Выбар прафесіі: выпадковасць ці заканамернасць? Вэбінар па такой тэме правяла Наталля БАРТУЛЁВА, магістр псіхалогіі, старшы выкладчык кафедры андрагогікі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка. Педагог падзялілася з калегамі дзейснымі рэкамендацыямі, як дапамагчы абітурыентам з самавызначэннем.
Скрыжаванні на шляху да прафесіі
— Першы выбар прафесіі адбываецца ў падлеткава-юнацкім узросце. І хоць на працягу жыцця чалавек яшчэ неаднойчы сутыкнецца з падобным выбарам, першы раз самы складаны, бо ў маладых людзей няма ніякага жыццёвага вопыту, — гаворыць Наталля Бартулёва. — Наступны этап, як правіла (і гэта пацвярджаецца наборам у нашы групы перападрыхтоўкі), здараецца ў 30—35 гадоў. У жанчын часта гэта звязана з выхадам з дэкрэтнага водпуску. Трохгадовая перадышка прыводзіць да пераасэнсавання жыццёвых каштоўнасцей: а ці там я знаходжуся, ці туды я рухаюся. І трэці ўзроставы этап — 50+, калі ў чалавека ўжо наладжанае жыццё, дзеці выраслі, няма сямейна-побытавых абавязкаў і можна ўдзяліць час сабе. Тады таксама адбываецца пераасэнсаванне і змена прафесійнай дзейнасці. Як правіла, не кардынальная, людзі пераходзяць у сумежныя сферы.
Наталля Леанідаўна ўпэўнена, што з першым выбарам прафесіі маладым людзям неабходна дапамагчы.
— Ужо з 12 гадоў трэба звяртаць увагу на схільнасці і здольнасці падлетка. А вось куды паступаць, якую спецыялізацыю выбраць, правільна пачынаць абмяркоўваць гадоў з 14, калі з’яўляецца ўсвядомленасць, дастатковы ўзровень сфарміраванай рэфлексіі і падлетак здольны пэўным чынам аналізаваць і прагназаваць сваё далейшае жыццё, — заўважыла спецыяліст. — Зрэшты, калі ў дзіцяці праяўляюцца яркія здольнасці, нават адоранасць, калі яно гарыць нечым і яго цікавасць вузка скіравана, такое дзіця, як правіла, не мае патрэбы ў прафарыентацыі. Яно дакладна ведае, чаго хоча.
Пошук свайго прызначэння
— Да мяне часта звяртаюцца васьмі- і дзевяцікласнікі з пытаннем: ісці ў прафесійную адукацыю ці заканчваць сярэднюю школу? — дзеліцца вопытам Наталля Леанідаўна. — Цікава, што чым больш матываваны сам падлетак і чым больш усвядомлена падыходзяць да пытання бацькі, тым часцей яны выбіраюць прафесійны шлях пасля 9 класа. І я з імі звычайна пагаджаюся. Асноўная задача гэтага перыяду — адарвацца ад бацькоўскай сям’і і стаць на шлях самастойнага жыцця. Пачынаючы ад таго, як размеркаваць бюджэт, калі атрымліваеш стыпендыю, як згатаваць ежу, у якіх магазінах лепш рабіць пакупкі. Так маладыя людзі выходзяць на новы ўзровень самастойнасці і адказнасці. Гэты перыяд абавязкова трэба прайсці паралельна з прафесійнай самарэалізацыяй.
Наталля Леанідаўна заўважае, што гаворка не ідзе пра падлеткаў, якія хочуць стаць, напрыклад, медыкамі ці іншымі вузкапрофільнымі спецыялістамі. У іх схільнасць да прафесіі, як правіла, выяўляецца вельмі рана, і яны мэтанакіравана заканчваюць сярэднюю школу.
— Якую з трох прафесій вы б выбралі: трэнд-хантар, тарседар ці фумелье? — запыталася Наталля Бартулёва ў сваёй анлайн-аўдыторыі і паставіла слухачоў у тупік. Хоць згаданыя прафесіі рэальна існуюць, ніхто не змог сарыентавацца і зрабіць выбар.
Трэнд-хантар — спецыяліст па пошуку новых стыляў або трэндаў у розных праслойках грамадства; аналізуе і прадае гэтую інфармацыю вытворцам тавараў і паслуг.
Тарседар — спецыяліст, які на фабрыцы ўручную з лісця тытуню прафесійна скручвае цыгары.
Фумелье — спецыяліст па падборы цыгар і элітных спіртных напіткаў. Абавязаны не толькі добра разбірацца ў элітным алкаголі і элітных цыгарах, але і спалучаць іх адно з адным (цыгарны самелье).
