Традыцыі і наватарства аўтамеханічнага каледжа

Гомельскаму дзяржаўнаму аўтамеханічнаму каледжу ўсяго год. Ён утварыўся шляхам аб’яднання дзвюх прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі: каледжа машынабудавання і політэхнічнага ліцэя.


Генадзь Васільевіч Казлоў — выпускнік установы, якой сёння кіруе. Ён прызнаецца, што з часоў яго навучання тут змянілася вельмі многае. Каледж заўсёды меў добрую базу, але цяпер яна стала яшчэ мацнейшай. Старыя станкі і агрэгаты замяніла сучаснае абсталяванне.

Непарыўнасць тэорыі і практыкі

1100 навучэнцаў, з іх усяго толькі 35 дзяўчат. Гомельскі аўтамеханічны каледж ніяк не назавеш дзявочым.

Так склалася гістарычна. Былы каледж машынабудавання быў заснаваны ў 50-я гады мінулага стагоддзя, крыху пазней адкрыўся політэхнічны ліцэй. Абедзвюм установам належала рыхтаваць рабочых-металаапрацоўшчыкаў для буйнога машынабудаўнічага прадпрыемства “Гомсельмаш”. Як правіла, прафесіі мужчынскія. Гэтая тэндэнцыя існуе дагэтуль. Хлопцы жартуюць, што дзяўчаты ў іх установу прыходзяць адважныя: у будучыні яны пойдуць працаваць на станках на магутныя прадпрыемствы. Праўда, сучасная аўтаматызацыя вытворчасці значна спрасціла фізічную працу. Затое неабходна больш працаваць галавой.

— У каледж я прыйшоў майстрам вытворчага навучання, — гаворыць дырэктар установы Генадзь Казлоў. — Маёй спецыялізацыяй былі станкі з праграмным кіраваннем, я вучыў дзяцей працаваць на іх. Але калі сёння падыходжу да новага станка, то разумею, наколькі змяніліся тэхналогіі. Я ведаю, як ён працуе, але, каб наладзіць, запраграмаваць, маіх ведаў недастаткова.

Прафтэх ва ўсе часы цаніўся жывой падрыхтоўкай кадраў. Навучанне тут будуецца на адначасовым засваенні тэорыі і практыкі. Для практычных навыкаў у навучэнцаў аўтамеханічнага каледжа — сотні адзінак абсталявання і 5 тысяч квадратных метраў. Менавіта такую плошчу займаюць вучэбная майстэрня і рэсурсны цэнтр. Тут яшчэ можна трапіць на стары металаапрацоўчы станок, новыя машыны — дарагое задавальненне. Таму мяняюць іх паступова, прынамсі сучасных палова ўжо, а зварачнае і электрамантажнае абсталяванне заменена цалкам.

— Мы імкнёмся не адставаць ад прадпрыемства, для якога рыхтуем кадры, — запэўнівае дырэктар каледжа. — Справа нават не ў сучасным абсталяванні, якое маем, а ў выверанай, правільна пабудаванай сістэме падрыхтоўкі кадраў.

На 1 курсе хлопцы вывучаюць азы і робяць першыя крокі ў габляванні, выточванні, фрэзероўцы. На 2-м практычнае навучанне становіцца больш сур’ёзным: яны па-ранейшаму вучацца, але ўжо вырабляюць дэталі па завадскіх чарцяжах. Арганізацыя даволі простая: паміж каледжам і прадпрыемствам заключаецца дагавор, паводле якога ўстанова адукацыі атрымлівае нарыхтоўкі і юнакі выточваюць дэталі, якія пасля ідуць у камбайн. Да таго ж за выкананую працу каледж атрымлівае грошы. Невялікія, але і не ў іх справа. Важна тое, што заўтра, трапіўшы на вытворчасць, выпускнік будзе гатовы адразу прыступіць да справы: ён ведае, што трэба рабіць, колькі каштуе пэўная дэталь і колькі часу неабходна затраціць на яе выраб. Нарэшце, на 3 курсе ўсе веды і навыкі замацоўваюцца на вытворчасці падчас бесперапыннай практыкі, якая доўжыцца ад 6 да 8 месяцаў. Сёння трэцякурснікі ўжо зарэкамендавалі сябе на месцах практыкі і запрошаны на працу, у тым ліку на такія буйныя высокатэхналагічныя прадпрыемствы, як “Беларускі металургічны завод”, “Гомсельмаш”, ААТ “Салеа-Гомель”.

Новыя спецыяльнасці

Штогод з аўтамеханічнага каледжа на прадпрыемствы і ў арганізацыі прыходзяць больш за 300 спецыялістаў. Станочнікі, электраманцёры па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электраманцёры ахоўна-пажарнай сігналізацыі, электразваршчыкі, слесары — тыя традыцыйныя прафесіі, па якіх установа адукацыі рыхтуе кадры на працягу многіх гадоў. Але ж час не стаіць на месцы, рынак працы патрабуе спецыялістаў новай фармацыі.

