Сёння беларускія ІТ-кампаніі не маюць цяжкасцей у прыцягненні новых заказчыкаў. Аднак ёсць праблема забеспячэння вялікай колькасці заказаў кваліфікаванымі кадрамі. Існуючы попыт на ІТ-спецыялістаў перавышае прапанову больш чым у тры разы. Запатрабаваны ўсе: і студэнты, і выпускнікі тэхнічных універсітэтаў, і вопытныя прафесіяналы. Некаторыя кіраўнікі кампаній сур’ёзна загаварылі аб прыцягненні спецыялістаў з-за мяжы. Між тым у бліжэйшай перспектыве менавіта выпускнікі беларускіх універсітэтаў будуць асноўнай крыніцай кадраў для айчыннай ІТ-індустрыі.
Днямі ў Парку высокіх тэхналогій адбыўся круглы стол па пытаннях ІТ-адукацыі і забеспячэння галіны кваліфікаванымі спецыялістамі. У абмеркаванні ўзялі ўдзел прадстаўнікі найбуйнейшых кампаній-рэзідэнтаў ПВТ, а таксама дэканы ўсіх профільных факультэтаў устаноў вышэйшай адукацыі, што ажыццяўляюць падрыхтоўку ІТ-спецыялістаў.
Напярэдадні кампанія «Сбербанк-технологии» правяла вельмі цікавае даследаванне на тэму
“ІТ-адукацыя ў Беларусі”. Яе вынікі і былі прапанаваны ўдзельнікам круглага стала для азнаямлення і далейшага абмеркавання.
Каб зразумець, што ўяўляе сабой ІТ-галіна Беларусі (у тым ліку кадравы склад), трэба бачыць дынаміку яе развіцця. Таму звернемся да мовы лічбаў. Так, сярэднегадавыя тэмпы росту сферы распрацоўкі камп’ютарных праграм і аказання ІТ-паслуг складаюць 35—40%, што нашмат вышэй за еўрапейскія і сусветныя паказчыкі.
Экспарт камп’ютарных паслуг стаў у нашай краіне другім па значнасці артыкулам у фарміраванні станоўчага сальда знешняга гандлю паслугамі (пасля транспартных). Паводле ацэнкі экспертаў, у 2014 годзе ён складзе не менш за 620 мільёнаў долараў, а да 2018 года можа вырасці да 1 мільярда долараў.
Беларускія ІТ-кампаніі здолелі атрымаць доступ да буйных і дарагіх замежных кантрактаў. У іх з’явіліся заказчыкі, якія плацяць за работу мільёны долараў. Такім чынам, распрацоўка заказнога праграмнага забеспячэння з’яўляецца асноўным профілем беларускіх кампаній, але ў апошні час усё больш і больш з іх пачынаюць выпускаць і ўласныя прадукты. Прадуктовую мадэль сёння развівае кожная дзясятая айчынная кампанія.
“Высокія тэмпы развіцця беларускай ІТ-галіны прывялі да таго, што пасля крызісу 2009 года рынак зноў вярнуўся да “перагрэтага” стану, з завышанымі патрабаваннямі распешчаных кандыдатаў і работадаўцамі, якія ім патураюць”, — адзначаецца ў даследаванні кампаніі «Сбербанк-технологии». На працягу апошніх гадоў заробкі ўпэўнена растуць (сёння сярэдняя зарплата ў ІТ-галіне складае амаль 1800 долараў), а кампаніі спаборнічаюць між сабой у прапанаванні дадатковых бонусаў і збіваюцца з ног у пошуках патрэбных спецыялістаў. Самыя прасунутыя кампаніі ўзмацняюць супрацоўніцтва з універсітэтамі, укладваючы значныя сродкі ў падрыхтоўку студэнтаў, што ў выніку дазваляе ім зменшыць кадравы голад.
“Мы разумеем, што навучанне маладых спецыялістаў стане нашай канкурэнтнай перавагай, — сказала генеральны дырэктар ЗАТ «Сбербанк-технологии» Аліса Мельнікава. — Супрацоўніцтва з вядучымі тэхнічнымі ўніверсітэтамі дазваляе нам стварыць такія ўмовы для студэнтаў, пры якіх яны будуць атрымліваць не толькі тэарэтычныя веды, але і практычныя навыкі, вырашаць рэальныя задачы і браць удзел у рэалізацыі самых цікавых на рынку тэхналагічных праектаў”.
