Першага верасня 3802 першакурснікі папоўнілі шэрагі студэнтаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Паспяхова выкананы план прыёму на 59 спецыяльнасцей дзённай, завочнай, вячэрняй форм атрымання вышэйшай адукацыі. Аб сакрэтах поспеху прыёмнай кампаніі, падрыхтоўцы будучых педагагічных кадраў, новых формах супрацоўніцтва ўніверсітэта і школы — у інтэрв’ю з рэктарам ГрДУ імя Янкі Купалы, доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам Я.А.РОЎБАМ.
— Яўген Аляксеевіч, кажуць, што ў гэтым годзе абітурыенты рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі нарэшце павярнуліся тварам да педагагічных прафесій. Гэта тычыцца і ГрДУ імя Янкі Купалы?
— Сапраўды, у 2012 годзе мы з задавальненнем адзначылі высокую цікавасць абітурыентаў да прафесіі настаўніка. На 25 педагагічных спецыяльнасцей нашага ўніверсітэта залічана больш за 700 чалавек. Конкурс на дзённай бюджэтнай форме навучання склаў ад 1,3 да 2,7 заяў на месца.
Высокія сумы балаў, а таксама асабістыя дасягненні першакурснікаў сведчаць пра тое, што настаўніцкую прафесію многія абралі свядома (бо маглі смела ўдзельнічаць у конкурсе і на якую-небудзь больш прэстыжную ў моладзі спецыяльнасць). Вось толькі некалькі прыкладаў.
Наталля Казлоўская, выпускніца Гродзенскай гарадской гімназіі, уладальніца дыпломаў трэцяй ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, першай ступені — абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы і другой ступені — па беларускай мове, вырашыла стаць настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі.
Таццяна Вішнеўская, выпускніца сярэдняй школы № 8 Гродна, пераможца раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, паступіла на спецыяльнасць “Руская філалогія”.
Юлія Дакутовіч, выпускніца Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна, пераможца абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і прызёр абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, вырашыла ў будучыні працаваць у школе настаўнікам пачатковых класаў.
І такіх таленавітых юнакоў і дзяўчат сярод будучых педагогаў шмат.
— Якія педагагічныя спецыяльнасці сталі самымі запатрабаванымі ў 2012 годзе?
— Прахадныя балы на педагагічных спецыяльнасцях розныя: ад 141 да 252. Самыя высокія на спецыяльнасцях “Гісторыя” — 252 балы, “Сучасныя замежныя мовы” —
247 балаў, “Алігафрэнапедагогіка і лагапедыя” — 237 балаў.
Дарэчы, паступаюць ва ўніверсітэт на педагагічныя спецыяльнасці не толькі ўчарашнія выпускнікі школ. Працягваюць станаўленне ў прафесіі па скарочаных праграмах навучання выпускнікі каледжаў. Вышэйшую адукацыю ў завочнай форме імкнуцца атрымаць і тыя, хто сёння працуе ва ўстановах адукацыі. І ўзрост не перашкода: сярод першакурснікаў ёсць нават тыя, хто збіраецца адзначыць свой пяцідзесяцігадовы юбілей.
— Раскажыце, калі ласка, аб праграмах прыцягнення абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці, што дзейнічаюць ва ўніверсітэце.
— Другі год запар у ГрДУ імя Янкі Купалы рэалізоўваецца спецыяльная праграма “Прызванне — настаўнік”, накіраваная на падтрымку тых, хто пры паступленні ва ўніверсітэт выбірае педагагічную спецыяльнасць. Пяць першакурснікаў кожнай спецыяльнасці, якія набралі па двух профільных прадметах уступных выпрабаванняў найбольшую колькасць балаў, на працягу першага семестра атрымліваюць заахвочвальную даплату да стыпендыі ў памеры 30%.
Ужо на першым курсе ў кожнага будучага настаўніка з’яўляецца свой настаўнік, у якога можна атрымаць індывідуальную кансультацыю або пад кіраўніцтвам якога можна заняцца творчым праектам. Прадугледжаны і дадатковыя індывідуальныя заняткі па дысцыплінах для тых, каму навучальны працэс падасца складаным. Усе будучыя настаўнікі могуць наведваць заняткі па фітнесе і вялікім тэнісе ў спарткомплексе ўніверсітэта з прадастаўленнем 15-працэнтнай скідкі.
