Універсітэт магчымасцей

Перад гэтымі маладымі людзьмі адчыняліся дзверы многіх устаноў. Але іх марай было стаць студэнтамі менавіта БДУ. Знаёмцеся з выбітнымі першакурснікамі вядучага ўніверсітэта краіны.

Настасся Савасцянок: “Выкладчыкам і супрацоўнікам, студэнтам і выпускнікам жадаю адкрыцця новых даследчых гарызонтаў, пашырэння адукацыйных магчымасцей, дасягнення асабістых кар’ерных вышынь, а таксама захавання асаблівага духу БДУ”.

Настасся Савасцянок са Жлобіна — студэнтка 1 курса факультэта міжнародных адносін БДУ (спецыяльнасць “Міжнародныя зносіны”). Сёлета дзяўчына стала абсалютнай рэкардсменкай сярод абітурыентаў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Максімум склалі найвышэйшыя адзнакі па беларускай і англійскай мове, сярэдні бал атэстата і 100 балаў за перамогу на Рэспубліканскай алімпіядзе па грамадазнаўстве.

Да 5 класа Насця вучылася ў сярэдняй школе № 13 Жлобіна, з 6 па 9 клас — у гімназіі № 1. У дзяцінстве яна “перамерала” мноства прафесій: штодня мяняліся жаданні, прыходзілі новыя варыянты. Кожны дзень Настассі, пачынаючы з трох гадоў, быў напоўнены творчасцю: яна займалася вакалам і танцамі, пазней наведвала музычную школу. Некаторы час нават бачыла сябе актрысай ці спявачкай. Пасля 9 класа дзяўчына паступіла ў гуманітарны клас Ліцэя БДУ, які скончыла з залатым медалём.

“Я пазнаёмілася з універсітэтам, і ён заставаўся для мяне самай элітнай і выбітнай установай адукацыі краіны. Гэтае сцвярджэнне жыло не толькі ў маіх думках. Самі за сябе гаварылі сусветныя рэйтынгі: БДУ ўваходзіць у 1% вядучых універсітэтаў свету, — расказвае першакурсніца. — Я вырашыла: калі ў БДУ самы высокі конкурс, значыць, тут самыя матываваныя абітурыенты, якія хочуць вучыцца, з якімі мы хутка знойдзем агульную мову. Таму я мэтанакіравана выбрала Ліцэй БДУ. Уласнае жаданне паступіць у Белдзяржуніверсітэт падмацоўвалі водгукі старэйшых ліцэістаў, настаўнікаў, а таксама падтрымка бацькоў. Я паставіла перад сабой мэту паступіць за кошт бюджэту — і пайшла да яе сямімільнымі крокамі. Калі зразумела, што ў мяне 400 балаў, прыйшло асэнсаванне: перада мной адчынены многія дзверы. Але падаць дакументы ў іншы ўніверсітэт думак не ўзнікала.

Студэнцкае жыццё доўжыцца толькі другі месяц, але першакурсніца гаворыць, што ўражанняў і добрых успамінаў ужо назапасілася безліч.

“Колькасць розных актыўнасцей, нягледзячы на акалічнасці пандэміі, уражвае. Думала, што ва ўніверсітэце ёсць толькі лінейка да 1 верасня, канцэрты да Дня настаўніка, Новага года і яшчэ што-небудзь. А ў нас тут штотыдзень нешта адбываецца! Студэнты рознай скіраванасці могуць знайсці сябе, рэалізаваць ідэі. Бывае, адкрываеш у сабе здольнасці, пра якія не магла б і падумаць. Асобна ўразілі выкладчыкі: у кожным з іх бачыш матываваных людзей, прафесіяналаў, якія стараюцца патлумачыць складаны матэрыял. Яны адкрыты не толькі да дыялогу ў межах свайго курса, але і да новых прапаноў, — адзначае Настасся Савасцянок. — Ад таго, якія веды я вынесу з БДУ, залежыць тое, якім спецыялістам буду ў далейшым. Універсітэт дасць мне шмат ведаў, добрую кваліфікацыю, новыя знаёмствы, сяброў, дзелавыя сувязі і, канечне ж, эмоцыі. У будучыні хачу стаць дыпламатам, а гэта няпростая прафесія. Такому спецыялісту трэба быць вельмі дасведчаным, пераканаўчым”.

Караліна Лапунова: “Свайму ўніверсітэту хацелася б пажадаць росквіту, дзякуючы чаму БДУ змог бы зноў і зноў павышаць пазіцыі ў рэйтынгах лепшых універсітэтаў свету”.

Караліна Лапунова з Віцебска — першакурсніца юрыдычнага факультэта (спецыяльнасць “Паліталогія (палітыка-юрыдычная дзейнасць)”). Сёлета дзяўчына з адзнакай скончыла віцебскую гімназію № 3 імя А.С.Пушкіна.

“Дзіцем я хацела стаць кандуктарам. Мне падавалася, што кандуктар — гэта дырэктар транспарту, які кіруе ўсімі працэсамі ў салоне. Магчыма, з ранняга перыяду жыцця мяне пачало цягнуць да кіраўніцтва, няхай нават на такім невялічкім узроўні”, — дзеліцца Караліна.

У старшай школе дзяўчына зацікавілася грамадазнаўствам і гісторыяй, пачала ўдзельнічаць у канферэнцыях і алімпіядах. Такі ўхіл дапамог зразумець, што ў будучыні яна хацела б вывучаць палітычныя працэсы. Перамога на заключным этапе алімпіяды па грамадазнаўстве ўмацавала рашэнне Караліны стаць студэнткай Белдзяржуніверсітэта.

