Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава — буйны навукова-адукацыйны цэнтр, адзін са старэйшых (ён першым з сучасных айчынных класічных універсітэтаў атрымаў статус установы вышэйшай адукацыі ў 1918 годзе) і найбольш паспяховых прадстаўнікоў беларускай вышэйшай школы. З моманту заснавання і па цяперашні час яго асноўным партнёрам — пастаўшчыком будучых студэнтаў і адначасова заказчыкам кадраў — з’яўляецца сістэма адукацыі рэгіёна. Вопыт і перспектывы супрацоўніцтва ўніверсітэта і ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама ў правядзенні прафарыентацыйнай работы сталі тэмай гутаркі з рэктарам ВДУ імя П.М.Машэрава Аляксеем ЯГОРАВЫМ.
— На працягу апошніх гадоў, калі многія ўстановы вышэйшай адукацыі мелі праблемы з наборам студэнтаў, ВДУ паспяхова забяспечваў план прыёму. Як складвалася сітуацыя сёлета?
— Мы цалкам выканалі план прыёму на бюджэтныя месцы дзённай і завочнай форм навучання з конкурсам больш як 1,5 заявы на месца. На 1 курс залічаны 64 медалісты. Калі казаць пра асабістыя дасягненні ўдзельнікаў прыёмнай кампаніі, тут найвышэйшы бал складае 368 — абітурыентка залічана на “Рамана-германскую філалогію”. Ёсць у нас і ўладальнік 100-бальнага сертыфіката ЦТ па матэматыцы, ён паступіў на “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”.
Зрэшты, прыёмная кампанія не абышлася без “падводных камянёў”. Безумоўна, мы адчулі скарачэнне колькасці выпускнікоў школ. Не меншы фактар рызыкі, як ні парадаксальна гэта гучыць, — “модныя тэндэнцыі” ў адукацыі: юнакі і дзяўчаты імкнуцца паступаць на юрыдычныя і эканамічныя спецыяльнасці, у той час як папулярнасць педагагічных значна ніжэйшая. І паколькі мы арыентаваны пераважна на падрыхтоўку кадраў для сістэмы адукацыі, то некаторыя складанасці з наборам былі. Нельга скідваць з рахунку і канкурэнцыю ва ўсіх яе праявах — ад саперніцтва паміж установамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з аналагічнымі спецыяльнасцямі на рэгіянальным і рэспубліканскім узроўнях да адтоку моладзі ў замежныя ўніверсітэты.
У сувязі з гэтым самым перспектыўным напрамкам прафарыентацыйнай дзейнасці становіцца адрасная работа, скіраваная на канкрэтнага чалавека. Прычым пачынацца яна павінна як мага раней — толькі так верагоднасць, што пэўны навучэнец можа быць нашым абітурыентам, мае шанс ператварыцца ў неабвержны факт.
— На пачатку сустрэчы мы асобна зазначылі, што асноўным пастаўшчыком абітурыентаў і заказчыкам кадраў для ВДУ з’яўляецца сістэма адукацыі. На чым грунтуюцца адносіны з галоўным партнёрам?
— На агульнай зацікаўленасці ў выніку. Мы знаходзімся на той ступені супрацоўніцтва, калі праблемы і поспехі ўніверсітэта становяцца індыкатарам праблем і поспехаў рэгіянальнай сістэмы адукацыі. І гэты індыкатар зараз сведчыць аб якасці, эфектыўнасці ўзаемадзеяння. Жыццёва важная складовая яго частка — прафарыентацыя, якая праводзіцца ў адпаведнасці з праграмай супрацоўніцтва, падпісанай ВДУ і ўпраўленнем адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Разам з упраўленнем адукацыі ўніверсітэт фарміруе прагнозы на падрыхтоўку кадраў для асобных раёнаў, праводзіць маркетынгавыя даследаванні, вызначае кантрольныя лічбы і парадак прыёму. Адпаведна маем дагаворы на падрыхтоўку кадраў з кожным раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму вобласці, прычым штогод мы іх разам карэкціруем. Таксама заключаны дагаворы непасрэдна з установамі адукацыі — на дадзены момант падпісаны 51.
Універсітэт надае надзвычай важнае значэнне індывідуальнаму суправаджэнню нашых патэнцыяльных абітурыентаў. Мы выкарыстоўваем розныя прыёмы і метады прафагітацыі, ад агульнапрынятых — рассылкі рэкламных лістоў, асабістых запрашэнняў — да ўдзелу ў навукова-даследчай рабоце і алімпіядах ВДУ (дарэчы, у мінулым навучальным годзе ў такіх алімпіядах паўдзельнічалі 102 выпускнікі, і трэць з іх зараз нашы студэнты), асабістага інфармавання і кансультацый, вэбінараў, агітацыі ў сацыяльных сетках, а таксама праз электронныя рэсурсы ўніверсітэта і ўстаноў адукацыі.