Кампанія “ЭПАМ Сістэмз” супрацоўнічае з універсітэтамі ўжо 10 гадоў. Як вынік — 10 філіялаў кафедр і 27 сумесных вучэбна-вытворчых лабараторый (больш за 400 вучэбных месцаў) у 11 ВНУ сямі гарадоў Беларусі. Такім чынам, вырашаецца цэлы шэраг задач: арыентацыя студэнцкай моладзі на практыку, іх адаптацыя да рэальнага рабочага працэсу, фарміраванне навыкаў каманднай работы, падтрымка таленавітых выкладчыкаў, актуалізацыя вучэбных праграм і матэрыялаў.
Дарэчы, удзельнікі круглага стала адзначылі, што тэндэнцыі развіцця ІТ-рынку патрабуюць ад універсітэтаў большай мабільнасці. Так, прагназуючы, што бурны рост тэхналогій і сэрвісаў big data ўжо праз тры гады сфарміруе ў Беларусі масавы попыт на спецыялістаў у гэтай галіне, куратар акадэмічных праграм Яндэкс у Беларусі Аляксей Тоўсцікаў заявіў: “Пачынаць падрыхтоўку трэба ўжо сёння. Універсітэцкія праграмы, акрамя фундаментальных ведаў па матэматыцы, павінны даваць веды аб сучасных падыходах да пабудовы размеркаваных сховішчаў і машыннага навучання”.
Пазнаёміўшы прысутных з асноўнымі сусветнымі трэндамі рынку мабільнай распрацоўкі, дырэктар кампаніі “Рэд Рок” Ігар Юдзін адзначыў, што неабходна ўвесці ў існуючыя праграмы навучання факультатыўныя заняткі па архітэктуры і праектаванні інтэрфейсаў мабільных прылад.
Прагучала таксама аргументаваная прапанова распачаць работу над тым, каб для паступлення на шэраг ІТ-спецыяльнасцей змяніць уступныя выпрабаванні: замест фізікі здаваць замежную мову.
Зрэшты, нягледзячы на ўсе патрабаванні, сёння ІТ-рынак паглынае ўсіх: і фізікаў, і лірыкаў. Эксперты адзначаюць, што сталічныя ўніверсітэты ўжо не могуць у поўнай меры задавальняць патрэбы ІТ-галіны ў спецыялістах, таму многія кампаніі рушылі ў рэгіёны (або плануюць зрабіць гэта ў бліжэйшы час). Як вынік — колькасць выпускнікоў рэгіянальных універсітэтаў, якія сёлета атрымалі работу ў ПВТ, у параўнанні з мінулым годам павялічылася ўдвая.
Такім чынам, пачынаецца актыўная экспансія
ІТ-кампаній у рэгіёны. Прыход гэтых кампаній з іх высокааплатнымі працоўнымі месцамі істотна павышае канкурэнцыю сярод абітурыентаў і падымае статус рэгіянальных універсітэтаў.
Хаця вынікі даследавання кампаніі «Сбербанк-технологии» сведчаць пра тое, што асноўнай крыніцай, якая сілкуе Парк высокіх тэхналогій, застаюцца тры ІТ-факультэты: факультэт камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР, факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ і факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання БДУІР. Адтуль прыходзяць каля 40% маладых супрацоўнікаў парка.
Што да рэгіянальных ВНУ, то там лідзіруюць Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.
На думку экспертаў, у бліжэйшыя два гады існуючы дысбаланс паміж попытам і прапановай на рынку працы захаваецца, таму кампаніям давядзецца працягнуць барацьбу за лепшых выпускнікоў
ІТ-спецыяльнасцей. У 2017 годзе ў большасці беларускіх універсітэтаў (у сувязі з пераходам з 5-гадовых на 4-гадовыя вучэбныя планы) адбудзецца падвойны выпуск студэнтаў, што практычна задаволіць попыт усіх ІТ-кампаній. Праўда, на вельмі кароткі перыяд. У доўгатэрміновай перспектыве попыт на ІТ-спецыялістаў будзе высокім.
Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.