Віцябляне звяраюць час новых адкрыццяў

Хаця ніхто з выкладчыкаў ці навучэнцаў спецыяльна да таго не імкнецца, Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі проста з зайздросным пастаянствам прыцягвае ўвагу сродкаў масавай інфармацыі. І гэтак жа рэгулярна ў дачыненні да ўстановы адукацыі гучыць слова “першы”. Прычым маштабы падзей і працэсаў, якія зараджаюцца ў сценах філіяла, па-добраму ўражваюць.

Менавіта тут калісьці пачаўся эксперымент па ўкараненні бесперапыннай сістэмы прафесійнай адукацыі — ад прафесійна-тэхнічнай да сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай.
Філіял з’яўляецца вялікай інавацыйнай пляцоўкай: намаганнямі яго калектыву стартавалі многія ўнікальныя ініцыятывы і праекты. Педагагічны калектыў вопытны, творчы і высокапрафесійны. У ліку абавязковых патрабаванняў да педагогаў — дасканалае веданне навінак тэхнічнага прагрэсу і аўтарытэт у навучэнцаў. Выкладчыкі ўдзельнічаюць у выданні метадычных дапаможнікаў, стварэнні электронных сродкаў навучання. Са сцен філіяла выйшлі сотні выдатных маладых спецыялістаў, якія пасля сталі гонарам сваіх настаўнікаў і альма-матар. Цяпер яны даюць прыклад моладзі, узначальваюць прадпрыемствы галіны і іх падраздзяленні. Тут сфарміраваліся і дружна адправіліся на работу ў аддзяленні паштовай сувязі і галіновыя прадпрыемствы першыя маладзёжныя профільныя атрады.
Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі сусветна вядомы ў асяроддзі прыхільнікаў і ўдзельнікаў інтэлектуальных гульняў. Суайчынніку, які мае нават аддаленае дачыненне да клуба знатакоў, многае скажуць назвы “Кубак княгіні Вольгі” і “Славянка”. Дзякуючы апошняму, у Віцебску збіраюцца наймацнейшыя каманды знатакоў, бо ён мае статус этапу Кубка свету па “Што? Дзе? Калі?”. Між іншым спаборніцтвы такога ўзроўню на тэрыторыі Беларусі праводзіліся зноў жа ўпершыню. Як і нядаўні XI Кубак Еўропы па інтэлектуальных гульнях сярод студэнцкіх каманд. Месца правядзення ўсіх пералічаных турніраў, вы правільна здагадаліся, — Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі.
Больш падрабязнае знаёмства з гэтай цікавай — а па многіх параметрах і напрамках дзейнасці ўнікальнай — установай пачнём з будынка. Як кажуць, тэатр пачынаецца з вешалкі, а першыя ўражанні аб месцы будучай вучобы абітурыенту дае знешняе аблічча ўстановы. У Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі яно надзвычай прывабнае. Размешчаны выключна ўдала — у цэнтры горада, на маляўнічым беразе Заходняй Дзвіны, — будынак з’яўляецца адным з архітэктурных упрыгажэнняў паўночнай сталіцы Беларусі. Характэрна, што Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа знаходзіцца амаль побач, на другім беразе ракі-прыгажуні. Як і комплекс музеяў, гістарычных і адноўленых будынкаў, знакаміты Летні амфітэатр — месца правядзення Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Цікава: будынак больш чым на дзесяць гадоў маладзейшы за ўстанову адукацыі. Справа ў тым, што гады станаўлення тады яшчэ тэхнікума электрасувязі прайшлі ў Пінску, і толькі ў 1957 годзе адбываецца пераезд у Віцебск, у спецыяльна пабудаваны новы вучэбны корпус.
На сённяшні дзень структура ўстановы адукацыі ўключае 8 філіялаў кафедраў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, 19 лабараторый, 14 кабінетаў, вучэбна-вытворчую майстэрню, актавую, чытальную, спартыўную і гімнастычную залы, бібліятэку, стадыён. Усюды пануе ўзорны парадак — верная прыкмета, што і навучэнцы ставяцца да альма-матар не як часовыя спажыўцы адукацыйных паслуг, а як сапраўдныя гаспадары. Аўдыторыі, залы, вытворчыя памяшканні маюць сучасны дызайн, іх афармленне адрозніваюць густ і творчы падыход.У філіяле створаны выдатныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу. Якасная сучасная падрыхтоўка, якую прапаноўвае ўстанова адукацыі, а таксама вопыт яе выкладчыкаў запатрабаваны не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Акрамя беларусаў, у Віцебскім філіяле вучацца юнакі і дзяўчаты з Туркменістана, Расіі, Украіны, Казахстана, Узбекістана, Малдовы. Падрыхтоўка вядзецца на дзённым і завочным аддзяленнях. Тут набываюць цікавыя і перспектыўныя спецыяльнасці, якія да таго ж маюць устойлівы попыт на рынку працы: “Сеткі тэлекамунікацый”, “Паштовая сувязь” і “Сістэмы радыёсувязі, радыёвяшчання і тэлебачання”. На занятках ёсць магчымасць вывучаць і актыўна карыстацца самай сучаснай тэхнікай, прыборамі і абсталяваннем. Жыллём забяспечваюцца ўсе іншагароднія навучэнцы. З’яўляючыся адным з лепшых у горадзе па ўмовах пражывання, інтэрнат мае чытальную залу, пакой адпачынку з плазменным тэлевізарам, стэрэасістэмай, IPTV- і WiFi-кропкай.
