Студэнты “нулявога” курса

У кожнага слухача падрыхтоўчага аддзялення факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДУ свая гісторыя, чаму ён не паступіў ва ўніверсітэт і апынуўся тут. Адны атрымалі высокія балы, але ўсё ж ім крыху не хапіла, каб прайсці на бюджэт. Другія не пераадолелі вызначанага парога на ЦТ і не маглі прэтэндаваць нават на платнае навучанне. Аднак яны не пайшлі ў прафесійныя ўстановы адукацыі, як гэта робіць пераважная большасць тых, каму не ўдалася спроба паступлення, і не пайшлі працаваць. Цэлы год яны будуць вучыцца на падрыхтоўчым аддзяленні, каб налета ажыццявіць сваю мару і ўсё ж такі паступіць на абраныя спецыяльнасці.

Зараз набор на падрыхтоўчае аддзяленне ўжо завершаны. Сёлета тут прыступілі да вучобы роўна 100 чалавек — гэта пераважна ўчарашнія школьнікі, ёсць таксама выпускнікі прафесійных ліцэяў і каледжаў. Яны могуць расказаць 100 павучальных гісторый пра тое, якім мудрагелістым можа быць шлях да вышэйшай адукацыі. Напрыклад, адна дзяўчына збілася на ЦТ пры пераносе адказаў з чарнавіка ў бланк, і ў выніку ўвесь радок адказаў аказаўся запоўненым няправільна. Зразумела, вызначаны парог адзнак яна не пераадолела. На падрыхтоўчым аддзяленні ёсць і медалісты, якім для паступлення на бюджэт не хапіла ўсяго аднаго бала. А яшчэ тут ёсць “другагоднікі”. Цэлы год яны вучыліся на пэўным профілі, аднак зразумелі, што гэта не тое, чым яны хочуць займацца ў жыцці, і зараз прыйшлі ўжо на другі профіль.

— Многія людзі не адразу знаходзяць сваё прызванне, — расказвае загадчык кафедры даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Ірына Сакольчык. — На маёй памяці быў нават такі выпадак: дзяўчына закончыла 3 курсы БДУІР, але кінула вучобу і прыйшла да нас на падрыхтоўчае аддзяленне. Праз год яна паступіла на філалагічны факультэт БДУ, вывучала нямецкую філалогію, скончыла магістратуру і сёння жыве ў Германіі.
Здараецца, на падрыхтоўчае аддзяленне прыходзяць і слухачы значна старэйшага ўзросту. Летась, напрыклад, да вучобы прыступіла 40-гадовая жанчына, якая вырашыла кардынальна змяніць напрамак сваёй дзейнасці. Быў 30-гадовы мужчына, які прыйшоў на біялагічны профіль.

— Трэба адзначыць, што дарослым людзям, асабліва калі ў іх ёсць сем’і і работа, цяжка вытрымліваць наш рытм, — гаворыць Ірына Анатольеўна. — Калі яны заканчвалі школу 20 гадоў назад, ім трэба не толькі многае ўспамінаць, але і многаму вучыцца нанова. Навука развіваецца, вучэбныя праграмы мяняюцца — і ім трэба падняць такі вялікі пласт ведаў, што гэта ўдаецца далёка не ўсім.

Нагрузка на падрыхтоўчым аддзяленні сапраўды высокая. І калі ў мінулыя гады навучанне вялося на беларускай ці рускай мове (на выбар слухачоў) і па двух профільных прадметах, то сёлета ёсць слухачы, якія вывучаюць ужо 4 прадметы (усе чакаюць, што дазволяць здаваць 4 тэсты). Такім чынам, штодня ў слухачоў — 2—3 пары лекцый, а калі хтосьці выбраў для вывучэння 4 прадметы, то здараецца і па 4 пары на дзень. На кожных занятках выкладчыкі задаюць дамашнія заданні, і іх трэба выконваць, бо яны абавязкова правяраюцца.

— У нас пераважна практычныя заняткі. Мы ўлічваем, што слухачы ўсё ж такі 11 гадоў вучыліся ў школе, — расказвае Ірына Сакольчык. — Але калі выкладчык адчувае, што слухачы не валодаюць пэўным матэрыялам, элементы лекцыі могуць прысутнічаць. Групы ў нас невялікія — да 12 чалавек, і на працягу вучэбнай пары можна ахапіць увагай кожнага. Адсядзецца немагчыма.
У слухачоў, як і ў студэнтаў, 2 разы на год — сесія, акрамя таго праводзяцца іншыя кантрольныя мерапрыемствы. За пропускі і непаспяховасць могуць і адлічыць.

Выкладаюць на падрыхтоўчым аддзяленні супрацоўнікі кафедры даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Пры гэтым ва ўсіх іх ёсць вопыт работы ў школе. Яны добра ведаюць школьныя праграмы, змест школьных падручнікаў, структуру тэставых заданняў і валодаюць асобай методыкай, што вельмі важна пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.

— Пры гэтым мы стараемся не проста рыхтаваць да ЦТ, а даць слухачам веды звыш праграмы, — тлумачыць Ірына Сакольчык. — Падрыхтоўчае аддзяленне можна назваць нулявым курсам універсітэта, таму на 1 курсе нашым выпускнікам прасцей, чым іншым. Калі ў кастрычніку яны прыходзяць у госці на факультэт (мы ладзім для іх вечар сустрэчы), то прызнаюцца, што адчуваюць пэўную перавагу перад астатнімі студэнтамі.

