Вясна. Інтэлект. Прыгажосць

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка адбыўся конкурс грацыі і артыстычнага майстэрства “Міс БДПУ — 2019”. У фінале ўзялі ўдзел 12 прадстаўніц розных падраздзяленняў установы. А пераможцай стала першакурсніца Інстытута інклюзіўнай адукацыі Кацярына Ціхан.

Выпускніца Слонімскага раённага ліцэя Кацярына Ціхан вывучае ва ўніверсітэце сурдапедагогіку. Гаворыць, што заўсёды марыла працаваць з дзецьмі.

— Я ні разу не пашкадавала, што прыйшла вучыцца менавіта сюды, — расказвае студэнтка. — Ужо ўключылася ў валанцёрскую дзейнасць, якая вельмі развіта ва ўніверсітэце, і першыя ўражанні выключна добрыя. Мне камфорт­на працаваць з дзецьмі, і я бачу, што ім таксама падабаецца быць побач са мной.

Кацярына прызнаецца, што не марыла пра перамогу ў конкурсе, аднак хацела паказаць сябе годна. У выніку, акрамя галоўнага тытула, дзяўчына заваявала яшчэ і тытул “Міс Элегантнасць”.

На ўніверсітэцкай сцэне ўдзель­ніцы конкурсу дэманст­равалі арыгінальныя вобразы ў розных стылях адзення (нацыя­нальнага, афіцыйна-дзелавога, спартыўнага, вячэрняга), паказвалі творчыя і інтэлектуальныя здольнасці. Кацярына, напрыклад, свой творчы нумар звязала з будучай прафесіяй — выканала вядомую песню на мове жэстаў.

Трэба сказаць, што з атрыманнем цудоўнай кароны конкурсны марафон нашай гераіні не заканчваецца. Міс БДПУ Кацярына Ціхан возьме ўдзел у кваліфікацыйным адборы беларускага фіналу Міжнароднага міжуніверсітэцкага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна — 2019”, які пройдзе ў красавіку.

Жадаем будучаму педагогу поспехаў!

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.