“Я заўсёды ведала, што БДУ забяспечвае добры ўзровень адукацыі, тут шмат факультэтаў і спецыяльнасцей, дзе можна рэалізаваць сябе ў розных профілях. Юрыдычны факультэт — гэта пра мэтанакіраванасць: тут многа студэнцкіх арганізацый, у якіх можна раскрыць творчы патэнцыял, вялікая колькасць навукова-практычных канферэнцый, што дазваляе глыбока прапрацаваць любую тэму ці спрэчнае пытанне, — адзначае першакурсніца. — Таксама ўражвае моц выкладчыкаў. Упэўнена, што пасля выпуску з БДУ стану прафесіяналам у сваёй галіне, змагу расці па кар’ернай лесвіцы”.

Дзмітрый Міхасько: “Жадаю БДУ дынамічна развівацца і ўвайсці ў топ-10 лепшых універсітэтаў свету”.

Дзмітрый Міхасько таксама прыехаў паступаць у БДУ з Віцебска. Зараз ён вучыцца на 1 курсе факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі (спецыяльнасць “Геаінфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”). Як многія хлапчукі, у школьныя гады Дзіма не вельмі задумваўся пра тое, чым можа займацца ў будучыні. Адзі­нае, што ён дакладна разумеў: манатонная работа не для яго. Гэта, на думку Дзмітрыя, і паўплывала на яго цікавасць да дынамічнай геаграфіі.

У гімназіі № 3, дзе вучыўся хлопец, вучні былі матываваныя паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Таму больш паглыблена пра Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт ён даведаўся ад педагогаў.

“БДУ быў найлепшым варыянтам сярод універсітэтаў, дзе мне хацелася б вучыцца. Ён мае выдатную навуковую базу і вялікія магчымасці ў сферы геаграфічных навук. Спецыяльнасці, якія ёсць тут, не вывучаюцца ў іншых універсітэтах краіны, у тым ліку мая, на якую я ішоў мэтанакіравана”, — гаворыць Дзмітрый.

Узмоцненыя заняткі любімым прадметам дапамаглі школьніку перамагчы на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі і на Еўрапейскай геаграфічнай алімпіядзе. Цяпер Дзмітрый вучыцца сярод людзей, якія гэтак жа, як ён, апантаны геаграфіяй.

Найлепшым часам студэнт лічыць практычныя заняткі. Дзіма перакананы, што ва ўніверсітэце ён набу­дзе шмат карысных ведаў. А студэнцкае жыццё абяцае быць яркім і насычаным, з новымі знаёмствамі і пер­спектывамі.

Дар’я Надтачаева: “Хачу пажадаць, каб усе выпускнікі БДУ памяталі пра сваю вялікую сям’ю, не забывалі тых, з каго пачыналася гісторыя ўніверсітэта, тых, хто не здраджваў выкладчыцкай прафесіі, ня­гледзячы на перыпетыі гісторыі. Свядомасці абіту­рыентам і цэласнасці вучэбнаму калектыву”.

Дар’я Надтачаева з Рэчыцы — першакурсніца факультэта журналістыкі (спецыяльнасць “Вэб-журналістыка”). Не зважаючы на тое, што дзяўчына вучыцца другі месяц, яна паспела ўжо заявіць пра сябе. Студэнтка заняла 1-е месца ва ўніверсітэце па скачках у даўжыню, а таксама разам з камандай прадставіць факультэт на фестывалі першакурснікаў БДУ. Творчасць і няўрымслівасць — словы, якія характарызуюць дзяўчыну ва ўсім, за што б яна ні бралася.

Звязаць лёс з журналістыкай дзяўчына хацела не заўсёды. Да 9 класа марыла пра медыцыну: знаёмілася
з анатоміяй па часопісе “Цела чалавека”, збіралася вучыць урачэбную тэрміналогію. Але пазней вырашыла, што ў гэтым кірунку не зможа рэалізаваць сябе творча.

Паступіўшы ў Рэчыцкі раённы ліцэй, Даша азнаё­мілася з журналістыкай. Тут жа прыйшло асэнсаванне, што менавіта ў гэтай прафесіі яна хоча адбыцца. Школьніца пачала сачыць за студэнтамі факультэта журналістыкі ў Instagram. І чым больш назірала за студэнцкім жыццём, тым больш уцягвалася.

“Журналістыка, на мой погляд, лад жыцця. Гэтая дзейнасць уплывае на тое, як ты выглядаеш, якія каштоўнасці нясеш, як адносішся да навакольных. Выбіраючы прафесію, я задавалася пытаннем: “Як змагу дапамагаць людзям?” Адказ знайшла ў журналістыцы. Калі апынулася на журфаку ўпершыню (стала ўдзель­ніцай праекта “Студэнт на тыдзень”), хутка адчула, што гэта маё месца. Такому адчуванню паспрыялі атмасфера і людзі, з якімі было прыемна ўзаемадзейнічаць. Прыйшоўшы сюды вучыцца, зразумела, што БДУ — універсітэт магчымасцей, — успамінае Даша. — Журфак узаемадзейнічае з іншымі факультэтамі, тут віруе жыццё. Людзі і вучацца, і працуюць, і займаюцца творчасцю. Паступіць у БДУ ў стагадовы юбілей, чаго яшчэ можна хацець?”

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.