Свята ведаў, адкрыццяў, інтэлекту

Стварыць мікрапрэпарат клетак дражджэй, сабраць электрычную схему, паназіраць за эксперыментам “Хімічны святлафор” і даведацца пра квантавыя камп’ютары — гэтым і не толькі здзіўлялі 11 верасня наведвальнікаў Фестывалю навукі. Пляцоўкай для яго традыцыйна стаў Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук. Адразу трэба адзначыць, што мерапрыемства арганізоўвалася ўжо трэці раз (першыя два — у 2018 і 2019 гадах), але жадаючых наведаць сапраўднае свята навукі і ведаў было некалькі тысяч.

Гэта падкрэсліў і галоўны вучоны сакратар старшыня савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Іванец: “Вялікая цікавасць ёсць і сярод удзельнікаў, і сярод гасцей. Калі першы такі фестываль наведалі каля 5—6 тысяч чалавек, то другі сабраў ужо больш за 10 тысяч. Мы разлічваем, што гэтым разам наведвальнікаў не менш”.

Каб госці навуковага свята не засумавалі, праграма фестывалю кожны год мяняецца, удасканальваецца. “Гэта наша знакавае, брэндавае мерапрыемства. На фестывалі прадстаўлены розныя навуковыя напрамкі, распрацоўкі Нацыянальнай акадэміі навук, універсітэты. Ёсць і замежныя госці. Тут шмат новага, арыгінальнага, незвычайнага. Мы стараемся не паўтарацца”, — заўважыў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў.

Мэта фестывалю — папулярызацыя дасягненняў беларускіх вучоных і сусветнай навукі, павышэнне прэстыжу навукі ў грамадстве і зацікаўленасці навучэнцаў і студэнтаў у навукова­даследчай дзейнасці. “Мы ставім задачу паказаць наведвальнікам, што сабой уяўляе навука, да чаго мы павінны імкнуцца, прадэманстраваць яе развіццё, дасягненні, абмаляваць перспектывы”, — адзначыў Уладзімір Гусакоў. А яшчэ фестываль аб’ядноўвае навуковыя прасторы розных краін. Так, на беларускім фестывалі працавалі пляцоўкі расійскай дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энергіі “Расатам” і Усерасійскага фестывалю навукі NAUKA 0+.

“Навінка фестывалю гэтага года — фактычна Тыдзень навукі, які прайшоў напярэдадні сённяшняга фінальнага дня. Кожны дзень, пачынаючы з панядзелка, працавала вялікая колькасць лакацый у розных установах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі і на базе інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук”, — паведаміў Андрэй Іванец. Так, напрыклад, 6 верасня мінчане і госці сталіцы маглі трапіць на экскурсію ў лабараторыі Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, 7­-га — наведаць анатамічны музей Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, 8­-га — паглядзець навукова­папулярны фільм у Мінскім планетарыі і інш.

А 11 верасня адбылася цэнтральная падзея Фестывалю навукі ў батанічным садзе. Праграма мерапрыемства была разлічана на 8 га­дзін і прапаноўвала разнастайныя майстар­-класы, выставы інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук, біялагічнага і хімічнага факультэтаў БДУ, лекцыі. Асобныя пляцоўкі занялі “Расатам”, NAUKA 0+ і Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі Мінска.

Навука праз практыку для дзяцей і не толькі

З вялікім захапленнем дзеці і нават дарос­лыя назіралі за відовішчнымі эксперыментамі на майстар­-класе хімічнага факультэта БДУ. Яго прадстаўнікі дэманстравалі якасную каляровую рэакцыю з ёдам, пры якой бясколерны раствор у момант рабіўся чорным, а таксама дослед са звычайнымі аптэчнымі таблеткамі, якія пры награванні сталі хутка павялічвацца.

Інстытут эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук прапанаваў гасцям фестывалю разгледзець у мікраскоп валасок кораня кукурузы, мышцу чалавека і нават галаву матылька, а прадстаўніца Інстытута фізікі паказала фотастымулятар для гідрабіёнтаў — апарат для павышэння ўзнаўленчай функцыі рыб.

Супрацоўнікі Інстытута гігіены Нацыянальнай акадэміі навук прадэманстравалі апарат па вымярэнні частаты сардэчнага рытму, запрасілі ўсіх жадаючых яго апрабаваць, а таксама расказалі пра сваю праграму “Пашпарт здароўя”. Яна прадугледжвае дыягностыку даклінічных змен у стане здароўя чалавека з выкарыстаннем інавацыйных метадаў.

Не забылі арганізатары свята і пра гуманітарныя навукі. Так, на пляцоўцы Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук усе жадаючыя маглі прыняць удзел у гульнях “Сацыялагічныя прагнозы” і “Сацыялагічная інтуіцыя”. Апошняя ўяўляла сабой віктарыну са смачнымі прызамі. А супрацоўнікі Інстытута гісторыі арганізавалі майстар-­клас па ткацтве і рэканструкцыю лепкі гаршка эпохі неаліту.

