Студэнт на тыдзень, ці Журналіст на ўсё жыццё

Сярод студэнтаў БДУ прынята лічыць, што самыя творчыя людзі вучацца ў Інстытуце журналістыкі. І, як паказвае практыка, гэта нездарма. Нядаўна на базе журфака быў завершаны праект “Студэнт на тыдзень”.

Ініцыятарам праекта выступіла маладзёжная арганізацыя “Студэнцкі саюз” у асобах яго старшыні Кірыла Карабана і студэнткі, а цяпер ужо выпускніцы БДУ, Вікторыі Віцюговай. Мэтай, якую арганізатары паставілі перад сабой, з’яўляецца папулярызацыя адукацыйнай дзейнасці галоўнага ўніверсітэта краіны і яго спецыяльнасцей, а таксама аказанне дапамогі абітурыентам у выбары будучай прафесіі.

“Аднойчы мы зразумелі, што раней, калі мы паступалі, не было магчымасці ўсебакова адкрыць для сябе Інстытут журналістыкі. Тут і прыйшло рашэнне стварыць праект, накіраваны на абітурыентаў журфака. Мы дэталёва распрацавалі план, выйгралі фінансаванне на лепшы маладзёжны праект і цяпер ажыццяўляем сваю ідэю на практыцы”, — адзначыў Кірыл Карабан.Арганізатары вырашылі, што лепш за ўсё будзе звярнуць увагу на тых абітурыентаў, якія наведваюць падрыхтоўчыя курсы. Паколькі праект яшчэ дэбютант і праводзіўся ў эксперыментальным рэжыме, прыйшлося абмежавацца адной групай. Разам з выкладчыкам падрыхтоўчых курсаў Інгай Воюш прапанавалі абітурыентам напісаць сачыненне “Я выбіраю журфак”. Пасля праверкі 13-і работ прыйшлі да высновы, што ўсім устаноўленым крытэрыям адпавядаюць толькі тры работы, аўтары якіх і сталі героямі праекта “Студэнт на тыдзень”.

На працягу пяці дзён трое абітурыентаў — вучань гімназіі № 2 Мінска Уладзіслаў Каралёў, вучаніца Сёмкаўскай сярэдняй школы Мінскага раёна Ганна Крук і выпускніца школы № 148 Краснаярска Лілія Мяшалкіна — наведвалі па тры пары на дзень. Яшчэ да пачатку заняткаў яны пранікліся атмасферай традыцыйнага свята “Дзень першакурсніка”, якое паказала, што на факультэце ёсць месца не толькі для цікавай вучобы, але і не менш захапляльнага пазалекцыйнага жыцця.

Расклад быў распрацаваны так, каб абітурыенты змаглі ўнікнуць у сутнасць пэўных прадметаў, якія выкладаюцца на розных спецыяльнасцях журфака. Напрыклад, яны наведалі заняткі па гісторыі менеджменту, камп’ютарнай вёрстцы, тэхніцы тэлерадыёвяшчання, рускай літаратуры, англійскай мове і нават па такім прафесійным прадмеце, як “Грамадзянская пазіцыя журналіста”. Прычым будучыя абітурыенты былі не толькі слухачамі на лекцыях, але і выконвалі практычныя заданні.“На ўсіх парах мы заўсёды былі з нашымі ўдзельнікамі, каб не пакідаць іх адных у незнаёмых групах, — гавораць арганізатары конкурсу. — Пасля заканчэння дня яны ехалі дадому, а ўжо ўвечары дасылалі невялікія справаздачы, якія і цяпер захоўваюцца ў нашай групе ва “УКантакце”. Дарэчы, свае допісы яны змогуць прынесці ў прыёмную камісію пры паступленні на журналісцкую спецыяльнасць”.

Абітурыенты даволі хутка і лёгка знайшлі кантакт са студэнтамі. І тыя, і другія прызналіся, што зносіны пакінулі самыя прыемныя ўражанні: абітурыенты знайшлі тых, з каго можна браць прыклад, а студэнты ўспомнілі сябе некалькі гадоў назад і сталі выдатнымі памочнікамі і дарадцамі па пытаннях паступлення ў Інстытут журналістыкі.

У апошні дзень арганізатары праекта ў нефармальнай абстаноўцы, за кубкам кавы ў кабінеце намесніка дэкана, уручылі абітурыентам прыгожыя дыпломы на памяць аб тым, што яны першыя ў гісторыі БДУ студэнты на тыдзень.

“Нашы дзеці, — так гавораць пра будучых студэнтаў Інстытута журналістыкі старшыня Студэнцкага саюза БДУ і яго каманда, — атрымалі зарад пазітыву, стымул падрыхтавацца да тэсціравання на ўсе 100, а таксама зразумелі прынцып работы ўніверсітэта ў рэжыме рэальнага часу. Мы, арганізатары, рэалізавалі выдатную ідэю, а ўніверсітэт у сваю чаргу атрымаў новы цікавы прафарыентацыйны праект. Лічу, што ў праекта “Студэнт на тыдзень” ёсць будучыня, бо да нас усё яшчэ прыходзяць заяўкі на ўдзел. Ужо вясной мы плануем пашырацца, магчыма, нават далучым у шэраг арганізатараў прадстаўнікоў іншых факультэтаў”.

Уражаннямі ад праекта падзяліліся і самі ўдзельнікі. Адзінаццацікласнік Уладзіслаў Каралёў заўважыў, што журфак для яго — гэта магчымасць даносіць людзям тое, чаго яны не бачаць.

“Вельмі спадабалася разнапланавасць прадметаў, якія выкладаюць на журфаку, — выказаўся школьнік. — З’явілася матывацыя працаваць яшчэ больш, бо ўсё ўбачанае тут чакае нас пасля паступлення”.

Школьніца Ганна Крук расказала, што больш за ўсё ёй запомніліся заняткі “Кіраванне кар’ерай” і “Тэхніка тэлерадыёвяшчання”, дзе абітурыенты вялі перамовы, запісваліся ў радыёстудыі і спрабавалі сябе ў якасці тэлевядучых. “Як аказалася, на журфаку гадзіна дваццаць — гэта вельмі кароткі адрэзак часу, бо тут ты сапраўды займаешся тым, што табе падабаецца, — заўважыла дзяўчына. — Самае галоўнае, што давялося вынесці з праекта, — разуменне таго, што знайшла сваё месца. Пасля часу, праведзенага на журфаку, нішто не прымусіць мяне адмовіцца ад жадання стаць журналістам”.

Выпускніца школы № 148 Краснаярска Лілія Мяшалкіна адзначыла: “Нам далі магчымасць спасцігнуць дзівосны свет журналістыкі. Памяць увабрала ў сябе ўсе прыемныя моманты і беражліва захавае іх на працягу года”.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.