Алімпіяда як выстава, дзе кожны выстаўляе свае веды

Высокія тэхналогіі сёння ў прыярытэце. Зразумела, пастаянна расце і колькасць жадаючых працаваць у сферы IТ. Адпаведна, павялічваецца колькасць абітурыентаў, якія мараць звязаць жыццё з праграмаваннем. Не дзіўна, бо гэта не толькі прэстыжная, але і прыбытковая дзейнасць.

Дынамічная сфера

Менавіта такіх спецыялістаў рыхтуе кафедра аўтаматызаваных сістэм апрацоўкі інфармацыі (АСАI) фізічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Зараз тут вучыцца звыш 450 студэнтаў, якія атрымліваюць спецыялізыцыі “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі і адлюстравання інфармацыі”, “Карпаратыўныя сеткі і сістэмы”, а ў іх дыпломе будзе запісана кваліфікацыя “інжынер па інфармацыйных тэхналогіях”. Па сутнасці, гэта ўніверсальныя спецыялісты ў галіне вылічальнай тэхнікі. Яны ведаюць сучасныя мовы праграмавання, аперацыйныя сістэмы і пакеты прыкладных праграм і г.д. Сёння амаль кожнае прадпрыемства і арганізацыя мае патрэбу ў такіх прафесіяналах.

Выпускнікі кафедры АСАІ працуюць на такіх вядучых ІТ-прадпрыемствах Гомельшчыны, як EPAM Systems, IBA Gomel, ТАА “Сервер”. Шырокі попыт на такіх спецыялістаў і сярод такіх буйных прамысловых прадпрыемстваў, як Беларускі металургічны і Мазырскі нафтаперапрацоўчы заводы, “Беларусьнафта”, “Гомсельмаш”, “Гомельэнерга”. Маюць патрэбу ў праграмістах таксама “Белтэлекам”, мясцовыя інтэрнэт-правайдары і тэлерадыёкампаніі. Ёсць выпускнікі, якія адкрылі ўласныя кампаніі на базе Гомельскага тэхнапарка. Адным словам, без работы гомельскія айцішнікі не застаюцца.

Заказчыкі кадраў прад’яўляюць даволі жорсткія патрабаванні. Чым прэстыжней кампанія, тым яны вышэйшыя, таму наперадзе аказваюцца найбольш мэтанакіраваныя і камунікатыўныя спецыялісты.

Дарэчы, па даных Парка высокіх тэхналогій, які збірае статыстыку ў дачыненні да сваіх кампаній-рэзідэнтаў, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны вылучаецца сярод рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі ў падрыхтоўцы кадраў. І гэта вельмі добры паказчык якасці падрыхтоўкі ІТ-спецыялістаў.

Вядома, паспяховы праграміст, аналітык ці іншы ІТ-спецыяліст — гэта не проста атрыманне пэўнай спецыяльнасці, гэта нястомная праца і жаданне самога студэнта і спецыяліста расці прафесійна, пастаянна вучыцца, што для праграміста асабліва важна. Сфера інфармацыйных тэхналогій вельмі дынамічная і патрабуе грунтоўных ведаў, якія неабходна пастаянна папаўняць. Акрамя гэтага, тэорыя павінна падмацоўвацца пэўнымі якасцямі характару: адказнасцю, хуткасцю мыслення, уменнем працаваць у камандзе. Сёння поле дзейнасці для айцішнікаў сапраўды шырокае, але ж і канкурэнцыя на рынку працы існуе. Заказчыкі такіх кадраў прад’яўляюць даволі жорсткія патрабаванні. Чым прэстыжней кампанія, тым яны вышэйшыя, таму наперадзе аказваюцца найбольш мэтанакіраваныя і камунікатыўныя спецыялісты.

Магчымасці пашырае “Стымул”

Многае залежыць і ад выкладчыкаў, іх зацікаўленасці ў падрыхтоўцы кадраў. Прафесарска-выкладчыцкі склад кафедры АСАІ заўсёды ў пошуку найбольш выніковых форм работы, імкнецца ісці ў нагу з запытамі зменлівага часу. Выкладчыкі падтрымліваюць творчыя ідэі студэнтаў, іх самастойнае ўдасканаленне. Важную ролю адыгрывае пастаянны ўдзел будучых спецыялістаў у рабоце сумесных вучэбна-даследчых лабараторый ГДУ імя Францыска Скарыны з прадпрыемствамі EPAM Systems і IBA Gomel і міжнародных адукацыйных праграм “Рэгіянальная акадэмія CISCO”, “Акадэмічная інавацыйная ініцыятыва IBM”.

