Універсітэт для ўсёй краіны

20 мая Беларускаму дзяржаўнаму эканамічнаму ўніверсітэту спаўняецца 85 гадоў.

Багатая і вельмі цікавая гісторыя гэтай установы пачалася ў далёкім ужо 1933 годзе. Менавіта тады на базе эканамічных структур акадэміі навук і БДУ быў адкрыты Інстытут народнай гаспадаркі.

Многае адбылося за гэты час: змяніўся палітычны і эканамічны лад, змянілася краіна, Інстытут народнай гаспадаркі на пачатку 90-х гадоў быў пераўтвораны ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Праўда, адно ўвесь час заставалася нязменным: вучыцца тут заўсёды было прэстыжна.

За гады дзейнасці Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт падрыхтаваў больш за 165 тысяч кваліфікаваных спецыялістаў для розных сфер эканомікі. У іх ліку — акадэмікі, буйныя бізнесмены, палітыкі. Больш як 50 выпускнікоў стаялі на чале розных міністэрстваў і ведамстваў.

Сёння студэнты БДЭУ, як і іх папярэднікі, атрымліваюць ва ўніверсітэце самыя сучасныя веды ў галіне эканомікі, кіравання, права, камунікацый. І, безумоўна, у цяперашніх аўдыторыях таксама ёсць шмат тых, каго пазней мы назавём элітай, хто будзе ствараць эканамічны пейзаж нашай краіны і нават больш — свет вакол нас.

Адметна, што дзве трэція студэн­таў БДЭУ — гэта моладзь з рэгіёнаў. Такім чынам, тут вядзецца падрыхтоўка кадраў для ўсёй Беларусі, і гэта сведчыць пра нацыя­нальны статус універсітэта.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.