Вядзецца прыём у каледжы

У панядзелак, 20 ліпеня, стартавала ўступная кампанія ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Мы зазірнулі ў філіял БНТУ “Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж”, дзе з першых гадзін работы прыёмнай камісіі было даволі мнагалюдна. Учора на некаторыя спецыяльнасці ўжо ўтварыўся конкурс.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі каледжа Вераніка Ульянава расказвае, што ўстанова праводзіць вялікую прафарыентацыйную работу на працягу ўсяго навучальнага года. І гэта спрашчае многія пытанні непасрэдна падчас уступнай кампаніі. Шмат абітурыентаў загадзя вызначаюцца са спецыяльнасцямі (маюць асноўны і запасныя варыянты), ведаюць асаблівасці паступлення, разумеюць, што іх чакае падчас навучання і ў будучай прафесіі.

Абітурыентам, якія паступаюць за кошт бюджэту, трэба падаць дакументы з 20 па 31 ліпеня(на базе дзевяці класаў) і па 12 жніўня (на базе 11 класаў). На платную форму прыём дакументаў будзе працягвацца адпаведна па 14 і 18 жніўня. Сачыць за ходам уступнай кампаніі можна анлайн на сайце ўстановы.

Абітурыенты, якія паступаюць на базе 9 класаў, залічваюцца ў каледж паводле сярэдняга бала пасведчання аб адукацыі. Што да 11-класнікаў, то на дзве спецыяльнасці патрабуюцца сертыфікаты ЦТ, а на астатнія таксама праводзіцца конкурс атэстатаў.

— Вядома, як і кожная ўстанова адукацыі, мы чакаем абітурыентаў з высокімі баламі, — гаворыць Вераніка Генадзьеўна. — Вельмі ўхваляем, калі ў маладых людзей ёсць пэўныя прафесійныя навыкі, захопленасць цікавымі справамі. Напрыклад, на спецыяльнасці “Электроніка механічных транспартных сродкаў” у нас ёсць дзеці, якія даўно ўжо самі разабралі і сабралі матацыкл, сваімі рукамі перабралі машыну. З такімі навучэнцамі вельмі лёгка і прыемна працаваць, яны таксама стараюцца вучыцца і развіваць свае навыкі. Наш каледж бярэ ўдзел у розных конкурсах (WorldSkills, Service Master Junior) і традыцыйна займае высокія месцы. Дзеці, якія захоплены тэхнічнай творчасцю, могуць сябе вельмі эфектыўна рэалізаваць. Зрэшты, нават калі гэтага няма, мы заўсёды гатовы падтрымліваць і развіваць актыўных навучэнцаў, весці іх да прафесійных конкурсаў і перамог.

У політэхнічным каледжы вядзецца падрыхтоўка па 9 спецыяльнасцях, 7 з якіх тэхнічныя і 2 звязаны з эканомікай і кіраваннем.

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у перыяд уступнай кампаніі ў каледжы прадугледжаны ўсе неабходныя прафілактычныя меры: масачны рэжым; сацыяльнае дыстанцыяванне падчас прыёму дакументаў; узмоцненая дэзЫнфекцыя. У прыёмнай камісіі абітурыентам рэкамендуецца выкарыстоўваць індывідуальныя сродкі засцярогі: маскі і антысептыкі.

— Нашы тэхнічныя спецыяльнасці даволі разнапланавыя, звязаныя з машына будаваннем, электраабсталяваннем, электронікай, зварачнай вытворчасцю, — расказвае Вераніка Генадзьеўна.

— Стараемся таксама, каб навучэнцы асвоілі некалькі рабочых прафесій, бо заказчыкі кадраў цэняць універсальных спецыялістаў. У выніку амаль усе атрымліваюць 4 разрад (і вышэй), а колькасць заявак ад работадаўцаў утрая перавышае колькасць выпускнікоў. Прычым размяркоўваюцца не толькі бюджэтнікі. Часта і выпускнікі платнай формы просяць, каб ім прадаставілі першае працоўнае месца. Пры гэтым падкрэслю, што мы рыхтуем менавіта кіраўнікоў сярэдняга звяна з добрымі перспектывамі прафесійнага развіцця і кар’ернага росту.

У медыцынскай даведцы, што падаецца ў прыёмную камісію, абавязкова павінна быць пазначана або назва спецыяльнасці, або кваліфікацыя, якую хоча атрымаць абітурыент. Калі абітурыент разглядае не адну, а некалькі спецыяльнасцей з магчымасцю перападаць дакументы, трэба прадугледзець гэта загадзя. Інакш давядзецца зноў ехаць у паліклініку і рабіць новую даведку.

