Універсітэт не толькі дзеля прафесіі

Цяжка ўявіць сучаснае грамадства без звыклых для нас даброт, атрыманых дзякуючы дасягненням сучаснай хіміі, біялогіі, генетыкі, біятэхналогіі. Цікавасць да гэтых навук не згасае, наадварот, жадаючых атрымаць адукацыю ў адпаведных галінах усё больш.

Сярод падраздзяленняў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку спецыялістаў у згаданым кірунку, вядучая роля належыць біялагічнаму факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

У навуку — з першага курса

У структуру факультэта ўваходзяць чатыры выпускаючыя кафедры, дзе, акрамя падрыхтоўкі спецыялістаў па дысцыплінах агульнага профілю, паглыблена вывучаюцца дысцыпліны спецыялізацый. Так, у кожнага студэнта ёсць магчымасць рэалізаваць сваё прызванне згодна з яго навуковымі памкненнямі і захапленнямі. Кафедра хіміі — выпускаючая па спецыялізацыі “Біяхімія”, а гэта той кірунак, які для многіх маладых людзей асабліва цікавы і перспектыўны.

— Абсталяванне вучэбных і навукова-даследчых лабараторый кафедры дазваляе арганізаваць вучэбны працэс на даволі высокім узроўні, дае магчымасць студэнтам авалодаць навыкамі работы на аналітычным абсталяванні, выконваць курсавыя даследаванні, рыхтаваць і абараняць дыпломныя праекты, — расказвае загадчык кафедры, кандыдат хімічных навук, дацэнт Наталля Драздова. — Гэта сапраўды добры шанс для студэнтаў спецыяльнасці “Біялогія” пашырыць свае веды і рэалізаваць інтарэсы ў галіне хіміі. Дарэчы, у многіх менавіта тут пачынаецца захапленне хіміяй як навукай, і ў далейшым яны звязваюць сваю працоўную дзейнасць менавіта з хімічным кірункам.

Варта сказаць, што першы вопыт даследаванняў студэнты набываюць ужо на пачатку навучання на біялагічным факультэце. Дзякуючы заняткам у студэнцкім хімічным гуртку, якім кіруе дацэнт Альбіна Хадановіч, юнакі і дзяўчаты актыўна ўдзельнічаюць у навуковай рабоце. Пачынаючы з 3 курса, маладыя хімікі займаюцца навуковымі даследаваннямі ў рамках студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Аналітыка і аналітыкі”. Вынікі яны штогод прадстаўляюць на навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню, а таксама ў перыядычных выданнях і зборніках навуковых работ. Такая дзейнасць спрыяе напісанню якасных дыпломных работ, паколькі за перыяд навучання студэнты паспяваюць назапасіць добры матэрыял.

Па словах Наталлі Іванаўны, цікавасць моладзі да навукова-даследчай дзейнасці няўхільна расце. У многім гэта заслуга выкладчыкаў, якія заўсёды падтрымліваюць сваіх студэнтаў у іх пачынаннях.

Усё больш выпускнікоў кафедры хочуць працягнуць навучанне ў магістратуры па спецыяльнасці “Біялогія”, бо яны разумеюць, наколькі важна сёння паглыбляць веды. Пры гэтым кожны можа вырашыць для сябе: працягваць навучанне ў магістратуры вочна ці сумяшчаць яго з працоўнай дзейнасцю.

— Неабходна адзначыць, што цікавасць да завочнай формы атрымання адукацыі не знікае, — сцвярджае Наталля Драздова. — Наадварот, яна актуальная для моладзі з вопытам работы.

Загадчык кафедры гаворыць, што ў такіх студэнтаў назіраецца высокая матывацыя: яны добра ведаюць, якія веды спатрэбяцца ім у іх прафесійнай дзейнасці. Акрамя таго, на кафедры хіміі і на факультэце ў цэлым да студэнтаў-завочнікаў сфарміраваўся асаблівы падыход у навучанні. Яны маюць магчымасць у курсавых і дыпломных работах разглядаць праблематыку, якая мае непасрэднае дачыненне да іх работы. Гэта дазваляе сфарміраваць спецыяліста, падрыхтаванага і адаптаванага да ўмоў працы ў канкрэтнай галіне.

Ёсць памылковае меркаванне, што выпускнікі кафедры працуюць пераважна ў адукацыйных установах. Аднак гэта зусім не так. Веды па хіміі і біялогіі запатрабаваны ў навуковай і вытворчай сферах, у сферы аховы здароўя і ў лабараторыях следчых органаў. Пры гэтым, як адзначаюць на кафедры, зараз практычна ўсе выпускнікі забяспечаны месцам працы, што пацвярджае запатрабаванасць у спецыялістах-біёлагах і спецыялістах-хіміках.

Практыка для хімікаў

Наўрад ці можна падрыхтаваць добрага спецыяліста, не даўшы яму неабходных практычных ведаў, таму на кафедры хіміі вядзецца практыка-арыентаваная падрыхтоўка студэнтаў. Дзеля гэтага наладжана супрацоўніцтва з многімі навукова-даследчымі і вытворчымі арганізацыямі, дзе будучыя хімікі і біёлагі праходзяць практыку. Работадаўцы сцвярджаюць, што такі падыход да засваення практычных навыкаў дазваляе максімальна скараціць тэрміны адаптацыі маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы.

