Прыклад Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа пераконвае: можна, бо творчыя задаткі ёсць у кожнага. Лёгкіх шляхоў да поспеху тут не абяцаюць, але гарантуюць моцную прафесійную падтрымку і высокія вынікі ўсім, хто гатовы мэтанакіравана і старанна працаваць. Яскравым пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца штогадовыя перамогі навучэнцаў у прэстыжных конкурсах, а галоўнае — паспяховыя прафесійныя і жыццёвыя гісторыі выпускнікоў.
Лепшыя традыцыі, інавацыйныя тэхналогіі
За некалькі дзесяцігоддзяў установа адукацыі выпусціла больш як 15 тысяч спецыялістаў. За час вучобы яны асвоілі найважнейшыя для прафесіянала ўрокі: неабходна бесперапынна працаваць над сабой і самаўдасканальвацца, умець эфектыўна дзейнічаць у камандзе і самастойна, упэўнена забяспечваць сабе і сваім блізкім дастойныя ўмовы жыцця. На гэта накіравана работа педагогаў і майстроў вытворчага навучання. Разам з тым яны імкнуцца выхаваць сваіх дзяцей (менавіта так, па-бацькоўску цёпла і разам з тым патрабавальна, прынята ставіцца да навучэнцаў у калектыве) патрыётамі не на словах, а ў сэрцы, добрымі, міласэрнымі, прынцыповымі і адказнымі людзьмі.
— Калі выпускнік базавай або сярэдняй школы прыходзіць да нас, ён атрымлівае ўнікальны шанс змадэляваць сваё жыццё па-новаму, што называецца, з чыстага ліста, — расказвае дырэктар каледжа лаўрэат ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” Ганна Бурэнь. — Як бы мы ні стараліся гэтага ўнікнуць, аднак за гады вучобы з боку як настаўнікаў, так і аднакласнікаў у дачыненні да школьніка непазбежна складваюцца пэўныя стэрэатыпы, і не заўсёды яны аб’ектыўныя. А ў нас кожнаму даюцца аднолькавыя ўмовы для прафесійнага старту. Нярэдка абітурыент з нізкім балам у атэстаце распраўляе крылы і становіцца навучэнцам-выдатнікам.
Сёння каледж па колькасці навучэнцаў — самы вялікі ў вобласці. На дзённай форме навучання тут атрымліваюць падрыхтоўку амаль 900 юнакоў і дзяўчат па 11 спецыяльнасцях і 17 кваліфікацыях узроўню прафесійна-тэхнічнай, а таксама 4 спецыяльнасцях узроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На першай ступені абітурыентам прапаноўваюць спецыяльнасці цырульніка, швачкі, кухара, ткача, аператара атрымання бесперапыннага шкловалакна, размотчыка шкланіці, афіцыянта, прадаўца, слесара-рамонтніка. На другую ступень на аснове агульнай сярэдняй адукацыі запрашаюць будучых тэхнікаў па папярэджванні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый; на аснове прафесійна-тэхнічнай і агульнай сярэдняй адукацыі — тэхнікаў-тэхнолагаў (спецыяльнасць “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”), мастакоў-мадэльераў (спецыяльнасць “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”), тэхнікаў-механікаў (спецыяльнасць “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці”). Акрамя таго, магчымасць дадаткова набыць цікавую прафесію маюць усе жадаючыя.
— Каледж — адкрытая для супрацоўніцтва ўстанова, — акцэнтуе ўвагу дырэктар. — Рыхтуем не толькі сваіх навучэнцаў, але і дарослае насельніцтва. Каледж выконвае ролю рэгіянальнага цэнтра сістэмы бытавога абслугоўвання, лёгкай і харчовай прамысловасці ў сферы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Мы імкнёмся да лідарства ў галіне прадастаўлення ліцэнзаваных адукацыйных паслуг па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў па складаных і сумешчаных прафесіях. Адзін з нашых актыўных сацыяльных партнёраў — служба занятасці. Разам скіроўваем свае намаганні на зніжэнне напружанасці на рэгіянальным рынку працы шляхам навучання беспрацоўных грамадзян. Нашай установе прысвоены статус вядучай у вобласці па распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння прафтэхадукацыі па спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка” (кваліфікацыя “цырульнік”).