— Людзі не заўсёды ведаюць нішы, якія патэнцыяльна маглі б заняць, бо не валодаюць патрэбнай інфармацыяй, — заўважыла Наталля Леанідаўна. — Якраз у такой жа сітуацыі знаходзяцца і падлеткі. У іх ёсць уяўленне толькі пра тыя прафесіі, з якімі яны пастаянна сутыкаюцца ў побыце, пра якія расказвалі бацькі ці настаўнікі. Але гэта далёка не поўны пералік і часта зусім не тое, чым падлетак хацеў бы займацца ў будучыні. Раскажыце дзецям, што робіць бізнес-аналітык, праграміст інжынерных сетак і г.д. Дасведчанасць, максімальная інфармаванасць аб розных профілях, спецыяльнасцях і спецыялізацыях знімае палову пытанняў.
Яшчэ адна сур’ёзная праблема, з якой сутыкаюцца прафарыентолагі, — слабая выяўленасць інтарэсаў сучасных падлеткаў. Яны не ведаюць, куды пайсці вучыцца, і, як адзначаюць бацькі, нічым не цікавяцца.
— Наша задача — выявіць, чым падлетак займаецца ў вольны час, — гаворыць Наталля Леанідаўна. — І нават калі любіць сядзець у сацыяльных сетках, ён жа не глядзіць усё запар. Заўсёды ёсць дакладная спецыялізацыя, на што скіравана цікавасць падлетка. Хтосьці глядзіць ролікі пра матацыклы ці іншую тэхніку, хтосьці — пра жывёл, хтосьці цікавіцца зброяй, хтосьці рашае лагічныя галаваломкі. Проста пагартаўшы гісторыю запытаў, дасведчаны спецыяліст можа атрымаць шмат інфармацыі пра падлетка, разгледзець нават невідавочную схільнасць і скіраваць яго ў бок той ці іншай прафесіі.
Часта здараецца, што кар’ерныя ўяўленні бацькоў і дзяцей не супадаюць. Напрыклад, дзіця хоча стаць музыкантам, а бацькі кажуць, маўляў, якая гітара, ідзі на бухгалтара ці эканаміста.
— Тут прафарыентолагу важна прымірыць два бакі, — заўважыла Наталля Бартулёва. — Па-першае, данесці да бацькоў, што гэта ўсё ж такі выбар дзіцяці, якому трэба вучыцца жыць самастойна. А па-другое, данесці да дзяцей, якія хочуць быць музыкантамі, блогерамі і г.д., што любая справа павінна прыносіць заробак і варта падумаць, ці змогуць яны зарабляць блогерствам і музыкай у пераходах. Калі гэта проста хобі, то дасягнуць фінансавага поспеху будзе складана. Іншая справа, калі ў падлетка гараць вочы, гэта яго мара — тады такі шлях, безумоўна, трэба разглядаць як адзін з варыянтаў.
Вельмі частай памылкай у выбары будучыні з’яўляецца знешняя матывацыя на прафесію.
— Напрыклад, зараз вельмі многія хочуць быць праграмістамі, — гаворыць Наталля Леанідаўна. — Але пачынаю высвятляць, чым прыцягальная для падлеткаў прафесія праграміста, і чую: хачу працаваць дома, прачынацца без будзільніка, самому ўстанаўліваць працоўны графік і каб не кантраляваў начальнік. Ёсць нейкая знешняя карцінка, якую малююць падлеткі, зыходзячы са сваіх уяўленняў (часта памылковых), і пачынаюць хацець таго самага. Аднак знешняя матывацыя не самая лепшая для ўсвядомленага выбару прафесіі. Усё ж трэба арыентавацца на ўнутраныя сацыяльна значныя матывы.
Вялікай перашкодай на шляху да жаданай прафесіі могуць стаць слабыя веды па прадметах у год паступлення і нізкі бал атэстата. І гэта трэба даносіць дзецям задоўга да 11 класа, калі ўжо нічога не выправіш.
— Я нават за тое, каб, калі дзіця не зразумела, чаго яно хоча, даць яму год-два на роздумы. Рана ці позна кожны задумваецца пра сваё прызначэнне, і з працэсам сталення прафесійны выбар адбудзецца — гэта натуральны працэс, — гаворыць Наталля Леанідаўна. — Але калі ў чалавека 4—5 балаў у атэстаце, то нават праз некалькі гадоў, калі ён захоча атрымаць адукацыю, у яго будзе вельмі абмежаваны выбар. Ён проста не зможа зрабіць таго, што мог бы патэнцыяльна, калі б прыклаў намаганні ў школе. Паглыбляючы дзяцей у гэтую рэальнасць, можна дабіцца разумення. Многія задумваюцца і пачынаюць вучыцца.