Асобна трэба вылучыць студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю “Сеткавыя тэхналогіі і мультымедыя (Стымул)”, створаную пры кафедры ў 2005 годзе. Яна з’явілася шляхам аб’яднання двух студэнцкіх гурткоў, якія існавалі на той час: “Тэхналогіі мультымедыя” і “Дыягностыка і абслугоўванне сетак”. Тады на кафедры нават і не ўяўлялі, якія магчымасці праз некалькі гадоў адкрые перад выкладчыкамі і студэнтамі “Стымул”.
Дзякуючы выйграным грантам Міністэрства адукацыі і кампаніі CISCO” у лабараторыі па сеткавых тэхналогіях, якая размяшчаецца ў адной з аўдыторый кафедры АСАІ, было ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне для правядзення лабараторных заняткаў.

— У Гомельскай вобласці такі комплекс адзіны, — расказаў дацэнт кафедры, кандыдат тэхнічных навук і непасрэдны кіраўнік лабараторыі “Стымул” Андрэй Варуеў. — Вылучыць сеткавае абсталяванне з вытворчага працэсу пад вучэбныя мэты амаль немагчыма, паколькі яно вельмі дорага каштуе. Нам пашчасціла атрымаць грант, і гэта ўнікальны выпадак, што ў нас ёсць такое абсталяванне і што студэнты могуць ім кіраваць.

Лабараторыя ўяўляе сабой звычайную аўдыторыю, дзе зманціравана кабельная сістэма, і разлічана для заняткаў нешматлікай групы студэнтаў. Калі дакладна, 6 стацыянарных пасадачных месцаў. Пры неабходнасці можа быць падключана яшчэ 6 мабільных камп’ютараў. Тут жа знаходзіцца стойка з трыма маршрутызатарамі Cisco 2801 і трыма камп’ютарамі Cisco 2960. Чалавеку недасведчанаму цяжка зразумець важнасць нейкай там стойкі з правадкамі і камп’ютараў на сталах. І, толькі калі пачынаеш знаёміцца з дасягненнямі, якія сталі магчымы дзякуючы спецыялізаванай лабараторыі, пачынаеш уяўляць каштоўнасць абсталявання.

Дзверы лабараторыі адкрыты для студэнтаў, якія найбольш паспяхова паказваюць сябе ў лабараторнай практыцы і, адпаведна, актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах і алімпіядах па інфармацыйных тэхналогіях. Менавіта тут яны рыхтуюцца да інтэлектуальных спаборніцтваў. І сёння ўжо ёсць шмат значных дасягненняў як на рэспубліканскім, так і міжнародным узроўні. Многімі выпускнікамі і цяперашнімі студэнтамі выкладчыкі ганарацца. Сярод іх — выпускнік кафедры АСАІ фізічнага факультэта Максім Лаўрук, Мікалай Мельнікаў, Андрэй Гадлеўскі, Ілья Петрашкевіч, Ян Юніцкі і іншыя.

— Мы актыўна прыцягваем студэнтаў да ўдзелу ў алімпіядах і конкурсах, — гаворыць Андрэй Валер’евіч. — Гэта дае ім магчымасць не толькі павысіць веды і атрымаць пэўныя практычныя навыкі, але і вялікія шансы.
А.В.Варуеў параўноўвае алімпіяды з выставамі, дзе кожны студэнт дэманструе свае веды, а работадаўцы і розныя кампаніі могуць іх ацаніць і прарэкламаваць. Напрыклад, менавіта так робіць CISCO: кампанія зацікаўлена, каб студэнты, якія вывучаюць у спецыялізаванай лабараторыі “Стымул” яе сістэмнае абсталяванне, былі вядомыя. Чаму? Таму што, прыйшоўшы на работу ўжо добра падрыхтаваным спецыялістам з вядомым у ІТ-асяроддзі імем, ён у пэўнай ступені рэкламуе абсталяванне, на якім праходзіў навучанне. Работадавец у гэтым выпадку больш схільны набываць абсталяванне менавіта той кампаніі.

