У школе юных матэматыкаў цяпер можна займацца дыстанцыйна

На механіка-матэматычным факультэце БДУ распрацавалі і ўпершыню прапаноўваюць старшакласнікам анлайн-курс па матэматыцы, які дапаможа глыбей вывучыць прадмет і падрыхтавацца да паступлення ва ўніверсітэт. Курс будзе даступны ў межах школы юных матэматыкаў. Рэгістрацыя ўжо ідзе.
Прывілеі — не толькі мінчанам, але і іншагароднім школьнікам

— Вочная школа юных матэматыкаў працуе на механіка-матэматычным факультэце шмат гадоў, у ёй звычайна займаюцца навучэнцы з Мінска і Мінскага раёна, — расказвае намеснік дэкана па прафарыентацыі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Ганна Яблонская. — Таму з гэтага года мы вырашылі пашыраць геаграфію нашай школы. На факультэт паступаюць абітурыенты з усёй краіны, і ім нам таксама ёсць што прапанаваць у падрыхтоўчы перыяд. Не зусім, напэўна, правільна, каб прывілеі ў падрыхтоўцы да паступлення ва ўніверсітэт мелі толькі сталічныя школьнікі. Для дзяцей з рэгіёнаў дыстанцыйны курс будзе асабліва карысны.

Што сабой уяўляе новы прадукт мехмата

Новы анлайн-курс па матэматыцы разлічаны на 11-класнікаў. Але зразумела, што на яго могуць зарэгістравацца дзеці і з іншых класаў, якія жадаюць пашырыць ці замацаваць свае веды па гэтым прадмеце. Хаця маецца на ўвазе, што карыстальнікі добра ведаюць матэматыку.
— Курс ствараўся выкладчыкамі механіка-матэматычнага факультэта — яны адказвалі за напаўненне курса, а за тэхнічную рэалізацыю адказвалі нашы студэнты. Гэта новы прадукт і для факультэта, і для ўніверсітэта ў цэлым, — падкрэслівае Ганна Генадзьеўна.
Дыстанцыйнае навучанне распрацавана на адкрытым рэсурсе Moodle, які даступны на сайце www.dl.bsu.by, дзе зараз і ідзе рэгістрацыя.
Курс уключае каля 30 заняткаў па тэмах, якія патрэбны для здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Кожныя заняткі нагадваюць традыцыйны ўрок, толькі без непасрэднай камунікацыі з выкладчыкам. Навучэнцу прапаноўваецца тэарэтычны матэрыял, які ён разбірае сам, заданні для самастойнай работы, пасля гэтага — рашэнні для самаправеркі, а потым — кантрольныя заданні, якія трэба выканаць і даслаць на праверку выкладчыкам мехмата.
— Праграма шматузроўневая, — працягвае намеснік дэкана. — Заданні падабраны ад простага да складанага, але ад карыстальніка не патрабуецца выконваць усе. Калі тэма добра вядома і засвоена, то на ёй неабавязкова засяроджвацца лішні раз. Лепш удзяліць увагу тэмам, у якіх недастаткова падкаваны. Але таму, хто правільна выканае ўсе заданні, абяцаем бонусы і прызы.
Важны нюанс, на які варта звярнуць увагу: каб прайсці курс ад пачатку да канца, ад простага да складанага, зарэгістравацца трэба ў найбліжэйшы час. Увогуле далучыцца да дыстанцыйнага навучання можна на працягу года, але пры гэтым будуць даступны не ўсе матэрыялы. Тэорыя і фармулёўкі задач будуць адкрыты пачынаючы з першых заняткаў і на працягу ўсяго навучальнага года. А вось што да рашэнняў заданняў, кантрольных работ і, адпаведна, іх праверкі выкладчыкамі мехмата — гэта з часам будзе недаступна. У заняткаў ёсць свой расклад, і на вывучэнне кожнай тэмы адвозіцца пэўны тэрмін.