Для першакурснікаў гэтых спецыяльнасцей устаноўлены наступныя прывілеі: настаўніцтва, якое прадугледжвае дадатковыя індывідуальныя заняткі і кансультацыі выкладчыкаў па дысцыплінах вучэбнага плана першага курса, а таксама права выбару базы педагагічнай практыкі ў лепшых навучальных установах Гродна і Гродзенскай вобласці.
З 2012 года ва ўніверсітэце дзейнічае праграма “Лепшы настаўнік маёй школы”. Падчас падачы дакументаў кожнаму абітурыенту была прадастаўлена магчымасць аддаць голас за лепшага педагога сваёй школы, чыё меркаванне з’явілася вызначальным пры выбары спецыяльнасці Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Настаўнікам, якія набралі найбольшую колькасць станоўчых водгукаў, а таксама настаўнікам, чые выпускнікі набралі найбольшую суму балаў па адным з профільных уступных выпрабаванняў, прадастаўляецца статус асацыяванага члена кафедры, якая адпавядае профілю іх педагагічнай дзейнасці. Акрамя таго, гэтыя педагогі атрымліваюць права персаніфікаванага доступу да электронных інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў універсітэта, яны могуць карыстацца ўсімі рэсурсамі нашай навуковай бібліятэкі, удзельнічаць у канферэнцыях, семінарах і іншых мерапрыемствах ГрДУ імя Янкі Купалы.
Упершыню ў 2012 годзе мы рэалізавалі праграму “Школа поспеху”. Па выніках залічэння ва ўніверсітэт выбраны 10 школ Гродзенскай вобласці з найбольшай доляй выпускнікоў, якія паступілі ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Гэтым школам мы прапаноўваем заключэнне дагавора аб супрацоўніцтве, які прадугледжвае абмен найноўшай навуковай, метадычнай, вучэбнай літаратурай; абмен выкладчыкамі, студэнтамі і навучэнцамі; сумеснае правядзенне навуковых, культурных, спартыўных мерапрыемстваў; падрыхтоўку сумесных навучальных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў; сумеснае выкарыстанне вучэбнай, матэрыяльна-тэхнічнай, спартыўнай базы.
— Ведаю, што ўніверсітэт клапоціцца не толькі аб колькасці, але і аб якасці набору, а таму асаблівую ўвагу ўдзяляе рабоце са здольнымі і адоранымі школьнікамі.
— На ўсіх факультэтах універсітэта створаны гурткі, школы, студыі для адораных вучняў. Яскравым прыкладам іх выніковай працы можа служыць школа дакладных навук факультэта матэматыкі і інфарматыкі, у якой займаюцца навучэнцы 5—11 класаў з усёй Гродзенскай вобласці. Штогод праводзіцца дыстанцыйная алімпіяда па матэматыцы. Напрыклад, у 2011—2012 навучальным годзе ў ёй узялі ўдзел больш за тры тысячы навучэнцаў 5—7 класаў. З лепшага боку сябе зарэкамендавала сумесная творчасць студэнтаў і школьнікаў. Так, студэнты спецыяльнасці “Журналістыка” кіруюць школьнымі гурткамі, праводзяць свае творчыя майстар-класы ў школах вобласці, дапамагаюць ствараць школьныя прэс-цэнтры і тэлестудыі. Сумесныя экалагічныя праекты студэнтаў факультэта біялогіі і экалогіі і навучэнцаў сярэдняй школы № 13 Гродна неаднаразова былі адзначаны ўзнагародамі на навуковых канферэнцыях па экалогіі.
— У Гродзенскай вобласці ў школах, гімназіях і ліцэях адкрываюцца ўніверсітэцкія кафедры. Цікава даведацца, як яны працуюць?
— Дырэктары школ нярэдка наракаюць на тое, што выпускнік універсітэта можа пахваліцца тэарэтычнымі ведамі, але аказваецца слаба падрыхтаваным да штодзённай педагагічнай працы. І мы вырашылі аб’яднаць намаганні вучоных універсітэта і вопытных настаўнікаў-метадыстаў, каб павысіць якасць падрыхтоўкі будучых педагогаў за кошт узмацнення практыка-арыентаванага кампанента. Ва ўстановах адукацыі Гродна зараз працуюць 23 філіялы ўніверсітэцкіх кафедр. Настаўнікі ўдзельнічаюць у распрацоўцы зместу курсаў па методыцы выкладання школьных прадметаў, праводзяць практычныя заняткі і майстар-класы, разам з калегамі з універсітэта распрацоўваюць вучэбна-метадычныя дапаможнікі.
