Ці патрэбна будучаму настаўніку практыка на дывановым камбінаце?

“Ці магчыма падрыхтоўка настаўніка працоўнага навучання без вучэбнай практыкі?” — ліст з такім рытарычным пытаннем даслалі ў рэдакцыю “Настаўніцкай газеты” прадстаўнікі мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, доктар педагагічных навук прафесар кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі Яўген Аляксандравіч ВАСІЛЕНКА і загадчык кафедры, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Анатоль Афінагенавіч АЛЬХІМЁНАК.

Як можна было зразумець ужо з назвы звароту, у ім узды­маюцца праблемы падрыхтоўкі настаўнікаў працоўнага навучання для школ і каледжаў краіны, а менавіта праблема скасавання практык да мінімуму і неабгрунтавана малая колькасць гадзін па методыцы працоўнага навучання.

Аўтары нагадваюць, што ВДУ імя П.М.Машэрава, а раней Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут, рыхтуе настаўнікаў працоўнага навучання ўжо на працягу больш чым 50 гадоў. Увесь гэты час вучэбнымі планамі былі прадугледжаны  практыкі па спецыяльнасці, — гаворыцца ў лісце. Доўгі час яны ішлі пад назвай “Асновы сучаснай вытворчасці”, а ў апошнія дзесяцігоддзі — “Азнаямляльная практыка”. Базай для іх правядзення служылі прадпрыемствы станкабудаўнічага, будаўнічага профіляў, лёгкай прамысловасці, а таксама прадпрыемствы мастацкіх промыслаў”.

Далей выкладчыкі сцвярджаюць: На сённяшні дзень настаўнікаў працоўнага навучання рыхтуюць у Мазырскім і Полацкім універсітэтах. У іх вучэбных планах былі і ёсць вучэбныя практыкі пад назвай “Вучэбна-тэхналагічныя”. У тыпавым плане для Віцебскага ўніверсітэта ўсё гэта знішчана”.

Я.А.Васіленка і А.А.Альхімёнак задаюцца пытаннем: чаму пры складанні вучэбных планаў выкарыстоўваюцца розныя падыходы? Напрыклад, возьмем дысцыпліну “Методыка працоўнага навучання”, пішуць яны. — У Мазырскім універсітэце на яе вывучэнне адводзіцца 224 гадзіны аўдыторных заняткаў, у Полацкім — 216, а ў Віцебскім — толькі 50. Рыхтуем аднолькавых спецыялістаў. Але пры такім размеркаванні гадзін падрыхтоўка па якасці будзе зусім рознай”.

Толькі вяртанне ў тыпавы план Віцебскага ўніверсітэта вучэбнай практыкі па працоўным навучанні, выкарыстанне адзіных падыходаў да вывучэння дысцыпліны “Методыка працоўнага навучання” дазволяць якасна ажыццяўляць падрыхтоўку настаўнікаў для сярэдніх школ і каледжаў”, — заключаюць аўтары ліста.

Трэба адзначыць, што ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава спецыяльнасць “Тэхналогія” дадатковая (поўная назва спецыяльнасці — “Выяў­ленчае мастацтва і чарчэнне. Тэхналогія”), а ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна і Полацкім дзяржаўным універсітэце яна з’яўляецца асноўнай (напрыклад, МДПУ рыхтуе па спецыяльнасцях “Тэхналогія (тэхнічная праца). Фізіка”, “Тэхналогія (абслуговая праца). Выяўленчае мастацтва” і іншых, ПДУ — па спецыяльнасцях “Тэхналогія. Інфарматыка”, “Тэхналогія. Фізіка”). Ужо па гэтай прычыне вучэбныя планы могуць істотна адрознівацца.

ВДУ імя П.М.Машэрава, як і іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі краіны, працуе па стандартах, што зацверджаны ў 2008 годзе (г.зн. чатыры гады). За гэты час прафесар Яўген Аляксандравіч Васіленка ўжо звяртаўся ў Міністэрства адукацыі з заўвагамі, якія тычыліся ў цэлым тыпавога плана спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Тэхналогія”, і, спадзяёмся, атрымліваў адказы.

Свае заключэнні наконт структуры і зместу адукацыйнага стандарту і тыпавога плана зрабілі Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, навукова-метадычны савет па эстэтычнай адукацыі вучэбна-метадычных аб’яднанняў. НМС, у прыватнасці, абмяркоўваў гэтую праблему на пазачарговым пасяджэнні яшчэ ў 2009 годзе.

Вось, напрыклад, заключэнне РІВШ; яно дае дэталізаваны адказ, чаму вучэбны план спецыяльнасці менавіта такі, а не іншы. Аказваецца, план, які рэалізоўваўся да 2008 года, супярэчыў шэрагу нарматываў. Так, не выконваліся патрабаванні па максімальным аб’ёме вучэбнай нагрузкі ў тыдзень, аб’ёме абавязковых аўдыторных заняткаў у тыдзень, працягласці экзаменацыйных сесій. З улікам гэтых праблем і з’явіліся змяненні ў тыпавым вучэбным плане 2008 года. Праўда, эксперты Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы прызнаюць, што памяншэнне агульнай колькасці акадэмічных гадзін было непрапарцыянальным.