Вядома, на Фестывалі навукі працавалі спецыяльныя лакацыі і для самых маленькіх гасцей. На майстар-­класе дзіцячага навуковага клуба “Малекула” юныя хімікі даведаліся пра раствор меднага купарвасу і правялі некалькі простых бяспечных доследаў з ім. А супрацоўніца Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук паказала дзецям, як выглядае малекула ДНК, і прапанавала ім скласці яе з паперы. Таксама маленькія наведвальнікі фестывалю спрабавалі сябе ў праграмаванні і развівалі лагічнае мысленне: міжнародная школа праграмавання і матэматыкі “Алгарытміка” стварыла спецыяльную гульню, герой якой рухаецца з дапамогай каманд праграмавання. Для таго каб прайсці ўзровень, неабходна было перанесці каманды з першага поля ў другое ў пэўнай паслядоўнасці, прадумаць кожны ход наперад. Задача нялёгкая, але дзеці з захапленнем вырашалі яе.

Сучасныя тэхналогіі прафарыентацыі

Для старшакласнікаў, будучых выпускнікоў і проста ўсіх жадаючых  псіхолаг клінічнай лабараторыі прафілактычнай медыцыны Навукова­практычнага цэнтра гігіены прапаноўваў правесці аб’ектыўны псіхалагічны аналіз. З яго дапамогай можна было канкрэтызаваць, наколькі цікава чалавеку тая ці іншая прафесія, высветліць, ці адпавядае здольнасцям чалавека ўжо выбраная ім прафесія.

“Мы дапамагаем людзям вызначыцца, чым ім займацца ў жыцці, звязаць інтарэсы чалавека з яго магчымасцямі і акрэсліць, у якой сферы ён можа праявіць сябе. Выкарыстоўваем у сваёй рабоце новыя тэхналогіі”, — расказаў псіхолаг.

Прафарыентацыйны аналіз праводзіцца на сучасным абсталяванні — дыягнастычным комплексе з біялагічна зваротнай сувяззю. З дапамогай датчыкаў ён фіксуе імгненную рэакцыю падыспытнага на адказы нескладанага тэста. Пасля яго праходжання камп’ютар прадстаўляе спачатку дыяграму вынікаў непасрэдна па ад­казах на пытанні, затым — дыяграму вынікаў тэста з аналізам эмацыянальнай рэакцыі чалавека на пытанні і адказы, і псіхолаг право­дзіць разбор. Так, напрыклад, згодна з дыяграмай маіх вынікаў тэста па адказах, мне не падыходзяць экстрэмальныя прафесіі. Аднак дыягнастычны комплекс сцвярджае адваротнае: ён зафіксаваў станоўчую рэакцыю маёй нервовай сістэмы на варыянты адказаў пра экстрэмальныя прафесіі. Гэта называецца канфліктам, і тут для дакладнага выніку варта прайсці паўнавартасную дыягностыку працягласцю паўтары гадзіны. Такую дыягностыку абітурыенты і ўсе зацікаўленыя могуць прайсці ў клінічнай лабараторыі прафілактычнай медыцыны Навукова-­практычнага цэнтра гігіены.

Лекцыі з амаль стапрацэнтным наведваннем

Нягледзячы на тое, што лекцыі ўяўляюцца не такімі вясёлымі мерапрыемствамі, як майстар-­класы, усе лекцыйныя пляцоўкі падчас фестывалю былі поўныя. Прычым паслухаць пра сонечную энергію, 3D­-біяпрынтынг, атрутныя расліны, геннае рэдагаванне і многае-­многае іншае прыходзілі не толькі дарослыя, але і дзеці, падлеткі. Усяго працавалі чатыры лекцыйныя зоны. 

На пляцоўцы “Экстрэмальная навука” слухачы даведаліся пра небяспечныя тэхналогіі ў біялогіі, рознага тыпу робатаў — ад хатніх да ваенных, пра квантавыя камп’ютары. Эксперты ў другой тэматычнай зоне “Жыць вечна” ўзня­лі пытанне жыцця і смерці, нават бессмяротнасці. Так, кандыдат біялагічных навук загадчык кафедры агульнай хіміі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзіслаў Хрусталёў правёў лекцыю “Эвалюцыя смяротнасці”, у якой расклаў гэтую тэму па палічках: ад дзялення клеткі да складаных момантаў малекулярнай філагенетыкі. Высновы лекцыі былі хоць і не аптымістычныя, але прагнастычныя: бессмяротнасць будзе магчыма пры ўмове эвалюцыі сістэмы ўзнаўлення генетычнага апарату чалавека. Даклад Уладзіслава Хрусталёва спадабаўся слухачам, пра гэта сведчыла вялікая колькасць пытанняў пасля выступлення. Нават не хапіла часу — эксперту прыйшлося пераходзіць на прыватныя адказы.

