Каб звязаць сваё жыццё з перадавымі даследаваннямі ў навуцы ці з інавацыйнай вытворчасцю, магілёўскай моладзі зусім не абавязкова адпраўляцца на вучобу ў сталіцу. У абласным цэнтры ёсць свой універсітэт, у якім адукацыя цесна звязана з навукай.
Сёлета Беларуска-Расійскі ўніверсітэт адзначае 55-годдзе з дня свайго адкрыцця. Аб дасягненнях, праблемах і перспектывах навучальнай установы карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з рэктарам універсітэта, прафесарам, доктарам навук Ігарам САЗОНАВЫМ.— Ігар Сяргеевіч, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт заслужана называюць навукова-адукацыйным цэнтрам Магілёўшчыны. Раскажыце падрабязней, што ўяўляе сабой ваша ўстанова.
— Беларуска-Расійскі ўніверсітэт — гэта 8 факультэтаў, 29 кафедр, каледж, агульнаадукацыйны ліцэй, інстытут павышэння кваліфікацыі. Сёння ў нас вучыцца звыш пяці тысяч студэнтаў. Падрыхтоўка кадраў вядзецца па рознабаковых спецыяльнасцях і спецыялізацыях як па беларускіх, так і расійскіх адукацыйных стандартах. Сёння ўніверсітэт рыхтуе будаўнікоў, эканамістаў, бухгалтараў, лагістаў, інжынераў розных напрамкаў прамысловасці.
Наш універсітэт адзіны ў краіне працуе па заканадаўстве дзвюх дзяржаў: Беларусі і Расіі. Мы двойчы праходзім ліцэнзаванне, акрэдытацыю, атэстацыю. Адпаведнай камісіяй нам выдадзены міжнародны сертыфікат якасці. Наяўнасць гэтага дакумента сведчыць пра тое, што арганізацыйна-кіраўніцкая структура ўніверсітэта прызнана эфектыўнай на міжнародным узроўні.
— Нягледзячы на досыць складаную дэмаграфічную сітуацыю, у вашым універсітэце не ўзнікае праблем з абітурыентамі, тут заўсёды выконваюцца планы набору першакурснікаў. Якім чынам удаецца дасягнуць такіх вынікаў?
— Паслядоўнасць працэсу падрыхтоўкі спецыяліста можна забяспечыць толькі ў сістэме, падпарадкаванай прынцыпу пераемнасці, паэтапнасці, бесперапыннасці навучання. У нашай структуры дзейнічае агульнаадукацыйны ліцэй, каледж, дзе можна атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Акрамя гэтага, мы ўдзяляем максімум увагі прафарыентацыі.
Значную ролю ў арганізацыі гэтай работы адыгрывае факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, які забяспечвае цэласны працэс прафесійнай арыентацыі, адбору і падрыхтоўкі моладзі, якая мае схільнасці і задаткі да прафесійнай дзейнасці і навуковай творчасці ў адпаведнасці з профілем нашага ўніверсітэта. На згаданым факультэце маладыя людзі атрымліваюць дастатковыя веды для паступлення, пераадольваюць разрыў паміж узроўнем сваёй падрыхтоўкі і патрабаваннямі, што прад’яўляюцца абітурыентам пры здачы ўступных выпрабаванняў.
Мы актыўна праводзім разнастайныя прафарыентацыйныя мерапрыемствы: арганізоўваем дні адкрытых дзвярэй, выязджаем непасрэдна ва ўстановы адукацыі. Для большай інфармаванасці патэнцыяльных абітурыентаў шырока выкарыстоўваем магчымасці ўласнага інтэрнэт-сайта. Сёння менавіта ён галоўная крыніца інфармацыі аб нашым універсітэце.
— Адукацыйныя тэхналогіі вельмі хутка мяняюцца. Як рэагуе на гэтыя змены ўніверсітэт?
— Вучэбны працэс ва ўніверсітэце праходзіць у інавацыйным рэжыме. Прафесарска-выкладчыцкі склад пастаянна ўдасканальвае якасць навучання, адукацыйнага асяроддзя, працуе над укараненнем адукацыйных тэхналогій і даследчых методык. Сёння ва ўніверсітэце вельмі развіта дыстанцыйнае навучанне, існуе модульна-рэйтынгавая сістэма кантролю ведаў, праводзіцца інтэрнэт-тэсціраванне студэнтаў па профільных дысцыплінах у анлайн-рэжыме.
Вялікі ўпор робіцца на практыка-арыентаванае навучанне. Для чытання лекцый запрашаюцца спецыялісты-практыкі, ствараюцца філіялы вучэбных кафедр на вядучых прадпрыемствах рэгіёна. На цяперашні момант дзейнічае ўжо дзевяць вучэбна-навукова-вытворчых аб’яднанняў. Непасрэдна на вытворчасці праводзяцца лабараторныя і практычныя заняткі — гэта дазваляе пазбегнуць акадэмічнай адарванасці студэнтаў ад рэальных вытворчых працэсаў і, адпаведна, зрабіць іх прафесійную падрыхтоўку больш якаснай.
