Кацярына Несан, напэўна, адна з самых знакамітых абітурыентак гэтага года. Многія СМІ і інтэрнэт-рэсурсы паведамлялі, што гэтая выпускніца гімназіі № 1 горада Бярозаўка была залічана на факультэт міжнародных адносін БДУ з 397 баламі. Напярэдадні 1 верасня першакурсніца падзялілася з нашымі карэспандэнтамі ўражаннямі ад універсітэта і згадала, дзякуючы чаму ёй удалося паступіць на самы прэстыжны факультэт краіны.
Выключэнне ці правіла?
Падаваць дакументы на спецыяльнасць “Сусветная эканоміка” можна было без рызыкі. Перамога ў рэспубліканскай алімпіядзе па нямецкай мове, 100 балаў па матэматыцы, 97 — па беларускай мове, выдатны атэстат — такі вынік, напэўна, не пераўзышоў ніхто.
Уступныя экзамены ў мінулым, але згадваць свае перамогі заўсёды прыемна, таму мы просім Кацярыну Несан раскрыць сакрэт яе поспеху пры паступленні. Як вядома, каля 60 працэнтаў удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы не набралі вышэй за 20 балаў. Тлумачаць гэта па-рознаму: празмерна складанымі тэстамі, агульным нізкім узроўнем матэматычнай падрыхтоўкі школьнікаў. Толькі як тады адносіцца да такіх прыкладаў, як Кацін? Значыць, і немагчымае магчыма?
— Здольнасці, канечне, маюць значэнне, — зазначае студэнтка, — але я ведаю здольных дзяцей, якія лянуюцца. Альбо не вераць, што можна атрымаць на цэнтралізаваным тэсціраванні 100 балаў. Няпраўда. У мяне шмат знаёмых, якія здалі матэматыку на балы вышэй за 80. Усё рэальна, проста трэба старацца.
Адметна, што Каціна настаўніца матэматыкі — яе маці. Таццяна Станіславаўна Несан расказала, што яе вучні звычайна здаюць матэматыку на высокія балы і паступаюць у ВНУ на прэстыжныя спецыяльнасці, але 100 балаў — гэта ўпершыню. Тым больш прыемна, што іх атрымала яе дачка.
Нехта скажа, што маці-настаўніца — гэта, па сутнасці, дамашні рэпетытар, але не трэба забывацца пра высокія вынікі Кацярыны па іншых прадметах. Праўда, у выпускным класе Таццяны Станіславаўны было ўсяго 5 вучняў (напэўна, і рэпетытары могуць працаваць з групамі большай напаўняльнасці). Затое ў пазавучэбны час маці дапамагала толькі кансультацыямі і забяспечвала неабходнымі кнігамі, па якіх Каця займалася самастойна.
Маці Кацярыны таксама лічыць, што талент талентам, але дасягнуць высокіх вынікаў у вучобе дачцэ дапамаглі яе надзвычайная працавітасць, настойлівасць, мэтанакіраванасць.
— Каця вярнулася пераможцай з алімпіяды па нямецкай мове і сказала: “А цяпер мне трэба 100 балаў па матэматыцы”, — згадвае Таццяна Станіславаўна. — Як выгадаваць такую мэтанакіраванасць? Не думаю, што тут можа быць нейкая сістэма. Я заахвочвала Кацю, хваліла, але час ад часу быў і бізун.
Дзяўчына ўзмоцнена займалася матэматыкай з красавіка па чэрвень. І вось вынік!
Дарэчы, удзел у алімпіядным руху Каця пачынала менавіта з матэматыкі ў 8 класе. А потым ужо зацікавілася нямецкай мовай. Вопыт рашэння алімпіядных задач саслужыў выдатную службу.
— Я цікавілася аналізам вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання і высветліла: многія, хто атрымаў найвышэйшыя балы, удзельнічалі ў алімпіядах, — зазначае Т.С.Несан.
Настаўніца матэматыкі пацвердзіла, што рыхтавацца да ЦТ толькі па зборніках тэстаў неэфектыўна. Усе тэсты перарашаць немагчыма, больш важна навучыцца думаць. Перад тэсціраваннем па матэматыцы маці так і сказала Кацярыне: “Усё, што трэба ведаць, ты ведаеш і думаць умееш”. Гэтая формула і вызначыла поспех абітурыенткі.
Каця раіць старшакласнікам старацца вучыцца і памятаць пра сваю мэту, нягледзячы на тое, што ў 11 класе хочацца весела бавіць час, магчыма, сустракаеш першае каханне. Хаця сама дзяўчына вельмі добра ўмее спалучаць і працу, і адпачынак. Яна вандруе, іграе на гітары, складае і спявае песні, займаецца валейболам, — словам, поўная процілегласць “батаніка”.
Студэнцкае жыццё пачынаецца на мажорнай ноце
Жаданне звязаць прафесійную дзейнасць з міжнароднымі адносінамі з’явілася ў Кацярыны ў 10 класе. Але БДУ яна выбрала амаль перад самым пачаткам прыёму дакументаў. Паўплываў досвед знаёмай, якая знайшла добрую работу, атрымаўшы спецыяльнасць “Сусветная эканоміка”. Не апошнюю ролю адыграла і ўласнае ўражанне ад новага корпуса ФМА, новага інтэрната ў студэнцкай вёсцы.
На факультэце міжнародных адносін Кацю Несан ужо ўсе ведаюць як “тую самую, што набрала 397 балаў”. На арганізацыйным сходзе нечакана выбралі старастай.
— Паглядзела на выкладчыкаў, і прамільгнула думка: мне, бадай, хацелася б у будучыні быць выкладчыцай універсітэта, — гаворыць першакурсніца.
Кацярына ўжо ў захапленні ад вялікага горада і яго рытму. 30 жніўня — засяленне ў новы інтэрнат, 31 — святочныя мерапрыемствы да Дня ведаў, 1 верасня — урачыстае адкрыццё корпуса факультэта міжнародных адносін… Студэнцкае жыццё пачынаецца на мажорнай ноце!
Іна НІКІЦЕНКА.
nikitsenka@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.