Усё магчыма, галоўнае — матывацыя

У наступным годзе краіна будзе адзначаць векавы юбілей Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але мала хто ведае, што споўніцца таксама 60 гадоў падрыхтоўцы замежных студэнтаў на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі (БДУ адным з першых на постсавецкай прасторы пачаў прымаць на вучобу грамадзян іншых краін). Што тычыцца падрыхтоўкі беларускай моладзі да паступлення ва ўніверсітэт, тут гісторыя сягае ў далёкую мінуўшчыну: першы выпуск рабфака БДУ адбыўся ў 1923 годзе…

Аднак час ідзе, а разам з ім — змены. Так, летам у БДУ быў створаны Інстытут дадатковай адукацыі. Структурна ён аб’яднаў факультэт даўніверсітэцкай адукацыі замежных грамадзян, Вучэбны цэнтр даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, які будзе працаваць з беларускімі абітурыентамі, а таксама факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.

Пра новы інстытут у структуры БДУ, а таксама пра новыя магчымасці для абітурыентаў гутарым з дырэктарам-дэканам Паўлам НАВОЙЧЫКАМ.

Беларуская адукацыя для замежнікаў

У розныя перыяды ў БДУ ехалі вучыцца прадстаўнікі розных дзяржаў (Куба, Карэя, краіны Афрыкі, Лацінскай Амерыкі). Кантынгент мяняўся ў залежнасці ад таго, з кім савецкая дзяржава мела прыярытэтнае супрацоўніцтва.

Зараз на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі замежных грамадзян вучыцца пераважна моладзь з Кітая. Ёсць таксама прадстаўнікі Турцыі, Ірана і шэрага іншых краін. У мінулым навучальным годзе іх колькасць дасягнула амаль 700 чалавек. Набор на гэты навучальны год працягваецца. 

— Вучыцца можна, калі ты ведаеш мову, таму беларуская адукацыя для замежнікаў пачынаецца ў нашым інстытуце, — гаворыць Павел Іванавіч. — Рыхтуем з арыентацыяй на тое, дзе яны працягнуць сваю адукацыю (гуманітарны, прыродазнаўчы, эканамічны ці іншы профіль), адпаведна з гэтым напаўняем вучэбную праграму. Акрамя рускай мовы як замежнай, слухачы вывучаюць прафесійную лексіку. Таксама ім чытаюць лекцыі па эканоміцы, грамадазнаўстве і іншых прадметах. Пасведчанне факультэта даўніверсітэцкай адукацыі замежных грамадзян БДУ дае выпускнікам магчымасць паступаць без выпрабаванняў у любую ўстанову вышэйшай адукацыі Беларусі. Але нас радуе, што амаль усе яны выбіраюць наш універсітэт.

Цікавая прапанова для тых, хто адслужыў

Многія гады на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі (цяпер — у структуры Вучэбнага цэнтра даўніверсітэцкай падрыхтоўкі) дзейнічае падрыхтоўчае аддзяленне для беларускіх грамадзян. Выпускнікі школ, якім не ўдалося паступіць ва ўніверсітэт сходу, тыя, хто прыйшоў з войска і хацеў бы ўспомніць школьную праграму, аднавіць і сістэматызаваць веды, мо­гуць прыйсці на гадавы курс і падрыхтавацца да паступлення ў БДУ.

— Слухачы нашага падрыхтоўчага аддзялення жывуць паўнавартасным універсітэцкім жыццём, — гаворыць Павел Навойчык. — Як і студэнты, яны штодзённа вучацца, а таксама ўдзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах, культурных вечарынах і іншых імпрэзах. З мэтай прафарыентацыі быва­юць на розных факультэтах БДУ. Нават тыя слухачы, што вызначыліся з профілем, павінны разумець, чым адрозніваюцца падобныя на першы погляд спецыяльнасці. Так ужо на ўзроўні падрыхтоўкі адбываецца ўрастанне ва ўніверсітэцкую прастору. Іншагароднія, дарэчы, могуць атрымаць месца ў інтэрнаце.

