Хутка будзе год, як Мінскі радыётэхнічны каледж набыў статус філіяла БДУІР, стаўшы адзінай сярэдняй спецыяльнай установай адукацыі ў структуры ўніверсітэта. Што змянілася за гэты час? Аб гэтым і не толькі мы гутарым з Сяргеем Мікалаевічам АНКУДАМ, дырэктарам Мінскага радыётэхнічнага каледжа.
БДУІР для каледжаі каледж для БДУІР
Безумоўна, працэс далучэння мае на ўвазе сумеснае выкарыстанне матэрыяльна-тэхнічнай базы як універсітэта, так і каледжа. Самае распаўсюджанае з гэтага — лабараторныя заняткі, якія навучэнцы каледжа праводзяць на базе БДУІР.
І такая практыка будзе пашырацца.
“У нас падрыхтаваны праект рашэнняў па гэтым пытанні”, — адзначыў Сяргей Мікалаевіч Анкуда.
Заняткі па некаторых дысцыплінах, якія вывучаюць у каледжы, цалкам праводзяцца ў аўдыторыях БДУІР (напрыклад, па такой дысцыпліне, як “Камп’ютарная практыка”). У памяшканнях БДУІР некаторыя навучэнцы каледжа праходзяць і практыку. Гэта адносіцца да тых, хто атрымлівае прафесію аператара ЭВМ.
“Гэта працяглая практыка. Доўжыцца яна ад 112 да 216 гадзін. Падчас яе студэнты кожны дзень па 6 гадзін займаюцца ў вучэбнай камп’ютарнай аўдыторыі ўніверсітэта”, — адзначыў дырэктар Мінскага радыётэхнічнага каледжа.
Ёсць што прапанаваць БДУІР і каледжу. Плануецца, што з 1 верасня на базе вучэбна-вытворчых майстэрань Мінскага радыётэхнічнага каледжа будзе арганізавана навучанне студэнтаў БДУІР па рабочых прафесіях.
“Студэнты змогуць атрымаць рабочую прафесію электрамантажніка і мантажніка радыёэлектроннай апаратуры. Зараз складаем пратакол аб такім намеры, набіраем студэнтаў”, — расказаў Сяргей Мікалаевіч.
Гэтым супрацоўніцтва каледжа і ўніверсітэта не абмяжоўваецца. Перспектыўным з’яўляецца сумеснае выкарыстанне базы вылічальнага цэнтра каледжа, а таксама вылічальнага цэнтра і цэнтра інфармацыйных тэхналогій БДУІР.
“Адбылося фізічнае злучэнне сеткі нашага корпуса са структурамі інфармацыйных тэхналогій універсітэта”, — адзначыў Сяргей Мікалаевіч.
Трэба адзначыць, што ў корпусе каледжа праведзена новая оптавалаконная сетка, якая дазволіла павялічыць аб’ёмы інфармацыі, якая перадаецца.
Мы вам у спецыялістаў, вы нам у лабараторыі
Як і БДУІР, Мінскі радыётэхнічны каледж актыўна супрацоўнічае з вядучымі фірмамі і прадпрыемствамі краіны ў сферы IT і электронікі. Перш за ўсё з EPAM Systems, Exadel, Itransition, Huawei, World of Тanks і, натуральна, “Інтэгралам”.
Многія з гэтых кампаній аснасцілі неабходным абсталяваннем памяшканні каледжа. Напрыклад, кампанія EPAM Systems стварыла ў Мінскім радыётэхнічным каледжы лабараторыю камп’ютарнай графікі. Калі гаварыць дакладна, то ў памяшканні, дзе знаходзіцца лабараторыя, быў зроблены рамонт, куплены туды камп’ютары. Аснашчана гэтая лабараторыя і прафесійнымі планшэтамі, праўда, набытымі ўжо за бюджэтныя сродкі.
“Тры гады назад мы атрымалі фінансаванне на закупку 15 планшэтаў з дыяганаллю 30 см. Гэта прафесійныя планшэты, на якіх можна займацца электронным канструяваннем”, — адзначыў Сяргей Мікалаевіч Анкуда.
Лабараторыю на базе каледжа стварыла і кампанія World of Тanks. Там праходзяць заняткі па дысцыплінах інфармацыйна-тэхналагічнай накіраванасці. Кампанія Exadel абсталявала электронную бібліятэку — цэнтр канцэнтрацыі неабходных для навучання праграм. Разам з гэтым прадпрыемствы прапаноўваюць і ўласныя пляцоўкі для работы з навучэнцамі каледжа.
“Кожнае сур’ёзнае прадпрыемства ў галіне IT мае свае асаблівасці. Паколькі нашы выпускнікі прыходзяць да іх працаваць (хто ў якасці тэсціроўшчыка, хто распрацоўшчыкам), то прадстаўнікі некаторых фірм праводзяць заняткі на сваіх пляцоўках”, — адзначыў Сяргей Мікалаевіч.
