Студэнты змогуць самастойна мадэляваць уласную адукацыю

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі з’яўляецца несумненным лідарам у сферы дыстанцыйнай адукацыі. Сёння па гэтай форме займаецца каля 500 чалавек, якія асвойваюць 11 спецыяльнасцей эканамічнага і ІТ-профілю.
Зараз БДУІР пайшоў яшчэ далей. Ужо з верасня студэнты ўсіх форм навучання змогуць асвойваць асобныя дысцыпліны з выкарыстаннем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій, і яны будуць залічвацца дэканатам. Калі дагэтуль такая практыка дзейнічала пераважна для ліквідацыі акадэмічнай розніцы пры аднаўленні на вучобу або пераводзе са спецыяльнасці на спецыяльнасць, то з новага навучальнага года такая магчымасць з’явіцца ва ўсіх студэнтаў.
Пра новаўвядзенне і ўвогуле пра асаблівасці дыстанцыйнай формы навучання нам расказаў намеснік дэкана факультэта бесперапыннай і дыстанцыйнай адукацыі БДУІР Андрэй КРЫВЯНКОЎ.

— Андрэй Віктаравіч, растлумачце, калі ласка, як студэнты дзённай формы змогуць скарыстацца новай магчымасцю?
— Вы ведаеце, што ў нас ёсць дыстанцыйная форма навучання, на якую абітурыенты паступаюць адмыслова. Але з новага навучальнага года магчымасць самастойнага вывучэння асобных дысцыплін з’явіцца ў студэнтаў усіх форм навучання. На практыцы гэта азначае, што студэнту можна напісаць заяву аб тым, што тую ці іншую дысцыпліну ён хоча вывучаць дыстанцыйна. Яго ўнясуць у банк, прысвояць яму лагін і пароль, Крывянкоў_13 стар(сайт)звядуць з кансультантам, дадуць доступ да электронных адукацыйных рэсурсаў — і ён пачне вучыцца. Пры гэтым адпаведныя заняткі на дзённай форме ён можа не наведваць. Пасля праходжання курса студэнт атэстоўваецца і атрымлівае сертыфікат, які залічваецца дэканатам.
Для студэнтаў, якія працуюць, гэта вельмі зручна. Вельмі важна, што можна выбіраць дыстанцыйныя курсы не толькі ў межах сваёй спецыяльнасці, а любыя, якія неабходны. А калі студэнт хоча фарсіраваць навучанне і вывучыць дысцыпліну наступнага ўзроўню — калі ласка. Галоўнае — захоўваць лагічную паслядоўнасць (нельга ўзяць другую частку матэматыкі, не асвоіўшы першую). Такім чынам можна атрымаць і другую адукацыю, напрыклад, эканамічную.
Дарэчы, падобныя курсы могуць прайсці не толькі студэнты БДУІР, але і з іншых устаноў адукацыі, і нават не студэнты. На жаль, беларускія ўніверсітэты пакуль не прызнаюць “чужых” сертыфікатаў, нават калі яны служаць пацвярджэннем высокага ўзроўню ведаў. Але сур’ёзныя работадаўцы ставяцца да гэтых дакументаў з павагай. Напрыклад, студэнту, які працуе ў ІТ-сферы, для далейшага прафесійнага росту неабходны дадатковыя веды — дыстанцыйны курс па пэўнай дысцыпліне можа вырашыць праблему.
Зараз мы выходзім з ініцыятывай, каб выкарыстоўваць тэхналогію сертыфікацыі дысцыплін не толькі ў межах аднаго ўніверсітэта, а ў межах усёй краіны. Гэта было б вельмі зручна. Напрыклад, чалавек вучыцца па педагагічнай спецыяльнасці, але ён хоча атрымаць пашыраныя веды па інфармацыйных тэхналогіях у пэўнай галіне. Ён мог бы звярнуцца ва ўніверсітэт, які прапаноўвае адпаведныя дысцыпліны, вывучыць іх у вольны час і, такім чынам, яшчэ больш павысіць сваю кваліфікацыю. Мы ўпэўнены, што ў кожным універсітэце знойдзецца нешта такое, што будзе цікава іншым. І ў студэнтаў павінна быць магчымасць атрымліваць дадатковыя веды, мадэляваць уласную адукацыю згодна з асабістымі інтарэсамі.