— Адукацыйны працэс ва ўніверсітэце наладжаны якасна. А якія існуюць магчымасці для развіцця ініцыятыўнасці, творчых здольнасцей студэнтаў, спартыўных навыкаў?
— Мы ўсяляк стымулюем карысную занятасць моладзі. Кожны студэнт можа знайсці сабе занятак даспадобы. У нас ёсць мастацкая самадзейнасць, спартыўныя гурткі і секцыі, разнастайныя клубы па інтарэсах, усебакова падтрымліваецца студэнцкая ініцыятыва. Гэтая падтрымка дапамагае студэнтам развіваць свае таленты і заваёўваць прызавыя месцы на шматлікіх конкурсах і спаборніцтвах. Так, у мінулым навучальным годзе студэнт будаўнічага факультэта Міхаіл Карабіцкі заняў другое месца на Рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года”, студэнтка інжынерна-эканамічнага факультэта Марына Кужалькова стала фіналісткай конкурсаў “Каралева Вясна” і “Міс Беларусь”, студэнт электратэхнічнага факультэта Мікіта Цмыг паспяхова выступае на міжнародных спаборніцтвах па плаванні, удзельнічаў у Алімпійскіх гульнях у Рыа. Па выніках сёлетняга фестывалю творчасці студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі” Беларуска-Расійскі ўніверсітэт адзначаны гран-пры Міністэрства адукацыі за эфектыўную дзейнасць па развіцці масавых форм мастацкай творчасці і за падтрымку маладзёжных ініцыятыў. І гэта далёка не поўны пералік нашых дасягненняў.
— Сёння эканоміка, вытворчасць настолькі імкліва развіваюцца, што адной набытай спецыяльнасці бывае недастаткова. Як універсітэт улічвае гэтую тэндэнцыю?
— У структуры ўніверсітэта дзейнічае інстытут павышэння кваліфікацыі, які дазваляе студэнтам і іншым грамадзянам атрымаць дадатковую або другую прафесію. Прычым выбар даволі шырокі. Праграмы дадатковай адукацыі прапаноўваюцца па дзесяці спецыяльнасцях. Акрамя таго, усе жадаючыя могуць наведваць нашы рознабаковыя адукацыйныя курсы, лекторыі, тэматычныя практыкумы, трэнінгі.
— Наколькі запатрабаваны цяперашнія спецыяльнасці і як часта ўніверсітэт іх актуалізуе?
— Універсітэт імкнецца ісці ў нагу з часам. Мы сочым за развіццём рынку працы і стараемся адкрываць новыя, запатрабаваныя ў грамадстве спецыяльнасці. Зараз патрабуюцца кадры для інавацыйнай эканомікі. Мы гэта ўлічваем. За апошнія пяць гадоў адкрылі шэсць новых кваліфікацый па беларускім і расійскім адукацыйных стандартах: “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Транспартная лагістыка”, “Машынабудаванне”, “Праграмнае інжыніраванне”, “Інаватыка”, “Біяінжынерныя тэхналогіі”. У найбліжэйшы час будзем працягваць маніторынг і, калі спатрэбіцца, пашыраць пералік ужо існуючых спецыяльнасцей.
— Беларуска-Расійскі ўніверсітэт называюць навукова-адукацыйным цэнтрам рэгіёна. Чым абгрунтавана такое высокае званне?
— Універсітэт функцыянуе па прынцыпах адзінства адукацыі і навукі. Больш за тое, навуковая работа з’яўляецца найважнейшым складнікам нашай дзейнасці. Яна ажыццяўляецца ў рамках дзяржаўных праграм фундаментальных і прыкладных даследаванняў у гаспадарча-дагаворнай форме.
Пяць гадоў назад Беларуска-Расійскі ўніверсітэт быў акрэдытаваны на статус навуковай арганізацыі. Мы стараемся ўсебакова прыцягваць моладзь да заняцця навукай, і асаблівая роля належыць тут выкладчыкам. Толькі выкладчык, які актыўна займаецца навуковымі даследаваннямі, сваім энтузіязмам можа захапіць студэнта, далучыць яго да пошуку новых рашэнняў. У нас такія выкладчыкі ёсць. Гэта Васіль Мікалаевіч Усік, Фёдар Рыгоравіч Лаўшэнка, Уладзімір Пятровіч Тарасік, Валерый Пятровіч Кулік, Ларыса Генадзьеўна Чорная, Аляксандр Васільевіч Хомчанка, Уладзімір Міхайлавіч Шылянкоў. Шмат у чым дзякуючы менавіта іх намаганням штогод агульная колькасць студэнтаў, якія прымаюць удзел ва ўсіх формах навукова-даследчай работы, складае каля ста чалавек.
