Паступіўшы на жаданыя спецыяльнасці, гэтыя хлопцы і дзяўчаты стараюцца не толькі атрымаць веды, раскрыць свой творчы патэнцыял, але і імкнуцца нешта пакінуць пасля сябе. У розных універсітэтах і на розных спецыяльнасцях яны робяць агульную справу — дапамагаюць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Студэнты-валанцёры расказваюць пра выбар будучай прафесіі і валанцёрства як магчымасць мяняцца да лепшага.
У свеце ўсё магчыма
Настасся Бобніс — трэцякурсніца фізіка-тэхнічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У будучыні дзяўчына стане інжынерам-энергетыкам. Насця не любіць сядзець без справы і заўсёды знаходзіць час на тое, што любіць: сям’ю, сяброў, хобі, вучобу.
У школе ёй падабаліся фізіка і матэматыка, таму і будучую спецыяльнасць вырашыла выбіраць, абапіраючыся на цікавасць да прадметаў. Энергетыка прываблівала запатрабаванасцю — Насця вырашыла, што без яе немагчыма ўявіць жыццё сучаснага чалавека. Студэнтка жартуе, што ёй заўсёды было больш камфортна ў мужчынскім калектыве. І гэта таксама паўплывала на выбар, бо на яе факультэце хлопцаў значна больш, чым дзяўчат.
Першы час пасля паступлення прысутнічаў страх перад вучобай: пужала невядомасць, дзяўчына баялася адстаць ад аднагрупнікаў. Аднак асяроддзе, у якім яна апынулася, хутка развеяла ўсе страхі. Уяўленні пра навучанне спраўдзіліся, і Насця адчула смак вучобы. Першакурсніцы імпанавалі разуменне і клопат з боку аднакурснікаў, выкладчыкаў і студэнтаў-старшакурснікаў, таксама яна зразумела, наколькі шырока скіравана яе прафесія.
У каманду “Ты не адзін” яна прыйшла на першым курсе: час ад часу дапамагала ладзіць мерапрыемствы. Больш сур’ёзна валанцёрства замацавалася ў жыцці дзяўчыны, калі ёй прапанавалі ўзначаліць факультэцкую валанцёрскую арганізацыю.
Па словах Насці, яе каманда — “гэта 20 самых добразычлівых, таленавітых і разумных маладых людзей”. Яны на ўласным прыкладзе расказваюць пра здаровы лад жыцця, знаёмяць школьнікаў з універсітэтам, арганізоўваюць святочныя канцэрты, дні навукі, студэнцкія канферэнцыі і фестывалі. Таксама валанцёры дапамагаюць першакурснікам адаптавацца да новых умоў, курыруюць іх падчас падрыхтоўкі да капусніка. Зусім нядаўна каманда Настассі стала пераможцай конкурсу “Валанцёр года — 2020” у намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад”.
Дзяўчына гаворыць, што валанцёрскую дзейнасць і вучобу сумяшчаць няцяжка. Асабліва калі ёсць добры намеснік, зладжаны калектыў і матывацыя ў тым, што нехта мае ў табе патрэбу. Насця пераканана, што валанцёрства не заканчваецца разам з вучобай, паколькі дазваляе ўзаемадзейнічаць з рознымі калектывамі, выхоўвае адказнасць і лідарскія якасці.
— Самае прыемнае — калі тое, што ты робіш, прыносіць карысць і добрыя эмоцыі. Напэўна, таму да валанцёрства павінна ляжаць душа, — падагульняе Настасся. — Разам з развіццём арганізацыі мяняемся мы. Напрыклад, я стала больш адказнай, цярплівай, міласэрнай. Я пераканалася, што ў свеце ўсё магчыма.
Валанцёрства у уменне глядзець светла
Ягор Кудакцін вучыцца на трэцім курсе філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (спецыяльнасць “Рамана-германская і англійская філалогія”).
Дзіцячыя мары хлопца былі звязаны са сцэнай. Але з часам яны трансфармаваліся ў жаданне працаваць з мовамі: паўплывалі школьныя заняткі па мовах і літаратурах. Па словах трэцякурсніка, спачатку ён хацеў падаваць дакументы ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Змяніць рашэнне пераканаў прыклад брата, які вучыўся ў БДУ, і размовы з яго сябрамі.