Студэнты атрымалі магчымасць акунуцца ў сферу іх будучай прафесійнай дзейнасці, а таксама апрабаваць вынікі навуковых даследаванняў. Філіялы сталі добрай базай для арганізацыі і правядзення педагагічных практык. Дарэчы, пры праектаванні адукацыйных праграм падрыхтоўкі будучых педагогаў універсітэт улічвае патрэбы сістэмы адукацыі: у навучальныя планы ўключаюцца дысцыпліны, прапанаваныя школьнымі педагогамі. Так, І.А.Карлюкова, настаўнік матэматыкі Гродзенскай гарадской гімназіі, адзін з трэнераў каманды Гродзенскай вобласці па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, распрацавала актуальную дысцыпліну “Методыка падрыхтоўкі вучняў да матэматычных алімпіяд і конкурсаў”.
— Выкладчыкі ВНУ і настаўнікі школы лёгка знаходзяць агульную мову?
— Узаемная карысць ад супрацоўніцтва несумненная, асабліва пры пошуку аптымальных рашэнняў педагагічных задач. Так, мы спадзяёмся, што сумесны інавацыйны праект кафедры педагогікі ўніверсітэта і гімназіі № 1 Гродна дазволіць знайсці сучасную мадэль рэсурснага цэнтра для развіцця індывідуальнай вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. Дарэчы, настаўнікі, якія маюць высокія дасягненні ў педагагічнай дзейнасці, праводзяць заняткі не толькі для студэнтаў, але і для … выкладчыкаў універсітэта. Напрыклад, вялікую аўдыторыю ўдзячных і ўважлівых слухачоў сабраў майстар-клас пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2011” настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 1 Дзятлава І.У.Зубрылінай. У сваю чаргу, універсітэт дае магчымасць настаўнікам павысіць свой прафесійны ўзровень на курсах, семінарах, а таксама ў магістратуры па 30 спецыяльнасцях. Цяпер над магістарскімі дысертацыямі працуюць 19 педагогаў устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці.
— Яўген Аляксеевіч, ГрДУ імя Янкі Купалы амаль штогод змяняе пералік спецыяльнасцей, увесь час адкрываючы новыя. Што ўплывае на гэты працэс?
— План прыёму фарміруецца ў адпаведнасці з прынцыпамі максімальнага ўліку патрэб дзяржавы, грамадства і асобы, згодна з місіяй універсітэта, якая заключаецца ў падрыхтоўцы сучасных высокакваліфікаваных кадраў для рэгіёна і краіны. Так, мы штогод адкрываем новыя спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю. І ў 2012 годзе быў упершыню аб’яўлены набор на спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя энергаабсталявання прадпрыемстваў”.
Развіццё традыцыйных педагагічных спецыяльнасцей таксама праводзіцца ў адпаведнасці з новымі патрэбамі адукацыйнай сферы і інавацыйнай эканомікі (у тым ліку ў сувязі з пашырэннем экспарту адукацыйных паслуг і актывізацыяй знешнеэканамічных сувязей). У 2012 годзе ўпершыню ў ГрДУ імя Янкі Купалы адбыўся набор на новы напрамак “Польская мова, англійская мова” ў межах спецыяльнасці “Сучасныя замежныя мовы (выкладанне)”, а таксама на новы напрамак “Руская мова як замежная” ў межах спецыяльнасці “Руская філалогія”. На працягу шэрагу гадоў універсітэт планамерна пашырае прыём на вячэрнюю форму атрымання вышэйшай адукацыі, разглядаючы яе ў якасці альтэрнатывы завочнай форме.
Мне здаецца, у нашым універсітэце кожны можа знайсці сваю прафесію, бо набор праводзіцца па 59 спецыяльнасцях. Вельмі важна зрабіць правільны выбар. А таму мы запрашаем абітурыентаў 2013 года ўжо ў верасні-кастрычніку прыняць удзел у выставе-кірмашы “Адукацыя і кар’ера”, форуме “Перспектывы здольнай і таленавітай моладзі” і днях адкрытых дзвярэй факультэтаў. Чакаем дзяцей у школах юных універсантаў і навуковых гуртках для школьнікаў. Упэўнены, што яны змогуць годна прадэманстраваць свае веды на ўніверсітэцкіх алімпіядах і канферэнцыях.
Аляксандр АНДРЫЯНАЎ.