Універсітэцкія суботы ў ГДУ

Выбар прафесіі — адна з самых складаных праблем для школьніка, які стаіць на парозе самастойнага жыцця. Выпадковасць, непрадуманасць і памылкі ў гэтай адказнай справе выклікаюць незадаволенасць і расчараванні, адмоўна ўплываюць на прадукцыйнасць працы і прафесійны рост работніка. І наадварот, правільна выбраная прафесія становіцца сэнсам жыцця чалавека, прыносіць радасць і задавальненне.

Сістэма прафарыентацыйнай работы ў ідэале павінна мець комплексны і шматступеньчаты характар, суправаджаць чалавека падчас прафесійнага станаўлення і навучання, таму пачынаць прафарыентацыйную работу неабходна яшчэ ў момант навучання ў школе.
Натуральна, што прафарыентацыя нават пры яе наяўнасці ў школе або ўніверсітэце будзе запатрабавана не ўсімі навучэнцамі з-за шэрага прычын. Нехта сапраўды можа ў ёй не мець патрэбы, нехта можа не ведаць, баяцца, не давяраць і г.д. Пры ўкараненні сістэмы прафарыентацыі важна праводзіць шэраг інфармацыйных і рэкламных мерапрыемстваў, якія павышаюць цікавасць да яе ў асяроддзі школьнікаў і студэнтаў, зніжаюць страх нявызначанасці і павышаюць давер.
У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны назапашаны багаты вопыт правядзення прафарыентацыйных мерапрыемстваў: выязныя семінары, кансультацыі, дні адкрытых дзвярэй, экскурсіі па ўніверсітэце, сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі, дыягностыка з мэтай вывучэння прафесійных пераваг, матываў выбару прафесіі, узроўню развіцця здольнасцей і індывідуальна-псіхалагічных асаблівасцей навучэнцаў і інш.
Вельмі цікавы вопыт анлайн-канферэнцыі, праведзенай кіраўніцтвам універсітэта разам з Рэчыцкім раённым ліцэем, у час якой абітурыенты змаглі даведацца пра ўсе падрабязнасці ўступнай кампаніі, спецыяльнасці, якія можна атрымаць у ГДУ імя Францыска Скарыны. Юнакоў і дзяўчат цікавілі працэдура запісу на цэнтралізаванае тэсціраванне, спецыяльнасці і прахадныя балы, конкурсы ў мінулыя гады, ці будуць льготы пры паступленні пераможцам і прызёрам абласных алімпіяд, ці атрымаюць першакурснікі, якія паступілі ў ГДУ, месца ў інтэрнаце і г.д. Такія формы прафарыентацыйнай работы маюць вялікі патэнцыял.
Яшчэ адным перспектыўным напрамкам з’яўляецца рэкламная кампанія ў сродках масавай інфармацыі, спецыяльных даведніках, а таксама ўд зел у выставах (“Адукацыя і кар’ера” і іншыя, часам нават фармальна не звязаныя з адукацыяй, напрыклад, кніжныя кірмашы). Вопыт паказвае, што такі ўд зел — эфектыўная форма прыцягнення абітурыентаў. Яна дазваляе спалучаць асабістыя зносіны, інфармацыю на стэндах, раздачу інфармацыйна-рэкламных матэрыялаў, дэманстрацыю відэаматэрыялаў і іншыя формы ўздзеяння, якое ў гэтым выпадку становіцца многаканальным, а таму асабліва псіхалагічна эфектыўным.
Пачынаючы з лістапада 2015 года Міжведамасны каардынацыйны савет па прафесійным самавызначэнні і тэсціраванні навучэнцаў Гомельскай вобласці і Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны запрашаюць абітурыентаў паўдзельнічаць у новым для Беларусі асветніцка-адукацыйным прафарыентацыйным праекце “Універсітэцкія суботы”. У рамках праекта ўдзельнікі наведваюць пазнавальныя заняткі з паглыбленым вывучэннем прадметаў і вызначаюцца з будучай прафесіяй.
