Віцебскія майстры — на “Восеньскім карагодзе”

Больш за дзве тысячы віцяблян і гасцей горада наведалі восеньскую выставу-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі паўночнага рэгіёна.

Па маштабе і папулярнасці ў насельніцтва традыцыйны “Восеньскі карагод” уступае хіба што абласному фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі”. Нават эмацыянальная атмасфера гэтых двух свят у многім блізкая: кожны адчувае, што адбываецца не звычайнае мерапрыемства, а вялікая падзея, у якую сотні землякоў уклалі свае веды, працу, талент і шчырае захапленне выбранай справай.

Сёлета ў выставе-продажы прынялі ўдзел 12 устаноў прафесійна-тэхнічнай і 17 — сярэдняй спецыяльнай адукацыі, Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі, Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, упраўленні па адукацыі Аршанскага і Полацкага райвыканкамаў, аддзелы па адукацыі Віцебскага і Наваполацкага гарвыканкамаў, Бешанковіцкага, Гарадоцкага, Дубровенскага, Лёзненскага, Лепельскага, Талачынскага і Шумілінскага райвыканкамаў, адміністрацый раёнаў Віцебска.

На людзей паглядзець і сябе паказаць

Звычайна менавіта з такой мэтай адпраўляюцца людзі на кірмаш, а за “Восеньскім карагодам” у народзе ўстойліва замацавалася назва “Школьны кірмаш” — не зважаючы на тое, што асноўнымі пастаўшчыкамі прадукцыі на продаж з’яўляюцца ўстановы прафесійнай адукацыі. Выбар — на любы густ і кашалёк, кошты — прывабныя, прадаўцы — маладыя, спрытныя, ветлівыя. Якасць тавараў — гарантавана высокая. Нядзіўна, што ля шатроў віруюць непрывычныя сёння чэргі. Праўда, рухаюцца яны хутка, і гэтак жа на вачах пусцеюць важкія грузавікі з бульбай і морквай, капустай, зернем, цыбуляй — тым слаўным багаццем, якім вясковая восень шчодра абдорвае руплівых гаспадароў.

Акрамя сельскаспадарчай прадукцыі і прылад, тут можна набыць саджанцы дэкаратыўных раслін і ягадных культур, пладовых дрэў, неабходныя ў хатнім побыце і падчас адпачынку на прыродзе рэчы, эксклюзіўныя сувеніры, адзенне, абутак, вырабы з дрэва, саломкі, скуры і металу — усё добрае па якасці, з душой створанае і вырашчанае навучэнцамі і педагогамі. Яны ж разам выступаюць у ролі прадаўцоў, вучацца прэзентаваць прадукцыю і абслугоўваць пакупнікоў.

Для маладых людзей, якія вучацца ў профільных установах адукацыі, гэта па факце практычныя заняткі, для іх равеснікаў і калег на час выставы-кірмашу — карысны жыццёвы вопыт. Будучыя рабочыя і спецыялісты творча рэкламуюць асартымент, а заадно кожны сваю альма-матар: расказваюць пра ўласныя поспехі і дасягненні, выбраную спецыяльнасць, умовы навучання, перспектывы працаўладкавання. І якім гонарам гараць вочы, калі бачаць: пакупнікам даспадобы плён іх працы. Тое, што яны майструюць сваімі рукамі, патрэбна людзям.

Хтосьці цікавіцца прадукцыяй, зыходзячы выключна з яе спажывецкіх якасцей, а большасць наведвальнікаў уважліва запамінаюць, дзе і чаму можна павучыцца. Размова найперш пра будучых абітурыентаў і іх бацькоў. Падчас кірмашу ў іх ёсць магчымасць пазнаёміцца як з навучэнцамі ўстаноў прафадукацыі, так і з выкладчыкамі, майстрамі вытворчага навучання, нават пагутарыць з дырэктарамі і іх намеснікамі — іншымі словамі, атрымаць кампетэнтную кансультацыю з першых вуснаў, а заадно ацаніць матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу: сярод экспанатаў і вырабы майстэрань, і ўзоры сучаснага абсталявання, на якім яны створаны, прычым дэманстрацыя адбываецца ў дзеянні.