Модныя тэндэнцыі на подыуме і ў жыцці
“Майстэрства на мяжы мастацтва” — так характарызуюць сваю спецыяльнасць цырульнікі і мадэльеры. Каб выхаваць спецыяліста, дасканалага ведання прадмета недастаткова: неабходны эрудыцыя, педагагічны талент і творчы падыход. Выдатны майстар-клас па развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў у каледжы могуць даць многія педагогі.
— Усе імкнуцца быць прыгожымі, стыльнымі, а мы якраз і рыхтуем спецыялістаў, ад якіх напрамую залежыць знешні выгляд і непасрэдна імідж чалавека. Убачыць ідэальны вобраз, які адлюстроўвае жаданне кліента, суаднесці яго з асаблівасцямі знешнасці, анатоміі, характару і прафесіі, улічыць модныя тэндэнцыі, а потым гэты вобраз дакладна ўвасобіць — задача няпростая. Рашаць яе трэба хутка і бездакорна: права на памылку ў майстра няма, — лічыць выпускніца каледжа, выкладчык спецдысцыплін, лаўрэат ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” і фіналіст Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства Алена Андруковіч. — Каб адбыцца ў прафесіі, неабходна хаця б на паўкроку апярэджваць моду, асвойваць інавацыйныя тэхналогіі, умець прымяняць новае абсталяванне і матэрыялы. Нашы выпускніцы разам з цырульніцкім мастацтвам авалодваюць майстэрствам візажыста, і такая шматпрофільнасць ідзе толькі на карысць. Я ўпэўнена і вучу гэтаму дзяцей, што прадстаўнікам творчых прафесій нельга без пастаяннага развіцця, удасканальвання. Прычым па розных напрамках, і няправільна абмяжоўвацца толькі вузкімі прафесійнымі ведамі.
Пад кіраўніцтвам Алены Яўгенаўны навучэнцы пастаянна ўдзельнічаюць і перамагаюць у прафесійных спаборніцтвах, у тым ліку ў такіх вядомых конкурсах, як “Ружа вятроў” і “Неўскія берагі”. Дарэчы, словы аб ролі агульнай адукацыі ў станаўленні майстра выкладчык падмацоўвае ўласным вопытам: працуючы ў каледжы, яна завочна скончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Гісторык, выкладчык сацыяльна-гуманітарных навук” і цяпер віртуозна выкарыстоўвае атрыманыя веды ў стварэнні вобразаў адпаведных гістарычных перыядаў і сучасных — на аснове модных тэндэнцый розных эпох.
Што да тэндэнцый, характэрных для каледжа, то прыведзены прыклад паказальны. Вышэйшую адукацыю маюць або атрымліваюць у завочнай форме не толькі выкладчыкі спецдысцыплін, але і майстры вытворчага навучання, выхавальнікі.
Закранаючы тэндэнцыю да павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі, зноў звернемся да прыкладу: у мінулым годзе на абласным этапе WorldSkills Belarus — 2016 полацкія кухары спаборнічалі ў адной кваліфікацыі з кандытарамі і змаглі заняць 2-е каманднае месца. Якім чынам?
— Мы строга абапіраемся на тыпавыя праграмы, асабліва на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — адзначае метадыст Людміла Мацулевіч. — Але кожную падрабязна аналізуем, пры неабходнасці паглыбляем і дапаўняем, уводзім у адукацыйны працэс інавацыйныя тэхналогіі. З гэтага навучальнага года працуем над інавацыйным праектам па тэме “Укараненне мадэлі гендарнай кампетэнтнасці навучэнцаў ва ўмовах устаноў прафесійнай адукацыі”. Пашырыць спектр і павысіць якасць падрыхтоўкі, паўней ракрыць патэнцыял навучэнцаў і педагогаў, дабавіць ноткі творчасці ў адукацыйны працэс дазваляюць гурткі і аб’яднанні па інтарэсах — іх дзейнічае каля 30 па розных напрамках.
