Выпускнікі педагагічных універсітэтаў традыцыйна накіроўваюцца працаваць ва ўстановы адукацыі, маладыя ўрачы — ва ўстановы аховы здароўя, інжынеры — на прадпрыемствы згодна з профілем сваёй падрыхтоўкі. Але ёсць спецыяльнасці, выпускнікі якіх ідуць шырокай дарогай. Фундаментальная адукацыя дазваляе ім выбіраць разнастайныя напрамкі і род дзейнасці — усё вызначаецца інтарэсамі і памкненнямі канкрэтных выпускнікоў.
Такой кузняй універсальных спецыялістаў можна назваць і фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сёння яго выпускнікі працуюць у розных сферах — у навуцы, вытворчасці, бізнесе — у нашай краіне і за мяжой.
“Мабыць, ні ў кога няма такога выбару напрамкаў будучай дзейнасці, як у фізікаў?” — пытаюся ў намесніка дэкана фізічнага факультэта Мікалая Гарбачука.
“Напэўна, падобны выбар ёсць яшчэ ў матэматыкаў — але не ў праграмістаў, а ў тых, хто вывучае класічную навуку”, — сціпла заўважае Мікалай Іванавіч.
Першую ступень на фізічным факультэце БДУ заканчвае амаль сотня чалавек. А калі палічыць разам з фізікамі-ядзершчыкамі, якія вучацца 5,5 года і атрымліваюць дыплом зімой, то каля 120 чалавек. (З набору, які на працягу шэрага гадоў складае ў сярэднім 150 студэнтаў, падчас навучання адсейваецца 15—20 працэнтаў).
Куды ж размяркоўваюцца выпускнікі?
“Штогод 20—30% нашых выпускнікоў ідуць у інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук, — гаворыць Мікалай Гарбачук. — Многія (каля 15%) накіроўваюцца працаваць на навукова-прамысловыя прадпрыемствы, найперш электроннага і аптычнага напрамкаў (ААТ “Інтэграл”, ААТ “КБ ТЭМ–ОМА”, навукова-вытворчае прадпрыемства “Атамтэх” і інш.). Каля 30% знаходзяць цікавую для сябе работу ў невялікіх кампаніях, якія займаюцца электронікай, праграмаваннем і настройкай складанага абсталявання. І яшчэ 10—15% выпускнікоў ідуць працаваць праграмістамі, аналітыкамі, зрэдку — тэсціроўшчыкамі ў ІТ-сферу”.
Выпускнікі спецыяльнасці “Ядзерныя фізіка і тэхналогіі” размяркоўваюцца на АЭС (у залежнасці ад пасады яны яшчэ праходзяць дадатковае навучанне), у Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны, у Нацыянальны інстытут ядзерных праблем БДУ, на прадпрыемствы “Атамтэх”, “Пеленг” і інш.
Размеркаванне на фізічным факультэце адбываецца ў пачатку выпускнога курса. “Мы спецыяльна перанеслі размеркаванне на восень, каб студэнты мелі магчымасць прайсці пераддыпломную практыку (а яна ў нас даволі працяглая — паўгода) па месцы будучай працы”, — тлумачыць Мікалай Іванавіч.
Адметна, што на фізфаку кожны год ёсць чырвонадыпломнікі. Сёлета, напрыклад, іх шэсць. Але як гэта ўвогуле магчыма — асвоіць такую складаную праграму і здаць усе экзамены на “дзявяткі” і “дзясяткі”?
“Як сказаў адзін мой калега, проста трэба штодня рабіць дамашняе заданне, — раскрывае сакрэты намеснік дэкана. — А, напрыклад, Алег Аляксандравіч Чупрыгін, які больш за паўстагоддзя выкладаў матэматычны аналіз на фізічным факультэце і вучыў, напэўна, усіх, хто тут працуе, на 1 курсе заўсёды раіў студэнтам чытаць кнігу на адну-дзве лекцыі наперад”.
Першыя два гады студэнты вывучаюць агульную фізіку, матэматыку, праграмаванне, а потым пачынаецца спецыялізацыя (акрамя спецыяльнасці “Камп’ютарная фізіка”, дзе спецкурсы пачынаюцца ўжо на 2 курсе).
“У канцы 2 курса прадстаўнікі кафедр азнаёмяць студэнтаў са сваімі даследаваннямі, — тлумачыць Мікалай Іванавіч механізм размеркавання студэнтаў па кафедрах. — Першае знаёмства, як правіла, пачынаецца з кароткай агляднай лекцыі намесніка дэкана. Пасля гэтага кожная кафедра прэзентуе напрамкі сваёй дзейнасці, арганізоўвае экскурсіі ў кафедральныя лабараторыі, у інстытуты акадэміі навук, на вытворчасць. Пасля дэталёвага знаёмства студэнты запісваюцца ў дэканаце, на якой кафедры яны хацелі б займацца, затым адбываецца размеркаванне з удзелам загадчыкаў кафедр”.
Цікаўлюся, якія кафедры найбольш ахвотна выбіраюць студэнты.
“Перавагі студэнтаў з году ў год мяняюцца, — гаворыць Мікалай Іванавіч. — Напрыклад, калі вучыўся я, вельмі перспектыўнай нам падавалася кафедра атамнай фізікі і фізічнай інфарматыкі. Пасля быў больш значны конкурс на кафедру энергафізікі. У якасці канстанты можна назваць, напэўна, толькі кафедру тэарэтычнай фізікі і астрафізікі. Набор сюды, як правіла, абмежаваны (6—7 чалавек). Натуральна, на патоку заўсёды знойдзецца 10—15 рамантыкаў, якія цікавяцца чорнымі дзіркамі, гравітацыяй ці нейкімі асаблівасцямі хвалевых ураўненняў. Дарэчы, доўгі час вельмі папулярнай у студэнтаў застаецца і кафедра біяфізікі”.
