Як падрыхтаваць канкурэнтаздольнага выпускніка? З чаго складаецца дзейсны вучэбны працэс? Чаму ўстановам адукацыі варта сябраваць з заказчыкамі кадраў? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы на прэсканферэнцыі “Як падрыхтаваць запатрабаванага спецыяліста? Кадравая палітыка XXI стагоддзя”.
Прамоўцы адзначылі, што працэс падрыхтоўкі кадраў — складаная тэхналогія. Па-першае, таму, што трэба разумець, для каго і па якіх напрамках рыхтаваць тых ці іншых спецыялістаў. Па-другое, варта ведаць, колькі кадраў патрэбна на рынку працы. Таму задача, звязаная з аб’ёмам падрыхтоўкі, яе структурай і зместам, з’яўляецца трыадзінай.
Зазірнуць на 5—7 гадоў наперад
— Ёсць пэўная група энтузіястаў, якая разумее: патрэбен спецыяліст новай фармацыі. У выніку выкрышталізоўваецца новы змест адукацыі, які і з’яўляецца прадвеснікам новай спецыяльнасці. Ключавым элементам працэсу становіцца падтрымка работадаўцаў. Часта гэта няпроста, бо трэба ўзгадніць і аб’яднаць мноства патрэб і жаданняў арганізацыі і прадпрыемстваў, — заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч. — Не менш важная частка — фарміраванне кантрольных лічбаў прыёму. Нават калі да падрыхтоўкі кадраў адносяцца вельмі скрупулёзна, існуе праблема суб’ектыўнасці ці памылковасці ўспрымання заказчыкамі кадраў сваіх будучых патрэб у спецыялістах. Памылкі бываюць, паколькі кіраўнікі павінны зазірнуць на 5—7 гадоў наперад. У сістэме прафесійнай адукацыі ваганні сярод заказчыкаў не з’яўляюцца праблемай, бо выпускнікі, ад якіх адмаўляюцца па аб’ектыўных прычынах, заўсёды запатрабаваны ў іншых арганізацыях.
Ідучы ў супермаркет, мы ведаем, што абавязкова задаволім усе свае патрэбы. Так і з БНТУ: тут абітурыенты могуць знайсці спецыяльнасці і кампетэнцыі, якія задаволяць самых пераборлівых.
Важным аспектам з’яўляецца размеркаванне моладзі ва ўстановы адукацыі розных узроўняў. Яно звязана з вялікім аб’ёмам прафарыентацыйнай работы, пошукам матываваных абітурыентаў. Па словах Сяргея Антонавіча, сістэма накіравана на тое, каб маладыя людзі праз некаторы час не раcчараваліся ў выбраным напрамку. Вельмі важна праводзіць прафарыентацыйную работу якасна, эфектыўна і сучаснымі метадамі.
— Мы разумеем, што традыцыйнага візіту школьнікаў у каледж ці ліцэй сёння недастаткова. Ды і без будучага работадаўцы добрага выніку ў прафарыентацыі быць не можа. Вельмі важна не толькі тое, куды паступае малады чалавек, але і тое, кім ён будзе працаваць пасля выпуску, — падкрэсліў Сяргей Каспяровіч. — У сувязі з гэтым не страчвае актуальнасці карэкціроўка зместу адукацыі. У грамадстве ёсць стэрэатып, што калі спецыяльнасць адкрываецца, то ў ёй амаль нічога не мяняецца, колькі б часу па ёй ні рыхтавалі. Гэта няправільнае ўспрыманне рэчаіснасці. Любая спецыяльнасць нават у межах года можа перажываць змены. І розныя наборы студэнтаў аднаго і таго ж напрамку могуць сутыкацца з розным зместам адукацыі. Для гэтага неабавязкова мяняць вучэбны план ці адукацыйны стандарт — усё адбываецца ў межах некалькіх дысцыплін, што дапамогуць падрыхтаваць канкурэнтаздольнага спецыяліста.
