Выпускнікі фізічнага факультэта БДУ падкрэсліваюць, што іх адукацыя фундаментальная. Маўляў, калі скончыў фізфак — зможаш рэалізаваць сябе дзе заўгодна. І пры сустрэчы з такімі спецыялістамі ў навуцы, бізнесе, мастацтве ці педагогіцы гэтае меркаванне падмацоўваецца моцнымі аргументамі.
* Пастаянна і сістэмна працуйце. Калі выбіраеце фізфак, нельга “забыць”, “не схапіць”, “не вывучыць”.
Недахопаў быць не павінна. Таму будзьце ўседлівымі і паступова засвойвайце новы матэрыял.
* Задавайце пытанні і не нясіце ў сабе “няведанне”, назапашваючы белыя плямы.
Кандыдат філасофскіх навук дацэнт кафедры філасофіі і метадалогіі навукі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Наталля Кісель нарадзілася ў гуманітарнай сям’і: мама — настаўніца гісторыі, тата — член-карэспандэнт НАН у галіне аграрнай гісторыі Беларусі. Але сама дзяўчына выбрала тэхнічны напрамак і ў 1968 годзе з адзнакай скончыла фізічны факультэт БДУ.
— Маё дзяцінства — час, калі тэхнічныя веды былі важнымі і распаўсюджанымі ў грамадстве. Беларусь лічылася адной з самых індустрыяльна развітых краін. Палёты ў космас, навуковыя адкрыцці і развіццё навукова-папулярнай літаратуры прываблівалі моладзь. Фізіку тады многія не спускалі з языкоў, ды і мяне ў блоку прыродазнаўчых навук цікавіла менавіта яна, — гаворыць Наталля Канстанцінаўна.
Цікавасць да фізікі праявілася ў дзяўчынкі ў школе. Калі нешта было не да канца зразумела, яна вывучала артыкулы Беларускай савецкай энцыклапедыі. Магчыма, таму пры конкурсе 6 чалавек на месца Наталля амаль не хвалявалася. Але, па яе словах, сакрэт быў у грунтоўнай школьнай базе (на той час, калі чалавек добра вучыўся, займацца дадаткова для паступлення не мела сэнсу).
Пасля паступлення на аддзяленне радыёфізікі дзяўчына заўважыла, што ёй цікава назіраць не толькі за тым, як працуюць схемы, але і як мадэлююцца працэсы.
— Гісторыя развіцця навукі — гэта інтэлектуальны дэтэктыў з працягам, — лічыць спецыяліст. — Вытворчасць можа працаваць, а тэарэтычныя дыскусіі не змаўкаюць яшчэ доўга.
Па словах Наталлі Канстанцінаўны, на фізічным факультэце заўсёды працавалі выкладчыкі, якія з лёгкасцю пагружалі студэнтаў у вір фізічных працэсаў. Сярод іх — Леў Тамільчык, Міхаіл Ельяшэвіч, Герман Шышкін.
— Яны спалучалі ў сабе якасці выключных спецыялістаў і добрых педагогаў — гэта ўсё больш усведамляецца праз гады. Выкладчыкі ставілі задачу, збіралі варыянты яе рашэння, аналізавалі вынікі і выводзілі адтуль шмат праблем і спрэчных момантаў. Уявіце: прафесар сыходзіць з аўдыторыі, а ў нас пачынаецца ажыўленае абмеркаванне! — успамінае кандыдат філасофскіх навук.
Прыклад выкладчыкаў і прывёў Наталлю Кісель у філасофію і метадалогію навукі: студэнтцы было дастаткова пачуць даклад доктара філасофскіх навук Інесы Жбанковай (таксама былой выпускніцы фізфака) і, уразіўшыся, пайсці за ёй.
— Той факт, што многія нашы выпускнікі працуюць на буйных прадпрыемствах у Беларусі і за мяжой і іх работа высока цэніцца, гаворыць пра ўзровень падрыхтоўкі на фізічным факультэце БДУ, — заўважае Наталля Канстанцінаўна.