Самыя вядомыя з аб’яднанняў — не толькі ў вобласці і краіне, але і за мяжой — тэатры моды і прычоскі. Над папаўненнем калекцый, іх распрацоўкай выкладчыкі спецдысцыплін і майстры вытворчага навучання шчыруюць разам з навучэнцамі. Каардынуе і накіроўвае ўсеагульны энтузіязм намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Шаўрова. Вынікі ўражваюць: штогод выпускаецца каля 30 калекцый, з якіх 4—5 — выставачныя.
Наступная тэндэнцыя выразна сведчыць аб адносінах навучэнцаў да каледжа: лепшыя з іх не жадаюць развітвацца з alma mater і застаюцца працаваць выкладчыкамі і майстрамі вытворчага навучання. Між тым попыт на выпускнікоў (больш за палову з якіх маюць 5 разрад) стабільна высокі. Працаўладкаванне — 100-працэнтнае.
Прафесіі з моцным характарам
Некалькі слоў пра падрыхтоўку будучых майстроў тэхналагічнага абсталявання машынабудаўнічай вытворчасці: прафесія складаная, адказная і, безумоўна, перспектыўная. Кваліфікаваных тэхнікаў-механікаў на вытворчасці заўсёды чакаюць, тым больш калі маладыя спецыялісты выяўляюць схільнасць да рацыяналізатарства і вынаходніцтва. Тэхнікі таксама могуць і павінны быць творцамі, таму ў каледжы навучэнцаў заахвочваюць да ўдзелу ў адпаведных конкурсах. А скарбонка каледжа тым часам папаўняецца новымі медалямі і дыпломамі.
Падрыхтоўку тэхнікаў па папярэджванні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у Полацку пачалі з мінулага года. Спецыяльнасць аказалася вельмі запатрабаванай як у абітурыентаў, так і ў наймальнікаў.
— Навучэнцы да нас прыходзяць моцныя, — каменціруе загадчык аддзялення Людміла Славінская. — Пераважна гэта абітурыенты, якія паступалі ў профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі ў Мінску або Гомелі, аднак не прайшлі па конкурсе. Попыт на спецыялістаў такой катэгорыі ў краіне і ў прыватнасці на Віцебшчыне высокі. У нас заключаны дагавор з Віцебскім абласным упраўленнем Міністэрства па надзвычайных сітуацыях; у найбліжэйшай перспектыве плануем адкрыць завочную падрыхтоўку па той жа спецыяльнасці. Пасля заканчэння нашага каледжа выпускнікі маюць рэальную магчымасць па сістэме бесперапыннай адукацыі паступіць адразу на трэці курс установы вышэйшай адукацыі (або пайсці працаваць па спецыяльнасці і набываць вышэйшую адукацыю завочна). Тое ж можна сказаць пра ўсе нашы спецыяльнасці.
Выхаваўчая работа, якая вядзецца ў каледжы, — тэма для асобнай гутаркі. Адзначу толькі, што Таццяна Шаўрова, якая яе ўзначальвае, сёлета стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “За дасягненні ў выхаванні дзяцей” ад грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.
Нельга не ўзгадаць шыкоўную матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы адукацыі. Каледж з’яўляецца рэсурсным цэнтрам, мае выдатна абсталяваныя кабінеты і вучэбна-вытворчыя майстэрні, бібліятэку з чытальнай залай, дзве актавыя, спартыўную і трэнажорную залы, музей, медыцынскі пункт і стаматалагічны кабінет, два інтэрнаты, буфет, магазін для рэалізацыі тавараў, выпушчаных ва ўласных майстэрнях.
— Дзякуючы сістэме прафтэхадукацыі, у маладых людзей прачынаецца цікавасць да рэальных практычных ведаў, якія неабходны ім у жыцці, — пераканана Ганна Бурэнь. — І мы здольны стварыць для гэтага неабходныя ўмовы.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.