— Скажыце, а наколькі гатовы ўчарашнія школьнікі асвойваць складаныя тэхнічныя дысцыпліны самастойна?
— Сапраўды, у школе за дзецьмі ажыццяўляецца пастаянны кантроль, і яны прывыклі, што іх штодня правяраюць, падганяюць. У нас гэтага няма. Дыстанцыйныя тэхналогіі маюць на ўвазе пераважна самастойную работу з кансультаваннем выкладчыкаў. Таму ўчарашнія школьнікі, якія аказваюцца па-за звыклым кантролем, нярэдка расслабляюцца, а калі бліжэй да сесіі пачынаюць праяўляць актыўнасць, то бывае ўжо позна. У выніку з факультэта бесперапыннай і дыстанцыйнай адукацыі мы адлічваем даволі шмат першакурснікаў.
У той жа час ёсць значная колькасць маладых людзей, здольных да самаарганізацыі, якія з поспехам могуць асвойваць нашы праграмы. Яны цэняць гібкасць дыстанцыйнай формы, магчымасць планаваць сваё навучанне, займацца ў любым месцы, у любы час сутак. Акрамя таго, у рамках дыстанцыйнай формы прадугледжаны кансультацыі з выкладчыкамі, студэнты могуць заўсёды атрымаць патрэбную дапамогу.

— Якія дысцыпліны будуць прапанаваны студэнтам для самастойнага вывучэння?
— Іх ужо больш за 400. Факультэт працуе практычна з усімі кафедрамі ўніверсітэта, за выключэннем асобных тэхнічных кафедр. Справа ў тым, што тэхнічныя спецыяльнасці засяроджаны на завочнай форме, а эканамічныя і ІТ-спецыяльнасці — на дыстанцыйнай. Гэта тлумачыцца тым, што на тэхнічных спецыяльнасцях шмат лабараторных работ, для выканання якіх патрабуецца выкарыстанне рознага абсталявання, студэнтам трэба прыязджаць для іх выканання. А эканамічная ці ІТ-адукацыя мае на ўвазе самастойную работу пад кантролем выкладчыка, і, каб вучыцца, патрэбен толькі камп’ютар з выхадам у інтэрнэт.

Ёсць значная колькасць маладых людзей, здольных да самаарганізацыі, якія з поспехам могуць асвойваць нашы праграмы. Яны цэняць гібкасць дыстанцыйнай формы, магчымасць планаваць сваё навучанне, займацца ў любым месцы, у любы час сутак. Акрамя таго, у рамках дыстанцыйнай формы прадугледжаны кансультацыі з выкладчыкамі, студэнты могуць заўсёды атрымаць патрэбную дапамогу.

— Скажыце, якія інструменты дазваляюць забяспечыць якасны адукацыйны працэс на дыстанцыйнай форме навучання?
— Для кожнай вучэбнай дысцыпліны створаны электронныя кабінеты, якія адмініструюць высокакваліфікаваныя выкладчыкі-кансультанты. У электронным кабінеце размешчаны ўсе неабходныя вучэбна-метадычныя матэрыялы. Студэнты маюць магчымасць атрымаць кансультацыю па дысцыпліне як з дапамогай убудаванай электроннай пошты, чата, форуму, так і ў выглядзе вэбінара або відэакансультацый.
Тут жа, у электронным кабінеце, выкладчык можа весці каляндарнае планаванне праграм навучання і тэстаў, змяшчаць спасылкі на знешнія рэсурсы, пакідаць студэнтам розныя апавяшчэнні і г.д. Усё гэта вельмі зручна, і мы заўважылі: чым больш інструментаў выкарыстоўваецца, тым больш у студэнтаў шансаў паспяхова асвоіць дысцыпліну.
У нашай сістэме дыстанцыйнага навучання задзейнічана больш як 200 выкладчыкаў, якія забяспечаны планшэтамі з папярэдне аплачаным інтэрнэт-трафікам. Гэта значыць, што яны могуць узаемадзейнічаць са студэнтамі практычна ў любы час, нават седзячы дома ці на лецішчы. У іх, як і ў калег з дзённай формы, ёсць адпаведная нагрузка і нормы часу на выкананне работы, але яны працуюць у зручны для сябе і студэнтаў час.
Трэба сказаць, што са студэнтамі дзённай і дыстанцыйнай форм працуюць выкладчыкі з адных і тых жа кафедр, вучэбныя праграмы на абедзвюх формах адрозніваюцца толькі колькасцю гадзін на самастойную работу і рознымі відамі кантрольных заданняў. А змест навучання аднолькавы. І дыпломы выпускнікі таксама атрымліваюць аднолькавыя.