Сёлета фізічны факультэт БДУ плануе прыняць на вучобу 150 чалавек за кошт бюджэту і 10 — на ўмовах аплаты.
Праводзiцца агульны конкурс па групе спецыяльнасцей:
1. “Фізіка (навукова-даследчая дзейнасць)”;
2. “Фізіка (вытворчая дзейнасць)”;
3. “Фізіка (вытворчая дзейнасць)” — у рамках Сумеснага інстытута Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта (Кітай);
4. “Ядзерная фізіка і тэхналогіі”;
5. “Фізіка нанаматэрыялаў і нанатэхналогій”;
6. “Камп’ютарная фізіка”.
“Фізіка (навукова-даследчая дзейнасць)”;
“Фізіка (вытворчая дзейнасць)”;
“Фізіка (вытворчая дзейнасць)” — у рамках Сумеснага інстытута Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта (Кітай);
“Ядзерная фізіка і тэхналогіі”;
“Фізіка нанаматэрыялаў і нанатэхналогій”;
“Камп’ютарная фізіка”.
“Нашы кафедры падтрымліваюць вельмі цесныя сувязі з вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук: сумесна займаюцца даследаваннямі, рыхтуюць публікацыі, удзельнічаюць у дзяржаўных праграмах і ўцягваюць у свае праекты студэнтаў, — гаворыць Мікалай Іванавіч. — Вельмі важна, што заняткі на факультэце праводзяць не толькі нашы выкладчыкі, але і прадстаўнікі акадэміі, у тым ліку члены прэзідыума НАНБ, дырэктары інстытутаў. Усё гэта разам дапамагае нам рыхтаваць маладое пакаленне вучоных. Напрыклад, з сёлетняга выпуску 25 чалавек маюць намер працягнуць вучобу ў магістратуры”.
У гэтым годзе на фізічным факультэце адбыліся істотныя змены ў структуры падрыхтоўкі кадраў. Так, спыняецца набор на спецыяльнасць “Фізіка” (кіраўніцкая дзейнасць)”. Чаму рашылі адмовіцца? “Ужо гадоў пяць туды трапляюць не лепшыя абітурыенты, — тлумачыць Мікалай Іванавіч. — У нас агульны конкурс па факультэце, і згаданая спецыяльнасць запаўнялася ў апошнюю чаргу, бо не мела належнага попыту ў моладзі. Насамрэч, заўсёды былі жадаючыя, але іх істотна менш, чым трэба, каб забяспечыць разумную колькасць для існавання асобнай спецыяльнасці. У той жа час мы адкрываем набор на спецыяльнасць “Фізіка (вытворчая дзейнасць)” у рамках Сумеснага інстытута Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта (Кітай). Будзе 8 бюджэтных месцаў і 5 — на ўмовах аплаты. Таксама павялічваем набор на спецыяльнасць “Камп’ютарная фізіка” (41 бюджэтнае месца і 5 — на ўмовах аплаты). Будучая кваліфікацыя выпуснікоў — “Фізік. Праграміст”.
“Наша першая ступень навучання адрозніваецца ад прынятага на Захадзе бакалаўрыята, — гаворыць Мікалай Гарбачук. — Па першае, нашы спецыяльнасці з 5-гадовым тэрмінам навучання — гэта больш чым бакалаўрыят (i па змесце навучання, i па ўзроўні). Па другое, выбар дысцыплін у нас адбываецца iнакш. Напрыклад, ва ўніверсітэтах Германіі таксама ёсць дысцыпліны на выбар, і іх таксама многа. Істотнае адрозненне паміж нямецкім і беларускім вопытам заключаецца ў тым, што ў нас выбар адбываецца паміж пакетамі дысцыплін (дысцыпліны спецыялізацыі). Калі там студэнт можа сабраць сабе разнародную салянку, кіруючыся сваім вопытам і прыватным жаданнем, то ў нас ён выбірае пакет, дзе ў адным лагічным комплексе ўвязаны розныя дысцыпліны. У гэтым ёсць свае плюсы і мінусы, але плюсоў, на мой погляд, больш. Па-першае, зводзіцца да мінімуму праблема дубліравання дысцыплін. Па-другое, ёсць магчымасць арганізаваць планамернае вывучэнне пэўнага аспекта фізікі. З мінусаў магу назваць толькі тое, што свабоды ў студэнтаў крыху менш. Затое адукацыя, якую яны атрымліваюць, дае ім істотную канкурэнтную перавагу”.
Падчас уступнай кампаніі студэнты фізічнага факультэта актыўна працуюць з абітурыентамі. У БДУ так шмат спецыяльнасцей, куды можна паступаць з аднолькавым наборам сертыфікатаў, і моладзь можа проста разгубіцца. Прынамсі, чатыры факультэты — фізічны, механіка-матэматычны, факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі — прапаноўваюць вельмі цікавыя спецыяльнасці. Як выбраць?
“Мы стараемся максімальна аб’ектыўна прадставіць інфармацыю, каб мінімізаваць расчараванні абітурыентаў у будучыні, — гаворыць Мікалай Іванавіч. — Папярэджваем: будзе няпроста, затое вельмі цікава. І для тых, хто будзе сумленна працаваць, адкрыюцца выдатныя перспектывы. Яны змогуць выбіраць напрамкі, род дзейнасці і нават краіну, дзе захочуць працаваць”.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.