* Веды ў фізіцы — найважейшы капітал.
* Сфакусіруйцеся на тым, чым хочаце займацца, і знайдзіце настаўніка — правадыра, які хаця б па першым часе павядзе па галіне.
* Пастаянна займайцеся самаадукацыяй (інтэрнэт дае шмат магчымасцей, але пастарайцеся іх правільна выкарыстоўваць).
* Імкніцеся вывучыць мовы: гэта дасць магчымасць наладжваць камунікацыю са светам і атрымліваць інфармацыю (ільвіная доля карысных звестак па тэхнічных навуках бярэцца з англамоўных крыніц).
* Не стаўце мэту зарабіць вялікія грошы. Сканцэнтруйцеся на сваім напрамку і ўласных ведах. Калі чалавек кваліфікаваны — матэрыяльны бок прыкладзецца.
На працоўным стале доктара тэхнічных навук, прафесара, генеральнага дырэктара кампаніі ADANI Уладзіміра Лінёва — стос эканамічнай літаратуры. За ім, уздоўж сцяны, — рамкі з патэнтамі (іх ва Уладзіміра Мікалаевіча каля 140). І словы, што чырвонай стужкай праходзяць праз гутарку: веды — найкаштоўнейшы капітал.
Выпускнік фізфака 1973 года расказвае, што дакладныя навукі вабілі яго з дзяцінства, і ўсё, што тычылася іх у школе, давалася хлопцу лёгка. Цікава было глядзець малому на работу бацькі — ваеннага будаўніка, які працаваў на Семіпалацінскім палігоне. З узростам школьнік сачыў за спецыяльнай літаратурай па ядзернай фізіцы, чытаў кнігі пра выбітных вучоных, спрабаваў зразумець, чым яны займаюцца. Падлетку хацелася стаць бліжэй да гэтай сферы: так ён вырашыў паступаць на фізічны факультэт БДУ.
— Да паступлення я ставіўся спакойна, бо добра вучыўся. Думалася, што набытых ведаў хопіць. Да таго ж на той час мяне хвалявалі спаборніцтвы па веславанні, якія супадалі па часе з экзаменамі. Гэта мяне і падвяло: прадметы здаў на “чацвёркі”, таму па балах праходзіў толькі на вячэрняе аддзяленне. Праз год хоць і перавёўся на дзённае, але да вучобы больш так не ставіўся, — успамінае Уладзімір Мікалаевіч. — Самае галоўнае, што дае фізічная адукацыя, — сістэмны падыход да навучання, шырокі погляд на жыццё, веды пра навакольны свет і ўменне аналізаваць. На фізфаку вучаць ставіць задачы і вырашаць іх. Прыклад — 90-я гады. Калі ў краіне ішлі перабудовачныя працэсы, у ключавых сферах грамадства — пачынаючы ад навукі і заканчваючы прадпрымальніцтвам — знаходзіліся менавіта фізікі. Яны ўніверсальныя салдаты, якія былі першымі ў выбранай імі дзейнасці.
У навуку Уладзімір Лінёў прыйшоў на 3 курсе. Па яго словах, гэта быў тыповы шлях тагачаснага студэнта, інтарэсы якога выходзілі за межы вучэбнага працэсу. Студэнт пачаў займацца канкрэтнай тэматыкай і прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да прафесара. У 1983 годзе малады вучоны стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, у 1986 — атрымаў прэмію Савета Міністраў СССР (калектыў з 24 спецыялістаў з розных навуковых падраздзяленняў аб’яднаў прыбор, створаны 33-гадовым даследчыкам Лінёвым).
— Тое, што мы рабілі, было, як сёння кажуць, падрыўнымі інавацыямі. Хацелася даказаць сабе і іншым, што мы можам ствараць, — гаворыць Уладзімір Мікалаевіч.
У 1991 годзе малады доктар тэхнічных навук, які праз год стаў прафесарам, заснаваў кампанію ADANI.