— Скажыце, які працэнт студэнтаў дыстанцыйнай формы навучання паспяхова завяршае навучанне і атрымлівае дыплом?
— Складана падлічыць, бо далёка не ўсе пачынаюць вучобу з 1 курса. Многія паступаюць адразу на 2 ці 3 курс: прыходзяць атрымліваць другую вышэйшую адукацыю (такіх каля паловы студэнтаў) ці аднаўляюцца на вучобу. Думаю, аднак, што каля 50% тых, хто пачынае вучыцца, атрымліваюць дыплом, бывае, што і з адзнакай. Сусветная практыка дыстанцыйнага навучання дапускае 90% адсеву. Гэта натуральны працэс адбору найбольш матываваных і арганізаваных студэнтаў.
Многія людзі ахвотна атрымліваюць у нас другую вышэйшую адукацыю. Для іх гэта больш зручна, чым завочная форма, больш хутка, больш танна. Справа ў тым, што тыя дысцыпліны, якія чалавек праходзіў, атрымліваючы першую адукацыю, у нас яму не трэба паўторна вывучаць і аплачваць. Калі ў чалавека першая адукацыя тэхнічная, то для яго першы курс будзе залічаны практычна цалкам, у адрозненне ад іншых форм навучання аплата ідзе не за перыяд часу, а за дысцыпліны, якія ён вывучае.
Дыстанцыйная форма зручная тым, што чалавек сам выбірае тэмп навучання: так, вучэбная праграма разлічана на 5 гадоў, але яе можна асвоіць за 4 гады. Захацеў хтосьці датэрмінова здаць экзамен — мы заўсёды ідзём насустрач. Просіць чалавек па нейкай прычыне (скажам, працяглая камандзіроўка) перанесці тэрмін здачы сесіі — таксама стараемся арганізаваць.
У нас нават некалькі чалавек вучыліся, знаходзячыся на службе ва Узброеных Сілах. Адзінае, што ім даводзілася атрымліваць дазвол ад камандавання, каб прыязджаць на экзамены. Здаралася, што салдаты прыязджалі прама з часці ў вайсковай форме.

— Скажыце, Андрэй Віктаравіч, чаму пры наяўнасці сучасных тэхнічных сродкаў нельга арганізаваць дыстанцыйную бягучую атэстацыю студэнтаў? Гэта дазволіла б прыцягнуць да навучання значна больш людзей з абмежаванымі магчымасцямі (інвалідаў ці, можа, нават зняволеных), а таксама замежнікаў, людзей, чыя служба ці сямейныя прычыны не дазваляюць ім выязджаць у іншы горад…
— Тут праблема не ў тэхнічных сродках (з гэтым якраз усё нармальна). Нас стрымлівае неразваротная нарматыўная база. У Кодэксе аб адукацыі дыстанцыйная адукацыя прыраўноўваецца да завочнай, і гэта істотна тармозіць яе развіццё. Мы чамусьці ўнушылі сабе, што экзамены павінны быць толькі ў аўдыторыі, што неабходна праводзіць традыцыйныя заняткі са студэнтамі і за імі трэба ажыццяўляць жорсткі кантроль… Але на Захадзе ўжо даўно адышлі ад гэтага. Там ёсць цэлая сістэма адкрытых дыстанцыйных курсаў, людзі масава вучацца — без прымусу і кантролю, дзеля павышэння ўласнай кваліфікацыі і будучай кар’еры. Нам таксама трэба развівацца.
У праекце Кодэкса аб адукацыі, які зараз абмяркоўваецца, прадугледжана вылучэнне дыстанцыйнага навучання ў самастойную форму, і мы спадзяёмся, што ўсе нюансы будуць улічаны. Гэта дазволіць нам выходзіць на новы ўзровень.
Няма ніякіх праблем з тым, каб стварыць магчымасці для ідэнтыфікацыі асобы студэнта і кантролю за ходам экзамену праз відэаканферэнцсувязь. Можна выкарыстоўваць вуснае апытанне, магчыма выкарыстанне сродкаў графічнага ўводу інфармацыі, каб намаляваць графік, увесці формулы і г.д. Патэнцыял інфармацыйных тэхналогій амаль бязмежны. І мы прапаноўваем узаконіць дыстанцыйную атэстацыю, безумоўна, пад поўным візуальным кантролем — гэта дазволіла б прыцягнуць ва ўніверсітэт значна большую колькасць студэнтаў.

— Дзякуй, Андрэй Віктаравіч, за гутарку.

Галіна СІДАРОВІЧ.