Падраздзяленне ўдзельнічае ў арганізацыі рэпетыцыйнага тэсціравання. Гэта асабліва зручна для слухачоў падрыхтоўчага ­аддзялення і падрыхтоўчых курсаў. Яны могуць хоць кожны месяц правя­раць сябе, наколькі падраслі ў сваіх ведах. Дарэчы, першы этап РТ пачнецца ўжо ў кастрычніку.

Павел Іванавіч заўважыў, што пасля таго, як адмянілі неаднаразовую адтэрміноўку ад службы ў войску, запатрабаванасць даўніверсітэцкай падрыхтоўкі сярод хлопцаў зменшылася. Але сёлета з’явілася цікавая прапанова для тых, хто ўжо адслужыў.

— Ужо многія гады даўніверсітэцкая падрыхтоўка ў нас вядзецца толькі на платнай аснове, — гаворыць Павел Іванавіч. — Але дзяржава вырашыла падтрымаць хлопцаў, якія адслужылі ў войску, і з гэтага года яны маюць магчымасць вучыцца за кошт сродкаў бюджэту. Тыя, хто дэмабілізаваўся вясной, ужо цяпер могуць паступаць да нас на падрыхтоўчае аддзяленне. Хлопцы, якія дэмабілізуюцца восенню, на жаль, не паспяваюць і не могуць пачаць навучальны год разам з усімі. Зараз разглядаюцца розныя варыянты, як ім дапамагчы. Адзін з іх — скарэкціраваць праграму і ўсё ж прыняць гэтых людзей на вучобу, каб яны не страчвалі год, а падрыхтаваліся і паступілі ў

2021-м. Наколькі ўдасца рэалізаваць гэтую задуму, пакажа час.

Набор на падрыхтоўчае аддзяленне і для беларусаў, і для замежных грамадзян працягваецца. Для беларусаў — да канца верасня, а для замежнікаў — да лістапада.

— Гэта звязана як з вучэбнымі праграмамі, так і з правіламі паступлення ва ўніверсітэт, — тлумачыць Павел Іванавіч. — Мы не можам далёка адкладаць пачатак навучальнага года для беларускіх грамадзян, бо ім трэба завяршыць падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання. А вось замежных грамадзян мы можам рыхтаваць нават да ліпеня — жніўня, таму тэрміны прыёму для іх падоўжаны. Мы ўлічваем, што не ўсе замежнікі маглі своечасова сарыентавацца, магчыма, у сваіх краінах яшчэ вызначаюцца з выбарам. Чакаем іх ажно да лістапада.

Мабільныя праграмы для эфектыўнай падрыхтоўкі

Моладзі, якая хоча падрыхтавацца да паступлення, прадастаўляюцца велізарныя магчымасці. Інстытут дадатковай адукацыі БДУ праводзіць вячэрнія курсы па падрыхтоўцы да ўступных выпрабаванняў (да ЦТ і творчых іспытаў), завочныя пад­рыхтоўчыя курсы (з выкарыстаннем інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій); падрыхтоўчыя курсы паглыбленага вывучэння агульнаадукацыйных дысцыплін для навучэнцаў 10-х класаў і інш. Заняткі маюць і вочны, і завочны фармат.

— Мы прапаноўваем самыя розныя варыянты, — тлумачыць Павел Навойчык. — Абітурыенты мо­гуць выбраць адзін-два-тры ці нават больш прадметаў. Колькасць слухачоў у групе таксама можа быць рознай (чым вышэйшая аплата, тым менш людзей у групе). Зараз вельмі актыўна ідзе запіс на нашы курсы. Але гэта не праграма падрыхтоўчага аддзялення, дзе трэба паўтарыць поўны курс па ўсіх прадметах ЦТ. Тут мы дзейнічаем мабільна (па запыце мяняем працягласць, інтэнсіўнасць заняткаў), і запісацца на курсы можна на працягу ўсяго навучальнага года. Працуем у шчыльнай сувязі з факультэтамі, далучаем да работы спецыялістаў з усяго ўніверсі­тэта. Напрыклад, падрыхтоўку да творчых экзаменаў вядуць прадстаўнікі адпаведных кафедр з факультэтаў журналістыкі, сацыякультурных камунікацый і інш. Часам нават праводзяць заняткі на сваёй базе, каб абітурыенты не толькі рыхтаваліся да паступлення, але і пазнаёміліся з выкладчыкамі, умацаваліся ў сваім выбары.