— Быў вялікі попыт на вырашэнне праблем, звязаных з выбухам на ЧАЭС. Калі мы пачыналі, для праверкі ўзроўню радыяцыі ў прадуктах харчавання і аб’ектах навакольнага асяроддзя існавала толькі навуковае абсталяванне, даступнае не ўсім. Стаяла задача стварыць прыбор, якім маглі б карыстацца без абмежаванняў. Так з’явіліся радыяметры для кантролю радыеактыўнай забруджанасці, — тлумачыць генеральны дырэктар.
Затым кампанія стала распрацоўваць і выпускаць нізкадозавае лічбавае рэнтгенадыягнастычнае абсталяванне ў стацыянарным і мабільным (аўтамабілі са спецустаноўкамі) варыянтах. На базе гэтых апаратаў у краіне стварылі адзіную сетку скрынінгу і ранняй дыягностыкі сухотаў і іншых захворванняў органаў грудной клеткі. Пасля кампанія стала піянерам у мамаграфічным скрынінгу ў Беларусі.
Многія людзі, ідучы ў паліклініку, не ведаюць, што абследуюцца на абсталяванні ADANI, аднак шмат хто можа ацаніць яго карысць на ўласным вопыце.
— Штогод абследаванне ці дыягностыку на абсталяванні кампаніі праходзяць 5 мільёнаў беларусаў. Больш за 20 тысяч небяспечных захворванняў выяўляецца на пачатковай стадыі. Уяўляеце, колькі выратаваных жыццяў? — прыводзіць статыстыку Уладзімір Мікалаевіч.
Сёння ADANI — карпарацыя з сусветным іменем, якая супрацоўнічае з 85 краінамі і ўпэўнена адчувае сябе на міжнароднай арэне. Акрамя аховы здароўя, кампанія займаецца пытаннямі бяспекі людзей і барацьбы са злачыннасцю. А ўсё таму, што, па словах Уладзіміра Лінёва, ён не сышоў з навукі ў прадпрымальніцтва. Хутчэй, з навукай. Змены сталі натуральным этапам прафесійнай самарэалізацыі вучонага: прафесар займаўся не гандлем, а прасоўваннем уласнага інтэлектуальнага капіталу.
— Сёння адукацыя не зусім адпавядае сучаснаму ўзроўню. Свет мяняецца настолькі імкліва, што сістэма не паспявае за ім. Спецыялістаў арыентуюць на ІТ, хочуць бачыць больш праграмістаў. А адукацыя павінна перасякацца з рэальнымі інтарэсамі эканомікі і навукі. Каб атрымліваць патрэбныя веды, трэба шмат укладваць у сябе, — перакананы Уладзімір Лінёў. — Многія маладыя людзі хочуць атрымаць вынік ужо заўтра ці нават сёння. А яшчэ лепш — учора. Таму знайсці маладога спецыяліста, здатнага да самаразвіцця, няпроста: мы зацікаўлены аплачваць адукацыю таленавітых выпускнікоў і развіваць у галіне. Фізіка — той від дзейнасці, які павінен прывабліваць моладзь.
* Чым больш ведаеце, тым лепш.
* Вучыцеся бачыць і прыстасоўвайцеся да змен. Імкніцеся пакінуць нешта пасля сябе.
* На фізфаку вы зможаце развіць логіку і мысленне, навучыцеся глыбока думаць пра тое, як пабудаваны свет, бо мы і ўсё вакол і ўнутры нас — яго адлюстраванне. Вучыцца на фізфаку складана, але гэта акупляе сябе і прыносіць добрыя вынікі.
Дзяцінства доктара фізіка-матэматычных навук прафесара Гарадскога ўніверсітэта Нью-Ёрка Аляксандра Зайцава таксама было нясумным: хлопчык увесь час нешта майстраваў — спачатку караблікі, пасля — радыёпрыёмнікі. Выпускнік фізфака БДУ 1975 года памятае сябе як тэхнічна скіраванае дзіця. Прызнаецца, што заўсёды хацеў займацца навукай.
