодзённа. Выкладчыкі ведаюць кожнага студэнта, тут працуюць персанальны падыход і індывідуальная работа.
Студэнты 1—2 курсаў ужо вучацца па праграмах стандартаў трэцяга пакалення. Гэта значыць, што вучэбныя планы прадугледжваюць павелічэнне практыка-арыентаванага складніка.
Шмат часу студэнты працуюць у навуковых лабараторыях. Арганізаваны практыкі: азнаямляльная, вучэбная, вытворчая, падчас якіх набываюцца веды па дыягностыцы раслін у полі, праводзяцца даследаванні і ўлікі на пашкоджанні раслін шкоднікамі, паражэнне хваробамі. Студэнты вучацца правільна падбіраць пестыцыды для апрацоўкі раслін, запраўляць апырсквальнікі, афармляюць калекцыю насякомых і гербарый хворых раслін і шмат чаго іншага, что дазволяе ім хутка пачынаць самастойную работу на сельскагаспадарчых прадпрыемствах.
І калі ў 60—70-я гады мінулага стагоддзя студэнты выязджалі на практыку ў Малдавію, Украіну, цалінныя гаспадаркі Казахстана, то сёння яны вучацца пераважна ў беларускіх гаспадарках. Ёсць таксама магчымасць стажыравацца за мяжой — у Германіі, Швецыі.
Выкарыстоўваем сучасныя методыкі і тэхналогіі навучання: модульную сістэму і рэйтынгавую ацэнку дзейнасці студэнтаў, электроннае тэсціраванне, электронныя курсы лекцый у сітэме Moodle.
З 2005 года на факультэце арганізавана падрыхтоўка магістраў. Аспірантура пачала працаваць у 2002 годзе.

— Выпускнікі факультэта працуюць не толькі на сельскагаспадарчых прадпрыемствах?
— Так, нашы выпускнікі працуюць у навукова-даследчых інстытутах, на доследных станцыях, гароднінных фабрыках, у цяплічных гаспадарках буйных прамысловых прадпрыемстваў, філіялах дзяржаўнага прадпрыемства “Белгіпразем”, раённых аграхімічных лабараторыях, інспекцыях па ахове раслін, пунктах прагнозу і сігналізацыі шкоднікаў і хвароб, пагранічных інспекцыях па каранціне раслін. У апошнія гады ідзе размеркаванне і ў мытныя службы.
Геаграфія работы нашых выпускнікоў — уся Беларусь. Але пераважна яны працуюць у Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях.
Сярод былых студэнтаў шмат кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і галоўных спецыялістаў, знаныя навукоўцы — доктар сельскагаспадарчых навук галоўны рэдактар навукова-практычнага часопіса “Земляробства і ахова раслін” Леанід Сарочынскі; кандыдат сельскагаспадарчых навук намеснік дырэктара Інстытута аховы раслін НАН Беларусі Раман Супрановіч. Сёлета Леанід Сарочынскі з’яўляецца старшынёй дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі юбілейнага выпуску.

— Як яшчэ можна зацікавіць студэнтаў да атрымання ведаў, і не толькі практычных, але і фундаментальных?
— Праз навуковую работу. На профільных кафедрах працуюць навуковыя гурткі — фітапаталогіі і энтамалогіі. Штогод праводзяцца навуковыя канферэнцыі і алімпіяды. Студэнты з’яўляюцца аўтарамі і суаўтарамі навуковых артыкулаў. Так, у сакавіку ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універістэце адбудзецца ХVI Міжнародная студэнцкая навуковая канферэнцыя, дзе свае даследаванні прадставяць і студэнты нашага факультэта.
Штогод прадстаўнікі факультэта становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Гродзенскага аблвыканкама, лаўрэатамі і дыпламантамі Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх навуковых работ, пераможцамі міжуніверсітэцкіх алімпіяд.
У апошнія гады факультэт актыўна супрацоўнічае з айчыннымі і замежнымі фірмамі па вытворчасці сродкаў аховы раслін. У межах гэтага супрацоўніцтва праводзяцца навуковыя даследаванні па ўдасканаленні тэхналогій прымянення пестыцыдаў на пасевах сельскагаспадарчых культур, арганізуюцца дні поля, сустрэчы з вядучымі вучонымі, семінары і навукова-практычныя канферэнцыі. У 2006 годзе на базе СВК “Путрышкі” Гродзенскага раёна быў створаны “Аграцэнтр”, дзе з удзелам спецыялістаў кафедр факультэта праводзяцца дэманстрацыйныя доследы па вывучэнні эфектыўнасці хімічных сродкаў аховы раслін, рэгулятараў росту і ўгнаенняў. Тут адбываюцца семінары спецыялістаў па ахове раслін, у якіх абавязкова ўдзельнічаюць нашы выкладчыкі. На палях “Аграцэнтра” студэнты факультэта праходзяць вучэбныя практыкі і вядуць даследчую работу.

— А як пачынаецца вучоба ў першакурснікаў факультэта аховы раслін?
— Мы знаёмімся з будучымі першакурснікамі ў час уступнай кампаніі. Размаўляем з кожным аб будучай прафесіі, матывацыях, расказваем пра перспектывы. Напрыклад, нашы студэнты праходзяць бясплатнае навучанне на курсах па падрыхтоўцы вадзіцеляў катэгорыі “В”, усе іншагароднія забяспечваюцца інтэрнатам.
Урачысты прыём у першакурснікі — гэта ўжо традыцыя факультэта. Уручаем студэнцкія білеты і заліковыя кніжкі, а таксама фотаальбом, які за 4,5 гады вучобы папоўніцца новымі здымкамі з розных творчых і спартыўных мерапрыемстваў і падарожжаў. Яшчэ для сваіх студэнтаў мы два разы на год арганізуем падарожжы па Беларусі і за мяжу.
Лічу, што задача ўніверсітэта заключаецца ў тым, каб выхаваць студэнтаў як інтэлектуальную эліту не толькі ў сферы прафесійнай дзейнасці, але і ў грамадскім жыцці. Нашы студэнты — людзі творчыя і спартыўныя. Яны займаюцца у спартыўных секцыях па баскетболе, валейболе, ушу, прымаюць удзел у конкурсах “Студэнцкая вясна”, “Міс універістэт”, КВЗ. І займаюць там прызавыя месцы. Так, сёлета ва ўніверсітэцкай спартакіядзе “Бадзёрасць і здароўе” каманда факультэта заняла 1 месца па міні-футболе і 3 месца — па настольным тэнісе. Вось у такую атмасферу трапляюць нашы першакурснікі.
Мы імкнёмся зрабіць усё, каб мы маглі ганарыцца сваімі выпускнікамі, бацькі — сваімі дзецьмі, а Беларусь — высакакласнымі спецыялістамі.

— Дзякуй за размову, Павел Уладзіміравіч. Поспехаў 50 выпуску і росквіту факультэту аховы раслін на доўгія гады!

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.