Так, у вучэбных кабінетах фірмы Itransition навучэнцы каледжа слухаюць спецкурсы па інфарматыцы і інфармацыйных тэхналогіях. Як правіла, такія сустрэчы праходзяць раз у семестр на працягу 2—3 тыдняў. Праўда, наведваць іх могуць не ўсе.
“Фірма праводзіць папярэдні адбор”, — удакладніў Сяргей Мікалаевіч.
Сумесная лабараторыя ў Мінскага радыётэхнічнага каледжа ёсць і з “Інтэгралам”. Створана яна на базе прадпрыемства. У ёй займаюцца навучэнцы спецыяльнасцей “Мікраэлектроніка” і “Мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы”.
“Заняткі на “Інтэграле” для гэтых спецыяльнасцей прапісаны ў раскладзе”, — расказаў Сяргей Мікалаевіч.
Пасля 9 ці пасля 11?
Моладзь, якая вучыцца ў каледжы, добра практыка-арыентавана. Навучэнцы каледжа, калі яны слухаюць тэарэтычны курс, уяўляюць, як можна гэтую тэорыю выкарыстоўваць.
“Многія каледжы даюць практычную падрыхтоўку, на базе якой ва ўніверсітэце прасцей вучыцца. Ды і вучацца на вышэйшай ступені пасля каледжа, як правіла, больш матывавана. Гэта не толькі маё меркаванне. Яно кансалідаванае”, — адзначыў Сяргей Мікалаевіч.
На думку дырэктара Мінскага радыётэхнічнага каледжа, вучоба ў каледжы найбольшую карысць прыносіць навучэнцам пасля 9 класа. Выпускнікам 11 класа, як адзначыў Сяргей Мікалаевіч, варта арыентавацца на вышэйшую школу, безумоўна, па меры магчымасці.
Як расказаў Сяргей Мікалаевіч Анкуда, у 90-я гады ён меў магчымасць працаваць з нямецкімі ўніверсітэтамі, якія спецыялізаваліся ў галіне мікраэлектронікі. Падчас сваёй стажыроўкі шмат ездзіў па Германіі з азнаямляльнымі паездкамі. Пабываў у прадстаўніцтвах фірм Siemens і Philips.
“У іх выразная градацыя супрацоўнікаў па кваліфікацыі: тых, хто скончыў прафесійную школу рабочых, і тых, хто мае вышэйшую адукацыю. Многія атрымлівалі рабочую прафесію, працавалі, а пасля гэтага ішлі павышаць сваю кваліфікацыю, паступіўшы на больш высокую ступень. Лічу гэта правільным”, — расказаў Сяргей Мікалаевіч.
Як адзначыў дырэктар Мінскага радыётэхнічнага каледжа, многія выпускнікі пасля каледжа ідуць вучыцца ў БДУІР, часцей за ўсё на завочнае аддзяленне па профілі сваёй спецыяльнасці.
Каго лягчэй размеркаваць?
Гучыць непрывычна, аднак размеркаваць у гэтым годзе тэхнікаў-праграмістаў (такая кваліфікацыя прысвойваецца выпускнікам спецыяльнасцей “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”) у параўнанні з выпускнікамі іншых спецыяльнасцей аказалася не так проста.
“Сёлета, як бы парадаксальна ні было, у работадаўцаў аказаліся больш запатрабаваны тэхнікі-электронікі, тэхнікі-тэхнолагі, чым тэхнікі-праграмісты. Заявак на такіх спецыялістаў было больш. Пры гэтым конкурс пры паступленні на тэхнікаў-праграмістаў, як правіла, вышэйшы”, — расказаў Сяргей Мікалаевіч Анкуда.
Трэба адзначыць, што тэхнікаў-электронікаў, тэхнікаў-тэхнолагаў і проста тэхнікаў Мінскі радыётэхнічны каледж рыхтуе для “Інтэграла”, мытні Дэпартамента аховы МУС, прадпрыемстваў па рамонце апаратуры і іншых арганізацый.
“Гэтыя прадпрыемствы з задавальненнем бяруць да сябе на работу выпускнікоў спецыяльнасцей “Праектаванне і вытворчасць радыёэлектронных сродкаў”, “Мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы”, “Электронна-вылічальныя сродкі”, “Тэхнічная эксплуатацыя радыёэлектронных сродкаў”, — расказаў Сяргей Мікалаевіч.
Напрыклад, на мытні выпускнікі Мінскага радыётэхнічнага каледжа займаюцца не толькі распрацоўкай праграмнага прадукту, баз даных, але і адказваюць за эксплуатацыю спецыяльных устройстваў электроннага кантролю і назірання, сярод якіх — рэнтгенаўскія ўстаноўкі, прасвечвальная і ахоўная апаратура.
Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.