У БДУ анансавалі прыёмную кампанію

Заўчора рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта акадэмік Сяргей Абламейка правёў прэс-канферэнцыю. У ёй таксама ўзяла ўдзел адказны сакратар прыёмнай камісіі начальнік галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы БДУ Людміла Хухлындзіна.Сустрэча з журналістамі традыцыйна ў Белдзяржуніверсітэце прадвяшчае ўступную кампанію. А старт ёй будзе дадзены 23 сакавіка глабальным мерапрыемствам — фестывалем факультэтаў.

Пра кантрольныя лічбы прыёму

Зараз у БДУ вучыцца амаль 31 тысяча студэнтаў і магістрантаў. Рост колькасці студэнтаў спыніўся і ў апошнія гады знаходзіцца амаль на аднолькавым узроўні. Рэктар БДУ С.У. Абламейка і начальнік галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навуковаметадычнай работы БДУ Л.М. ХухлындзінаУ гэтым годзе застаюцца прыкладна тыя ж кантрольныя лічбы прыёму, што і летась: на бюджэтную форму плануецца набраць 2048 першакурснікаў, з іх на прыродазнаўча-навуковыя спецыяльнасці — 1273 чалавекі, а на сацыяльна-эканамічныя і гуманітарныя спецыяльнасці — 775.
На платнай форме навучання ўстаноўлены наступныя кантрольныя лічбы прыёму: на дзённую форму плануецца прыняць 2514 чалавек, а на завочную — 1931.

Пра адкрыццё новых спецыяльнасцей

Звычайна штогод БДУ адкрывае новыя спецыяльнасці, але 2013 будзе асабліва прадуктыўным у гэтым плане. Так, на першай ступені ва ўніверсітэце з’явяцца 11 новых спецыяльнасцей: “Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі”, “Камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз”, “Механіка і матэматычнае мадэліраванне”, “Ядзерная фізіка і тэхналогіі”, “Фізіка нанаматэрыялаў і нанатэхналогій”, “Камп’ютарная фізіка”, “Фундаментальная хімія”, “Хімія лекавых злучэнняў”, “Хімія высокіх энергій”, “Гідраметэаралогія”, “Космааэракартаграфія”.
Як падкрэсліў С.У.Абламейка, новыя спецыяльнасці адкрываюцца толькі ў тым выпадку, калі ёсць заяўкі прадпрыемстваў на адпаведных спецыялістаў. Карыстаюцца яны і попытам з боку абітурыентаў: у мінулым годзе, напрыклад, бюджэтныя месцы на новых спецыяльнасцях былі запоўнены без праблем.
У магістратуры адкрыецца 10 спецыяльнасцей: “Вэб-праграмаванне і інтэрнэт-тэхналогіі”, “Матэматычнае і праграмнае забеспячэнне мабільных прылад”, “Эканоміка”, “Фінансы і крэдыт”, “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, “Эканамічная інфарматыка”, “Інфармацыйны менеджмент”, “Тэксталогія”, “Навучанне мовам як замежным”, “Камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз”.

Пра скарачэнне тэрмінаў адукацыі

Універсітэт паступова плануе скарачаць тэрміны навучання. Частка спецыяльнасцей (каля 65%) будзе 4-гадовай, частка — 5-гадовай. Напрыклад, на 4 гады пераходзіць шэраг спецыяльнасцей матэматычнага, радыёфізічнага, ІТ-профіляў. Гэта стала магчыма дзякуючы таму, што скараціўся, напрыклад, блок сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, якія выкладаюцца на першых курсах. Скасаваны такія дысцыпліны, як “Асновы вышэйшай матэматыкі” для гуманітарных спецыяльнасцей, “Асновы энергазберажэння” і інш. Гэта сусветна распаўсюджаная схема навучання: 4 гады (а недзе і 3) — на першай ступені і 2 гады — на другой ступені, падкрэсліў рэктар.

Пра навучанне выпускнікоў каледжаў

Адной з асаблівасцей уступнай кампаніі гэтага года ў БДУ стане павелічэнне прыёму выпускнікоў каледжаў на скарочаную форму навучання. Іх будуць прымаць на 10 спецыяльнасцей (у мінулым годзе прымалі на тры). Вось іх пералік: “Правазнаўства”, “Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі”, “Сацыяльная работа”, “Дызайн”, “Руская філалогія”, “Беларуская філалогія”, “Дакументазнаўства”, “Фінансы і крэдыт”, “Менеджмент”, “Бізнес-адміністраванне”.
Па словах Л.М.Хухлындзінай, скарачэнне тэрміну навучання пасля каледжа складзе як мінімум 1 год. Людміла Міхайлаўна лічыць, што атрыманне вышэйшай адукацыі на аснове сярэдняй спецыяльнай — гэта вельмі зручна для выпускнікоў каледжаў. Большасць з названых спецыяльнасцей (акрамя “Дызайну”) можна атрымаць завочна, у тым ліку і за кошт сродкаў бюджэту. А гэта вызваляе ад кампенсацыі сродкаў за бюджэтнае навучанне ў каледжы.