Каб стаць добрым сувязістам, сёння патрэбна не толькі ўмець пракладваць тэлефонны ці оптавалаконны кабель, а яшчэ ведаць асновы праектавання і ўстаноўкі сістэм тэлебачання і сеткі інтэрнэт, тэлефанізацыі, ахоўных сістэм відэаназірання, спецыфіку работы з абанентамі і спажыўцамі тэлекамунікацый. За гады вучобы ў філіяле юнакі і дзяўчаты не проста набываюць прафесійную адукацыю, а становяцца майстрамі высокага ўзроўню.
Свая спецыфіка падрыхтоўкі ў будучых паштавікоў. Сургуч на канвертах і драўляныя скрыні для пасылак засталіся ў мінулым, ім на змену прыйшлі гібрыдныя пісьмы, электронныя маркі і найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі. У распараджэнні толькі аднаго філіяла кафедры праграмнага забеспячэння сетак камунікацый ёсць 9 сучасных камп’ютарных класаў — гэта больш за 150 ПЭВМ і рабочая станцыя з інтэрактыўнай дошкай і праектарам. На занятках будучыя спецыялісты вывучаюць сістэмы камп’ютарнага мадэлявання, праграмавання, базы даных.
Асаблівы гонар каледжа — электронная бібліятэка. Тут пастаянна аднаўляюцца наглядныя дапаможнікі і абсталяванне. Камп’ютары, інтэрактыўныя дошкі, сучаснае праграмнае забеспячэнне — усё гэта не даніна модзе, а запатрабаваныя рабочыя інструменты.
Хочацца падкрэсліць, што адукацыйны працэс у філіяле цалкам грунтуецца на выкарыстанні сучасных інфармацыйных тэхналогій. Прычым важная роля адводзіцца практычнаму навучанню. Сувязь установы адукацыі з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў на ўсіх узроўнях — ад навукі і практыкі да забяспечанасці абсталяваннем — настолькі цесная, што ёсць усе падставы гаварыць пра эфектыўны кластар. Філіял рыхтуе спецыялістаў для РУП “Белтэлекам”, аператараў мабільнай сувязі “МТС”, Velcom, Life, РУП “Белпошта”, інтэрнэт-правайдараў ByFly, СОО CosmosTV, ААТ “Белсувязьбуд”, УП “Гіпрасувязь”, Беларускай чыгункі, Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў, ААТ “Белтрансгаз”, падраздзяленняў Міністэрства абароны і многіх іншых прадпрыемстваў. Студэнцкае жыццё — гэта не толькі вучоба і практычныя заняткі. У навучэнцаў ёсць магчымасць як стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі, так і ярка праявіць свае творчыя і спартыўныя здольнасці. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца спартыўныя спаборніцтвы паміж камандамі навучэнцаў і выкладчыкаў.
У наш час моладзь імкнецца быць самастойнай, не залежаць ад бацькоў, зарабіць уласныя грошы. Навучэнцы філіяла не выключэнне. Толькі за мінулы працоўны семестр больш за 100 хлопцаў і дзяўчат працавалі на паштовых аддзяленнях Мінска, на тэлефанізацыі аддаленых раёнаў Віцебскай вобласці, у міжнародным аздараўленчым комплексе “Арляня” ў Туапсэ — дарэчы, гэта быў першы вопыт: атрымалася ўдала, і віцяблянам прапанавалі прыязджаць туды штогод. Маладыя людзі працавалі ў сферы абслугоўвання на “Славянскім базары-2015”, аказвалі дапамогу Віцебскаму філіялу РУП “Белтэлекам” ва ўсталёўцы мадэмаў, падключэнні інтэрнэту і разборцы абсталявання. Такім чынам, добрая магчымасць палепшыць матэрыяльнае становішча (а зарплаты юнакоў і дзяўчат дасягалі 5—6 мільёнаў рублёў) спалучаецца з атрыманнем практычнага вопыту па будучай спецыяльнасці.
Самай яркай восеньскай падзеяй для ўстановы адукацыі стаў 70-гадовы юбілей. Як вядома, напярэдадні знамянальнай даты Вышэйшы дзяржаўны каледж сувязі быў ператвораны ў Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі. Для Віцебскага філіяла гэта таксама азначае выхад на новы ўзровень: з наступнага года тут плануецца адкрыць падрыхтоўку на ступені вышэйшай адукацыі. Улічваючы патэнцыял калектыву — як педагагічнага, так і маладзёжнага (яны абодва выступаюць дружнай камандай), наперадзе чакае яшчэ многа выдатных адкрыццяў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.