Толькі фізіка — соль

У шасцікурсніцы фізічнага факультэта БДУ Іуліяны Бушкевіч шмат дасягненняў у любімай галіне. Адны з апошніх — перамога ў конкурсе “Студэнт года — 2019” у намінацыі “Навука” і 1-я катэгорыя на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў. Гледзячы на яе, зусім не верыцца, што некалі пра фізфак дзяўчына нават не задумвалася.

Нягледзячы на тое, што ў сям’і існавала дынастыя (прадзядуля, дзядуля і мама Іуліяны — навукоўцы-фізікі), школьніцу больш вабіла матэматыка і пра фізічны факультэт спецыяльна ніхто не загаворваў.

— Дзядуля — чалавек, на якога мне заў­сёды і ва ўсім хацелася раўнавацца. Ён той, каго называюць геніямі. Фраза “таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім” — пра іх з мамай, — кажа шасцікурсніца.

Пра што б ні расказвала дзяўчына, аповед перадае цесную сувязь з сям’ёй. Магчыма, таму, што родныя побач на ўсіх этапах яе жыцця. Студэнтка ўспамінае, што бабуля з дзяцінства развівала мастацкі густ унучкі: яны разам чыталі кніжкі, хадзілі ў тэатр, слухалі класічную музыку. Не забываецца і тое, як маці шмат працавала над навуковымі артыкуламі і старалася прывіваць любоў да навучання дачцэ.

— Дома было шмат пазнавальнай літаратуры, і мама давала мне заданні для агульнага развіцця, — расказвае Іуліяна. — У нас была дамова: выконваю працу і магу быць вольнай. У дзяцінстве я мала радавалася такой увазе, але зараз з удзячнасцю ўспамінаю гэтыя “ўрокі”. Часта, як і многія ў падлеткавым узросце, я задавала маме пытанне: “Навошта ўсё гэта?” Маўляў, усё роўна ва ўніверсітэце не спатрэбіцца. Яна тлумачыла проста: “Само слова “ўніверсітэт” мае на ўвазе шырокую адукацыю. Бу­дзеш займацца — “пракачаеш” розум і зможаш глядзець на жыццё зусім іншым, чым у астатніх, поглядам”.

Ужо здаўшы цэнтралізаванае тэсціраванне, Іуліяна звярнула ўвагу на фізічны факультэт БДУ. Пачала знаёміцца, чым жыве фізфак, што там вывучаюць.

— Паглядзела прадметы — спадабалася. На факультэце моцны выкладчыцкі склад: некаторыя прафесары выкладалі яшчэ ў мамы. Мы сабралі “сямейны кансіліум”. Родныя сказалі: “Калі ёсць жаданне — ідзі. Будзе незразумела — патлумачым”. Я паступіла і праз 2 тыдні вучобы зразумела, што прыйшла туды, куды хацела, — дзеліцца ўспамінамі Іуліяна Бушкевіч.

• Не так важна, якія балы вы атрымаеце на ЦТ. Вучоба на фізфаку залежыць ад моц­нага ўнутранага стрыжня, уседлівасці, адказных адносін да вучобы і ўсведамлення таго, навошта вы тут.

• Можна выбраць больш “лёгкі” факультэт і не замарочвацца. Але калі вы любіце фізіку, а наперадзе цэлае жыццё, лепш пайсці туды, што прываблівае. Цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі.

• Калі збіраецеся займацца навукай — знайдзіце навуковага кіраўніка, з якім будзе камфортна працаваць (адкажыце, наколькі яго галіна цікавая для вас, пазнаёмцеся з метадамі). Важна, калі студэнт і выкладчык знаходзяць адзін аднаго, бо ў рабоце патрэбна маральная падтрымка старэйшага.

Родныя не падманулі, калі гаварылі пра дапамогу: студэнтка ўспамінае, як дзядуля тлумачыў няпростыя тэмы з дапамогай малюнкаў.

— Нам гаварылі, што самы складаны перыяд на факультэце — першыя два гады. Няпраўда! Я да апошняга часу задавала сабе пытанне: “Ну калі ўжо будзе лёгка?” А на фізфаку “лёгка” не бывае, — смяецца шасцікурс­ніца. — Узровень ведаў, вынесеных з нашага факультэта, вельмі высокі. Мы ўмеем вучыцца і знаходзіць патрэбнае. Фізік — гэта не прафесія, а ўменне жыць. Нездарма ў нас любяць паўтараць: “Толькі фізіка — соль”.

На 3 курсе Іуліяна пачала пратоптваць сцяжынку ў навуку. На гэтым этапе студэн­ты выбіраюць навуковых кіраўнікоў у залежнасці ад таго, якой тэмай хацелі б займацца. І ад уважлівага падыходу да пытання залежыць поспех у даследаваннях.