Дарэчы, тэматыка навуковых даследаванняў вельмі разнастайная. У спецыялізаваных навуковых школах вядуцца распрацоўкі па стварэнні і ўдасканаленні новых канструкцый, матэрыялаў, механізмаў і прывадных сістэм, энергаэфектыўных тэхналогій умацавання паверхняў. Наш універсітэт з’яўляецца галоўнай арганізацыяй па выбуховаахоўным абсталяванні і электраўстаноўках, а таксама перадавой у галіне зваркі і кантролю якасці неразбуральнымі метадамі. У нас вельмі добрая матэрыяльна-тэхнічная база. Функцыянуе рэгіянальны цэнтр калектыўнага карыстання, аснашчаны ўнікальным даследчым абсталяваннем і прыборамі. Акрамя таго, ва ўніверсітэце дзейнічае цэнтр эксплуатацыі і экспертызы аб’ектаў павышанай небяспекі, цэнтр сертыфікацыі і выпрабаванняў, спецыялізаваны інжынірынгавы цэнтр, шматлікія навукова-тэхнічныя лабараторыі. Сярод іх — лабараторыя валаконна-аптычнай дыягностыкі, якая мае адзіную ў краіне вытворчасць сучаснага эндаскапічнага абсталявання тэхнічнага прымянення. Большасць распрацовак актыўна выкарыстоўваецца на беларускіх і замежных прадпрыемствах.
— Вы стараецеся зацікавіць навукай не толькі сваіх студэнтаў. Менавіта з гэтай мэтай універсітэтам ужо двойчы быў арганізаваны Магілёўскі фестываль навукі?
— Так, ідэя правядзення гэтага фестывалю ўзнікла менавіта для прыцягнення ў навуку школьнікаў і студэнтаў. Радуе, што форум пашырае свае межы. Ён цікавы не толькі беларускай моладзі, але і прадстаўнікам іншых краін. Для ўдзельнікаў фестывалю традыцыйна рыхтуецца насычаная праграма: выставы навуковых дасягненняў, агляды маладзёжных даследаванняў, алімпіяды, інтэлектуальныя конкурсы, семінары, лекцыі ад вядучых навукоўцаў. Усё гэта сапраўды прыцягвае моладзь у навуку.
— У прыярытэце вашага ўніверсітэта таксама інтэграцыя ў сусветную адукацыйную прастору…
— Для забеспячэння канкурэнтаздольнасці і павышэння аўтарытэту ўніверсітэта на рынку адукацыйных паслуг, гарантавання якасці адукацыйнай і навуковай дзейнасці на ўзроўні сучасных патрабаванняў мы ўсебакова развіваем міжнароднае супрацоўніцтва.
У нас наладжана цеснае адукацыйнае, інавацыйнае і навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне з універсітэтамі і навуковымі ўстановамі Расіі, блізкага і далёкага замежжа. Развіваецца міжнародная акадэмічная мабільнасць. Нашы студэнты, аспіранты і выкладчыкі рэгулярна выязджаюць на стажыроўкі за мяжу, а мы актыўна прымаем у сябе замежных гасцей. Развіццю супрацоўніцтва спрыяе таксама ўдзел у розных адукацыйных праектах. Так, універсітэт прымаў удзел у двух праектах TEMPUS. На працягу трох гадоў мы з’яўляемся ўдзельнікамі ініцыятывы Infinity, накіраванай на стварэнне кансорцыума ўніверсітэтаў ЕС і краін, якія не ўваходзяць у гэты саюз, а таксама на забеспячэнне грантаў на мабільнасць для студэнтаў і навукоўцаў.
— З якімі дасягненнямі ўніверсітэт прыйшоў да свайго 55-годдзя? І якія найбліжэйшыя планы?
— Галоўныя вынікі, якіх мы дасягнулі за апошнія пяць гадоў, — гэта пераход на двухступеньчатую сістэму і арганізацыя максімальнай практыкаарыентаванасці навучання. Акрамя таго, нам удалося істотна палепшыць сваю матэрыяльна-тэхнічную базу. Асабліва значнай падзеяй стала адкрыццё спецыялізаванага Цэнтра тэхнічнага навучання, у якім устаноўлены сучасныя станкі з лічбавым праграмным кіраваннем. Гэта ўніверсальнае абсталяванне, якое дазваляе студэнтам і выкладчыкам працаваць з любымі матэрыяламі. Падобных адукацыйных цэнтраў усяго два ў нашай краіне. Увогуле, мы трымаем марку і дынамічна развіваемся па многіх напрамках работы.
Што да планаў, то спыняцца на дасягнутым мы не збіраемся. Ёсць шмат цікавых задум і праектаў. Калі ў цэлым, то ў перспектыве — удасканаленне зместу і якасці адукацыі, усебаковае развіццё навуковых даследаванняў, далейшае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўніверсітэта. Будзем працягваць рабіць усё магчымае для павышэння ўзроўню адукацыі нашых студэнтаў, развіцця іх творчых здольнасцей, паляпшэння бытавых умоў пражывання і арганізацыі вольнага часу.
Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.