Сёлета дзень адкрытых дзвярэй у Міжнародным універсітэце “МІТСО” прайшоў у новым фармаце. Старшакласнікі прынялі ўдзел у сапраўднай прэс-канферэнцыі. Іх чакала інфармагенцтва са сваімі карэспандэнтамі, фатографамі, а таксама надрукаванымі газетамі.
— Мы зыходзім з таго, што, калі чалавек прыходзіць ва ўніверсітэт, ён павінен ведаць, да чаго імкнецца, — звярнула ўвагу прарэктар па вучэбнай рабоце і міжнародных сувязях, доктар юрыдычных навук, дацэнт Алена Доўгань. — Таксама робіцца акцэнт на спецыяльнасці ў сферы эканомікі, юрыспрудэнцыі і ІТ. Наш універсітэт называецца міжнародным не проста так: мы спрабуем максімальна далучыць студэнтаў да міжнароднай дзейнасці, даць ім магчымасць паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах, якія пашыраюць кругагляд.
Студэнты ўніверсітэта Ірына Буйко і Мікіта Кот азнаёмілі абітурыентаў з міжнароднай дзейнасцю ўстановы і студэнцкім жыццём. Старшакласнікі даведаліся пра розныя конкурсы, што праводзяцца не толькі ў Міжнародным ўніверсітэце “МІТСО”, але і па-за межамі краіны, пра акадэмічныя абмены, а таксама пра шматлікія творчыя студыі, аб’яднанні па інтарэсах і маладзёжныя актыўнасці. Аляксандр Варонін і Эдуард Самойлаў паведамілі абітурыентам пра жыццё ў студэнцкім інтэрнаце.
Старшакласнікі цікавіліся ў студэнтаў, якія спецыяльнасці найбольш запатрабаваны, як прайсці практыку ў сучаснай кампаніі ці трапіць на стажыроўку за мяжу. Пасля для навучэнцаў былі арганізаваны прафарыентацыйныя сустрэчы з дэканамі факультэтаў і экскурсія па ўніверсітэце. Госці ўніверсітэта азнаёміліся з новым корпусам, яго аўдыторыямі-трансформерамі і тэматычнымі кабінетамі. Увесь час старшакласнікаў суправаджаў добразычлівы і жыццярадасны сімвал установы — універсітэцкая сава.
— Мы ўжо даўно вырашылі сюды паступаць, — паведамілі навучэнкі школы № 12 Маладзечна Вікторыя Акула і Аліна Вяршыла. — Яшчэ з мінулага года пачалі цікавіцца гэтым універсітэтам і аднойчы ўжо былі тут. А сёння вырашылі лепш даведацца пра розныя спецыяльнасці і вызначыцца канчаткова. Нас вельмі ўразіла актыўнасць студэнтаў, іх гатоўнасць прыйсці на дапамогу, а таксама адкрытасць выкладчыкаў, якія з намі працавалі.
Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.