Скарачэнне закранула амаль усе спецыяльныя дысцыпліны і склала ад 4 да 49% (як бачна, гадзіны былі скарочаны вельмі нераўнамерна). У той жа час падцыкл дысцыплін дадатковай спецыяльнасці “Тэхналогія” павялічаны на 27%. Іншымі словамі, тыпавы план быў трансфармаваны на карысць дадатковай спецыяльнасці.

Заключэнне навукова-метадычнага савета звяртае ўвагу на тое, што пры неабходнасці УВА маюць магчымасць выкарыстоўваць гадзіны ўніверсітэцкага кампанента і дысцыпліны па выбары. Іх аб’ём у дзеючым тыпавым плане павялічаны на 58%. Такім чынам, пытанне недастатковай колькасці га­дзін па методыцы працоўнага навучання можа быць вырашана на мясцовым узроў­ні.

Відавочна, тлумачэнні, дадзеныя тры гады назад і год назад, задаволілі віцебскіх выкладчыкаў толькі часткова: засталося нявырашаным пытанне з практыкай.

У лісце, які прыйшоў у “Настаўніцкую газету”, прадстаўнікі ВДУ імя П.М.Машэрава згадваюць, якімі раней былі практыкі будучых настаўнікаў працоўнага навучання, прыводзяць станоўчыя водгукі студэнтаў-практыкантаў.

Большасць звестак аб прамысловых прадпрыемствах будучы настаўнік працоўнага навучання мог атрымаць пры праходжанні вучэбнай практыкі. Там ён бачыў работу металаапрацоўчых станкоў, знаёміўся з працэсам вырабу дэталяў”, — пішуць яны. Па словах выкладчыкаў, вялікае ўражанне студэнты атрымлівалі ад знаёмства з ліцейнай вытворчасцю, ад практыкі на дывановым камбінаце і швейнай фабрыцы. “…Падчас практыкі студэнты знаёмяцца з гісторыяй прадпрыемства, — працягваюць аўтары пісьма.У раздзеле “Структура вытворчасці” студэнты атрымлівалі звесткі аб колькасці працоўных месцаў і цэхаў, аб прадукцыі і яе рэалізацыі, знаёміліся з тэхнічнай аснашчанасцю прадпрыемстваў, з выкарыстаннем новых метадаў і прыёмаў пры канструяванні вырабаў, формамі і метадамі падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў”.

Студэнцкая практыка ўсё ж такі павінна адпавядаць сваёй мэце. Паколькі ў гэтым выпадку яе мэтай з’яўляецца падрыхтоўка настаўнікаў, можа, і практычны вопыт будучыя педагогі павінны набываць у школе? Нешта падказвае: не такая практыка патрэбна студэнтам спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Тэхналогія”, для якіх прадугле­джаны працоўныя месцы ў навучальных установах усіх тыпаў, мастацкіх навучальных установах, у дызайн-студыях, арганізацыях, якія спецыялізуюцца на афармленні і рэкламе, у музеях, галерэях, бібліятэках і г.д.

Прадстаўнікі мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава пішуць, што чатыры гады назад міжволі засталіся ў баку ад складання тыпавога плана. З су­працоўнікамі кафедры, спецыялістамі ў галіне працоўнага навучання, не параіліся пры вызначэнні структуры і складу блока дысцыплін дадатковай спецыяльнасці.

У свой час мы прымалі актыўны ўдзел у распрацоўцы і зацвярджэнні вучэбных планаў для мастацка-графічных факультэтаў СССР, — расказваюць Я.А.Ва­сіленка і А.А.Альхімёнак.Спачатку складалі папярэдні варыянт плана, які дасылалі на факультэты (іх тады было 43), атрымлівалі водзывы. На пасяджэннях ВМА яны абмяркоўваліся і прымалася канчатковае рашэнне. Ад Віцебскага педінстытута ўдзе­л прымалі 3 спецыялісты”.

Тут нельга не пагадзіцца з аўтарамі ліста: напаўненне тыпавога плана павінны вызначаць толькі спецыялісты ў сваёй галіне і толькі калегіяльна. Хаця ў многім гэты савецкі вопыт беларуская вышэйшая школа пераняла, бо, напрыклад, стварэнне апошніх адукацыйных стандартаў суправаджалася абменам меркаваннямі і палемікай ва ўніверсітэцкіх колах.