Спецыяльнасці, звязаныя з эканомікай і кіраваннем, таксама карыстаюцца попытам у абітурыентаў.

— Напрыклад, спецыяльнасць “Дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання”, кваліфікацыя выпускніка — “сакратар-рэферэнт”, — тлумачыць Вераніка Генадзьеўна. — І гэта ўжо не той сакратар ХХ стагоддзя, а сапраўдны памочнік, які арганізуе дзейнасць кіраўніка і бярэ на сябе многія функцыі. Ён умее апрацаваць “рыхлую”, расплывістую інфармацыю і зрабіць гатовы прадукт — пісьмо, дакумент і інш. Да таго ж выпускнік валодае замежнай мовай, што робіць яго канкурэнтаздольным на рынку працы. Калі казаць пра нашых будучых эканамістаў па маркетынгу (спецыяльнасць “Маркетынг”), то гэта вельмі актыўныя навучэнцы. Мы нават не ведаем, як яны падбіраюцца. Кожная група — гэта фантан ідэй, пастаянны феерверк!

З дзевяці спецыяльнасцей каледжа восем інтэграваны са спецыяльнасцямі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Штогод да 80% выпускнікоў паступаюць на скарочанае навучанне ў БНТУ. Яшчэ адна спецыяльнасць — “Дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання” — інтэгравана са спецыяльнасцю гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Прычым калі ў каледжы дзеці вучацца на ўмовах аплаты, то ў БДУ вышэйшую аду кацыю ў скарочаны тэрмін яны могуць атрымаць за кошт бюджэту.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі МДПК Вераніка Генадзьеўна УЛЬЯНАВА:

“Наш каледж даволі вялікі нават для Мінска. Агульная колькасць навучэнцаў — 1800, з іх амаль 1600 займаюцца на дзённай форме. Каледж размешчаны ў цэнтры, і гэта вельмі зручна для моладзі з любога раёна Мінска і нават з прыгарада: даехаць да акадэміі навук — і праз хвіліну апынуцца ва ўстанове адукацыі”.

Паступаючы ва ўніверсітэты, большасць выпускнікоў каледжа выбіраюць завочную форму.

— У нас яны атрымліваюць добрыя практычныя навыкі, што дазваляе ім паспяхова працаваць, а ва ўніверсітэт ідуць для павышэння свайго адукацыйнага ўзроўню і прасоўвання па кар’ернай лесвіцы, — гаворыць дырэктар каледжа Сяргей Квасюк. — У выніку мы забяспечваем поўны цыкл падрыхтоўкі высакакласнага спецыяліста: выпускнік каледжа з універсітэцкай адукацыяй ведае вытворчасць знутры і мае фундаментальныя веды.

Сяргей Анатольевіч не пагаджаецца, што ў наш час гаджэтаў колькасць дзяцей, якім падабаецца сваімі рукамі перабіраць “жалеза”, змяншаецца.

— Усюды пранікае інфарматызацыя, — гаворыць дырэктар. — Калі раней людзі станкамі кіравалі, то цяпер яны пішуць праграмы для кіравання. Змест адукацыі мяняецца, але інжынерныя, тэхнічныя супрацоўнікі будуць запатрабаваны заўсёды. Я лічу, што ІТ у чыстым выглядзе — гэта нецікава. Інфармацыйныя тэхналогіі павінны быць на стыку з іншымі напрамкамі тэхнікі. Мы якраз і стараемся гэта сумяшчаць.

З першага дня ў прыёмнай камісіі вельмі шмат людзей. Калі становіцца зусім “горача”, на дапамогу калегам прыходзіць дырэктар каледжа Сяргей Квасюк. Абітурыенты і іх бацькі, магчыма, нават не здагадваюцца, што падаюць дакументы непасрэдна кіраўніку ўстановы.

Сёння ў каледжы чакаюць мэтанакіраваных абітурыентаў, якія ўсведамляюць, дзе і чаму яны будуць вучыцца. Чакаюць амбіцыйных, для каго важна развівацца і перамагаць.

— Мы чакаем маладых людей, якія пасля выпуску пойдуць працаваць, праслаўляць свой каледж, сябе як прафесіяналаў, бууць імкнуцца да таго, каб стаць кіраўнікамі прадпрыемстваў і нават міністрамі. — гаворыць Сяргей Анатольевіч. — У нас ёсць шмат прыкладаў кар’ернага росту нашых выпускнікоў.

Спадзяёмся, што сённяшнія абітурыенты таксама парадуюць нас сваімі поспехамі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.