Стаць гаспадаром уласнага лёсу

Большасць сёлетніх выпускнікоў ужо знайшлі адказ на адвечнае “Кім быць?”. Аднак менавіта зараз, калі выбар яшчэ не канчатковы і можна ўсё перайначыць, настае пара сумненняў і ваганняў: “Ці правільнае рашэнне было прынята на парозе школы? Можа, маё прызванне ў зусім іншай прафесіі?”

Атрымаць самастойнасць і ўпершыню застацца сам-насам з велізарнай адказнасцю за ўласную будучыню — вельмі цяжка. Таму маладым людзям цяпер, як ніколі, патрэбны ўвага і падтрымка. Прычым важнае значэнне маюць як парады і ўласны прыклад бацькоў, педагогаў, сяброў, аўтарытэтных для выпускніка прафесіяналаў, так і ўпэўненасць, што ён не адзінокі ў сітуацыі выбару і з падобнымі цяжкасцямі ўжо сутыкаліся яго землякі, выхадцы з таго самага раёна, горада, вёскі, і паспяхова іх пераадолелі. Здавалася б, гэта відавочна, але збіраюцца разам учарашнія школьнікі — і амаль фізічна адчуваецца, што цяжар, падзелены на ўсіх, становіцца лягчэйшым.

У Віцебскім раёне злёт выпускнікоў 9-х і 11-х класаў напярэдадні ўступнай кампаніі ва ўстановы прафесійнай адукацыі — штогадовая традыцыя. Раней ён праводзіўся па чатырох секцыях: медыцынскай, сельскагаспадарчай, педагагічнай і мультыпрофільнай. Сёлета ў сувязі са змяншэннем колькасці выпускнікоў арганізатары вымушаны былі змяніць фармат.

Злёт адбыўся на дзвюх пляцоўках: непасрэдна ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і на базе Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці. У гутарцы з будучымі абітурыентамі прынялі ўдзел прадстаўнікі рэгіянальных і шэрага профільных устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

— Галоўная мэта сустрэчы — даць юнакам і дзяўчатам упэўненасць у правільнасці прафесійнага самавызначэння, — расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага райвыканкама Святлана Бараўцова. — У раёне дзейнічае эфектыўная сістэма прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, і злёт выпускнікоў — гэта выніковае мерапрыемства. Даведацца аб правілах падачы дакументаў, умовах залічэння, працаўладкаванні і перспектывах пасля заканчэння ўстаноў адукацыі ўсіх узроўняў можна зараз, але пераважна дзеці скарысталі гэтую магчымасць раней — у рамках сустрэч у школах, дзён адкрытых дзвярэй у прафесійных ліцэях, каледжах, універсітэтах і нават на прадпрыемствах, а таксама на мерапрыемствах у рамках шостага школьнага дня. Асабліва варта адзначыць прафесійныя пробы, якія праводзяць нашы ўсе без выключэння ўстановы на ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі. Такія сустрэчы неабходны выпускнікам, бо мала пабачыць прадстаўніка той ці іншай прафесіі за работай і вынікі яго дзейнасці, важна яшчэ і прымераць прафесію на сябе. Толькі так можна здзейсніць аптымальны прафесійны выбар.

— Каб сучасны выпускнік сапраўды загарэўся атрымаць тую ці іншую спецыяльнасць, звычайнай прэзентацыі і аповеду пра ўстанову адукацыі мала, — запэўніў дырэктар Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельгасвытворчасці Аляксандр Якубаў. — Трэба акунуць выпускніка ў прафесію, каб ён атрымаў практычнае ўяўленне пра адпаведную дзейнасць. Найбольш цікавы і запатрабаваны інтэрактыўны фармат. Напрыклад, дні адкрытых дзвярэй мы традыцыйна праводзім у форме прафесійных проб. Так, будучых вадзіцеляў запрашаем разам з майстрам вытворчага навучання асвоіцца за рулём. Калі прадстаўляем напрамак грамадскага харчавання, не проста расказваем аб прафесіях кухара і кандытара, але і даём дзецям пад кіраўніцтвам навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання авалодаць цікавымі элементамі карвінгу, лепкі з цеста. І штораз стараемся зрабіць сюрпрыз, дадаць нешта новае, незвычайнае.

Для выпускнікоў устаноў адукацыі раёна каледж арганізаваў выдатную праграму з экскурсіяй, канцэртам і майстар-класамі. Гасцінны прыём, запамінальнае выступленне агітбрыгады, частаванне смачнай выпечкай уласнай вытворчасці дапамаглі стварыць атмасферу свята.