А вось што сказана на гэты конт у заключэнні НМС па эстэтычнай адукацыі ВМА (2009 год): Стандарт і тыпавы план па спецыяльнасці Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Дадатковая спецыяльнасць” неаднаразова шырока абмяркоўваліся ў працэсе распрацоўкі і былі прыняты да зацвярджэння ў выніку аналізу ўсіх вучэбных планаў, якія дзейнічалі на той час у ВНУ, і пры ўдзеле адказных прадстаўнікоў усіх зацікаўленых ВНУ, уключаючы дэкана МГФ ВДУ В.П.Клімовіча. У прыватнасці, ім была прапанавана структура і склад блока дысцыплін дадатковай спецыяльнасці “Тэхналогія”.

Згадваць падзеі трох-чатырохгадовай даўнасці мае сэнс толькі ў адным выпадку: каб не паўтарыць памылак у будучыні. Верагодна, гэта і прымусіла аўтараў ліста ў каторы раз актуалізаваць праблему зместу падрыхтоўкі настаўнікаў працоўнага навучання. Сапраўды, зараз было б больш канструктыўна весці размову пра распрацоўку новай дакументацыі з улікам недахопаў дзеючай.

Вышэйшая школа знаходзіцца на парозе стварэння адукацыйных стандартаў наступнага пакалення, і паўплы­ваць на гэты працэс могуць усе зацікаўленыя прадстаўнікі ўніверсітэтаў, у тым ліку і мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава. Галоўнае — выказваць свае прапановы і меркаванні своечасова.

Аляксандр АНДРЫЯНАЎ.

 P.S. Дарэчы, слова “тэхналогія” хутка можа знікнуць з назваў педагагічных спецыяльнасцей і на змену яму прыйдзе тэрмін “тэхнічная праца”. Плануецца, што УВА пачнуць прыём на новыя спецыяльнасці, напрыклад “Тэхнічная праца. Прадпрымальніцтва”, ці іншыя, камбінаваныя з “Тэхнічнай працай”. Гэта звязана ў першую чаргу з патрэбнасцямі школы: у агульнаадукацыйных установах няма прадмета “Тэхналогія”, а ёсць “Працоўнае навучанне”.

Задоўга да пачатку набору абітурыентаў распрацоўваецца дакументацыя па спецыяльнасці — стандарт, тыпавы вучэбны план. Гэта задача профільнага вучэбна-метадычнага аб’яднання, у рабоце якога бяруць удзе­л прадстаўнікі ўсіх УВА, што будуць весці падрыхтоўку па названых спецыяльнасцях. Такім чынам, напаўненне, змест той ці іншай спецыяльнасці — усё ж такі вынік сумеснай працы.

 

Як высветлілася, інфармацыя аўтараў ліста аб скасаванні практык для будучых настаўнікаў працоўнага навучання істотна перабольшана.

У плане 2008 года сапраўды выключана тыднёвая азнаямляльная практыка, падчас якой студэнты наведвалі прадпрыемствы Віцебска. Гэта зроблена для таго, каб не перавышаць нагрузку на студэнтаў, па гэтай жа прычыне скарочаны час на вывучэнне шэрагу дысцыплін, — расказаў дэкан мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава Дзмітрый Сцяпанавіч Сянько. — Ад гэтай практыкі была пэўная карысць. Але яна была больш актуальная тады, калі мы размяркоўвалі нашых выпускнікоў на заводы. Зараз такая практыка больш карысная для будучых дызайнераў, канструктараў, тэхнолагаў. Выпускнікі ж спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Тэхналогія” арыентаваны пераважна на ўстановы адукацыі. Які сэнс знаёміць студэнта, напрыклад, з дывановым камбінатам, калі ён пойдзе працаваць у школу?”.

Як расказаў дэкан, для студэнтаў спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Тэхналогія” прадугледжаны вучэбныя практыкі (псіхолага-педагагічная, музейная, пленэр) і вытворчыя (летняя педагагічная практыка, педагагічная і пераддыпломная).

Пачынаецца практыка на другім курсе з азнаямлення з вучэбным працэсам у школах, дзе студэнтаў курыруюць педагогі і псіхолагі. На трэцім курсе — летняя педагагічная практыка, якая доўжыцца месяц і праходзіць у дзіцячых аздараўленчых летніках. На чацвёртым курсе працягласць практыкі складае шэсць тыдняў, падчас яе трэба правесці ў школе каля 10 урокаў па выяўленчым мастацтве, чарчэнні і працоўным навучанні. На апошнім курсе студэнтаў арыентуюць на тое, каб яны практыкаваліся на месцы будучай работы.

Такім чынам, у агульным на практыкі адводзіцца 24 тыдні (вучэбныя практыкі займаюць 9 тыдняў, вытворчыя — 15 тыдняў). Гэта больш чым 1/6 усяго вучэбнага часу. Акрамя таго, трэба ўлічваць і практычныя заняткі: з 4800 аўдыторных гадзін на асваенне спецыяльных дысцыплін (якія ў будучых выкладчыкаў, педагогаў-мастакоў маюць практыка-арыентаваны характар) адводзіцца 3333 гадзіны.