Папулярнасцю сярод віцебскіх навучэнцаў карыстаюцца нашы школы юных крыміналістаў, псіхолагаў, праграмістаў, керамістаў, хімікаў, экскурсаводаў — таксама дзейсны інструмент, каб зацікавіць абітурыента. Вялікую работу праводзіць падрыхтоўчае аддзяленне: сёлета амаль трэць слухачоў падрыхтоўчых курсаў сталі нашымі студэнтамі.
Акрамя таго, што ўніверсітэт заўсёды прымае непасрэдны ўд зел у арганізацыі і правядзенні трэцяга і падрыхтоўцы навучэнцаў да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, з восені 2014 года мы дадаткова ажыццяўляем падрыхтоўку ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у гэтай алімпіядзе на кожным з яе этапаў. Праводзім курсы па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, у тым ліку на бясплатнай аснове.
— На базе многіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі абласнога цэнтра працуюць філіялы ўніверсітэцкіх кафедр. Можна крыху падрабязней пра іх ролю ў прафарыентацыйнай рабоце?
— Побач з прафарыентацыяй адна з прыярытэтных задач, на вырашэнне якой накіраваны рэсурсы ўніверсітэта і школы, — далучэнне школьнікаў да даследаванняў і павышэнне матывацыі да вучобы. Я перакананы, што галоўнае тут — педагагічны талент, без яго ніякія гатовыя методыкі не дапамогуць. Таленавіты педагог — і дзеці пойдуць на яго ўрок з ахвотай, зацікавяцца прадметам (што ў сваю чаргу непазбежна паўплывае на выбар месца далейшай вучобы). У адваротным выпадку нават самы свядомы і моцны вучань задумаецца: “Ці не лепш замест урока проста кніжку пачытаць ці пашукаць інфармацыю ў інтэрнэце?”
Як бы мы ні ўдасканальвалі тэхналогіі, першасным заўсёды быў, ёсць і будзе чалавечы фактар. А дзякуючы філіялам кафедр у нашых выкладчыкаў пашырыліся магчымасці для работы. Кожны філіял — своеасаблівая інтэграваная часцінка ўніверсітэта ў школе, што цалкам адпавядае прынцыпам інавацыйнай адукацыі.
Дзейсная пляцоўка для супрацоўніцтва і прафагітацыі — нашы вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы і вучэбна-навукова-кансультацыйныя цэнтры, у тым ліку і ў 15 установах адукацыі Віцебска, Віцебскага раёна. Яшчэ адна важная дэталь: у мэтавую аўдыторыю прафарыентацыі ўваходзяць не толькі навучэнцы, але і іх настаўнікі, бацькі. Пры гэтым трэба ўлічваць, што методыка работы з кожнай групай будзе свая. Так, для інфармавання бацькоў мы традыцыйна размяшчаем рэкламу ў СМІ, наведваем бацькоўскія сходы; настаўнікаў запрашаем на семінары.
Зараз у вобласці ідзе актыўная работа па арганізацыі класаў, навучэнцы якіх будуць мець магчымасць атрымаць паглыбленую падрыхтоўку для далейшага паступлення на педагагічныя спецыяльнасці. Плануецца адкрыць 24 такія класы, і практычна ўсе яны будуць працаваць з нашым удзелам.
— Штогод ВДУ імя П.М.Машэрава пашырае мэтавы набор абітурыентаў. Як гэта атрымліваецца?
— Сёлета мы амаль у 1,5 разу павялічылі набор на мэтавыя месцы ў параўнанні з папярэднім годам і выканалі яго на 93% (летась было 67%). Пачынаецца работа з даследавання прафесійных намераў. На аснове анкетавання, якое штогод праводзіцца ў выпускных класах школ і гімназій рэгіёна, мы фарміруем электронную базу “Абітурыент ВДУ”, дзе размяшчаецца тры базы абітурыентаў: тыя, хто мэтанакіравана вырашыў паступаць да нас; тыя, хто яшчэ не вызначыўся ў сваім выбары, але называе наш універсітэт у ліку прыярытэтаў; тыя, хто збіраецца паступаць у іншую ўстанову адукацыі, але ў прынцыпе (у тым ліку па наборы сертыфікатаў, які яны плануюць атрымаць па выніках ЦТ) можа стаць нашым студэнтам. З кожнай групай патэнцыяльных абітурыентаў праводзіцца комплексная работа. База даных перадаецца дэканатам факультэтаў і ўпраўленню адукацыі — гэта таксама вельмі істотны момант нашага супрацоўніцтва. Дзякуючы атрыманым звесткам органы кіравання адукацыяй могуць не толькі своечасова скарэкціраваць напрамкі непажаданага руху патокаў абітурыентаў, але і своечасова выбраць годныя кандыдатуры для паступлення па мэтавым наборы.
— ВДУ імя П.М.Машэрава ўваходзіць у дзясятку лепшых устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі…
— І паспяховае супрацоўніцтва ўніверсітэта з упраўленнем адукацыі аблвыканкама — адзін з неад’емных складнікаў гэтага поспеху. Абавязкова будзем развіваць узаемадзеянне, усе перадумовы для гэтага створаны. Думаю, што ў нас вялікая камандная будучыня і мы выканаем усе пастаўленыя задачы.
Гутарыла Таццяна БОНДАРАВА.