Самае прыкрае, напэўна, калі малады чалавек паступае ў каледж ці ўніверсітэт і не ўсведамляе, навошта яму гэта, выбірае будучыню не па ўласным узважаным рашэнні, а таму што мама з татам так сказалі. Або прыходзіць у 11 клас і не ведае, што далей яму рабіць у школе (затое бацькі задаволены, што дзіця яшчэ два гады будзе пад іх прыглядам).

Акрамя майстар-класаў па ваджэнні (там была прадстаўлена ўся лінейка сельскагаспадарчай тэхнікі Мінскага трактарнага завода, уключаючы сучасныя энерганасычаныя трактары), карвінгу, сервіроўцы і фармоўцы цеста, гаспадары прапанавалі школьнікам паўдзельнічаць у ролевай гульні “Пакупнік — прадавец”: прапанаваць тавар, узважыць прадукты, выканаць разлік, ветліва абслужыць патрабавальнага пакупніка. Многія пасля гэтага па-іншаму ацанілі свае паводзіны падчас шопінгу.

Кожны навучэнец каледжа быў гатовы падзяліцца з выпускнікамі сваімі ведамі і вопытам.

— Кандытар — найлепшая ў свеце прафесія, бо яна самая салодкая і патрабуе шмат фантазіі! — пераконвала Настасся Дрыленка. — Трэба не толькі прыдумаць, прыгатаваць, але і прыгожа аформіць страву. Мая бабуля — кухар-кандытар, таксама вучылася тут, а цяпер і я працягваю сямейную традыцыю. У каледжы атрымала прафесійна-тэхнічную і паступіла на ступень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Мару стаць шэф-кухарам, а калі атрымаецца, адкрыць уласную справу.

— Першапачаткова я паступаў у адзін з гомельскіх каледжаў, але не хапіла аднаго бала для залічэння, — падзяліўся сваёй гісторыяй Кірыл Міронаў. — Так трапіў сюды і лічу, што мне сапраўды пашчасціла. Буду вадзіцелем з катэгорыяй С. Магчыма, пайду на службу ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

— Мой дзядуля быў вадзіцелем, дзядзька і тата — вадзіцелі. Я таксама не ўяўляю свайго жыцця без аўтатранспарту, — дадаў Дзяніс Абалевіч. — Пасля заканчэння каледжа думаю працягваць вучобу і набыць вышэйшую профільную адукацыю.

Ці варта пасля такіх сустрэч здзіўляцца, што са 167 учарашніх дзевяцікласнікаў, якія збіраюцца набываць прафесійную адукацыю, 22 (поўная група!) заявілі, што будуць паступаць у згаданы каледж? І астатнія хлопцы і дзяўчаты, як і выпускнікі 11-х класаў, дакладна ведаюць, куды пастараюцца паступіць.

Тым не менш пэўную разгубленасць напярэдадні ўступных выпрабаванняў і наступнай падачы дакументаў ва ўстановы прафесійнай адукацыі адчувае кожны абітурыент. Самае прыкрае, напэўна, калі малады чалавек паступае ў каледж ці ўніверсітэт і не ўсведамляе, навошта яму гэта, выбірае будучыню не па ўласным узважаным рашэнні, а таму што мама з татам так сказалі. Або прыходзіць у 11 клас і не ведае, што далей яму рабіць у школе (затое бацькі задаволены, што дзіця яшчэ два гады будзе пад іх наглядам), а праз два гады падае дакументы ў тую ж установу прафтэхадукацыі, куды хацеў паступіць пасля 9 класа. Праўда, у Віцебскім раёне падобныя выпадкі адзінкавыя. Як такое атрымліваецца?

Каб сучасны выпускнік сапраўды загарэўся атрымаць тую ці іншую спецыяльнасць, звычайнай прэзентацыі і аповеду пра ўстанову адукацыі мала. Трэба акунуць яго ў прафесію, каб ён атрымаў практычнае ўяўленне пра адпаведную дзейнасць.