Яшчэ адну лекцыю пад назвай “Як мозг кіруе арганізмам і як арганізм кіруе мозгам: нейрамедыятары і нейрахімія” на гэтай жа пляцоўцы прачытаў кандыдат медыцынскіх навук асістэнт першай кафедры дзіцячых хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксей Сапатніцкі. Спачатку дакладчык вырашыў узбадзёрыць публіку цікавымі фактамі пра галаўны мозг. Так, дзеці і некаторыя дарослыя даведаліся, што гэты орган не адчувае болю, бо не мае болевых рэцэптараў, што аб’ём памяці мозга — 1 тысяча тэрабайтаў (1 024 000 гігабайтаў), што ён расходуе 20 і больш працэнтаў кіслароду ў арганізме. У асноўнай частцы лекцыі спецыяліст расказаў пра віды нейрагармонаў, іх узаемасувязі, акцэнтаваў увагу на гармонах дафамін і сератанін, якія прыносяць адчуванне эйфарыі і шчасця адпаведна. Аматарам здаровага ладу жыцця было цікава паслухаць, якія простыя дзеянні і даступныя прадукты спрыяюць павелічэнню колькасці названых гармонаў у арганізме.

Трэцяя лекцыйная зона “Пакідаючы Зямлю” была прысвечана праблемам космасу, клімату, а таксама тут можна было даведацца пра біяміметыкі (штучныя нанаматэрыялы з уласцівасцямі біяматэрыялаў) і здаровае харчаванне.

На бліц­-лекцыях госці Фестывалю навукі пазнаёміліся з РНК-­інтэрферэнцыяй, тэорыяй адноснасці ў кіно, замкнёным цыклам атамнай энергетыкі, пачулі пра вавёрак-зомбі, разам з экспертам разабраліся ў рэальнасці і міфах пра ГМА. Прадстаўніца рэспубліканскага інжынернага прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы” Нацыянальнай акадэміі навук Надзея Залатая выступіла з лекцыяй “Погляд з космасу вачыма беларусаў”, у якой расказала пра ўклад нашых суайчыннікаў у развіццё космасу, выкарыстанне касмічных здымкаў, нацыянальную касмічную сістэму дыстанцыйнага зандзіравання. Варта заўважыць, што ўсе лекцыі былі адаптаваны пад звычайных слухачоў, неспецыялістаў у той ці іншай сферы, складаная тэрміналогія тлумачылася, прамовы падмацоўваліся мультымедыйнымі прэзентацыямі.

Атамны горад у батанічным садзе

Асобныя вялікія пляцоўкі на Фестывалі навукі размясцілі расійская дзяржаўная карпарацыя па атамнай энергіі “Расатам”, Усерасійскі фестываль навукі NAUKA 0+ і Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі Мінска. Праграмы яны прадставілі таксама шырокія. 

Так, “Расатам” запрашаў на гутарку “Навош­та лавіць нейтроны і як змяніць колер брыльянта”, на навуковае шоу пра электрычнасць і фізіку рэчаў, разнастайныя майстар-­класы для дзяцей і не толькі. Наведвальнікі фестывалю маглі зрабіць тут віртуальнае зварачнае шво, даведацца пра ядзерную медыцыну, а самыя маленькія — паўдзельнічаць у інтэрактыўнай гульні з макетам чалавечага цела, пры дапамозе якога юныя фізіёлагі даведаліся пра функцыі і ролі важных органаў. У электразоне дзеці літаральна абляпілі вядучую: ім так цікава было паглядзець на работу трансфарматара, “лесвіцы Іакава”, “сонечных крылаў” і іншых вынаходак Ніколы Тэслы. Для ўсё тых жа маленькіх гасцей фестывалю на лакацыі “Расатама” працавала “пошта будучыні”, дзе можна было напісаць ліст наступнаму пакаленню.

Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі прапанаваў наведвальнікам музей эксперыментаў пад адкрытым небам, квест-­рум “Загадкі інжынернага бюро”, навукова­-інжынерную лабараторыю “Гукі будоўлі”, дзе дарос­лыя і дзеці змаглі акунуцца ў гукавую карціну працэсу будаўніцтва атамнай станцыі. А Усерасійскі фестываль навукі NAUKA 0+ зачараваў эфектным азотным шоу.

Батанічны сад быў поўны гасцей да заканчэння фестывалю а 7-­й гадзіне вечара, а некаторыя наведвальнікі і пазней шпацыравалі ўздоўж цудоўных прысад. Свята ведаў, адкрыццяў, інтэлекту чарговы раз даказала, што навука цікавая і разнастайная, а цуды — побач. 

Ягор ГЕРМЯНЧУК,
студэнт факультэта журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.