Пра попыт на прыродазнаўча-навуковыя спецыяльнасці

“Такія спецыяльнасці абітурыенты выбіраюць усё з меншай ахвотай, і гэта агульнасусветная тэндэнцыя, — сказаў рэктар. — Лічыцца, што іх складаней асвойваць і што сацыяльна-эканамічныя і гуманітарныя спецыяльнасці хутчэй прыносяць фінансавую аддачу. На жаль, намаганнямі аднаго ўніверсітэта немагчыма павысіць попыт моладзі на прыродазнаўча-навуковыя спецыяльнасці. Хаця, на мой погляд, яны выдатныя! Асабліва тыя, што звязаны з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Гэтыя спецыяльнасці даюць вельмі шмат магчымасцей: хочаш — ідзі ў навуку, хочаш — працуй у міжнароднай кампаніі і зарабляй. Калі ты разбіраешся ў самых сучасных рэчах у галіне хіміі, біялогіі, матэматыкі, фізікі, ты ніколі не будзеш без работы. Трэба глыбока вывучаць гэтыя прадметы ў школе”.
Летась бюджэтныя месцы на прыродазнаўча-навуковых спецыяльнасцях у БДУ былі запоўнены, запэўніў рэктар. Іх выпускнікі, дарэчы, вельмі запатрабаваны ў работадаўцаў. Так, на факультэтах радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, механіка-матэматычным колькасць заявак ад прадпрыемстваў істотна перавышае колькасць выпускнікоў.

Пра прэферэнцыі для сяльчан і жыллёвае пытанне для немінчан

Правілы прыёму ў гэтым годзе застаюцца без змяненняў, таму для жыхароў сельскай мясцовасці і гараджан захоўваецца асобны конкурс.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі паведаміла, што ў апошнія гады каля 8% ад плана прыёму на бюджэтную форму складаюць прадстаўнікі сельскай мясцовасці. Быццам бы невялікая лічба. Але ёсць і іншы, больш аптымістычны, паказчык: больш за палову абітурыентаў з сельскай мясцовасці, якія спрабуюць паступаць у БДУ, становяцца студэнтамі.
Сяргей Абламейка расказаў, што палепшыцца сітуцыя з размяшчэннем прыезджых студэнтаў: летам будзе ўведзены новы інтэрнат у студэнцкай вёсцы, а да канца 2013 года плануецца завяршыць капітальны рамонт інтэрната № 3 у Шчомысліцы. Не менш чым 2/3 першакурснікаў атрымаюць месцы ў інтэрнатах, паабяцаў Сяргей Уладзіміравіч.

Пра рост патрабаванняў на ЦТ і адлічэнне

“Мы вітаем павышэнне мінімальнага прахаднога бала па прадметах цэнтралізаванага тэсціравання, — сказаў С.У.Абламейка. — Абітурыенты з нізкімі баламі, якія залічваюцца на платнае навучанне, звычайна не спраўляюцца з нагрузкай і адлічваюцца”.
БДУ запрашае!“На працягу апошніх 5-6 гадоў мы назіралі падзенне абсалютнай паспяховасці студэнтаў. Зараз жа нам удалося спыніць адмоўную дынаміку, — расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі. — Паказчыкі апошняй сесіі гавораць аб тым, што паспяховасць расце. Гэта дзякуючы таму, што да нас прыходзяць добрыя абітурыенты”.
Агульная колькасць адлічаных з розных курсаў склала каля 300 чалавек. На першым курсе стала менш тых, хто атрымаў па тры нездавальняючыя адзнакі (падстава для адлічэння), павялічылася колькасць тых, хто вучыцца на добрыя і выдатныя адзнакі.
БДУ бярэ на сябе выдаткі па правядзенні факультатываў, дадатковых заняткаў, карэкціруючых курсаў для першакурснікаў, падкрэсліла Л.М.Хухлындзіна. Да таго ж Белдзяржуніверсітэт — адна з нямногіх устаноў, дзе не бяруць плату за пераздачы залікаў і экзаменаў.

