Спаборніцтва і працоўныя будні

Імя Гардзея Хоміча ўжо знаёма беларусам. Як айчынныя, так і расійскія СМІ паведамілі аб перамозе старшага выкладчыка філалагічнага факультэта БДУ на прэстыжным Міжнародным конкурсе “Лепшы настаўнік рускай славеснасці замежжа”. “За майстэрства пераканання” ўшанаваны ён быў і спецыяльным прызам “Учительской газеты”. Мы сустрэліся з Гардзеем Хомічам, каб пагутарыць аб уражаннях ад самога конкурсу, а таксама аб яго методыцы выкладання, якая, дарэчы, ацэньвалася і на конкурсе ў Маскве.

Прыемныя ўспаміны

Хоць конкурс і скончыўся больш чым месяц назад, прыемнае пачуццё ад яго яшчэ грэе душу. Звязана яно не толькі з перамогай, на якую, як бы парадаксальна ні гучала, заўсёды спадзяешся, аднак не заўсёды чакаеш, але і з магчымасцю пагутарыць, убачыць прафесіяналізм сваіх замежных калег. Таму, магчыма, Гардзей Хоміч і пагадзіўся расказаць аб уласных уражаннях ад конкурсу.
“Фінал падразумяваў дэманстрацыю ведаў у галіне методыкі выкладання рускай славеснасці. Гэтым конкурс мяне і зацікавіў. Да таго ж у спаборніцтвах бралі ўдзел прадстаўнікі ажно 60 краін”, — расказаў Гардзей Хоміч.
“Мне вельмі запомнілася прадстаўніца з Індыі сваім асаблівым маўленнем. Яно ў яе не проста правільнае з пункту гледжання граматыкі. На фанетычным узроўні ў рускае маўленне яна прыўносіць усходні каларыт. Прычым ён не ўспрымаецца як акцэнт, а менавіта як шарм-каларыт. Дарэчы, у свой час гэтая выкладчыца скончыла Расійскі ўніверсітэт дружбы народаў”, — расказаў Гардзей Хоміч.
Пераможца конкурсу зрабіў прыемнае назіранне: практычна ўсе ўдзельнікі спаборніцтва гаварылі амаль без акцэнту. Сакрэт у тым, што многія з іх навучаліся ва ўніверсітэтах Расіі.
“Узровень валодання рускай мовай высокі. Пры гэтым удзельнікі даволі лёгка ўжывалі словы, якія не часта можна пачуць ад нас. Я б сказаў, што гэтыя словы звычайна знаходзяцца ў пасіўным слоўнікавым складзе. Так, ад прадстаўніц Азіі ў звычайнай размове я пачуў слова “опилки”, — успомніў Гардзей Хоміч.
Меншае здзіўленне выклікаў выбар рускіх аўтараў і іх твораў для прэзентацыі на тэму “Рускі чалавек у рускай літаратуры”. Безумоўна, гучалі радкі з “Яўгена Анегіна” А.Пушкіна і “Героя нашага часу” М.Лермантава. Канкурсанты звярталіся да твораў Ф.Дастаеўскага і Л.Талстога. Гучала і руская класіка першай паловы XX стагоддзя. Сваёй прэзентацыяй адрозніваўся іспанскі прадстаўнік, які праводзіў паралелі паміж Дон Кіхотам і персанажамі рускай літаратуры.
Гардзей Хоміч, у сваю чаргу, не стаў абмяжоўвацца канкрэтным персанажам. Вырашыў пагаварыць аб ключавой, на яго погляд, якасці рускага народа — сумленні, якое ў рускай літаратуры цесна звязана з хрысціянскай праблематыкай. Такі падыход журы, безумоўна, ацаніла.

Хто сказаў “грубиян”?

Сваю кар’еру Гардзей Хоміч пачынаў у школе, дзе два гады выкладаў рускую мову і літаратуру. Потым школьныя пакоі былі заменены ўніверсітэцкімі, дзе за партамі сядзяць ужо дарослыя людзі. Змяніліся людзі — змяніліся і падыходы.
“Школьнікаў трэба ўмець зацікавіць. Аднак на пустым месцы зрабіць гэта немагчыма. У вучня павінна быць база, з якой можна працаваць і якую можна развіваць”, — упэўнены выкладчык.
Гардзей Хоміч раіць бацькам не ўхіляцца ад выхавання і адукацыі свайго дзіцяці. Ад іх залежыць, ці з’явіцца ў маленькага чалавека патрэба даведвацца аб нечым новым. Пры гэтым не патрэбны ніякія мудрагелістыя методыкі. У раннім узросце дастаткова звычайнага чытання казак нанач.
“Са студэнтамі справа іншая. Ім абавязкова трэба паказаць практычную значнасць вывучэння прадмета. Калі яны не будуць яе адчуваць, не спрацуюць нават цікавыя метады выкладання, усё будзе ўпустую”, — дакладна ведае Гардзей Хоміч.
Сваіх студэнтаў выкладчык вучыць сучаснай рускай мове і стылістыцы і культуры маўлення, таму не па чутках ведае ўсе студэнцкія хібы ў веданні мовы. Заўсёды дэманструе, што слова патрабуе акуратнага стаўлення: яно можа несці вельмі шмат інфармацыі.
“Студэнтам я паказваю, што слова можа мець як стылістычную, так і сацыякультурную афарбоўку. Напрыклад, прашу іх уявіць, што ад кагосьці на вуліцы яны пачулі слова “грубиян”. Даю ім заданне апісаць гэтага чалавека, адказаўшы на тры пытанні: гэта мужчына ці жанчына, гэтаму чалавеку больш ці менш за 50 гадоў, ці звязаны гэты чалавек з інтэлектуальнай сферай дзейнасці? Большасць адчувае, што гэта жанчына, старэйшая за 50 гадоў, якая звязана ці была звязана з інтэлектуальнай дзейнасцю. Студэнтаў заўсёды здзіўляе, што ў адным слове можа быць закадзіравана столькі сацыякультурнай інфармацыі, якую важна ўлічваць”, — расказаў Гардзей Хоміч.
“Гэта яскравы прыклад таго, што трэба быць вельмі акуратным са словам, асабліва калі перакладаеш з адной мовы на іншую. Пры няправільна падабраным слове сэнс, магчыма, і будзе зразумелы, аднак можа ўзнікнуць дадатковы, непатрэбны ў гэтай сітуацыі, сэнсавы шлейф”, — патлумачыў Гардзей Хоміч.