“Восеньскі карагод” — не проста продаж, гэта мнагапрофільная выстава самых лепшых і якасных тавараў і паслуг. Заўжды павышанай цікавасцю карыстаюцца дэманстрацыі калекцый адзення і майстар-класы па розных напрамках. Іх і гэты раз было прадстаўлена багата — ад народных промыслаў да кулінарыі, швейнай і цырульніцкай справы, візажу, апрацоўкі тканін, метала- і дрэваапрацоўкі. Горад майстроў традыцыйна працуе не адасоблена, а фактычна на ўсёй плошчы кірмашу: майстры імкнуцца найперш прадставіць свае ўстановы адукацыі.

Раз-пораз можна было пачуць, як моладзь абменьвалася ўражаннямі ад убачанага: многія школьнікі пабывалі ўжо на днях адкрытых дзвярэй ва ўстановах прафадукацыі, але тут зусім іншы падзейны фармат.

— З’яўляюцца новыя тэхнікі і тэхналогіі, мы імкнёмся гэта паказваць, каб людзі бачылі, чым жывуць нашы ўстановы, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Сёння навучэнцы могуць і ўмеюць вельмі многае, і выстава-продаж для нас у першую чаргу пляцоўка прафарыентацыйнай работы. Мы дэманструем свае магчымасці. Галоўная наша задача застаецца нязменнай: увязаць працэс навучання з практычнай дзейнасцю, каб выпускнікі выходзілі ў дарослае жыццё моцнымі практыкамі. Дывідэнды ёсць, бо цяпер дзеці з больш высокімі баламі прыходзяць у каледжы. Назіраецца і павышаная цікавасць да рабочых прафесій. Безумоўна, істотны складнік — пазабюджэт: сёлета агульны прыбытак ад продажу склаў больш за 117 тысяч рублёў, мы ўпершыню ўзялі 100-тысячную планку. Сродкі будуць накіраваны на ўдасканальванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, заахвочванне лепшых навучэнцаў і педагогаў. Аднак прыярытэт — комплексная работа на імідж сістэмы прафесійнай адукацыі.

Новыя спецыяльнасці, новыя далягляды

Восень на адукацыйнай прасторы Віцебшчыны выдалася падзейнай. Не выключэнне і прафесійная адукацыя — тут тэмп жыцця штораз набірае абароты. Так, субота прайшла пад знакам “Восеньскага карагода”, а ў панядзелак на Аршаншчыне стартаваў абласны конкурс прафесійнага майстэрства па кваліфікацыі “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”. Заўтра ў Наваполацку падвядуць вынікі трэцяга працоўнага семестра. ВДУ імя П.М.Машэрава адзначыць 60-годдзе мастацка-графічнага факультэта, а ў суботу ў Браславе адсвяткуюць абласныя “Дажынкі”, у якіх па праве ўдзельнічаюць і ўстановы адукацыі. У найбліжэйшай перспектыве — адкрыццё двух буйных рэсурсных цэнтраў на базе Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага і Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжаў.

— Сёлета ў нас на ўзроўні ССА адкрыта падрыхтоўка па новай спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання”. Навучэнцы атрымліваюць кваліфікацыю наладчыкаў станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем, — паведаміла загадчык аддзялення Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа Вольга Шульгіна. — Гэтых спецыялістаў чакаюць нашы базавыя заводы “Чырвоны змагар”, інструментальны і “Легмаш”, машынабудаўнічыя прадпрыемствы вобласці і краіны. Другі год ідзе падрыхтоўка па спецыяльнасці “Арганізацыя перавозак і кіраванне на аўтамабільным і гарадскім транспарце”, рыхтуем тэхнікаў па кіраванні і арганізацыі руху для транспартных прадпрыемстваў, што ажыццяўляюць груза- і пасажырскія перавозкі. Асноўнае навучанне будзе праходзіць у нашым рэсурсным цэнтры, укамплектаваным найноўшым абсталяваннем для правядзення лабараторных, практычных работ па спецыяльнасцях машынабудаўнічага і аўтатранспартнага напрамкаў. У рэсурсным цэнтры плануем арганізаваць і павышэнне кваліфікацыі работнікаў аршанскіх прадпрыемстваў, якія будуць праходзіць стажыроўку, пры неабходнасці — перападрыхтоўку, не выключана і атрыманне новых рабочых прафесій. Наймальнікі зацікаўлены ў супрацоўніцтве, бо нашы станкі на дадзены момант не маюць аналагаў на прадпрыемствах раёна, мы ў тэхнічным плане пакуль апярэджваем вытворчасць. На ўзроўні ПТА новая спецыяльнасць “Аператар станкоў з праграмным кіраваннем”, яна таксама вельмі запатрабаваная.