І яшчэ адна сур’ёзная праблема, на якую звяртаюць увагу спецыялісты, — неразвітасць у сучасных дзяцей гнуткіх навыкаў (soft skills), іх няздольнасць да развітой камунікацыі.
— Прафесійныя навыкі для кожнай спецыяльнасці свае. У той жа час soft skills не звязаны з канкрэтнай прафесіяй, але ад іх вельмі моцна залежыць паспяховасць любой дзейнасці, — адзначае Наталля Бартулёва. — Адказнасць, дысцыплінаванасць, самаарганізаванасць, стрэсаўстойлівасць, уменне выслухаць, камунікатыўныя навыкі — якасці, якія неабходна развіваць у дзецях. Гэта той багаж, які з маленства закладваецца бацькамі і сацыяльным акружэннем. Тут жа ідзе матывацыя, узровень памкненняў дзяцей. Педагогі і бацькі павінны зрабіць так, каб дзіця адчувала: я малайчына, у мяне ўсё атрымліваецца, я здольны многага дасягнуць. Бо калі паўстае пытанне выбару прафесіі, у падлеткаў узнікае шмат сумненняў і боязь: а ці змагу я паступіць, ці дастойны я гэтай прафесіі? Падобныя думкі часта мучаюць маладое пакаленне, і тут поўную адказнасць нясуць дарослыя.
4К-навыкі будучыні, якія дапамогуць у вучобе і кар’еры
Крэатыўнасць
Крытычнае мысленне
Камандная работа
Камунікацыя
Хачу — магу — трэба
— Калі разглядаць вядомы трохвугольнік “хачу — магу — трэба”, то ідэальнай будзе прафесія, якая падабаецца, адпавядае інтэлекту, асобасным якасцям, кар’ерным і каштоўнасным арыентацыям, — расказвае Наталля Бартулёва. — У той жа час нельга забываць, што рынак працы пастаянна мяняецца, нейкія прафесіі знікаюць, па іншых ёсць перанасычэнне. Напрыклад, выпускаецца шмат юрыстаў, якія потым не знаходзяць работы па спецыяльнасці. Хаця зноў жа, выдатны юрыст, які выбраў прафесію на аснове сваіх здольнасцей, гарыць гэтай справай, работу знойдзе заўсёды. Выбіраць жа па прынцыпе “не ведаю, куды пайсці, таму пайду ў юрысты” — справа няўдзячная.
Усе слухачы вэбінара пагадзіліся, што дзіцяці неабходна даць магчымасць дакрануцца да прафесій у розных сферах, каб яно адчула, да чаго ляжыць душа. І тады пытанне прафарыентацыі вырашыцца значна лягчэй.
— Бацькі павінны стымуляваць дзіця пафантазіраваць, кім яно бачыць сябе гадоў праз пяць, зазірнуць углыб сябе, магчыма, напісаць сабе пісьмо ў будучыню. Гэта дапамагае выкапаць тое, што хаваецца далёка ўнутры, — заўважыла Наталля Леанідаўна.
Спецыяліст прапанавала цікавы вопыт работы з традыцыйным даведнікам для паступаючых.
— Бяром даведнік і выдзіраем ці выкрэсліваем адтуль усё, што адназначна не падыходзіць. Ісці ад адваротнага заўсёды прасцей, — расказвае Наталля Леанідаўна. — Метадам выключэння пакідаем дзясятак спецыяльнасцей. Потым можна знайсці на YouTube агляды выбраных прафесій, прыслухацца да сябе: што больш адгукаецца? Зноў жа метадам выключэння пакінуць тры спецыяльнасці. Знайсці, якія ўстановы адукацыі вядуць адпаведную падрыхтоўку, якія іспыты трэба здаваць. І заўсёды трэба памятаць, што ЦТ яшчэ ніхто не адмяняў. Таму на прафарыентацыю трэба прыходзіць загадзя, каб быў час падцягнуць неабходныя прадметы.
*Не варта баяцца зрабіць няправільны выбар. Наўрад ці вы будзеце ісці па першай прафесіі да канца жыцця.
*Прафесіі маральна старэюць. Для падтрымання сябе як прафесіянала давядзецца пастаянна вучыцца.
*З атрыманнем жыццёвага вопыту прыходзіць усведамленне сябе ў прафесійнай дзейнасці.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.