Студэнты біялагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны, якія вучацца па спецыяльнасці “Біялогія”, праходзяць два віды практыкі — вытворчую і педагагічную.

Падчас вытворчай практыкі будучыя спецыялісты знаёмяцца з дзейнасцю прадпрыемстваў, сучаснымі метадамі даследаванняў, замацоўваюць атрыманыя тэарэтычныя веды. Іх вытворчая практыка праходзіць на вядучых прадпрыемствах і ў навукова-даследчых установах Гомельшчыны, такіх як Беларускі навукова-даследчы і праектны інстытут нафты РУП ВА “Беларуснафта”, Гомельскі завод ветэрынарных прэпаратаў, Інстытут радыялогіі, Інстытут радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і інш.

Не менш цікавая і педагагічная практыка, тым больш што для яе праходжання заўсёды выбіраюцца лепшыя школы і гімназіі Гомеля, дзе ёсць усе ўмовы для паўнацэннай работы студэнтаў-практыкантаў. У цэлым жа, акрамя прафесійнага вопыту, які набываюць студэнты падчас практыкі, яны вучацца яшчэ адной важнай і каштоўнай рэчы — працаваць у калектыве, мець зносіны з калегамі.

Прафесія і жыццёвы вопыт

Ад чаго залежыць паспяховасць студэнта? Зразумела, ад яго намаганняў, жадання атрымаць веды і быць прафесіяналам у выбранай справе. Выкладчыкі сцвярджаюць, што ім пашанцавала: на біялагічны факультэт, як правіла, прыходзяць абітурыенты, якія выбралі сабе прафесію па душы і яшчэ за школьнай партай цвёрда вырашылі вывучаць біялогію і хімію. Працаваць з такімі студэнтамі — адно задавальненне.

Вось, напрыклад, Яўген Уласенка. Хутка ён будзе трымаць у руках дыплом. Пяць гадоў праляцелі для хлопца як адно імгненне. Быццам яшчэ ўчора Жэня сядзеў за партай брагінскай гімназіі і нястомна рыхтаваўся да паступлення ва ўніверсітэт, паглыблена вывучаў хімію і біялогію.

— Я палюбіў гэтыя прадметы адразу, як толькі пачалося іх вывучэнне ў школе, асабліва хімію, — расказвае пяцікурснік. — Ва ўніверсітэце мая цікавасць да прадмета ўмацавалася, калі яшчэ толькі пачалося вывучэнне тэарэтычных асноў. Вельмі падабаліся і асабліва запомніліся лекцыі дацэнта кафедры хіміі кандыдата хімічных навук Валянціны Рыгораўны Свірыдзенка. Нават самыя складаныя тэмы яна падавала так, што зразумеў бы любы, нават той, хто не захапляецца хіміяй. Падчас навучання ва ўніверсітэце я атрымаў нешта большае, чым прафесію. Я атрымаў велізарны жыццёвы вопыт, які абавязкова спатрэбіцца для пераадолення розных жыццёвых цяжкасцей.

* * *

Студэнты біяфака, асабліва тыя, хто вырашыў глыбей вывучаць хімію, прызнаюцца, што ім ніколі не бывае сумна, бо засваенне тэорыі ў іх заўсёды цесна пераплецена з практычнай і навуковай дзейнасцю. Лабараторнае абсталяванне, хімічныя эксперыменты і назіранні — за работай не паспяваеш азірнуцца. Але ты з такой асалодай займаешся ўсім гэтым, што іншы раз нават сумна ад таго, што заняткі скончыліся.

Безумоўна, студэнцкае жыццё — гэта не толькі лекцыі, семінары, лабараторныя заняткі і навуковыя даследаванні. Студэнты біяфака актыўна ўдзельнічаюць у грамадска-культурным і спартыўным жыцці ўніверсітэта і горада, працуюць у валанцёрскіх атрадах. Адным словам, не пазбаўлены ўсіх тых цудаў, якія абяцаюць непаўторныя студэнцкія гады.

ЦТ-2017

На жаль, былі і неспадзяванкі. Напрыклад, абітурыентка з Фаніпаля (25 км ад Мінска) прыехала на ЦТ з пашпартам сяброўкі. Натуральна, часу, каб з’ездзіць дадому і вярнуцца да пачатку экзамену, у яе ўжо не засталося. Яшчэ адна абітурыентка прыйшла з ксеракопіяй свайго пашпарта, бо арыгінал знаходзіцца… у пасольстве.

“Добра, калі гэтыя дзяўчаты зарэгістраваны яшчэ і на ЦТ па рускай мове, у адваротным выпадку іх паступленне ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкладваецца да наступнага года, — гаворыць намеснік старшыні дзяржаўнай камісіі ў МДЛУ начальнік упраўлення Камітэта дзяржкантролю Віктар Бурло. — Калі хтосьці забыў ці пераблытаў дакументы — гэта не з’яўляецца ўважлівай прычынай для допуску на ЦТ у рэзервовы дзень, таму абітурыентам варта быць уважлівымі, а іх бацькам — кантраляваць дзяцей перад выхадам з дому”.

Наталля ЛУТЧАНКА.