Плён напружанай працы на працягу года добра дэманструюць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Выпускнікі падрыхтоўчага аддзялення дабаўляюць да сваіх мінулагодніх сертыфікатаў у сярэднім 27 балаў. Сёлета, напрыклад, вынік па грамадазнаўстве павысіўся ў сярэднім на 34 балы, па фізіцы — на 33 балы, па біялогіі — на 21 бал.

— Гэта вельмі высокі паказчык, асабліва калі ўлічыць, што некаторыя слухачы ўжо мелі 80 балаў і ім да найвышэйшага выніку трэба было дабраць усяго 20, — гаворыць Ірына Сакольчык. — Тут ідзе ювелірная работа, бо веды ёсць, трэба знайсці толькі драбнюткія недахопы, адшліфаваць іх і атрымаць высокі вынік. А калі хтосьці прыходзіць з чатырма баламі, то тут велізарнае поле дзейнасці, і назіраецца яшчэ большы прагрэс.Сёлета 76,5% выпускнікоў падрыхтоўчага аддзялення паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, чвэрць выпускнікоў стала студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Ірына Анатольеўна паведаміла, што ў апошнія гады на падрыхтоўчае аддзяленне прыходзяць пераважна мінчане і жыхары іншых гарадоў і вельмі мала выпускнікоў сельскіх школ. Зараз тут вучацца толькі чатыры вяскоўцы, хаця на пачатку 2000-х іх было значна больш.

Адметна, што ўсе, хто мае патрэбу, засяляюцца ў студэнцкі інтэрнат. І хоць сёлета жадаючых было больш, чым звычайна, універсітэт знайшоў магчымасць выдзеліць патрэбную колькасць месцаў.

— Бацькі іншагародніх слухачоў часта вельмі перажываюць, як тут іх дзеці, — гаворыць Ірына Сакольчык. — Трэба сказаць, што дзеці тут пад наглядам. У кожнай групе ёсць куратар, які апякуе сваіх выхаванцаў падобна да класнага кіраўніка ці нават яшчэ больш. Ён вядзе пастаянны ўлік наведвання заняткаў і паспяховасці слухачоў сваёй групы, праводзіць вялікую работу ў інтэрнаце, асабліва ў першыя месяцы, калі ідзе адаптацыя слухачоў да ўніверсітэцкага жыцця. Бо ўсе дзеці вельмі дамашнія, кожнаму патрабуецца ўвага. Мы з году ў год назіраем, як хутка слухачы з’ядноўваюцца і пачынаюць сябраваць (у пэўным сэнсе іх аб’ядноўвае мінулая няўдача пры паступленні і новыя жыццёвыя мэты). Дружба, якая закладваецца на падрыхтоўчым аддзяленні, доўжыцца доўгія гады. І нават калі выпускнікі паступаюць у розныя гарады, яны працягваюць супрацоўнічаць і дапамагаюць адно аднаму.

***

Дарэчы, акрамя падрыхтоўчага аддзялення, на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі актыўна працуюць падрыхтоўчыя курсы. Іх працягласць — ад трох дзён да васьмі месяцаў, і ў кожнага віду курсаў — свая задача. Натуральна, за тры дні нельга падрыхтаваць да экзамену, але можна правесці кансультацыйна-даведачныя заняткі, зрабіць абагульненні і высветліць найбольш слабыя месцы ў падрыхтоўцы абітурыентаў. На курсах, якія доўжацца 8 месяцаў, ажыццяўляецца ўзмоцненая падрыхтоўка. Сёння падобныя курсы з’яўляюцца добрай альтэрнатывай рэпетытарству, тым больш што напаўняльнасць груп невялікая. Прапаноўваюцца і індывідуальныя заняткі. Нездарма іх папулярнасць расце. На гэты час на курсы запісалася ўжо каля тысячы чалавек — на чвэрць больш, чым у гэты ж перыяд летась.

“Нашай мэтай з’яўляецца не толькі падрыхтоўка да ЦТ па асобных прадметах, а найперш падрыхтоўка па праграмным матэрыяле, — адзначае начальнік вучэбнага цэнтра падрыхтоўчых курсаў Алена Мікалаеўна Андрыянава. — Мы не падцягваем па тэсціраванні, але людзі, якія прыходзяць на нашы курсы, могуць быць упэўнены ў тым, што, незалежна ад формы ўступных выпрабаванняў, яны будуць падрыхтаваны па прадмеце”.

І яшчэ адна важная задача, якую вырашае факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, — правядзенне рэпетыцыйнага тэсціравання. Дарэчы, ужо пачаўся першы этап выпрабаванняў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

P.S. Наш аповед пра факультэт даўніверсітэцкай адукацыі будзе няпоўным, калі не расказаць пра падрыхтоўчае аддзяленне для замежных грамадзян. Вось ужо 55 гадоў яно спраўна працуе, вырашаючы стратэгічную дзяржаўную задачу экспарту адукацыйных паслуг. Сёння да вучобы тут прыступіла ўжо звыш 200 замежнікаў з 30 краін свету, і іх набор працягваецца. Рэпартаж з падрыхтоўчага аддзялення для замежных грамадзян чытайце ў наступным выпуску тэматычнага дадатку “Абітурыент”.