Два гады назад тады яшчэ каледж машынабудавання стаў першай прафесійна-тэхнічнай установай адукацыі ў краіне, якая пачала рыхтаваць работнікаў для шынамантажных арганізацый. Калектыў каледжа самастойна распрацаваў вучэбна-праграмную дакументацыю, стварыў базу. Зразумела, спачатку высветлілі запатрабаванасць такіх спецыялістаў. І заказчыкі кадраў знайшліся. Дагэтуль сярод працуючых на шынамантажы вы не знойдзеце ніводнага, у каго б у дыпломе значылася кваліфікацыя “манціроўшчык шын і шынна-пнеўматычных муфт”. І вось зусім хутка ў Гомельскім аўтамеханічным каледжы адбудзецца першы выпуск новых рабочых кадраў. Дарэчы, вопыт гамяльчан ужо перанялі і некаторыя іншыя прафтэхустановы краіны.

У сёлетнюю ўступную кампанію каледж зноў прапануе абітурыентам новаўвядзенні ў пераліку спецыяльнасцей. Пасля аб’яднання дзвюх прафесійна-тэхнічных устаноў аўтамеханічны каледж атрымаў статус установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а разам з гэтым і магчымасць рыхтаваць спецыялістаў з адпаведнай адукацыяй. Так, будзе адкрыты набор на дзве новыя спецыяльнасці: “Аўтамеханік” і “Тэхнік-электронік”. У Гомельскім рэгіёне такія магчымасці пакуль не прапануе больш ніякая ўстанова адукацыі. Адміністрацыя каледжа разлічвае, што на новыя спецыяльнасці будзе дастаткова высокі конкурс, бо яны цікавыя і запатрабаваныя.

Што ў вас у атэстаце?

Варта сказаць, што аўтамеханічны каледж даволі папулярны ў абітурыентаў. У сярэднім конкурс складае 1,5 заявы на месца. Хаця, вядома, усё залежыць ад спецыяльнасці. Напрыклад, на прафесію аўтаслесара трэба вытрымаць конкурс у 2,5 заявы на месца. Летась мінімальны прахадны бал у каледжы быў 4,5. На самыя ж запатрабаваныя спецыяльнасці — звыш 6 балаў.

— З якімі адзнакамі да вас варта прыходзіць? — пытаюся ў дырэктара.

— З любымі, — шчыра адказвае Генадзь Васільевіч. — Калі, напрыклад, дзіцяці не хапае балаў, каб прайсці на абраную прафесію, мы прапануем атрымаць у нашай жа ўстанове іншую. Скажам, абітурыент прыйшоў з намерам стаць аўтаслесарам, але відавочна, што яго атэстат не здольны канкурыраваць, тады мы прапануем яму ісці вучыцца на зваршчыка.

Тут кіраўнік прыгадаў цікавую гісторыю. Летась дырэктар гомельскай школы № 60, якая славіцца сваімі спартыўнамі дасягненнямі, запрасіў Генадзя Казлова, свайго былога выпускніка, на сустрэчу з дзевяцікласнікамі. Хлопцы збіраліся атрымаць прафесійную адукацыю, але ў іх была адна праблема: яны разам, у адной камандзе, гулялі ў баскетбол і не хацелі кідаць гэтую справу.

— Я ім кажу: “Добра, прыходзьце ўсёй камандай”, — з усмешкай успамінае Генадзь Васільевіч.

Зараз хлопцы вучацца ў каледжы на розных спецыяльнасцях, працягваюць займацца баскетболам і прыносяць у скарбонку ўстановы перамогі ў розных спаборніцтвах. Трэба сказаць, што ў спорце аўтамеханічны каледж ужо на працягу 7 гадоў лідзіруе ў вобласці.

— Я падтрымліваю ўсе добрыя пачынанні педагогаў і навучэнцаў, — гаворыць дырэктар. — Мы ж адна каманда, толькі разам можна дасягнуць вышынь.

Мабыць, у такім стаўленні кіраўніка і заключаецца поспех каледжа. Генадзь Васільевіч — чалавек адкрыты, здольны выслухаць і дапамагчы, да яго можна прыйсці абмеркаваць любую праблему. Таму ў калектыве няма непаразуменняў, ніхто не кажа “гэта не мая работа”, многае робіцца калектыўна.

Як сучасны кіраўнік дырэктар аўтамеханічнага каледжа актыўна выкарыстоўвае для дыялогу з навучэнцамі сацыяльныя сеткі, а самыя надзённыя пытанні яны могуць задаць ананімна. І дырэктар адказвае. На кожнае!

— Як знаходзіце час на гэта? — дзіўлюся я.

— На ўсё можна знайсці час, калі ёсць жаданне, — чую ў адказ. — Лічу гэта часткай маёй работы. Я — дырэктар установы адукацыі, і клопат пра дзяцей — галоўнае для мяне.

Генадзь Васільевіч з павагай адносіцца да кожнага навучэнца, лічыць, што сучасная моладзь лепшая, чым было яго пакаленне, больш мэтанакіраваная, з неверагодным жаданнем рэалізавацца. Дзеці адчуваюць яго стаўленне і адказваюць тым жа.

— Ніколі не пашкадавала, што абрала аўтамеханічны каледж, — прызнаецца другакурсніца Марыя Шэвелева. — Тут і вучыцца цікава, і вольны час ёсць дзе бавіць. А галоўнае, што ў нас добрыя педагогі — такія цярплівыя, чуйныя.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.