— “Вучыце фізіку, а там разберацеся”, — любіў паўтараць наш настаўнік Барыслаў Міхайлавіч у сталічнай школе № 100. Яго прыклад стаў важкім аргументам для паступлення на фізфак, — гаворыць Аляксандр Зайцаў.
Ён быў моцным вучнем, і хоць не адрозніваўся звышарганізаванасцю, гэта не перашкаджала юнаку ўзначальваць шэрагі выдатнікаў. Таму пры паступленні асабліва не хваляваўся.
— Тыя, хто ставіўся да адукацыі сур’ёзна, імкнуліся значна далей за праграму. Так, на фізфаку мы стварылі своеасаблівы клуб, збіраліся і разам рашалі задачы, знаходзілі спецлітаратуру і новыя падручнікі, слухалі лекцыі на іншых факультэтах. Нам хацелася ўзяць максімум. Праўда, і трапіць у наш клуб было няпроста. Паміж намі панавалі дух сяброўскага спаборніцтва і імкненне да поспеху, з гэтага і пачаўся мой навуковы шлях. Да канца вучобы, сустракаючыся са студэнтамі іншых факультэтаў — гісторыкамі, эканамістамі, філосафамі, я разумеў, што валодаю многімі пытаннямі ці не нароўні з імі. Гэта пацвярджала правільнасць выбару, — успамінае прафесар.
Аляксандр Міхайлавіч дагэтуль згадвае мастацтва вядзення лекцый выкладчыка матэматычнага аналізу Уладзіміра Міроненкі. На яго занятках, здавалася, студэнты пераносіліся на тэатральную сцэну, дзе на дошцы формулы і тлумачэнні змяняліся адно другім. Многае з яго методыкі выкладання Аляксандр Міхайлавіч прымяняе сёння ў рабоце са сваімі студэнтамі. З піетэтам прафесар гаворыць таксама пра дацэнтаў Германа Шышкіна, Альберта Мінкевіча, Віктара Дабрэга.
— Калі кантактуеш з тымі, хто рухае фізіку наперад, хочацца рабіць тое ж. Незалежна ад таго, у якім месцы знаходзішся, бо свет становіцца адзіным цэлым. Ні ў якім разе не лічу сябе мігрантам: працую там, дзе ўва мне маюць патрэбу, — адзначае Аляксандр Зайцаў.
Зараз вучоны займаецца вырошчваннем сінтэтычных дыяментаў і пытаннямі іх выкарыстання ў незвычайных тэхналогіях.
— Калі ў клетку змясціць крупінку дыямента, незаўважную вокам, арганізм не адрэагуе на з’яўленне іншароднага цела і будзе паводзіць сябе, як звычайна. А часцінка можа сігналізаваць аб тым, што адбываецца ўнутры. Гэта перспектыўны напрамак у дыягностыцы і лячэнні захворванняў, паколькі крупінкі можна пераносіць у канкрэтнае месца, — тлумачыць прафесар.
Сінтэтычныя дыяменты набіраюць папулярнасць (цэніцца не толькі прыгажосць прадукту, але і эканамічны складнік пры яго атрыманні), бо прыродны дыямент няпроста і дорага выкапаць. А розніцу паміж імі можа ўбачыць кваліфікаваны спецыяліст і толькі на спецыяльным абсталяванні. Таму актуальнымі становяцца тэхналогіі распазнавання сапраўдных і сінтэтычных камянёў, над якімі працуе прафесар Зайцаў.
— З фізфака можна ўвайсці і ў эканоміку, і ў бізнес, і ў літаратуру, і ў мастацтва, а наадварот — ніяк. Прыклад гэтага — мастак Канстанцін Качан. І хоць зараз ён не займаецца фізікай, глыбіня светапогляду, якому вучылі на фізфаку, заўважаецца ў яго карцінах, — рэзюмуе навуковец.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і герояў матэрыялу.