Сёлета двое студэнтаў кафедры аўтаматызаваных сістэм апрацоўкі інфармацыі — Павел Лаўрук і Дзмітрый Рогаў — прымалі ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills Belarus — 2016 у кампетэнцыі “Адміністраванне сеткавых інфармацыйных сістэм”. Да конкурсу хлопцаў рыхтаваў Андрэй Варуеў. Гэта быў дэбют кафедры ў такім спаборніцтве, і на высокія вынікі асабліва не разлічвалі, хаця і ставілі мэтай імкнуцца да перамогі.

— Было зусім мала часу на падрыхтоўку, — тлумачыць Андрэй Валер’евіч. — У нашай справе ёсць пэўныя асаблівасці. На працягу першага курса ты толькі прыглядаешся да студэнта, пралічваеш яго здольнасці і магчымасці, робіш высновы. І толькі на другім курсе пачынаеш працаваць з найбольш перспектыўнымі. У гэтым сэнсе WorldSkills для нас не вельмі зручны: узроставы цэнз конкурсу дазваляе ўдзел у ім студэнта не старэйшга за 2 курс — таго, з якім мы яшчэ толькі пачалі мэтанакіравана працаваць. Спадзяюся, што да наступнага конкурсу мы будзем больш гатовы, паколькі ўжо будзем мець вопыт сёлетняга ўдзелу.

Увогуле, усталяванае ў лабараторыі спецыяльнае абсталяванне дае мноства магчымасцей не толькі ў падрыхтоўцы моладзі да ўдзелу ў спаборніцтвах, але і ў правядзенні розных навуковых даследаванняў. На яе базе праводзяцца навукова-практычныя семінары, у тым ліку і тыя, што арганізоўваюцца ІТ-кампаніямі — будучымі работадаўцамі выпускнікоў кафедры.

Акрамя студэнтаў, на гэтым абсталяванні займаюцца і спецыялісты, якія павышаюць прафесійны ўзровень ці атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі ГДУ імя Францыска Скарыны. Яшчэ адзін важны момант — выкарыстанне лабараторыі ў прафарыентацыйных мэтах. Удзельнікі студэнцкай НДЛ праводзяць мерапрыемствы для прыцягнення абітурыентаў у сферу інфармацыйных тэхналогій. Адно з іх — конкурс тэхнічнай творчасці навучэнцаў Гомельскай вобласці, які ўжо добра зарэкамендаваў сябе на працягу некалькіх гадоў.

Трэба адзначыць, што зацікаўленасць у магчымасцях студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Стымул” вялікая не толькі ў выкладчыкаў, але і ў студэнтаў. Гэта пацвярджаецца як дасягненнямі, пра якія гаварылася вышэй, так і колькасным складам удзельнікаў. Калі ў 2012 годзе тут налічваліся 42 чалавекі, то ў 2015 годзе — 56.

Не толькі мужчынская справа

Трапіўшы на кафедру, можна заўважыць, што тут вучыцца даволі шмат дзяўчат. Думка, што інфармацыйныя тэхналогіі — справа мужчынская, разбіваецца ўшчэнт. У адным з інтэрв’ю загадчык кафедры аўтаматызаваных сістэм апрацоўкі інфармацыі фізічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны Віктар Ляўчук сказаў, што дзяўчаты, якія вучацца на яго кафедры, складаюць хлопцам нядрэнную канкурэнцыю, бо ў іх ёсць такія неабходныя ў сферы IТ якасці, як дысцыпліна, акуратнасць і ўважлівасць.

Дзяўчаты складаюць хлопцам нядрэнную канкурэнцыю, бо ў іх ёсць такія неабходныя ў сферы IT якасці, як дысцыпліна , акуратнасць і ўважлівасць.

Ці лёгка вучыцца на кафедры дзяўчатам? Самі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва сцвярджаюць, што не складаней, чым на любой іншай тэхнічнай спецыяльнасці. Дарэчы, пра гэтыя і іншыя меркаванні студэнтак і студэнтаў АСАІ можна пачытаць на сайце кафедры пад рубрыкай Asoi submarine. Для тых, хто пакуль што толькі марыць пра ІТ-спецыяльнасць і, магчыма, разглядае кафедру аўтаматызаваных сістэм апрацоўкі інфармацыі фізічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны як пачатак на шляху да здзяйснення мары, у рубрыцы знойдзецца шмат карыснай інфармацыі і цікавых студэнцкіх водгукаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.