Так, навуковы кіраўнік Іуліяны прафесар кафедры фізікі цвёрдага цела БДУ Васіль Шапялевіч упершыню пазнаёміў студэнтку з алюмініевым сплавам 1421, які дзяўчына даследуе сёння. І калі для большасці студэнтаў курсавая работа пачынаецца з тэарэтычнага блока, Іуліяна Бушкевіч атрымала магчымасць адразу ж перайсці да практыкі.

— Мы вывучаем, як можна паляпшаць фізічныя ўласцівасці сплаву, выкарыстоўваючы новыя метады яго атрымання. І хоць сплаў 1421 быў адкрыты ў СССР, даследаванне ўзораў, якія хутка зацвердзява­юць, — перспектыўны напрамак. Удасканалены, гэты сплаў можа выкарыстоўвацца ў ядзернай энергетыцы, касмічных тэхналогіях і машынабудаванні, — тлумачыць Іуліяна Бушкевіч.

Самым прыемным у навуцы для маладой даследчыцы з’яўляецца адчуванне, што лю­дзі, перад якімі даводзіцца высту­паць, — аднадумцы. Тады паміж прамоўцам і аўдыторыяй сціраецца мяжа: вядомыя прафесары знаходзяцца на адной хвалі з вучонымі-пачаткоўцамі. Такія сустрэчы даюць новыя кірункі ў даследаваннях, адкрыва­юць невядомыя бакі. А сутнасц­ь навукі, лічыць шасцікурсніца, якраз у тым, каб адкрываць нешта цікавае, чаго не было да цябе.

На пытанне, з якімі праблемамі Іуліяне даводзілася сутыкацца за гады навучання, дзяўчына адказвае з усмешкай:

— На першых курсах у мяне амаль не было выхадных (але вы гэта не пішыце, бо абітурыенты спужаюцца): то падрыхтоўка да лабараторных, то работа з дадатковай літаратурай. Я радавалася гэтаму, а сябры пакутавалі. Але ж такі расклад не ва ўсіх, — гаворыць студэнтка. — У нас падрыхтоўка да практычных і лабараторных не абмяжоўваецца прагортваннем метадычкі і правільным афармленнем задання. Выкладчык абавязкова спытае, як ты зразумеў умову, якія крокі рабіў, што вынес з задачы і як яе рашыў. Не адкруцішся! Але гэта і спрашчае вучобу: калі зазубрыў — хутка забудзеш, а калі прапусціў тэму праз сябе, паглыбіўся ў дадатковую літаратуру — усё запомніў.

Іуліяна гаворыць, што ў групах збіраюцца людзі не толькі з падобнымі інтарэсамі, але і з аднолькавымі праблемамі, таму “калектыўны розум” фізфака дапамагае не толькі ў вучобе, але і пры жыццёвых цяжкасцях. Фізікі, па словах шасцікурсніцы, хоць і сур’ёзныя з выгляду, але вельмі дружалюбныя.

Па словах студэнт­кі, пра дзяўчат з фізічнага факультэта звычайна гавораць з прыдыханнем і захапленнем.

— Калі людзі даведваюцца, адкуль я, іх выраз твару выдае: ого, якая разумная! Не кожны дзень можна пазнаёміцца з фізікам-ядзершчыкам. А калі гэта яшчэ дзяўчына-фізік! Фізфак у іх вачах — гэта ўзровень, — гаворыць Іуліяна Бушкевіч. —  Люблю назіраць за людзьмі, якія заўважаюць мой ружовы інжынерны калькулятар (з ім за гады вучобы амаль не расставалася). Яго нестандартны колер таксама часта становіцца нагодай, каб пачаць размову.

Мінулы год прынёс студэнтцы 2-ю катэгорыю на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў, сёлета дзяўчына стала ўладальніцай 1-й катэгорыі. Іуліяна, як у той прымаўцы, павольна, але дакладна ідзе ў навуку. Зараз яна размеркавалася на кафедру фізікі цвёрдага цела БДУ і плануе паступаць у магістратуру.

— Кожны конкурс падштурхоўвае працаваць з большым імпэтам. Дзякуючы конкурсам, разумею, што калі шмат працаваць, то вынікі назапашваюцца хутка. А няўдачы толькі адточваюць майстэрства: больш адказна падыходзіш да стылю артыкулаў, сур’ёзней успрымаеш якасць падачы матэрыялаў. Спаборніцтвы дапамагаюць паверыць у свае сілы і даказваюць, што абраны навуковы напрамак цікавіць не толькі мяне. А душэўны пад’ём, які адчуваю, калі віншуюць блізкія, — найлепшая ўзнагарода.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.