Асабісты кабінет — зручны інструмент для абітурыентаў

Павел Навойчык з’яўляецца таксама адказным сакратаром прыёмнай камісіі БДУ. Вядома, я пацікавілася, як ва ўніверсітэце прайшла ўступная кампанія — 2020.

— Сёлетні прыём выклікаў асцярогу не ў плане выканання кантрольных лічбаў (з гэтым у БДУ няма праблем), а з пункту гледжання каранцінных мерапрыемстваў, — гаворыць Павел Іванавіч. — Было важна арганізаваць прыём дакументаў і правесці ўступныя экзамены бяспечна для ўсіх удзельнікаў уступнай кампаніі. У прыватнасці, абітурыентам прапаноўвалася прайсці папярэднюю рэгістрацыю ў асабістым кабінеце. Дома яны маглі запоўніць і раздрукаваць заяву і анкету, самастойна загрузіць фота, што значна паскарала падачу дакументаў у прыёмнай камісіі. Таксама, каб развесці людзей па часе, была арганізавана электронная чарга. Зрэшты, электронная чарга не мела эфектыўнасці, бо псіхалогія абітурыентаў ва ўсе часы нязменная. Калі чалавек прыняў рашэнне паступіць на канкрэтны факультэт, то ён падае дакументы ў першы дзень, максімум у другі. Калі ж ён вагаецца паміж рознымі факультэтамі (мехмат ці ФПМІ, фізфак ці факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій і г.д.), то будзе чакаць да апошняга. Вядома, мы не маглі адмовіць чалавеку, які прыйшоў не ў той час, што вызначыла машына, а ў важны менавіта для яго час.

Увогуле, асабісты кабінет — вельмі зручны інструмент для абітурыентаў. Праз яго можна даведацца расклад экзаменаў (калі яны праводзяцца на выбранай спецыяльнасці), атрымліваць аператыўныя звесткі пра конкурсную сітуацыю і інш.

— Асабісты кабінет быў добрай падмогай. У абітурыентаў, якія зарэгістраваліся, падача дакументаў займала літаральна некалькі хвілін, — расказвае Павел Іванавіч. — Зрэшты, некаторыя абітурыенты праігнаравалі такую магчымасць. Яны прыходзілі ў прыёмную камісію і па-старому, уручную, запаўнялі дакументы, ім дапамагалі валанцёры. Вядома, гэта аднімала час.

А як у БДУ завяршыўся апошні дзень прыёму дакументаў, калі многія абітурыенты мусілі прымаць канчатковае рашэнне?

— Што да апошняга дня, то яго ў прынцыпе немагчыма рэгламентаваць, — заўважыў Павел Іванавіч. — А 15-й гадзіне агучваюцца звесткі аб пададзеных заявах — і пачынаецца ажыўлены рух. Тыя, хто сумняваецца, што балаў хопіць, перападаюць дакументы на спецыяльнасці, дзе верагод­насць паступлення большая. Трэба сказаць, што сёлета нашы абітурыенты сарыентаваліся даволі хутка, і большасць факультэтаў ужо да паловы 8-й завяршылі работу.

Сёлета 85,3% першакурснікаў БДУ мелі пры залічэнні звыш 300 балаў. Традыцыйна найвышэйшыя прахадныя балы — на факультэце міжнародных адносін. Гэта спецыяльнасці “Міжнароднае права” (386), “Міжнародныя адносіны” і “Лінгвакраіназнаўства” (па 382). Узрасла коль­касць абітурыентаў са 100-бальнымі сертыфі­катамі (сёлета такіх 101, у мінулым годзе было 86). Без экзаменаў ва ўніверсітэт паступілі 159 чалавек.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.