— Выбар нашых адзінаццацікласнікаў, як правіла, узважаны, абгрунтаваны і ў канчатковым выніку правільны, — гаворыць Святлана Бараўцова. — Найлепшае пацвярджэнне, калі былыя выпускнікі ў якасці дыпламаваных спецыялістаў вяртаюцца ў раён, замацоўваюцца, ствараюць сем’і, робяць прафесійныя поспехі. Падобныя выпадкі — хутчэй правіла, чым выключэнне. Разам з тым, настройваючы дзіця выключна на вучобу ва ўніверсітэце (з адчувальнай рызыкай як няўдалага паступлення, так і будучага расчаравання ў прафесіі), мы закрываем для яго велізарныя магчымасці атрымання профільнай прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і далей вышэйшай адукацыі. Калі ўдаецца ў гэтым пераканаць бацькоў — гэта палова поспеху. Другі складнік — цеснае ўзаемадзеянне з профільнымі ўніверсітэтамі, зацікаўленымі ў абітурыентах з высокай матывацыяй да авалодання прафесійнымі ведамі. Нашы ліцэі і каледжы прапаноўваюць шмат спецыяльнасцей, па якіх дзеці крок за крокам могуць атрымаць якасную адукацыю па запатрабаваных прафесіях. Напрыклад, навучыцца асновам ландшафтнага дызайну запрашае прафесійна-тэхнічны каледж сельгасвытворчасці, а тых яго выпускнікоў, якія здольны працягнуць профільную адукацыю, уважліва (пайменна!) адсочвае і чакае да сябе Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія. Аналагічныя мадэлі дзейнічаюць практычна па кожным напрамку ў кожнай нашай установе прафесійнай адукацыі. І, безумоўна, патрэбна зацікаўленасць прадпрыемстваў у высокакваліфікаваных кадрах, тут таксама вядзецца вялікая работа. Што надзвычай каштоўна — мяняюцца адносіны наймальнікаў да прафесійнай адукацыі. У ідэале хацелася б, каб са спажыўцоў яны ператварыліся ў актыўных удзельнікаў працэсу. У якасці прыкладу магу прывесці вопыт супрацоўніцтва гаспадароў злёту з Беларускай асацыяцыяй міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў. Наш каледж не першы год рыхтуе для яе кадры…

— І мы вельмі ў гэтым зацікаўлены, — падключыўся да размовы дырэктар прадстаўніцтва Асацыяцыі “БАМАП” у Віцебску Барыс Белікаў. — Праблема дэфіцыту вадзіцеляў-міжнароднікаў мае глабальны характар. Падрыхтоўка па згаданай прафесіі ва ўстановах прафесійнай адукацыі краіны пачалася па ініцыятыве нашай асацыяцыі, і мы ўдзячны Міністэрству адукацыі за падтрымку. Першыя крокі мы зрабілі ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы і Віцебскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы сельгасвытворчасці. Як работадаўца і адначасова старшыня экзаменацыйнай камісіі адзначу, што патрабаванні да сучаснага вадзіцеля-міжнародніка значна змяніліся ў параўнанні з тымі, што дзейнічалі нават некалькі гадоў назад. Раней галоўным было веданне тэхнікі, бо вадзіцель больш рамантаваў яе, чым эксплуатаваў. Цяпер рамонт ажыццяўляецца на станцыях тэхнічнага абслугоўвання, а вадзіцель пераходзіць у ранг пілота. Яго задача — граматна правесці машыну па маршруце і своечасова даставіць груз. На першы план выходзіць дасканалае веданне правіл дарожнага руху, рэжыму працы і адпачынку, афармлення дакументаў і, пажадана, замежных моў. Пра гэта мы і стараемся расказваць патэнцыяльным абітурыентам. Мінулай вясной на дні адкрытых дзвярэй у каледжы мы ўпершыню паспрабавалі новую інтэрактыўную форму сумеснай работы са школьнікамі — майстар-клас па выкарыстанні сучаснай аўтатэхнікі, што задзейнічана ў міжнародных перавозках. Эксперымент удаўся, маем намер увесці яго ў рэгулярную практыку і шукаем новыя эфектыўныя спосабы ўзаемадзеяння з установай адукацыі ў прафарыентацыйнай рабоце.

У планах аддзела адукацыі, спорту і турызму таксама ёсць некалькі новых перспектыўных праектаў на наступны навучальны год. Іх асноўны прынцып нязменны: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць, і лепш адзін раз паспрабаваць, чым сто разоў убачыць. Перад выпускнікамі школ адкрыты ўсе дарогі. Каб не памыліцца, трэба заўсёды памятаць: толькі калі выбар правільны, чалавек становіцца сапраўдным майстрам сваёй справы і гаспадаром уласнага лёсу.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.