Махровая класіка і сучасная літаратура

Культура маўлення і шырокі кругагляд часта ставяцца ў залежнасць ад прачытаных кніг. Праўда, на думку Гардзея Хоміча, правільна гэта рабіць не столькі ад колькасці прачытаных старонак, колькі ад іх якасці.
“Я б не сказаў, што ў нас мала чытаюць. Проста моладзь не заўсёды чытае якасныя творы. Часта ў руках можна пабачыць літаратуру бульварнага характару”, — адзначае Гардзей Хоміч.
Прадстаўнік філалагічнага факультэта не абмяжоўваецца канкрэтным пералічэннем вартых для прачытання твораў. Ён упэўнены: у кожнага будзе свой спіс якаснай літаратуры, аднак у ім абавязкова павінна быць класіка.
“Я, напрыклад, люблю Салтыкова-Шчадрына. Думаю, не ўсе яго любяць чытаць. Таму канкрэтна штосьці раіць складана”, — гаворыць Гардзей Хоміч.
Выкладчык упэўнены, творы некаторых аўтараў незаслужана знаходзяцца ў цені. Грамадскасць пра іх ведае мала.
“Мне здаецца, што ў нас недаацэнены Леанід Андрэеў. Я б нават узяўся за экранізацыю яго прозы, калі б стаў рэжысёрам, як некалі і думаў. Лічу, асобныя творы аўтара вартыя быць уключанымі ў школьную праграму”, — гаворыць Гардзей Хоміч.

Беларуская мова — падобны, але і іншы свет

Вельмі цікавым было даведацца аб стаўленні чалавека, які прафесійна ведае рускую мову, да беларускай. Таму пра гэта я ў Гардзея Хоміча проста не магла не спытаць.
“Беларускую мову я ведаю дастаткова добра. Гэта мне дапамагае і ў рабоце, калі трэба супаставіць розныя мовы, каб выявіць іх асаблівасці. Пры гэтым у сваім штодзённым маўленні беларускую мову не выкарыстоўваю. Аднак, на мой погляд, ведаць яе трэба кожнаму беларусу. Тады ён зможа па-асабліваму зірнуць на свет. Што да ўжывання — гэта асабістая справа кожнага”, — дзеліцца Гардзей Хоміч.
Тут герой артыкула прапанаваў супаставіць канструкцыі рускай мовы “выйти замуж за кого-то”, “жениться на ком-то” і адпаведную канструкцыю беларускай мовы “ажаніцца з кімсьці”, каб прадэманстраваць, што нават у такіх рэчах праяўляюцца розныя адносіны чалавека да свету.
“Каб раскрыць нейкую з’яву, патрэбна яе не толькі характарызаваць, трэба яе супаставіць з іншымі блізкароднаснымі з’явамі. Так, вучоныя даказваюць, што ў рускай сям’і галоўная роля належыць мужчыну. У беларускай сям’і ўсё грунтуецца на пазіцыях раўнапраўя”, — патлумачыў розніцу Гардзей Хоміч.

Даведка

Філалагічны факультэт БДУ прапаноўвае навучанне славянскім, рамана-германскім і ўсходнім (кітайскай) мовам. Тут, акрамя беларускай і рускай, можна вывучаць польскую, славацкую, сербскую, балгарскую, чэшскую і ўкраінскую мовы. Праўда, камбінацыі гэтых моў штогод чаргуюцца. У гэтым годзе ў рамках адной спецыяльнасці можна было выбіраць навучанне беларускай і чэшскай мовам, беларускай і рускай, рускай і славацкай. Сёлетнім абітурыентам будуць прапаноўвацца крыху іншыя камбінацыі: беларускай і ўкраінскай моў, беларускай і рускай, рускай і сербскай.
“У нас назіраецца цыклічнасць. Калі група, дзе вывучаецца пэўны набор славянскіх моў, пераходзіць на выпускны курс, мы прымаем рашэнне аб наборы па спецыяльнасці “Славянская філалогія” групы з такой жа камбінацыяй моў”, — патлумачыў Мікалай Хмяльніцкі, намеснік дэкана па вучэбна-метадычнай рабоце філалагічнага факультэта БДУ.
Што да спецыяльнасцей “Рамана-германская філалогія” і “Усходняя філалогія”, мовы, якія тут прапаноўваюцца для навучання, штогод не мяняюцца. Аднак, як адзначыў намеснік дэкана, змяніліся прыярытэты абітурыентаў. Англійская мова саступіла першае месца па колькасці жадаючых вывучаць яе кітайскай, нягледзячы на ўсю складанасць вывучэння апошняй.
“Веданне англійскай, французскай, увогуле любой рамана-германскай мовы абсалютна не сведчыць, што чалавек зможа вывучыць кітайскую мову, — папярэдзіў Мікалай Хмяльніцкі. — Сістэма навучання гэтай мове адрозніваецца. Да таго ж трэба будзе вучыць вялікую колькасць іерогліфаў, можна сказаць, 24 гадзіны ў суткі. Спатрэбіцца і музычны слых”.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.