— У плане атмасферы, набыцця новых сяброў чаканні ад вучобы на філалагічным факультэце супалі з рэчаіснасцю. Але ў акадэмічных адносінах мая спецыяльнасць больш шырокая за падобныя спецыяльнасці ў іншых універсітэтах. У МДЛУ, напрыклад, выпускнікі такой спецыяльнасці маюць кваліфікацыю або педагога, або перакладчыка. А мы будзем мець трайную кваліфікацыю: “перакладчык, філолаг, педагог”, — гаворыць Ягор. — Калі чалавек хоча спецыялізавацца не толькі на мове, але і на літаратуры, яму адназначна варта разглядаць філфак. Тут ёсць у каго вучыцца: вялікая частка нашых выкладчыкаў мае вопыт выкладання ў замежных універсітэтах.
Цяга дапамагаць іншым прыйшла да хлопца не ў БДУ. Яшчэ ў школе Ягор разам з настаўнікамі і аднакласнікамі ўдзельнічаў у дабрачынных акцыях, арганізоўваў мерапрыемствы для пажылых людзей. На першым курсе ён пазнаёміўся з валанцёрскай арганізацыяй філфака “С.Н.В.” (“Сообщество нормальных волшебников”).
— У дзень знаёмства з факультэтам сваю дзейнасць прадстаўлялі ўсе факультэцкія арганізацыі. Памятаю, як прадстаўнікі “С.Н.В.” гаварылі, што яны чараўнікі. Тады гэта “зачапіла”, падумалася, ці не занадта гучна сябе так пазіцыянаваць. Адразу ж захацелася пазнаёміцца з імі бліжэй, — успамінае трэцякурснік. — Усе арганізацыі расказвалі пра свае поспехі, гаварылі, як з імі здорава, а Саша (стваральніца арганізацыі і першы кіраўнік Аляксандра Таранчанка. — Заўвага аўтара.) проста выпраменьвала неверагодную энергію. Тады ж чамусьці вырашыў, што на 3-м курсе абавязкова буду кіраўніком арганізацыі. Але атрымалася, што стаў ім у канцы першага.
Зрэшты, гэта не было самамэтай для Ягора: студэнту хацелася захаваць традыцыі “С.Н.В.” і не страціць дух арганізацыі, які стварыла Саша Таранчанка.
Сярод яркіх ініцыятыў “чараўнікоў” — праект “Філфак — дзецям” (студэнты дапамагалі школьнікам “падцягнуць” веды ў якасці рэпетытараў), дабрачынныя стэндапы з удзелам беларускіх комікаў, спектаклі ў дзіцячых дамах, гасцявыя паездкі да людзей сталага ўзросту і іншыя акцыі. Новым праектам, які прапанаваў Ягор, сталі літаратурныя вечары “Знаходка”. Ідэя — сабраць тых, хто любіць вершы ці самастойна стварае літаратурныя творы, аб’яднаць моладзь, якая хоча быць пачутай. Першапачаткова назва праекта паходзіла ад словазлучэння “на хаду” (бо часта вершы нараджаюцца, калі чалавек заняты іншым). Але потым юнак зразумеў, што на вечары таксама можна знайсці новыя таленты. Ягор сам піша вершы, і ўсё, што хвалюе юнака, знаходзіць выхад у яго творчасці.
— Нават калі сам не паспяваеш нешта зрабіць, то знаходзяцца людзі, якія дапамагаюць. Гэта афіцыйна ў нас ёсць кіраўнік арганізацыі, намеснік, але звычайна мы ўсё робім камандай. І калі нешта добрае ад дзейнасці “С.Н.В.” застаецца ў душах тых, каму патрэбна наша дапамога, — не можа быць нічога больш радаснага. Калі смяюцца дзеці ці бабулі з дзядулямі, да якіх мы прыязджаем, становіцца цёпла. Напэўна, усе мы з “мудрагелінкай”, — дзеліцца Ягор Кудакцін. — Нешта знакавае ёсць для мяне ў дапамозе састарэлым людзям. Можа, таму, што сам страціў бабулю і дзядулю. Ніколі не забуду, як адна жанчына са складаным лёсам у свой 86 дзень нараджэння сказала нам: “Мы становімся старымі толькі тады, калі дазваляем сабе гэта. Трэба верыць у жыццё”. Яе думку я нясу па жыцці. Валанцёрства — гэта не проста дапамога дзецям ці састарэлым людзям. Гэта тое, што цалкам мяняе чалавека і не заканчваецца ў часе. Ты займаешся гэтым не таму, што так добра, а таму што не можаш інакш, бо цябе нешта вядзе. Усё астатняе выбудоўваецца, як картачны домік, і ты ніколі не думаеш, колькі часу і сродкаў на гэта пойдзе.