— Час бяжыць наперад, і мы павінны не адставаць ад яго і нават апярэджваць. Гэта галоўная задача для ўстаноў прафесійнай адукацыі, — упэўнены дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін. — Мы робім ухіл на адкрыццё спецыяльнасцей, звязаных з новымі матэрыяламі і праектнымі рашэннямі ў будаўніцтве. Падрыхтоўка кадраў зноў жа павінна апярэджваць сённяшнія будаўнічыя тэхналогіі, грунтавацца на прынцыпова новых падыходах, таму мы і пачалі яе па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” з кваліфікацыяй “тэхнік-будаўнік, майстар вытворчага навучання”, а сёлета адкрылі падрыхтоўку мантажнікаў каркасна-абшывачных канструкцый сухога будаўніцтва. Заўтрашні дзень бачыцца ў развіцці электронікі, робататэхнікі і лічбавых тэхналогій. У сувязі з гэтым у нас вылучаны асобны блок спецыяльнасцей. З новага — “Тэхнічнае абслугоўванне тэхналагічнага абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытворчасці”, “Электроніка механічных транспартных сродкаў”, “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі” — каб спецыяліст умеў не толькі карыстацца абсталяваннем, але і правільна яго абслугоўваць, знаходзіць аптымальныя варыянты для работы гэтых сістэм. Знаёмым старэйшаму пакаленню апаратам ручной дугавой зваркі на сучаснай вытворчасці няма месца, адбыўся тэхналагічны рывок і ўзнік запыт на новыя кадры. Мы маем рэсурсную базу для такой падрыхтоўкі, адпаведна, адкрылі наступную новую спецыяльнасць на ўзроўні ССА — “Абсталяванне і тэхналогіі зварачнай вытворчасці”.

Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж пашырыў падрыхтоўку кадраў для ААТ “Полацк-Шкловалакно”. Як патлумачыла дырэктар гэтай установы адукацыі Ганна Бурэнь, на рабочыя спецыяльнасці “Вытворчасць шкловалакна, шкловалаконных матэрыялаў і вырабаў з іх” разам з будучымі аператарамі атрымання бесперапыннага шкловалакна і апаратчыкамі апрацоўкі шкловалаконных матэрыялаў паступілі будучыя размотчыкі шкланіткі. Яшчэ адна новая прапанова каледжа тычыцца жыллёва-камунальнай сферы: з гэтага года адкрыта спецыяльнасць “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў” (на ўзроўні ССА). Адпаведна, на ўзроўні ПТА вядзецца падрыхтоўка рабочых па спецыяльнасці “Комплекснае абслугоўванне і рамонт будынкаў і збудаванняў”.

— База ў нас моцная ў дачыненні як да матэрыяльна-тэхнічных, так і да кадравых рэсурсаў, — праінфармавала Ганна Станіславаўна. — І выбар тым, хто да нас паступае, прадастаўляем сур’ёзны: мы ажыццяўляем падрыхтоўку па 19 спецыяльнасцях. Вынікі прыёмнай кампаніі чарговы раз пацвердзілі: абітурыенты нас ведаюць, яны нам давяраюць і звязваюць сваю будучыню з вучобай у нашым каледжы.

Як паведаміў дырэктар Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання Генадзь Сіняўскі, горад рыхтуецца неўзабаве прымаць каманды трох дзяржаў у рамках конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkillsOrsha.

— Нядаўна мы з’ездзілі на аналагічны рэгіянальны чэмпіянат у Расію. Нашы кухары і кулінары спаборнічалі з 26 камандамі і ўвайшлі ў тройку пераможцаў, — падзяліўся навінамі Генадзь Анатольевіч. — У сябе мы абсталявалі лабараторыю хлебапячэння, зараз завяршаем работы ў лабараторыі па кухарскай кампетэнцыі, так што гасцей сустрэнем дастойна.