Сяргей Каспяровіч не абышоў увагай і тэхналогіі навучання. Ён перакананы, што сённяшняя моладзь адрозніваецца ад папярэдніх пакаленняў, таму каналы ўспрымання інфармацыі, спосабы яе атрымання павінны быць іншымі.
— Прыярытэт аддаецца сучасным змешаным формам навучання з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Але самае галоўнае, каб у ходзе адукацыйнага працэсу натуральным чынам ініцыіравалася пазнавальная дзейнасць моладзі, матывацыя да атрымання ведаў. Традыцыйная лекцыйна-ўрочная сістэма сёння ўжо не такая эфектыўная, як раней. Калі гаварыць аб праекце “Універсітэт 3.0”, яго асноўная задача — гэта не толькі развіццё навуковых даследаванняў і адукацыйнай дзейнасці, але і фарміраванне новага пакалення моладзі, якое само можа генерыраваць стартапы, ствараць прадукты і новыя тэхналогіі, камерцыялізаваць іх, — сказаў Сяргей Антонавіч.
Установы прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пайшлі па шляху стварэння рэсурсных цэнтраў (у будучыні — цэнтраў кампетэнцый). Зараз на базе каледжаў і прафесійных ліцэяў іх налічваецца больш за 50.
— Мы разумеем, што павінны ствараць цэнтры росту з перадавым абсталяваннем, куды змогуць прыязджаць навучэнцы з іншых устаноў у рэжыме сеткавай формы атрымання адукацыі. Вучэбна-метадычная база таксама павінна быць апераджальнай, таму ёй удзяляецца павышаная ўвага, — паведаміў Сяргей Каспяровіч.
Арыентацыя на практыку
У Мінскай вобласці сёння створана варыятыўная сетка ўстаноў прафесійнай адукацыі, дзейнічаюць 7 рэсурсных цэнтраў. Тут праходзяць практыку не толькі навучэнцы і выкладчыкі, але і павышаюць кваліфікацыю работнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў. Акрамя таго, на базе цэнтраў пастаянна арганізоўваюцца трэніровачныя заняткі і этапы конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills. Штогод у іх праходзяць падрыхтоўку звыш трох тысяч чалавек.
Падрыхтоўка кадраў на ўзроўні прафесійнай адукацыі вядзецца па 33 спецыяльнасцях і 77 кваліфікацыях, на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай — па 38 спецыяльнасцях і 28 кваліфікацыях.
— Сетка ўстаноў адукацыі мабільна рэагуе на патрэбы рынку працы. Калі гэтага не адбываецца, каледжы і ліцэі не могуць развівацца. Структура і аб’ёмы падрыхтоўкі спецыялістаў пастаянна карэкціруюцца, — падкрэсліла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Соф’я Філістовіч. — Сёлета павялічаны лічбы прыёму на педагагічныя і аграрныя спецыяльнасці, чаму нямала паспрыялі спецыялізаваныя класы. Была адноўлена падрыхтоўка па 20 кваліфікацыях на ўзроўні прафтэхадукацыі, прыпынена — па 26. Штогод з устаноў адукацыі вобласці выпускаецца звыш трох тысяч рабочых і каля паўтары тысячы спецыялістаў. Звыш 82% выпускнікоў атрымліваюць дзве і больш прафесіі, усе маладыя спецыялісты забяспечваюцца першым працоўным месцам. Варта адзначыць, што падрыхтоўка носіць практыка-арыентаваны характар, колькасць практычных гадзін ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі павялічваецца (каля тысячы гадзін адводзіцца на вытворчасць).
Прафесіі будучыні стаяць на трох кітах: шчыльным узаемадзеянні з работадаўцамі, насычанай прафарыентацыйнай рабоце са школьнікамі, а таксама моцнай універсітэцкай камандзе, якая не баіцца змен.