Пра павышэнне кошту адукацыі

“Калі кажуць, што ўніверсітэты жывуць за кошт сродкаў студэнтаў-платнікаў, то да БДУ гэта не адносіцца, — заявіў С.У.Абламейка. — Гэтыя сродкі складаюць каля 25% ад усіх заробкаў універсітэта, да таго ж 5% з іх — грошы замежных грамадзян”. Асноўная крыніца даходаў БДУ — навука і вытворчая дзейнасць інавацыйных прадпрыемстваў, што знаходзяцца ў яго складзе.
“Павышэнне аплаты звычайна прывязваецца да змянення стаўкі першага разраду, як і рост зарплат, камунальных выдаткаў і г.д., — працягнуў рэктар. — З 1 студзеня змянілася стаўка першага разраду, і ўніверсітэты падрыхтавалі свае прапановы па павышэнні аплаты за навучанне на 6-7%. Але яшчэ няма дазволу Міністэрства адукацыі, таму мы жывём са старымі цэнамі. Нам адносна спакойна, паколькі, як я гаварыў, БДУ не жыве за кошт сродкаў студэнтаў. Але ёсць іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі, якія знаходзяцца ў большай залежнасці ад кошту навучання. Вось яны пачынаюць адчуваць усё больш і больш праблем, бо цэны на ўсе бягучыя расходы растуць. Таму, напэўна, працэс павышэння аплаты за навучанне непазбежны. Платнікі зараз плацяць каля 50—60% ад рэальнага кошту адукацыі, такім чынам дзяржава датуе іх навучанне. Які кошт будзе з 1 верасня, мы пакуль не ведаем, але не маем намеру кардынальна павышаць аплату”.

Пра навучанне замежнікаў

Экспарт адукацыйных паслуг БДУ з 2008 па 2012 год вырас у тры разы. Летась універсітэт зарабіў на аказанні адукацыйных паслуг на экспарт 6 мільёнаў долараў. Зараз у БДУ вучыцца 2300 замежных грамадзян з 50 краін. На першым месцы па колькасці студэнтаў — Туркменістан і Кітай.
“Кожны ўніверсітэт у свеце змагаецца за замежных студэнтаў. З аднаго боку, гэта даходы, з другога — міжнародны аўтарытэт. Лічыцца, што калі ва ўніверсітэце 10% студэнтаў — замежнікі, то гэта вельмі добры паказчык. У БДУ іх амаль 12% на дзённай форме навучання, — расказаў Сяргей Абламейка. — Мы над гэтым працуем: супрацоўнічаем з фірмамі-пасрэднікамі, выязджаем у іншыя краіны на адукацыйныя выставы, павышаем свой рэйтынг. Так, у рэйтынгу Webometrics БДУ на 639 месцы, у брытанскім рэйтынгу QS уваходзім у групу ўніверсітэтаў з 501 па 550 месцы. Па розных даных, у свеце зараз 30—35 тысяч універсітэтаў, такім чынам, БДУ ўваходзіць у 2% лепшых з іх. Зразумела, што за гэтым сочаць абітурыенты і іх бацькі. Калі мы пытаемся ў замежнікаў, чаму яны выбралі БДУ, яны называць тры прычыны: высокі рэйтынг універсітэта, добрая якасць адукацыі і прымальны кошт. Нашы дыпломы прызнаюцца ва ўсіх краінах, з якіх да нас едуць студэнты”.
У планах БДУ павялічваць колькасць студэнтаў з краін СНД. Як вядома, у мінулым годзе ў краіне было прынята рашэнне, якое дазволіла моладзі з Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана паступаць у нашы ўніверсітэты не толькі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, але і па субяседаванні. “Мы ўбачылі зацікаўленасць у навучанні ў Беларусі, напрыклад, з боку Казахстана, дзе вялікая беларуская дыяспара, — зазначыла Л.М.Хухлындзіна. — Такая ж сітуацыя з аддаленымі ўсходнімі рагіёнамі Расійскай Федэрацыі, дзе таксама шмат беларусаў”.
Па словах рэктара, зараз ва ўніверсітэце распрацоўваецца магчымасць выкладання на англійскай мове, бо такая паслуга вельмі запатрабавана ў замежнікаў. Калі арганізаваць такое навучанне на першай ступені вышэйшай адукацыі пакуль праблематычна і затратна, то магістратура ўжо гатова прымаць англамоўных студэнтаў. А ў аспірантуры ўжо ідзе вучэбны працэс на англійскай мове.

Падрыхтавала Іна НІКІЦЕНКА.

nikitsenka@ng-press.by