Абліччы “Восеньскага карагода”

Удосталь нагуляўшыся па гандлёвых радах, самы час падсілкавацца. А хадзіць далёка і не трэба: пляцоўкі наперабой спакушаюць румянай выпечкай, сакавітымі яблыкамі, грушамі, вінаградам, малінамі і клубніцамі, духмянымі напоямі, наварыстай юшкай, фірменнымі шашлыкамі і рулетамі, мёдам, каўбасамі — вочы разбягаюцца ад разнастайнай смакаты!

Пасля перакусу самае тое прысесці адпачыць. Лепш — у глядзельнай зоне ля галоўнай сцэны, там якраз пачалі творчы марафон лепшыя самадзейныя артысты. Насычаная канцэртная праграма была разлічана больш як на 5 гадзін, асноўную яе частку падарылі гаспадарам і гасцям кірмашу юныя таленты з абласнога палаца і гарадскога Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Асобным блокам прайшло выступленне калектываў і індывідуальных выканаўцаў, якія прадстаўлялі ўстановы прафесійнай адукацыі вобласці — атрымаўся выразны і яркі акорд да скразной прафарыентацыйнай тэмы. І, нарэшце, самы кранальны блок, прысвячэнне Дню настаўніка, — напэўна, першае ў гэтым сезоне вялікае творчае віншаванне з надыходзячым святам. Як і штогод, самымі жаданымі гасцямі і пакупнікамі на кірмашы былі ветэраны педагагічнай працы. Для іх традыцыйна прадугледжваліся спецыяльныя зніжкі.

Восеньскі кірмаш — гэта яшчэ і нефармальнае пасяджэнне дырэктарскага клуба: кіраўнікі ўстаноў адукацыі абменьваюцца вопытам, вывучаюць пляцоўкі калег, раўніва параўноўваюць і дасягненні, і асартымент, і афармленне.

Сёлета ўпершыню на выставе працавала пляцоўка Віцебскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі.

— Мы арганізавалі мабільны кансультацыйны цэнтр па ўсіх напрамках нашай дзейнасці, — праінфармавала дырэктар цэнтра Ганна Стукальцава. — Кансультацыі ў адкрытым фармаце праводзілі для намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце; для прадстаўнікоў адміністрацый устаноў адукацыі — па падрыхтоўцы навучэнцаў у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”; для каардынатараў Комплексу мер па прыцягненні замежнай дабрачыннай дапамогі — па стварэнні і афармленні праектаў на прыцягненне грантавай падтрымкі; для кіраўнікоў рэсурсных цэнтраў — па арганізацыі такіх структурных адзінак, напісанні праграм, далучэнні навучэнцаў да дзейнасці цэнтраў. Наступны раз плануем адкрыць аналагічную пляцоўку разам з Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.

Сярод пастаянных наведвальнікаў кірмашу — старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў і яго намеснік Уладзімір Пенін, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін. Гэта, на думку Дзмітрыя Хомы, “сведчыць, што сістэма прафесійнай адукацыі знаходзіцца на пастаянным кантролі; разам з тым да яе ёсць сур’ёзны давер у кіраўнікоў рэгіёна”.

— Рэгулярна наведваю дадзеную выставу, — адзначыў Мікалай Шарснёў. — Вельмі цікава назіраць, як развіваюцца нашы ўстановы адукацыі ў плане асартыменту вырабленай прадукцыі. Продаж прырастае ў аб’ёмах, павялічваецца прыбытак ад прададзенага тавару — гэта вельмі важна. Задзейнічаны навучэнцы — значыць, яны напрацоўваюць карысныя навыкі і адначасова ўзнімаюць імідж і аўтарытэт устаноў. Кірмаш стаў жаданым для жыхароў Віцебска. Тавар рэалізоўваецца, на яго добры попыт. Сустракаючыся з майстрамі, выкладчыкамі, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, я абавязкова пытаюся аб праблемах, і мы знаходзім рашэнні, каб да наступнага кірмашу пытанні былі зняты.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.