Выбар як у супермаркеце
Дэкан машынабудаўнічага факультэта адказны сакратар прыёмнай камісіі БНТУ Андрэй Сафонаў заўважыў, што Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт — адна з ключавых у краіне ўстаноў адукацыі найперш па падрыхтоўцы інжынерных кадраў. Рэшэнне паступаць у гэты ўніверсітэт Андрэй Іванавіч параўнаў з паходам у добры супермаркет:
— Ідучы ў супермаркет, мы ведаем, што абавязкова задаволім усе свае патрэбы. Так і з БНТУ: тут абітурыенты могуць знайсці спецыяльнасці і кампетэнцыі, якія задаволяць самых пераборлівых. Мы рыхтуем кадры больш чым па ста спецыяльнасцях. Маладым людзям, якія хочуць вучыцца ў нас, хацелася б параіць, каб пры выбары будучай прафесіі ў назве спецыяльнасці яны не шукалі яе сутнасці. Глядзець трэба глыбей. Напрыклад, класічныя спецыяльнасці, якія ніколі не выйдуць з моды, — “Аўтамабілі” і “Тэхналогія машынабудавання”. Тут змены адбываюцца ў змесце вучэбных праграм, іх насычанасці. Нюансы не адлюстроўваюцца ў назвах спецыяльнасцей — бацькі і работадаўцы павінны гэта разумець.
Андрэй Сафонаў заўважыў, што ў БНТУ кожны год адкрываецца каля трох новых спецыяльнасцей. Пры гэтым ключавымі з’яўляюцца тры напрамкі: канцэпцыя “Універсітэт 3.0”, практыкаарыентаванасць навучання і рух WorldSkills, а таксама лічбавізацыя. Андрэй Іванавіч заўважыў, што практычны падыход у вышэйшай адукацыі не менш важны, чым у прафесійнай. Толькі разумеючы, як нешта працуе ў плане функцыяналу, студэнт больш ахвотна вывучае тэарэтычны матэрыял.
— Часта даводзіцца чуць думкі калег, што WorldSkills — прэрагатыва прафадукацыі. Я з гэтым абсалютна не згодны. Студэнты БНТУ ўдзельнічаюць у 15 сусветных кампетэнцыях. Прэстыж конкурсу матывуе прафесійна развівацца не толькі ўдзельнікаў, але і іх сяброў, аднагрупнікаў. Што да лічбавізацыі, то гэта сусветная тэндэнцыя. Калі лічбавыя тэхналогіі прымяняюцца комплексна і на працягу ўсяго тэрміну навучання, гэта дапамагае ў яшчэ большай сістэматызацыі вучэбнага працэсу, — лічыць Андрэй Іванавіч.
Стаўка на міждысцыплінарнасць
Прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі БДУ Канстанцін Казадаеў салідарны з калегамі ў тым, што за адкрыццём новых спецыяльнасцей будучыня. Аднак пры гэтым перакананы, што сыходзіць ад спецыяльнасцей, якія прайшлі праверку часам, добра вызначаныя і зразумелыя, таксама не варта. Такой жа памылкай, на думку Канстанціна Уладзіміравіча, будзе адмова ад папярэдняга вопыту і напрацовак, пераход на цалкам новыя назвы спецыяльнасцей з кідкімі словамі. У падобных сітуацыях лепш вытрымліваць баланс.
— Сёлета БДУ адмовіўся ад шэрага спецыяльнасцей, не запатрабаваных у студэнтаў. Асноўным канцэптам пры распрацоўцы новых напрамкаў універсітэт бычыць міждысцыплінарнасць. Найбольшыя поспехі зараз дасягаюцца не ў пэўнай навуцы, а на стыку розных галін — як тэхнічных, так і гуманітарных, — заўважыў Канстанцін Казадаеў.
На думку Канстанціна Уладзіміравіча, прафесіі будучыні стаяць на трох кітах: шчыльным узаемадзеянні з работадаўцамі, насычанай прафарыентацыйнай рабоце са школьнікамі, а таксама моцнай універсітэцкай камандзе, якая не баіцца змен.
— Выключна тэарэтычная падрыхтоўка сёння ўжо амаль не патрэбна нават на гуманітарных спецыяльнасцях. Работадаўцы, якія цікавяцца гэтым блокам, вылучаюць больш сур’ёзныя патрабаванні да практычных уменняў нашых студэнтаў, — падагульніў Канстанцін Казадаеў.
Ірына ІВАШКА.