Магчымасць праявіць самастойнасць

Дыстанцыйнае навучанне курыруе група выкладчыкаў механіка-матэматычнага факультэта, якая будзе правяраць кантрольныя заданні. Акрамя таго, прадугледжаны чат для абмену паведамленнямі паміж навучэнцамі і выкладчыкамі. Мяркуецца, што кансультаванне цьютараў будзе запатрабавана ў моманты самаправеркі практычных заданняў, а таксама праверкі кантрольных работ.
Галоўная адметнасць анлайн-курса ў тым, што асноўную работу вучань павінен выконваць сам. Курс для тых, каму нязручна часта ездзіць у Мінск, хто не хоча ці не можа сабе дазволіць карыстацца паслугамі рэпетытара ці наведваць традыцыйныя падрыхтоўчыя курсы. Дыстанцыйна можна вучыцца ў вольны час дома. Акрамя таго, лічаць на мехмаце, сённяшняе пакаленне школьнікаў вельмі добра ўмее працаваць у “электронным фармаце”. Любая электронная прылада з інтэрнэтам, якая ёсць пад рукой — планшэт, нэтбук, смартфон — дазваляе вучыцца ў гібкім рэжыме. Галоўнае — выкарыстоўваць іх па прызначэнні.

Вочныя заняткі не адмяняюцца!

У той жа час на факультэце падкрэсліваюць, што дыстанцыйная праграма — гэта не замена вочнай школе. Усё ж такі жывая камунікацыя школьнікаў з педагогамі таксама важная. Таму набор у традыцыйную школу юных матэматыкаў працягнецца.
Нагадаем, што заняткі ў школе бясплатна праводзяцца ў сценах універсітэта для ўсіх школьнікаў з 5 па 11 клас. Вядома, праграмы для розных узроставых груп розныя: 5 — 8 класы займаюцца падрыхтоўкай да рэспубліканскага конкурсу “Кенгуру”, 9-10 — паглыбленым вывучэннем матэматыкі, у прыватнасці, падрыхтоўкай да навучання на механіка-матэматычным факультэце, а ў 11 класе большы ўпор робіцца на падрыхтоўку да здачы цэнтралізаванага тэсціравання.
Што тычыцца дыстанцыйных заняткаў, то ў найбліжэйшых планах механіка-матэматычнага факультэта распрацаваць аналагічныя курсы для навучэнцаў сярэдняга школьнага ўзросту, а затым і для самых маленькіх школьнікаў.

Пра вынікі сістэматычнай прафарыентацыі

На працягу гэтага года мехмат правядзе для сваіх патэнцыяльных абітурыентаў цэлую серыю мерапрыемстваў. Акрамя школы юных матэматыкаў, плануецца традыцыйная алімпіяда па матэматыцы і алімпіяда па вэб-праграмаванні (ці конкурс інтэрнэт-праектаў), конкурс навукова-даследчых работ школьнікаў.
Як расказала намеснік дэкана механіка-матэматычнага факультэта па прафарыентацыі, у гэтым годзе на факультэт прыйшлі першакурснкі з баламі ад 250 і вышэй. Самымі запатрабаванымі былі новыя спецыяльнасці “Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі” і “Камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз”. Студэнтаў набралі на ўсе бюджэтныя месцы, якія заявілі. Вельмі папулярнай аказалася скарочаная завочная форма навучання на базе сярэдняй спецыяльнай ІТ-адукацыі.
— Мы хацелі б знайсці больш маладых людзей, зацікаўленых матэматыкай, у тым ліку і ў рэгіёнах, бо ім да нас часам даехаць цяжка, а нам — да іх, — гаворыць Ганна Яблонская. — Спадзяюся, анлайн-курс па матэматыцы дазволіць нам выявіць адораных школьнікаў, якіх мы з задавальненнем запросім на іншыя мерапрыемствы, што праводзіць механіка-матэматычны факультэт.

Іна НІКІЦЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.