Спецыяльнасць для неабыякавых людзей

Сёлета ў Беларусі ўпершыню адкрываецца падрыхтоўка кадраў па спецыяльнасці “Прыродаахоўная дзейнасць” для арганізацый харчовай і перапрацоўчай прамысловасці. Адпаведныя адукацыйныя праграмы прапаноўвае Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання.

“Патрэба ў такіх спецыялістах пацвярджаецца запытамі арганізацый харчовай і перапрацоўчай прамысловасці нашай краіны, — расказвае загадчык кафедры аховы працы і экалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Аляксандр Мірончык. — У нас ужо на некалькі гадоў наперад ляжаць заяўкі на спецыялістаў-эколагаў, прычым іх колькасць з часам не змяншаецца. Напрыклад, у 2022 годзе арганізацыі гатовы прыняць на працу як мінімум 36 выпускнікоў згаданай спецыяльнасці”.
Сёлета адбудзецца набор адной вучэбнай групы студэнтаў на дзённую форму атрымання адукацыі, у тым ліку і на платнай аснове. Але ў перспектыве плануецца адкрыццё і завочнай, і скарочанай форм навучання па гэтай спецыяльнасці.
Для ўдзелу ў конкурсе абітурыентам трэба падаць у прыёмную камісію ўніверсітэта сертыфікаты ЦТ па матэматыцы, фізіцы і беларускай (рускай) мове. Тэрмін навучання па спецыяльнасці “Прыродаахоўная дзейнасць” — 4 гады. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю на першай ступені, выпускнікі змогуць прадоўжыць навучанне ў магістратуры па спецыяльнасці “Прамысловая экалогія”, а потым і ў аспірантуры.
“Выпускнікам будзе прысвойвацца кваліфікацыя “Эколаг. Інжынер па ахове навакольнага асяроддзя”, — тлумачыць Аляксандр Фёдаравіч. — І мы разлічваем, што на гэтую спецыяльнасць будзе паступаць разумная і неабыякавая моладзь, якая хоча быць карыснай сваёй краіне”.
Студэнты будуць вывучаць асновы менеджменту ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, сучасныя сродкі вымярэнняў, метады мадэлявання і прагназавання забруджвання навакольнага асяроддзя, аўтаматызаваныя сістэмы збору і апрацоўкі інфармацыі.
“Вучэбны план, пералік і змест вучэбных дысцыплін і вытворчых практык дазволяць нашым выпускнікам кваліфікавана працаваць у спецыяльных інспекцыях маніторынгу і арганізацыі кантролю за абыходжаннем з адходамi, за аховай атмасфернага паветра, азонавага слою і клімату, за выкарыстаннем і аховай вод, за выкарыстаннем і аховай жывёльнага свету, вядзеннем паляўнічай гаспадаркі і станам запаведнай справы, — гаворыць Аляксандр Фёдаравіч. — Яны будуць забяспечваць паспяховую рэалізацыю дзяржаўнай экалагічнай палітыкі на прадпрыемствах, вызначаць чарговасць вырашэння найбольш важных экалагічных праблем і аптымізаваць расходаванне сродкаў на гэтыя мэты”.
Дарэчы, спецыфіка і змест падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Прыродаахоўная дзейнасць” адпавядаюць профілю Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. Сёння тут працуе больш за 90% спецыялістаў вышэйшай навуковай кваліфікацыі ў галіне харчовых тэхналогій і абсталявання харчовай прамысловасці нашай краіны. Па шэрагу дысцыплін вучэбны працэс вядзецца на перадавых прадпрыемствах Магілёва, дзе дзейнічаюць філіялы кафедр універсітэта.
Вялікай падмогай у адкрыцці новай спецыяльнасці стаў удзел універсітэта ў праграме TEMPUS. Дзякуючы гэтаму было набыта сучаснае вучэбнае абсталяванне для экалагічнай лабараторыі на суму больш за 30 тысяч еўра.
Сумесна з інстытутамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і вядучымі арганізацыямі галіны ва ўніверсітэце вядзецца сур’ёзная навукова-даследчая работа. Плённа працуюць у напрамку падрыхтоўкі кадраў магістратура, аспірантура і дактарантура.
Такім чынам, адкрыццё спецыяльнасці “Прыродаахоўная дзейнасць” грунтуецца на вельмі добрай базе. Будучыя спецыялісты-эколагі атрымаюць як фундаментальную, так і практычную падрыхтоўку, што дазволіць ім максімальна поўна рэалізаваць свой інтэлектуальны патэнцыял у такой патрэбнай сёння прафесіі.

Галіна СІДАРОВІЧ.