Аперацыйных лагістаў з 2017 года будуць вучыць у Віцебскім дзяржаўным індустрыяльна-тэхналагічным каледжы.
Перш чым трапіць да пунктаў рэалізацыі і спажыўца, любы тавар (а тым больш калі гаворка ідзе пра пастаўкі з-за мяжы) пераадольвае складаны шлях. Каардынуе гэты рух лагіст. Праектаванне, укараненне, эксплуатацыя лагістычных сістэм і іх элементаў з улікам мэт і задач арганізацыі, узаемадзеянне з пастаўшчыкамі і перавозчыкамі, кіраванне складскімі запасамі і дыспетчарскае кіраванне вытворчасцю, складанне планаў продажаў, заключэнне дагавораў, афармленне заказаў на пастаўкі, выбар аптымальных умоў і тэрмінаў дастаўкі, кантроль транспарціроўкі тавараў, каардынацыя і кантроль пагрузачна-разгрузачных работ, забеспячэнне першаснага дакументаабароту транспартна-тэхналагічнага працэсу — гэтыя і шэраг іншых задач уключае сфера дзейнасці прадстаўнікоў азначанай прафесіі. Іншымі словамі, галоўная задача лагіста — арганізаваць сістэму пастаўкі і размеркавання тавараў такім чынам, каб усё пастаўлялася куды патрабуецца, у неабходнай колькасці і ў азначаны тэрмін, і разам з тым звесці да мінімуму накладныя выдаткі, звязаныя з транспарціроўкай і захоўваннем.
— Адпаведна, такія спецыялісты запатрабаваны ў арганізацыях, чыя дзейнасць звязана з пастаўкамі тавараў: спецыялізаваных фірмах, якія аказваюць паслугі ў галіне транспарціроўкі тавараў, буйных гандлёвых сетках, на тых вытворчасцях, куды пастаўляецца вялікая колькасць сыравіны і камплектуючых, — запэўніла адказны сакратар прыёмнай камісіі намеснік дырэктара каледжа Таццяна Бродская. — З новага навучальнага года мы прапануем абітурыентам новую спецыяльнасць “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы” з кваліфікацыяй “аперацыйны лагіст”. Запатрабаванасць лагістаў у нашым рэгіёне абумоўлена многімі фактарамі — ад сусветнай глабалізацыі да існавання значнай колькасці арганізацый, дзейнасць якіх звязана з пастаўкамі тавараў. Мне прыемна сказаць, што наш каледж першы, хто адкрывае ў Віцебску падрыхтоўку па згаданай спецыяльнасці на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Згодна з зацверджаным адукацыйным стандартам, навучанне па спецыяльнасці прадугледжваецца на аснове агульнай базавай адукацыі тэрмінам на 3 гады 6 месяцаў. Форма атрымання адукацыі — дзённая.
— Адкрыццё падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы” дазволіць часткова задаволіць кадравыя запыты лагістычных цэнтраў краіны, а ў першую чаргу Віцебска і Віцебскай вобласці, — падкрэсліла дырэктар каледжа Ірына Кісялёва. — Атрыманне сярэдняй спецыяльнай, а ў далейшым і вышэйшай адукацыі па скарочанай праграме паменшыць фінансавыя выдаткі на падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў у гэтым актуальным напрамку эканомікі.
Як паведамілі ў прыёмнай камісіі, навучанне прадугледжвае падрыхтоўку спецыялістаў з трывалымі ведамі ў галіне тэхнікі і тэхналогій, эканомікі, сацыяльна-гуманітарных навук. Адукацыйную дзейнасць будуць ажыццяўляць высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры. Правядзенне практычных заняткаў плануецца на базе Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”, дзе ёсць аналагічная спецыяльнасць на ўзроўні вышэйшай адукацыі.
Таццяна БОНДАРАВА.
Абітурыент Інтэрнэт-версія дадатку да "Настаўніцкай газеты"