У адну з такіх субот адбылася сустрэча выкладчыкаў эканамічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны і будучых абітурыентаў — навучэнцаў школ Гомеля і Гомельскай вобласці. На сустрэчу таксама былі запрошаны прадстаўнікі арганізацый-работадаўцаў, з якімі факультэт актыўна ўзаемадзейнічае пры падрыхтоўцы спецыялістаў эканамічнага профілю. Асноўнай мэтай было знаёмства будучых абітурыентаў з прафесіяй эканаміста з вуснаў практыкаў.
Абітурыентаў вітаў дэкан эканамічнага факультэта Андрэй Канстанцінавіч Кастэнка. Ён расказаў пра падрыхтоўку спецыялістаў на факультэце і закрануў найбольш актуальныя пытанні, якія цікавяць выпускнікоў школ: якасць і практыкаарыентаванаць вучэбнага працэсу, магчымасці для атрымання скідак на кошт навучання і павышаных стыпендый, запатрабаванасць выпускнікоў на рынку працы, вынікі размеркавання і перспектывы кар’ернага росту.
Майстар-клас для будучых дзяржаўных служачых правёў дацэнт кафедры эканомікі і кіравання Валерый Сцяпанавіч Сяліцкі, які на працягу 15 гадоў (з 1995 па 2010 год) з’яўляўся старшынёй Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў. Ён падзяліўся са студэнтамі сваім вопытам, звярнуў іх увагу на важнасць і запатрабаванасць прафесіі эканаміста.
Сярод запрошаных гасцей былі і работнікі банкаўскай сферы. Намеснік начальніка аддзела валютных аперацый і валютнага кантролю філіяла № 300 ГАУ АТ “АСБ Беларусбанк” Наталля Валер’еўна Драздова расказала пра асаблівасці работы ў крэдытна-фінансавых установах, адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў эканамічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны, многія з якіх сёння працуюць у розных падраздзяленнях ААТ “АСБ Беларусбанк”.
Пазнавальнай і цікавай для школьнікаў стала інфармацыя, пададзеная спецыялістам па рабоце з кліентамі аналітычнай прававой сістэмы “Бізнес-інфа” Вольгай Сяргееўнай Смульскай. Яна адказала на пытанні абітурыентаў і запрасіла ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у алімпіядзе “Асновы эканомікі” і конкурсе “ІТ у эканоміцы”.
Зносіны з абітурыентамі працягнуліся ў імянной аўдыторыі прафесара М.В.Навучыцеля і двух камп’ютарных класах, дзе дзяцей ужо чакалі арганізатары алімпіяды па эканоміцы і ІТ-конкурсу. Пытанні былі не такія ўжо простыя і даволі разнапланавыя. Перамогу заслужылі наймацнейшыя — навучэнцы школы № 53 Гомеля і Раманавіцкай сярэдняй школы Веткаўскага раёна.
Наступным мерапрыемствам эканамічнага факультэта для абітурыентаў стаў дзень адкрытых дзвярэй. Акрамя супрацоўнікаў універсітэта, перад абітурыентамі выступілі топ-менеджары ВА “Беларусьнафта”, якія, дарэчы, з’яўляюцца выпускнікамі названага факультэта. Яны асвятлілі практычныя аспекты сваёй дзейнасці, падкрэслілі важнасць тэарэтычнай падрыхтоўкі, уменне прымяняць тэорыю на практыцы і запатрабаванасць прафесіі. Успомнілі яркія моманты вучобы ў альма-матар, падзякавалі сваім выкладчыкам, адказалі на пытанні абітурыентаў і іх бацькоў.
Мерапрыемствы былі інфарматыўнымі і карыснымі для будучых студэнтаў. Хочацца верыць, што маладыя людзі вызначыліся з будучай прафесіяй і альма-матар. Вельмі важна прыняць правільнае рашэнне і выбраць будучую прафесію — любімую і цікавую, творчую і запатрабаваную на рынку працы, здольную забяспечыць матэрыяльны дабрабыт.

Наталля БАРТАШЭВІЧ,
старшы выкладчык кафедры бухгалтарскага ўліку, кантролю і аналізу гаспадарчай дзейнасці ГДУ імя Францыска Скарыны.