Па словах хлопца, кожны валанцёр павінен асэнсаваць, як часам неабходна бывае чалавеку нечая дапамога. Часта яна вымяраецца не толькі матэрыяльнымі рэчамі. Валанцёрства — гэта яшчэ і добрае слова, усмешка чалавеку, які крыху засумаваў ці нечым засмучаны. Ягор лічыць, што ў гэтай справе важна размяркоўваць сілы і не хапацца за ўсё адразу. Падыход “запаволена, але трывала” ён лічыць самым надзейным і правільным.
“Валанцёрства — гэта ўменне глядзець на людзей светла, дапамагаць усім і ўсюды. І пры гэтым быць кожную хвіліну самім сабой”, — перакананы галоўны “чараўнік” філфака.
Нешта большае, чым проста захапленне
Дзiяна Алейнікава вучыцца на факультэце інфакамунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (спецыяльнасць “Ахова інфармацыі ў тэлекамунікацыях”). З захапленняў ёй блізкія літаратура, кіно і тэатр. Таксама другакурсніца не ўяўляе свайго жыцця без графічнага дызайну. Ёй падабаецца вучыцца і знаходзіцца ў пошуку новых ведаў.
Паступаць у БДУІР Дзіяна вырашыла пасля летніх курсаў па гейм-дызайне. Студэнтка гаворыць, што станоўчую ролю падчас уступнай кампаніі адыграла сістэма прыёму, якая дзейнічае ва ўніверсітэце (абітурыенты могуць указваць некалькі спецыяльнасцей у парадку прыярытэту).
— У прыярытэце я пазначыла гейм-дызайн, а ахову інфармацыі — на другім месцы. Але больш схілялася ўсё ж да апошняй спецыяльнасці. Ахова інфармацыі — перспектыўны напрамак, якi ахоплівае больш сфер, чым гейм-дызайн. Мы жывём у век інфармацыйных тэхналогій, якія робяць наша жыццё камфортным, хуткiм і адкрытым. Разам з гэтым адкрытасць інфармацыі робіць уразлівымі не толькі асобных людзей, але і буйныя карпарацыі, нават дзяржавы. Я вельмі хачу навучыцца агароджваць карыстальнікаў глабальнай сеткі ад ашуканцаў, забяспечваць ахову асабістай прасторы і канфідэнцыяльнасць інфармацыі, — дзеліцца дзяўчына.
З валанцёрскай групай Sporters студэнтка пазнаёмілася год назад, калі маладыя людзі ладзілі акцыю па зборы пластыкавых накрывак для перапрацоўкі. Стараста яе групы, які быў адным з арганізатараў, прапанаваў дзяўчыне прыдумаць і намаляваць стыкеры і постар для мерапрыемства. Дзіяна пагадзілася і стала часткай каманды. Цяпер яна не па чутках ведае, што валанцёр — гэта самаадданы, шчыры чалавек, які любіць людзей.
Sporters аб’ядноўвае спартыўных студэнтаў БДУІР, якія праводзяць мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця і захаванне нацыянальнай культурнай спадчыны. Маладыя людзі арганізоўваюць тэматычныя велапрагулкі і забегі, прысвечаныя памятным датам і падзеям, дапамагаюць у правядзенні марафонаў, акцый, форумаў і самі прымаюць у іх удзел. Візуальным суправаджэннем такіх праектаў становяцца прыдуманыя Дзіянай постары, стыкеры, прэзентацыі і паштоўкі.
Другакурсніца пераканана: усё, што адбываецца з ёй, абавязкова адбываецца да лепшага. Яна стараецца кіравацца старым добрым прынцыпам: “Не рабі іншым таго, чаго не хочаш сабе”.
— Ад валанцёрскай дзейнасці я атрымліваю маральную разрадку. Праз яе рэалізую сваю патрэбу тварыць, — рэзюмуе Дзіяна. — Дзякуючы Sporters, развіваю ў сабе рысы і якасці, якія могуць стаць карыснымі і ў прафесійнай дзейнасці: напрыклад, тайм-менеджмент і камунікабельнасць. Тут я адкрыла для сябе валанцёрства і графічны дызайн як нешта большае, чым проста захапленні, і зразумела, што абавязкова пайду вучыцца ў магістратуру.
Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва герояў