Студэнты Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта пачынаючы з 2 курса праходзяць сімуляцыйнае навучанне на трэнажорах і манекенах. І няхай не палохае неспецыялістаў такая тэрміналогія. Наадварот. Так званае сімуляцыйнае навучанне арганізавана ў лабараторыі практычнай падрыхтоўкі, якая была адкрыта год назад і стала першым у краіне адукацыйным цэнтрам, дзе рэалізуюцца інавацыйныя формы падрыхтоўкі студэнтаў.
“Сімуляцыйнае навучанне — адна з самых маладых галін у медыцыне, — расказвае прарэктар па вучэбнай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Багдановіч. — Гэта набыццё практычнага вопыту ў сімуляваным асяроддзі, што дазваляе павысіць бяспеку вучэбнага працэсу для студэнтаў і пацыентаў і знізіць медыцынскія памылкі. Атрымаўшы навыкі на манекене, маладыя спецыялісты значна хутчэй і больш упэўнена і прафесійна пераходзяць да самастойнай работы”.
Мадэляванне рэальнай сітуацыі і імітацыя рэакцыі органаў і тканак на дзеянні ўрача — эфектыўны і бяспечны спосаб для адпрацоўкі практычных уменняў. “Ноэль”, “Максім”, “Ганна” — гэта трэнажоры, якія дазваляюць адпрацоўваць практычныя навыкі ўсяго працэсу нараджэння дзіцяці, масажу сэрца, вентыляцыі лёгкіх і іншыя дзеянні пры сардэчна-лёгачнай і мазгавой рэанімацыі. А яшчэ ў лабараторыі звыш сотні муляжоў і прыстасаванняў, якія размеркаваны па пяці модулях: анестэзіялогія і рэаніматалогія, хірургія, педыятрыя, тэрапія, акушэрства і гінекалогія.
Заняткі праводзяць выкладчыкі кафедр медуніверсітэта ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай. Кожны студэнт атрымлівае журнал уліку выкананых медыцынскіх маніпуляцый. У гэтым журнале адзначаюцца ўсе практычныя навыкi, атрыманыя студэнтамi з 2 па 6 курс навучання. Ад простага да складанага: зрабіць укол, праслухаць пульс, накласці швы, навучыцца вязаць хірургічныя вузлы, прыняць роды.
“Напрыклад, фантом-сімулятар родаў, — тлумачыць супрацоўнік лабараторыі Вольга Ніколіна, — з дапамогай камп’ютарнай праграмы дазваляе мадэляваць сто ва-рыянтаў гэтага працэсу, у тым ліку і кесарава сячэнне. Манекен-імітатар, з дапамогай якога можна праслухаць работу сэрца і лёгкіх, імітуе 32 гукі сэрца і 16 — лёгкіх”.
Кожны дзень у лабараторыі праводзяцца заняткі 8—10 груп. У сярэднім у месяц каля тысячы студэнтаў. Як адзначае загадчык лабараторыі практычнага навучання Леанід Кепурка, бачна вялікая зацікаўленасць студэнтаў. Хоць лабараторыя мае свой графік работы, здараецца, што студэнты просяць дазволіць ім затрымацца, каб выканаць яшчэ раз нейкія маніпуляцыі. Леанід Станіслававіч успамінае, што падчас яго студэнцтва навыкі забору крыві з пальца трэніравалі на аднагрупніках. Зараз студэнты маюць трэнажоры для ўнутрымышачных ін’екцый ці ўдасканалены макет рукі для засваення навыкаў венапункцыі і ін’екцый, трэнажоры для накладання швоў, што значна спрашчае працэс атрымання неабходных практычных навыкаў.
Вядома, такое абсталяванне каштуе нямала. Першапачаткова на аснашчэнне лабараторыі было выдзелена 2,5 млрд рублёў, у тым ліку 500 млн рублёў пазабюджэтных сродкаў універсітэта. Ініцыятыву рэктара ГрДМУ прафесара Віктара Сняжыцкага падтрымала Міністэрства адукацыі. За апошні год з’явілася і новае абсталяванне: мадэль для інтубацыі страўніка, трэнажор для доступу да вянозных сасудаў і віртуальны сімулятар Лап Сім. Апошні дазваляе імітаваць правядзенне лапараскапічных аперацый. Першымі яго апрабавалі хірургі-практыкі і далі заключэнне, што ўвесь працэс адбываецца як і падчас сапраўднай аперацыі. Дарэчы, у лабараторыі пабывалі ўрачы са станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, з санаторыя “Азёрны”, рэктары медыцынскіх універсітэтаў Беларусі.
“Сімуляцыйнае навучанне не замяняе, а дапаўняе падрыхтоўку да рэальнай клінічнай практыкі. Навучанне непасрэдна каля хворага дазваляе назіраць дзеянні прафесіяналаў, развіваць клінічнае мысленне, набываць вопыт зносін з пацыентамі. Але пры гэтым не ва ўсіх студэнтаў ёсць магчымасць самастойна выканаць нейкае дзеянне, не заўсёды існуе магчымасць педагагічнага кантролю ступені дасягнення кампетэнтнасці студэнта, — расказвае Ігар Багдановіч. — Напрыклад, на спецыяльнасці “Лячэбная справа” на 2 курсе вывучаюць дысцыпліну “Асновы сястрынскай справы”. 72 гадзіны адведзены на адпрацоўку навыкаў на муляжах і трэнажорах у лабараторыі практычнай падрыхтоўкі, і толькі пасля гэтага — допуск да вытворчай практыкі”.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.